Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:40 4 мая 2017
226
Памер шрыфта

У лютым журналісты даведаліся аб стварэнні сацыяльна-інфармацыйнай установы “ТаймАкт”, “асноўнай задачай якой будзе праваабарончая дзейнасць, і ў прыватнасці – абарона правоў зняволеных”. Яе дырэктарам стаў Васіль ЗАВАДСКІ, які да гэтага 12 гадоў быў… начальнікам медслужбы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС…

– Васіль Іванавіч, чыя была ідэя стварэння такой установы?

– Я маю вялікі досвед працы ў пенітэнцыярнай сістэме.

У адной з калоній пазнаёміўся з Міколам Аўтуховічам, які ў свой час адбываў пакаранне. Калі ён вызваліўся, працягнулі сустрэчы. Падчас іх і абмеркавалі тэму, як можна дапамагаць тым, хто знаходзіцца за кратамі. Адным словам, наша ідэя была ажыццёўлена, установу зарэгістравалі ў Мінгарвыканкаме. І ўжо сёння, амаль за два месяцы працы, мы маем шмат зваротаў як ад зняволеных, так і ад іх блізкіх.

– А чым вы рэальна можаце дапамагчы тым, хто да вас звяртаецца?

– У сваёй большасці людзі незадаволены прысудамі і просяць юрыдычнай дапамогі. На жаль, у нас пакуль няма рэсурсаў, каб гэта рабіць у поўным аб’ёме, але ж мы толькі пачалі працаваць. Больш займаемся тым, што інфармуем людзей найперш па медыцынскай дапамозе у месцах пазбаўлення волі, робім запыты па іншых ўзніклых у вязняў праблемах у Дэпартамент выканання пакаранняў у калоніі, у пракуратуру. Акрамя таго, адзін з накірункаў нашай працы – інфармаванне грамадскасці пра тое, што адбываецца ў пенітэнцыярнай сістэме. Бо калі вязням ствараюцца праблемы, то адміністрацыя папраўчых устаноў зацікаўлена, каб смецце з хаты не выносілі. Але, на мой погляд, маўчаць у такой сітуацыі – гэта гуляць па правілах шулера.

– Пагодзімся, што крыху незвычайная сітуацыя – былая высокая службовая асоба Дэпартамента выканання пакаранняў раптам узначальвае арганізацыю, якая будзе абараняць правы зняволеных…

– А ў мяне яшчэ падчас ранейшай працы была схільнасць да праваабарончай дзейнасці. Я рабіў усё, што было ў маіх сілах, каб вырашаць праблемы вязняў, якія да мяне звярталіся як да службовай асобы. Жаданне дапамагаць людзям, энергія  засталіся і зараз.

– Дарэчы, як вы патрапілі на пасаду начальніка медслужбы?

– Закончыў у 1985 годзе з “чырвоным” дыпломам Віцебскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “псіхіятрыя”, атрымаў размеркаванне ў сістэму МУС. Сказалі, што толькі там па маёй спецыяльнасці ёсць вакансіі. Хаця, шчыра кажучы, не думаў, што траплю на працу ў калонію. Тым не менш так атрымалася.

Спачатку быў простым урачом у калоніі, потым – начальнікам медыцынскай часткі, затым начальнікам рэспубліканскай бальніцы, што знаходзілася на вуліцы Кальварыйскай. А ўжо пасля гэтага – пасада начальніка медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў, якую і займаў 12 год.

– Ці складана было працаваць вам як медыку ў такіх спецыфічных установах і з такімі ж спецыфічнымі пацыентамі?

– Вельмі складана, асабліва спачатку. Я пачаў працу ў калоніі ў 1986 годзе, калі быў яшчэ Савецкі Саюз, памятаю, як няпроста даводзілася. Своеасаблівая публіка, былі і пагрозы, і сімуляцыі…

– На якія сімуляцыі альбо хітрыкі ішлі асуджаныя, каб дасягнуць нейкай сваёй мэты?

– Тут вельмі шырокі спектр. Калі працаваў начальнікам медыцынскай часці 14-й калоніі ў Навасадах, адзін асуджаны вырашыў мяне адукаваць – склаў цэлы спіс такіх хітрыкаў. Чаго там толькі не было! Ад звычайнага націрання градусніка пад пахай да самых радыкальных захадаў. Напрыклад, некаторыя сціралі цукар у пыл і ўдыхалі ўсё гэта. У выніку – запаленне лёгкіх. У маёй практыцы быў выпадак, калі чалавека пасля гэтага мы не змаглі выратаваць. Людзі глыталі лыжкі, заганялі сабе цвікі і іншыя рэчы пад скуру… Па розных прычынах. Некаму трэба было схавацца “на бальнічцы”, хтосьці ў карты прайграў. Я сам неаднойчы зашываў у калоніі рукі і нават жываты зняволеным, калі яны, як кажуць, “ўскрываліся”.

– Многія вязні, якія выходзілі на волю, наракалі ў першую чаргу на дрэннае медыцынскае абслугоўванне ў месцах пазбаўлення волі…

– У гэтых словах прысутнічае і легенда, і праўда. Калі я працаваў, у пенітэнцыярнай сістэме былі 34 медыцынскія часці і дзве бальніцы. Зразумела, што былі розныя спецыялісты, у якіх рознае стаўленне да пацыентаў. Мы праводзілі з імі адпаведную работу, гутаркі, тлумачылі, што да асуджаных трэба найперш ставіцца па-чалавечы. Але варта разумець, што многія са зняволеных далёка не анёлы і яны часам агрэсіўна настройваліся ў адносінах да ўрачоў.

– У часы вашай працы аб’яўлялі за кратамі галадоўку і палітзняволены Мікалай Аўтуховіч, і экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін. Як вы тады вымушаны былі рэагаваць на гэтыя акцыі пратэсту?

– Я асабіста сустракаўся і з Мікалаем Аўтуховічам, і з Аляксандрам Казуліным. Дарэчы, пасля нашай з Міколам размовы ён спыніў галадоўку, я прыехаў у бальніцу і змог давесці чалавеку, што ёсць рэальная пагроза яго жыццю. Да Казуліна таксама наведаўся ў калонію ў Віцебску, але з ім тады паразумення мы так і не знайшлі. Хаця я абодвум казаў, што шчыра спачуваю ім і разумею іх пазіцыю. Дарэчы, за кратамі нярэдка галадаюць і іншыя асуджаныя, але паколькі яны не публічныя асобы, то пра такія пратэсты на волі не чуваць.

– Калі б з тым жа Казуліным нешта здарылася, гэта для вашай службы было б надзвычайным здарэннем?

– Зусім не, бо людзі самі зрабілі свой выбар. У 1980-я гады ў калоніях практыка прымусовага кармлення была звычайнай справай. Існавалі нават адпаведныя медыцынскія інструкцыі, як усё правільна рабіць. Але затым ад гэтага пачалі адыходзіць. Чалавек вырашыў галадаць? Яго права. І толькі калі ён губляе прытомнасць, мы пачынаем працаваць як медыкі. Іншая справа, што ў такіх сітуацыях не заўсёды можна і дапамагчы. Я заўсёды з павагай ставіўся да моцных духам людзей, але і сёння ўпэўнены, што галадоўка – не самы годны метад пратэсту. І Міколу ў свой час казаў: “Памрэш – і каму ад гэтага будзе лягчэй?” 

– У 2010 годзе вы аказаліся пад крымінальным пераследам…

– Я і ў страшным сне не мог уявіць, што сам калі-небудзь магу аказацца за кратамі. Як кажуць, па той бок дроту. Але атрымалася тое, што атрымалася. Адзін з супрацоўнікаў дэпартамента папрасіў мяне знайсці для яго звычайны транквілізатар “Ксанакс”. У аптэцы яго купіць было немагчыма, таму звярнуўся да сваіх падначаленых у калоніі. Мне дапамаглі, але аказалася, што мой тэлефон праслухоўваўся. І ў лютым 2010 года мяне затрымалі. Я толькі тады і даведаўся, што адзін крымінальны артыкул аб’ядноўвае і наркотыкі, і звычайны транквілізатар. Адным словам, я, як хлопчык, папаўся з гэтымі лекамі. Не кажу, што зрабіў правільны ўчынак, але і сёння не бачу ў гэтым злачынства. Раней той жа “Ксанакс” прадаваўся нават без рэцэпта. Самае прыкрае, што акрамя мяне пацярпелі яшчэ і мае калегі, да якіх я звярнуўся за дапамогай, і на судзе я папрасіў у іх прабачэння. Дарэчы, калі знаёміўся са справай, даведаўся, што я быў на “праслушцы” амаль паўгода…

– А навошта вашаму знаёмаму спатрэбіліся транквілізатары?

– Розныя бываюць сітуацыі ў людзей. Гэтыя лекі прымаюцца, калі ў чалавека стрэсавая сітуацыя, дапамагаюць пазбегнуць гіпертанічнага крызу… Яны не выклікаюць нейкіх парушэнняў псіхікі, а проста павышаюць стрэсаўстойлівасць.

Але, думаю, гэта была проста нагода для майго затрымання, бо, пакуль я знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ, мне задавалі пытанні не толькі пра транквілізатары. Якія ў мяне блізкія за мяжой? Што за стасункі маю з былым начальнікам СІЗА-1 і аўтарам кнігі “Расстрельная команда” Алегам Алкаевым, які таксама з’ехаў за мяжу? Чаму дачка вучыцца ў Вільнюсе ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце?

– Былі здагадкі, чаму спецслужбы пачалі вас праслухоўваць?

– Не ведаю дакладна, але так супала, што гэта пачалося пасля таго, як мы правялі чарговую міжнародную навукова-практычную канферэнцыю па праблемах пенітэнцыярнай медыцыны. Тады мяне знаёмыя, дарэчы, і папярэдзілі: “Табой цікавіцца КДБ”. Я яшчэ пажартаваў у адказ: “І павінны цікавіцца, бо прыехалі замежнікі”.

Але, ведаеце, у тыя часы я не надта і хаваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Можа быць, і гэта паўплывала. Напрыклад, калі працаваў у калоніі ў Навасадах, то перавёў справаводства на беларускую мову. У 1990-я гады гэта было нармальнай з’явай, а вось пазней маглі запісаць і ў “нацыяналісты”. Памятаю, калі ў Дэпартаменце выканання пакаранняў узгаднялі маю кандыдатуру, я чакаў пад дзвярыма і чуў, як адзін з кіраўнікоў гучна сказаў: “Вы каго прызначаеце? Ён жа “бээнэфавец”!..” Хаця я ўвогуле не меў ніякага дачынення да нейкіх партый ці рухаў.

– І які вас чакаў прысуд?

– Два з паловай гады пазбаўлення волі мінус год па амністыі. З улікам умоўна-датэрміновага вызвалення і часу, які правёў у СІЗА, у калоніі давялося правесці ўсяго каля месяца. Адным словам, у лютым затрымалі, а Новы год ужо сустракаў дома.

– Вось ужо праўду кажуць: ад сумы і ад турмы не заракайся. Як сустрэла калонія былога начмеда Дэпартамента выканання пакаранняў?

– Нармальна сустрэла, я нават саказаў бы, з павагай. “Турэмнае радыё” працавала спраўна, таму там ужо ведалі, што да іх павінен прыйсці такі чалавек. Але нейкага асваблівага стаўлення не было. Разам з іншымі зняволенымі пілі моцную гарбату, некаторыя звярталіся за медыцынскімі кансультацыямі.

– А адміністрацыя ўстановы да вас ставілася як да “свайго” ці ўжо як да “чужога”?

– Нейтральна. Начальнік калоніі, якога я, да слова, добра ведаў, выклікаў, адбылася дыпламатычная гутарка. Але было дзіўна, калі медсёстры пачалі мне скардзіцца, што іх прымушаюць весці нейкую дадатковую дакументацыю. Я ім кажу: “Сястрычкі, вы, напэўна, пакуль яшчэ не разумееце, які ў мяне зараз статус”. – “Разумеем, Васіль Іванавіч, але вы ўсё роўна паўплывайце на наша начальства”.

– Чым вы займаліся пасля таго, як выйшлі на волю?

– Я ўжо казаў: стаў супрацоўнічаць з міжканфесійнай місіяй “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне”, з хрысціянскімі цэрквамі. Зараз да гэтага дадалася яшчэ і праца па абароне зняволеных. Дапамагаць людзям – гэта Божая справа. Тым больш што гэта святы абавязак урача…

Фота аўтара.

P.S. Са сваімі скаргамі і прапановамі тыя, хто знаходзіцца пад следствам, зняволеныя і іх блізкія могуць звяртацца ў сацыяльна-інфармацыйную ўстанову “ТаймАкт” па адрасе: 220052 г.Мінск, вул.Гурскага, 37, офіс 1Н; тэл.: (+375-17) 277-08-98 (аўтаадказчык, кругласутачна); (+375-25) 615-46-76. 

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Угроза для всей планеты: ученые предрекают гибель миллиарда человек

Ученые из Университета Колорадо предупреждают о том, что в следующем году на планете может произойти серия землетрясений, жертвами которых в общей сложности может стать миллиард человек по всему миру.

Военный эксперт: Казарма — это не тюремная камера

Как искоренить «дедовщину», раскрепостить срочников и повысить престиж военной службы — семь шагов к реформированию армии от Андрея Поротникова.

Стало известно, какой на детском «Евровидении» выступит белоруска Хелена Мерааи

Прошла жеребьевка детского «Евровидения-2017» — представительница Беларуси Хеоена Мерааи выступит пятой.