Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:53 5 снежня 2016
10
Памер шрыфта

Некалькі дзён таму 80-годдзе адзначыў вядомы беларускі пісьменнік Эрнест Ялугін.

“Народная Воля” далучылася да шматлікіх віншаванняў.

– Я нават і не чакаў, што будзе столькі званкоў – некалькі дзясяткаў! – падзяліўся прыемнымі эмоцыямі Эрнест Васільевіч. – Тэлефанавалі нават тыя, каго я не надта добра ведаю. Прычым неяк жа знайшлі мяне! Я быў шчыра здзіўлены, бо якраз нядаўна хатні нумар змяніўся.

Паштоўкі таксама дасылалі. І Саюз пісьменнікаў павіншаваў, хаця ў мяне з некаторымі кіраўнікамі складаныя адносіны былі… Прыемна, нічога не скажаш! Спачатку даслалі стандартную паштоўку з агульнымі віншаваннямі. А на наступны дзень з’явілася дэлегацыя ад кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў з найпрыгажэйшым букетам белых руж і віншавальным адрасам за подпісам Барыса Сачанкі (Пятровіча), дзе сярод іншага напісана: “Ваша шматгадовая пісьменніцкая і журналісцкая дзейнасць несумненна заслугоўвае высокіх адзнак і з’яўляецца выдатным прыкладам працы на карысць беларушчыны. Напісаныя вамі кнігі паспрыялі развіццю жанру нацыянальна-гістарычнай прозы, сталіся важкім унёскам у скарбніцу беларускай літаратуры, набылі вядомасць і прызнанне ў чытача. Зычым вам доўгіх гадоў жыцця, моцнага здароўя, натхнення і творчых поспехаў!”

Шчыра кажучы, у мяне аж настрой змяніўся!

– А як дома адсвяткавалі?

– Паколькі ў мяне не вельмі добра са слыхам, дык стараўся трымацца бліжэй да тэлефона, каб чуць званок. Але, шчыра кажучы, у мяне ўсё ж хваравіты настрой, не зусім святочны. Справа ў тым, што не дае пакою моцная арытмія, трапіў у бальніцу, мне шмат таблетак давалі. І сапсавалі страўнікавую сістэму. Нажыў сабе новую хваробіну – запаленне стрававода, а адсюль моцны выкід салянай кіслаты. Яна, здаецца, спальвае мне не толькі страўнік, але і мазгі! З-за гэтага нават працуецца горш. Напісаў п’есу, якая, на маю думку, выдатна адлюстроўвае час. Цяпер раблю нейкія рэдагаванні, запісы, а як моташна становіцца, дык перадых даю. Вось такое творчае ў мяне жыццё цяпер… (Усміхаецца.)

– Эрнест Васільевіч, калі не памыляюся, вы ўжо не адзін год халасцякуеце…

– Так, у маёй жонкі быў рак страўніка. Я пасля яе сыходу п’есу напісаў “Святло прадоння”: пра тое, што з бездані на нас ліецца святло, але гэта пекла…

Жонка памерла на маіх руках. Я вельмі перажываў, быў побач да яе апошняй хвіліны. А потым думаў: Божа мой, чаму чалавек, які сыходзіць у такіх невыносных пакутах, не можа прыняць нейкую таблетку, каб заснуць і не прачнуцца? У некаторых краінах нават спецыяльныя законы на гэты конт прымаюць. А ў нас, аказваецца, невылечна хворыя дастаткова не забяспечаны лекамі, якія змяншаюць гэты страшэнны боль. Вось і мая жонка моцна пакутавала да самага канца. Ёй зрабілі аперацыю, але пасля гэтага таксама ж мучэнні былі… Я потым праз знаёмых здабываў моцныя абязбольваючыя для яе. Ну хіба гэта нармальна? Трэба, каб людзі па-чалавечы паміралі…

– Чаму, калі не сакрэт, больш не жаніліся?

– Не мог уявіць побач з сабой іншую жанчыну, разумееце?..

…Нейкае такое адчуванне было, што гэта будзе здрада жонцы…

…Адна жанчына мне казала: “Эрык, ну ты зразумей, яе больш няма!”

…А для мяне яна ёсць. У душы ёсць…

Літаратары ўсе свае пачуцці перакладаюць на паперу. І я пішу. Апошні раман напісаў – кажуць, выдатны, некаторыя кажуць – геніяльны (усміхаецца). Хоць я сябе геніем не лічу, але ж майстэрства нейкае маю. Нават Ніл Сымонавіч Гілевіч гэта адзначыў – ён напісаў ліст да адной з маіх кніг. Мяне гэта вельмі кранула і парадавала.

– Эрнест Васільевіч, а пра што вы сёння марыце?

– Ну, пра тое, каб вызваліцца ад сваіх балячак, нават і казаць не буду – гэта само сабой.

Мару, каб мае творы моладзь чытала. Асабліва гэта тычыцца кніг “Ідзі і кажы”, “Без эпітафіі”, “Перад патопам”. Бо там укладзена даволі багата таго, што трэба нам для душы, культуры, самаразвіцця, адчування сябе беларусам. Здаецца, дасціпна напісана. Добра, каб гэтае засталося…

А я свой век ужо заканчваю.

– Ну, 80 – гэта яшчэ не фініш.

– Так, аднак я нутром адчуваю…

Калі працаваў над апошняй кнігай “Перад патопам”, дык літаральна надарваўся. Адчуваў, што, магчыма, хутка ўсё скончыцца, дык і днём пісаў, і ноччу. Пакуль сэрца не сарвалася…

Але пакуль сэрца яшчэ б’ецца – буду пісаць, хоць, разумею, што да канца справу давесці не атрымаецца. Бо, калі аддаешся пісьменніцкай справе – аж калоціць цябе! Каб пісаць, патрэбна сіла, а адкуль яна ў мяне, 80-гадовага? Я ўвогуле дзіўлюся, як да гэтага часу дажыў…

Мне быццам як прырода на вуха шапнула: вось гэта ты павінен зрабіць, павінен дапісаць. І я раблю. Спадзяюся, спатрэбіцца.

З асабістай справы

Эрнест Ялугін нарадзіўся 19 лістапада 1936 года на станцыі Асінаўка Аршанскага (цяпер у складзе Дубровенскага) раёна Віцебскай вобласці ў сям’і служачага. Дзіцячыя гады прайшлі на радзіме бацькоў – у Крычаве. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1954) стаў літсупрацоўнікам пры крычаўскай раённай газеце «Шлях сацыялізма», з 1955 г. – літсупрацоўнік гэтай газеты. Працаваў у мсціслаўскай раённай газеце «Калгасная праўда» (19571960), у шматтыражцы «За коммунистический труд» (Салігорск). Скончыў завочна аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1962).

З 1961 г. – літсупрацоўнік, загадчык аддзела, адказны сакратар газеты «Знамя юности», з 1966 г. раз’язны карэспандэнт «Сельской газеты», у 19691972 гг. – карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва». З 1976 г. – супрацоўнік часопіса «Нёман», у 1978–1984 гг. намеснік галоўнага рэдактара. З 1990 г. – рэдактар газеты «Наша слова».

Сябра СП СССР з 1972 года.

Аўтар аповесцяў «Камни Млечного пути», «Мстиславцев посох», «Сіндбад вяртаецца», «Без эпітафіі», «Только камни» і іншых.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў