Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
19
Памер шрыфта

Спачатку мушу абвергнуць словы былога міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі, сказаныя на канферэнцыі “25 год знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь”. Ён сказаў (цытую па публікацыі TUT.BY): «Помню, как вставали депутаты БНФ и кричали: «Вось нам трэба ядзерная зброя, каб інакш размаўляць наконт Вільні».  Пришлось остужать эти горячие головы».

Гэта – няпраўда. Такога ніколі не было.

Краўчанка павінен памятаць, што, калі вясной 1990 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР заявіў прэтэнзіі на Вільнюс у выпадку выхаду Літвы з СССР (як потым прызнаўся Дземянцей, заява была напісана ў ЦК КПСС), менавіта БНФ выступіў з асуджэннем гэтых прэтэнзій. Пётр Кузьміч павінен памятаць, што ў студзені 1991 года, калі ў Вільнюсе былі выведзены на вуліцы танкі і загінулі мірныя жыхары, менавіта дэпутаты Апазіцыі БНФ дамагліся прыняцця заявы салідарнасці з Літвой – і Вярхоўны Савет БССР быў адзіным парламентам на тэрыторыі былога СССР (за выключэннем краін Балтыі), які асудзіў маскоўскую агрэсію. МЗС на чале з Краўчанкам, між іншым, тады змаўчаў.

Адносна бяз’ядзернасці. Пётр Краўчанка павінен памятаць, што БНФ першым узняў тэму Чарнобыля як найвялікшай небяспекі для нацыі, праводзіў стотысячныя мітынгі, арганізоўваў дапамогу з-за мяжы (чаго варта адна толькі дзейнасць дэпутата Генадзя Грушавога), які прытрымліваўся лініі апазіцыйнага Беларускага Народнага Фронту, дамогся прыняцця адпаведных законаў. Як дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання да прызначэння на пасаду міністра, Краўчанка таксама ведае, што ў першы ж дзень сесіі ў маі 1990 года менавіта дэпутат-бээнэфавец Баршчэўскі выступіў з ініцыятывай стварэння камісіі па Чарнобылі, а дэпутат апазіцыйнай фракцыі Навумчык быў ініцыятарам уключэння ў Дэкларацыю аб суверэнітэце палажэння аб бяз’ядзерным статусе Беларусі. Што і было прынята нават дэпутатамі-камуністамі.

Дэпутаты, якія з’яўляліся сябрамі Беларускага Народнага Фронту, падтрымлівалі вывад ядзернай зброі і галасавалі за гэта. Іншая справа, што вывад адбываўся на нявыгадных для Беларусі ўмовах, што, між іншым, пацвярджае і сам Краўчанка ў сваёй кнізе “Беларусь на раздарожжы”, калі піша, што на перамовах у Алма-Аце 21 снежня 1991 года, пагадзіўшыся з прапановай Ельцына “прызнаць Расію правапераемніцай Савецкага Саюза ў Савеце Бяспекі ААН і ўласніцай ядзернай зброі”, “Шушкевіч нас проста здаў. Здаў нацыянальныя інтарэсы Беларусі, якая адным махам пазбаўлялася галоўных козыраў на перамовах з Расіяй… Памятаю, як я накінуўся на спікера, спрабуючы патлумачыць яму, што ён нарабіў, але Шушкевіч у адказ толькі мямліў нешта няўцямнае… Другім чалавекам у нашай дэлегацыі, які цалкам усвядоміў усю драматычнасць таго, што адбывалася, быў мой даўні палітычны апанент Зянон Пазьняк. Ён хмурна назіраў за нашай сваркай і, уздыхнуўшы са скрухай, вымавіў такую фразу: “Шушкевіч не клапоціцца аб дзяржаўных інтарэсах Бацькаўшчыны!” З таго дня нашы адносіны з лідарам парламенцкай апазіцыі зрабіліся нашмат болей паважнымі і канструктыўнымі” (Петр Кравченко, «Беларусь на распутье», Москва, «Время», 2006, сс. 185–186).

Дык дзе Пётр Кузьміч больш шчыры – у кнізе ці на канферэнцыі?

(У дужках заўважу, што на месца сталага члена Савета Бяспекі ААН прэтэндавала Японія. Як галасавала б Японія па найважнейшых пытаннях – можна толькі ўявіць, як галасуе Расія – добра вядома).

Сёння можна па-рознаму ацэньваць вывад ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі, Украіны і Казахстана, як і вартасць “гарантый”, дадзеных гэтым дзяржавам ЗША, Вялікабрытаніяй і Расіяй паводле Будапешцкага мемарандуму. Але факт застаецца фактам: на пачатку 1990-х менавіта дэпутаты, якія ўваходзілі ў апазіцыйную фракцыю, былі ініцыятарамі бяз’ядзернасці Беларусі (і, дадам, вайсковага нейтралітэту) і галасавалі за вывад ядзернай зброі.

У сказаным на канферэнцыі чуецца голас не першага міністра замежных спраў незалежнай Беларусі Краўчанкі, які спрыяў адкрыццю помнікаў і мемарыяльных шыльдаў Ф.Скарыне ў Празе і ў Падуі, а сакратара Мінскага гаркама КПБ Краўчанкі, пры якім разганялі Дзяды-88 у Курапатах.

Некалькі слоў адносна выказванняў на канферэнцыі іншага былога міністра – Івана Антановіча. Ён у чарговы раз прыгадаў нібыта прапанаваную БНФ “беларусізацыю ў радыкальным варыянце”, не прывёўшы ніводнага факта і забыўшыся, што Закон аб мовах быў прыняты яшчэ Вярхоўным Саветам 11-га склікання, у якім апазіцыі БНФ не было.

Дзіўнае сцвярджэнне Антановіча і пра тое, што ў БНФ была “ў асноўным моладзь – аспіранты педагагічнага інстытута і малодшыя навуковыя супрацоўнікі Акадэміі навук”. Ніколі не думаў, што ступень палітычнай свядомасці вызначаецца навуковай ступенню. У БНФ былі людзі розных узростаў і розных прафесій. Сярод тысяч актывістаў Народнага Фронту былі і малодшыя навуковыя супрацоўнікі АН. Але членамі Ценевага кабінета Апазіцыі БНФ з’яўляліся віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук акадэмік Радзім Гарэцкі, член-карэспандэнт АН прафесар Іван Нікітчанка, доктар эканамічных навук Уладзімір Кулажанка і намеснік дырэктара Інстытута эканомікі АН доктар эканамічных навук Уладзімір Тарасаў, доктар геолага-мінералагічных навук Віталь Масквіч. У БНФ былі таксама доктар фізіка-матэматычных навук Юрась Хадыка, доктар філасофскіх навук Мікалай Крукоўскі, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч. Мушу, аднак, прызнаць, што Зянон Пазьняк, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Уладзімір Заблоцкі, Алег Трусаў, Пётр Садоўскі мелі больш сціплыя ступені – кандыдатаў навук. А заснавальнікі БНФ і члены Сойму Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін не мелі іх зусім – што, трэба думаць, у вачах былога міністра робіць іх не вартымі павагі.

А ўвогуле, сумна, што на мерапрыемстве, прысвечаным 25-годдзю самастойнай міжнароднай дзейнасці краіны, льецца бруд у бок дэпутатаў, якія былі сябрамі БНФ і якія зрабілі ўсё магчымае, каб Беларусь у жніўні 1991 года набыла незалежнасць. Заўважу: у той час, калі будучыя міністры замежных спраў альбо ставілі саму ідэю незалежнасці пад сумнеў, альбо і пальцам дзеля яе рэалізацыі не паварухнулі.

Сяргей НАВУМЧЫК,

каардынатар Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання.

Прага.

Аўтар: Сяргей Навумчык 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.