Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:24 19 снежня 2016
12
Памер шрыфта

Пра заробкі беларусаў на прадпрыемствах, рост беспрацоўя і неабароненасць людзей распавядае старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь ФЯДЫНІЧ.

– Пасля таго як стаў працаваць Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” (вядомы як дэкрэт аб дармаедах), у прафсаюз стала звяртацца шмат людзей, якім прыходзяць “лісты шчасця” – паведамленні аб няўдзеле ў дзяржаўным фінансаванні, – кажа наш суразмоўца. – І калі гэта проста паведамленне, то яго можна спакойна праігнараваць, гэта не нясе ніякіх юрыдычных наступстваў. Іншая справа, калі прыйдзе апавяшчэнне пад роспіс. Гэта тое самае, што атрымаць павестку ў суд. Але і ў гэтым  выпадку вы можаце падаць скаргу ў электронным ці ў пісьмовым выглядзе на імя кіраўніка падатковай інспекцыі альбо асобы, якая падпісала апавяшчэнне.

– Раней паведамлялася, што ў Беларусі каля 400 тысяч так званых дармаедаў…

– Так, і палічылі, напэўна, што калі абкласці іх падаткам, то ў краіну паплывуць валютныя рэкі. Але ж  на справе ўсё па-іншаму. Калі б у Беларусі былі створаны прыстойныя ўмовы для працы, тады іншая размова. А што ў нас сёння – хапае работы? Хіба заробкі такія, што можна і “камуналку” заплаціць, і сям’ю пракарміць, і пра запас яшчэ нешта заставалася б? Нічога гэтага няма! І атрымліваецца: чым складаней людзям жыць, тым больш з іх здзірае шкуру дзяржава. А з каго больш браць? Засталіся толькі людзі, бо дзяржаўныя прадпрыемствы нават з крэдытамі расплаціцца не могуць, не кажучы ўжо пра прыбытак. Вось і вырашылі праз розныя дэкрэты трэсці ўласны народ. Наша дзяржава добра навучылася так рабіць і любіць гэтую справу.

– Не так даўно прадстаўнікі незалежнага прафсаюза РЭП, праваабаронцы і юрысты абмеркавалі магчымасці таго, як супрацьдзейнічаць дэкрэту.

– Па-першае, мы вырашылі адправіць лісты ў падатковыя інспекцыі ўсіх раёнаў краіны, каб даведацца, на якой стадыі рэалізацыі знаходзіцца дэкрэт, колькі ў Беларусі ўсяго налічана дармаедаў, колькі чалавек на дадзены момант заплацілі падатак і колькі дзяржава патраціла бюджэтных сродкаў, каб стварыць інфармацыйную базу і спагнаць з людзей падаткі. А пайшлі на гэта, на мой погляд, вялікія грошы. Праўда, адказ мы пакуль так і не атрымалі.

Акрамя таго, мы кажам людзям: усім, хто хоча абараняць свае правы праз суд, нашы юрысты гатовы аказаць бясплатную юрыдычную дапамогу. Зрэшты, некаторыя гатовы адседзець на “сутках”, каб толькі не плаціць падатак, але гэта поўны абсурд! Беларускі народ і так трывае доўга, але вось гэтая памяркоўнасць і пакорлівасць – яна проста ўражвае! Мабыць, ужо каля 10 тысяч чалавек добраахвотна заплацілі падатак…

– Адметна, што з’яўленне дэкрэта супала з ростам беспрацоўя ў краіне. І гэты рост працягнецца, ці не так?

– Калі ў краіне беспрацоўе на ўзроўні 5–6 працэнтаў, то гэта для стабільна працуючай эканомікі нават добра. Нехта сыходзіць з працы, на яго месца прыходзіць лепшы работнік… Ратацыя – гэта нядрэнна. Але калі ў нас называюцца адны лічбы па беспрацоўі, а рэальная сітуацыя абсалютна іншая, то пра што можна казаць? Акрамя таго, у нас ёсць, як кажуць, і прыхаванае беспрацоўе, калі работніка не звальняюць, але і працы няма. У выніку рабочы не можа столькі вырабіць, а менеджар – прадаць, каб увесь гэты штат утрымліваць. Да таго ж і прадукцыя неканкурэнтаздольная. Таму і заробкі ў людей нізкія. Зараз працаўнікоў ужо асабліва не ўтрымліваюць на прадпрыемствах, але і дапамогі чалавек пры гэтым не атрымлівае. Маўляў, цябе не скарацілі, а кантракт скончыўся. І працу пасля гэтага сам шукай. Людзі застаюцца сам-насам са сваімі праблемамі.

Дарэчы, у многіх еўрапейскіх краінах чалавек пры звальненні яшчэ некалькі месяцаў атрымлівае 50–60 працэнтаў ад свайго ранейшага сярэдняга заробку, але пры ўмове, што ён пройдзе курс пераабучэння, пасля чаго яму адразу ж прапаноўваюць новае месца працы. А ў нас на вуліцу выкінулі, а нічога не прапанавалі. Нават калі чалавек стаў на ўлік на біржу працы, дзяржава падумала, як яму пражыць на тыя 25 рублёў дапамогі? Мы ж называем сябе сацыяльнай дзяржавай. Такое ўражанне, што ўлада ўжо даўно жыве сваімі катэгорыямі, а народ – сваімі.

– Многія кажуць, што ў Беларусі падчас росту беспрацоўя таксама павінна быць выпрацавана сістэма пераабучэння тых, хто страціў працу. Гэта магчыма?

– Гэта павінна быць дзяржаўная праграма з улікам магчысцяў і патрабаванняў рэгіёнаў, яе трэба зрабіць у абавязковым парадку! І дапамогу людзям на тры месяцы неабходна ў любым выпадку даваць пры страце работы, нават калі чалавека не скарацілі, а кантракт закончыўся. Бо як чалавеку жыць? І ці лёгка сёння знайсці новую працу, асабліва ў рэгіёнах? Сталіца таксама не гумовая, усіх прыняць не можа. І ў гэтай сітуацыі праграма па пераабучэнні была б выратавальнай. Пераабучыўся – гарантавана ідзеш працаваць на пэўны заробак. І на гэты час будзеш працаўладкаваны, бо ў кожнага ёсць сям’я, якую карміць трэба. Але ж ніякай праграмы няма, улады толькі кажуць пра нейкія 50 тысяч неіснуючых новых месцаў. І калі нават ва ўрадзе не вераць у гэта…

Таму частка беларусаў сёння з’язджае на работу ў Расію, дзе іх нярэдка “кідаюць”. Але “кідаюць” па дамовах падраду і ў Беларусі. Чалавеку галоўнае знайсці работу, але калі даходзіць справа да разліку, то яму кажуць: “Ты тое не выканаў, а значыць, і атрымаеш не тое, што планавалася”. Мы праз суд абараняем гэтых людзей, бо пракуратура гэтым  не хоча займацца.

– Вы малюеце даволі сумную карціну…

– Няхай бы ўлады выкарысталі польскі вопыт, калі суседзі ў часы крызісу давалі прастору для дзейнасці чалавека. Хоча нехта займець сваю маленькую справу? Няхай гэтым займаецца, не чапайце яго з падаткамі 2–3 гады, бо чалавек – самазаняты. Але ж нашы людзі баяцца, не вераць словам дзяржавы. Сёння, напрыклад, могуць заявіць, што два гады не будуць чапаць, а затым забяруць за чатыры. Таму ініцыятыва ў людзей яшчэ застаецца, але яе з кожным годам усё менш і менш. Многія наогул перавялі свой бізнес у іншыя краіны – у Польшчу, Украіну, Расію…

Калі мы хочам, каб нешта змянілася ў лепшы бок, неабходны закон аб прыватнай уласнасці. У тым ліку, на мой погляд, і на зямлю. Я вось не так даўно быў у Літве, размаўляў з адным вяскоўцам. Той распавёў, што Еўрасаюз даў яму незваротную субсідыю ў памеры 40 тысяч еўра. Чалавек купіў за гэтыя грошы машыну, якая робіць сок і адразу яго ўпакоўвае. Яму далі шанц, каб змог устаць на ногі, распачаць свій бізнес. А ў Беларусі ў гэтым годзе яблыкі тысячамі тон гнілі ў людзей,  і нікому гэта не было патрэбна!

– Генадзь Фёдаравіч, ці праводзіце вы маніторынг таго, што сёння робіцца на прадпрыемствах краіны? Якая там на сёння сітуацыя?

– На самых буйных прадпрыемствах працягваецца скарачэнне рабочых – гэта тычыцца і “Гомсельмаша”, і МАЗа… Вядома, што на Мінскім трактарным заводзе на месцы тых, хто сышоў па заканчэнні кантракта, нікога не бяруць. Зрэшты, я не ведаю ніводнага дзяржаўнага прамысловага прадпрыемства, якое сёння было б на плыву. Іх даўно ўжо трэба перадаць у іншыя рукі, але ж каму яны патрэбны ў такім стане? У свой час, напрыклад, “Матарола” хацела мець 51 працэнт акцый “Інтэграла”, “Філіпс” марыў набыць беларускі “Гарызонт”… Але ж справа закончылася тым, што добрых гаспадароў пагналі з краіны, а самі за 20 гадоў так развалілі гэтыя прадпрыемствы, што ад іх засталася толькі адна назва. Упэўнены, прыватнік не дапусціў бы такой сітуацыі, але пры ўмове, што і дзяржава не перашкаджала б працаваць. А працоўнаму ўсё роўна зараз, хто будзе яго наймальнікам. Галоўнае, каб была добрая праца і годны заробак. Хаця, шчыра кажучы, незалежным прафсаюзам прасцей працаваць з наймальнікам-прыватнікам, чым з дзяржаўнымі служачымі. Апошнія – гэта сістэма.

– Увогуле, ці абаронены сёння працоўны чалавек?

– Як ён можа быць абароненым, калі ў Беларусі працуе кантрактная сістэма? Міжнародная грамадскасць ужо шмат пра гэта казала, давала беларускаму ўраду рэкамендацыі, але таму, што называецца, па барабане. Гэта ўсё робіцца на карысць чалавека? Не. І ў выніку сістэма выпрацавала ў народа такую рысу, што людзі прызвычаіліся не зарабляць грошы, а атрымліваць іх. Мне падаецца, што гэта зроблена наўмысна, каб працоўны чалавек пастаянна ад кагосьці залежаў. Толькі не ад самога сябе. Таму ў нас няма і багатага сярэдняга класа, бо гэтыя людзі не будуць знаходзіцца ў залежнасці ад дзяржавы. Чалавеку неабходна самастойнасць, у той час як дзяржава павінна ствараць умовы для працы і не перашкаджаць. Калі ж кажуць, што “ўсё вакол дзяржаўнае, усё вакол маё”, то толку тут не будзе. Мне падаецца, шмат беларусаў усё гэта разумеюць, але трываюць. Можа быць, некаторыя думаюць так: само сабой усё пройдзе, сітуацыя стабілізуецца. Не пройдзе і не стабілізуецца. За свае правы трэба змагацца зараз і заўсёды. І для гэтага трэба ствараць незалежныя прафсаюзы ці ўступаць у існуючыя.

– Ці шмат да вас звяртаецца людзей па дапамогу?

– Нашы юрысты за год аказваюць каля 1500 кансультацый. Гэта аб’ём працы добрай юрыдычнай канторы. Я вам шчыра скажу: былі выпадкі, калі нават з пракуратуры і ДАІ пасылалі людзей да нас па дапамогу. І колькасць тых, хто звяртаецца, каб абараніць свае правы, не змяншаецца. Жыццё такое…

ДАРЭЧЫ

За 9 месяцаў 2016 года прававой службай Беларускага прафсаюза РЭП было дадзена 1569 бясплатных юрыдычных кансультацый (у тым ліку не сябрам прафсаюза – 378).

Падрыхтавана 532 звароты, скаргі ў розныя структуры органаў улады і наймальнікаў. Падрыхтавана 185 касацыйных скаргаў у суды. Вярнулі незаконна ўтрыманыя наймальнікамі сродкі ў памеры 1.046.768.000 недэнамінаваных рублёў.

Вось толькі некаторыя факты, калі незалежныя прафсаюзы дапамаглі людзям знайсці праўду ў судах:

– 27 кастрычніка суд Ленінскага раёна г.Магілёва вынес рашэнне аб спагнанні незаконна ўтрыманай сумы і сярэдняга заробку за затрымку разлікаў пры звальненні на карысць мантажніка ААТ “Совалекс-Т” Дзяніса Палякова. Агулам з наймальніка будзе спагнана 2340,5 дэнамінаваных рублёў;

– дырэктар гомельскага ТДА ”Тэрматыка” пры звальненні свайго супрацоўніка Аляксея Андрэева не выплаціў канчатковы разлік у памеры 1,9 млн недэнамінаваных рублёў. Пасля падрыхтоўкі юрыдычнай службай прафсаюза іску ў суд прыватнік выплаціў работніку амаль у два разы больш – 3,6 млн рублёў. Рашэнне аб спагнанні гэтай сумы вынесена судом Навабеліцкага раёна г.Гомеля 2 верасня 2016 года;

– 23 кастрычніка суд Чыгуначнага раёна Гомеля па скарзе, якую падрыхтавалі юрысты прафсаюза РЭП, абавязаў транспартнае РУП Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі, Гомельскі вагонны ўчастак скласці акт аб няшчасным выпадку на вытворчаці з удзелам электрамеханіка Сяргея Лукоўскага.

…За 9 месяцаў гэтага года прававой службай Беларускага прафсаюза РЭП было выйграна 36 судовых працэсаў.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".