Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Трапіць у кабінет з паркетным бляскам намесніка генеральнага пракурора краіны Аляксандра Архіпава было некалі амаль немагчыма. Перш чым пераступіць парог яго прэстыжнай прыёмнай, ты павінен быў прашмыгнуць на першым паверсе праз ваенізаваную ахову, з якой заўжды даносіўся грозны голас: “Пакажыце пропуск!” Цяпер, каб прайсці да былога намесніка генеральнага пракурора Беларусі, а зараз дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства “Пятровічы” Аляксандра Міхайлавіча Архіпава, пропуск не патрабуецца. Але ж трапіць у яго кабінет таксама няпроста.
17:31 23 студзеня 2017
404
Памер шрыфта

Не адну хвіліну будзеш шукаць уваход у кантору, які знаходзіцца чамусьці не з параднага боку непрывабнага двухпавярховага будынка, а з тыльнага. А калі і знойдзеш, то не адразу адважышся падняцца на другі паверх па вузкай абледзянелай лесвіцы без парэнчаў: адзін неасцярожны крок – і можна так паслізнуцца, што міжволі ляснешся вобземлю, і добра, калі толькі пакалечышся, а то і з жыццём развітаешся.

Мне не давялося назіраць, як дабіраецца цяпер у свой службовы кабінет экс-пракурор Аляксандр Архіпаў, але я асабіста рызыкаваў здароўем, пакуль апынуўся ў цёмным, забітым нейкай абшарпанай мэбляй калідоры.

– Вы да дырэктара? – запыталася маладзенькая дзяўчына з паперамі ў руках.

– Так, хачу бачыць Аляксандра Міхайлавіча.

– У яго толькі што пачалася нарада, чакайце ў калідоры.

– Чаму ў калідоры?

– А таму, што прыёмная настолькі малюсенькая, што ў ёй месца для наведвальнікаў наогул няма.

Праявіўшы журналісцкую знаходлівасць, я праз хвіліну-другую высветліў: нарада ў дырэктара закончыцца не хутка, паколькі на абмеркаванне вынесена шмат пытанняў. І не стаў губляць час, а вырашыў здабываць інфармацыю для публікацыі, як кажуць, з розных крыніц.

Але перш-наперш нагадаю чытачам: не па добрай волі былы намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Архіпаў апынуўся 26 студзеня 2016 года на пасадзе дырэктара ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Пятровічы”, што ў Смалявіцкім раёне. За паўтара гады да гэтага ваенная калегія Вярхоўнага суда вынесла яму вердыкт: шэсць гадоў пазбаўлення свабоды з утрыманнем у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Архіпава абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса – па частцы трэцяй артыкула 426 “Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў” і частцы трэцяй артыкула 430 “Атрыманне хабару”. У даход дзяржавы канфіскавана маёмасць – аўтамабіль “Шкода-Актавія” 2010 года выпуску і залаты злітак (20 грамаў).

Заўважым: па адной крымінальнай справе з Аляксандрам Архіпавым давялося адказваць і былому старшыні Палаты прадстаўнікоў, сябру дзяцінства Аляксандра Лукашэнкі – Уладзіміру Канаплёву. Але яму ўдалося пазбегнуць турэмных кратаў, заплаціўшы штраф у памеры каля 13 тысяч долараў.

Падчас суда плячо ў плячо з Уладзімірам Канаплёвым.

Народная мудрасць сцвярджае: калі б ведаў, дзе ўпадзеш, падаслаў бы саломку. Ці ж думаў Архіпаў, што так крута зменіцца яго лёс, калі не столькі з-за хабару, колькі па сваіх душэўных якасцях вырашыў заплюшчыць адно вока і як намеснік генеральнага пракурора аблегчыць адказнасць перад Фемідай аднаму чалавеку. Пасля той ракавой памылкі яму давялося зведаць і турэмныя нары, і ўсе астатнія бытавыя ўмовы зняволеных.

Я, калі казаць шчыра, нават не ведаю, як ставіцца да памілавання праз пэўны тэрмін, якое прыняў у адносінах да былога намесніка генеральнага пракурора Аляксандр Лукашэнка. Гэта сапраўды выхад чалавека на волю ці своеасаблівая змена яму формы пакарання? У тых жа “Пятровічах” хто-ніхто жартуе: “Архіпаву замянілі калонію ўзмоцненага рэжыму на дысбат”.

Пра гэта думаў і я, калі пазаўчора па дарозе ў Барысаў вырашыў зазірнуць у вёску Драчкава, якая вось ужо год з’яўляецца асноўным месцам пражывання Аляксандра Архіпава. Хоць з Мінска да яе ўсяго некалькі дзясяткаў кіламетраў, але калі едзеш, то ўражанне такое, быццам яна недзе там, “на краю света”. Сельскагаспадарчае прадпрыемства называецца “Пятровічы”, але яго цэнтральная сядзіба даўно знаходзіцца не ў Пятровічах, а прыкладна за 15 кіламетраў, у Драчкаве. Збочыўшы з аўтастрады Брэст–Масква, мінаеш мноства розных вёсак і вёсачак, пакуль дабярэшся да месца “адбыцця ссылкі” былога намесніка генпракурора краіны Аляксандра Архіпава. Спачатку навакольны пейзаж не тое што не радуе, а ў нейкай ступені нават прыгнятае – ні векавога лесу, ні дуброў, ні азёр, ні заўважных рэчак… Вось чаму рэдакцыйны вадзіцель і сказаў: “Адправілі пракурора “на край свету”. Хоць, удакладняю, гэты “край свету” ўсяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Мінска. І, што радуе, адразу за вёскай Драчкава пачынаецца суцэльны лес, які выклікае ўжо прыемныя асацыяцыі.

Але ж не дзеля спачування А.Архіпаву я ехаў у глыбінку Смалявіцкага раёна. Мінае год, як былога высокапастаўленага пракурора ўлады накіравалі на пад’ём стратнага сельгаспрадпрыемства “Пятровічы”. Ці ўдалося яму, чалавеку далёкаму ад аграрных праблем, зрушыць камень з мёртвай кропкі? Ці змог спадар Архіпаў абвергнуць словы з байкі Крылова, якія па-руску гучаць так: “Беда, коль пироги начнет печи сапожник, а сапоги тачать пирожник”.

У Смалявіцкім раёне цяпер налічваецца ўсяго восем гаспадарак. Перыядычна некаторыя звесткі аб іх дзейнасці з’яўляюцца ў мясцовым друку. На жаль, “Пятровічы” як займалі апошні ці перадапошні радок у звестках, так і займаюць. Хоць і не сказаць, што справы пры Архіпаве пагоршыліся. Што тычыцца жывёлагадоўлі, то лічбы ў нейкай ступені абнадзейваюць. Так, за мінулы год сярэдні надой ад каровы склаў 5507 кілаграмаў. Ёсць невялікі плюс у параўнанні з папярэднім годам. Праўда, калі браць агульнараённы паказчык, то “Пятровічам”, каб быць на ўзроўні, трэба падняць прадукцыйнасць малочнага статку амаль на тысячу кілаграмаў.

З размоў са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі Смалявіцкага райвыканкама можна зрабіць выснову, што зімоўка жывёлы ў “Пятровічах” пройдзе нармальна, магчыма, нават з плюсам у надоях. Такі аптымізм пацвярджаецца тым, што на кожную ўмоўную галаву нарыхтавана 36,5 цэнтнера кармавых адзінак, нават крышачку болей, чым у сярэднім па раёне.

Мінулы год, як вядома, аказаўся не вельмі спрыяльным для раслінаводства. Як ні стараўся Аляксандр Архіпаў са сваёй агранамічнай службай, а ў засекі засыпана менш зерня, чым гэта было ў 2015 годзе. Леташняя ўраджайнасць зернебабовых (у амбарнай вазе) – 25,8 цэнтнера, а пазалеташні – 29,6.

Наименование хозяйства

Информация о производстве молока в хозяйствах Смолевичского района за 02.01.2017 г.

Вал.надой (2016 г.)

Вал.надой (2017 г.)

Процент к вал.надою (2016 г.)

Удой на корову (2016 г.)

Удой на корову (2017 г.)

(+, -) к 2016 г.

ЧУП «Озерицкий-Агро»

47.820

51.160

107

20,26

21,68

1,4

ОАО «Смолевичский райагросервис

11.650

8850

76

15,85

12,04

-3,8

ИП «Штотц Агро-сервис»

14.950

14.590

98

19,04

18,95

-0,1

ОАО «Смолевичи-Бройлер»

50.380

50.890

101

16,98

13,97

-3,0

СПК «Первомайский»

17.950

18.350

102

20,40

21,34

0,9

РУК «Шипяны АСК»

27.000

28.840

107

19,85

21,21

1,35

РУСП «Петровичи»

9500

9390

99

13,87

13,61

-0,3

ГП «ЖодиноАгроПлемЭлита»

41.650

45.330

109

18,23

19,84

1,6

ОАО «Смолевичи-Сузон»

4650

3700

80

7,05

5,90

-1,2

ИТОГО по району

220.900

227.400

(Такія зводкі на русскай мове раз-пораз змяшчаюцца ў раённай газеце.)

Былы намеснік генеральнага пракурора гаспадарыць сёння на землях, якія пры сярэдніх 32 балах асаблівай натуральнай урадлівасцю не вызначаюцца. А разгарнуцца механізатарам ёсць дзе: 4902 гектары сельскагаспадарчых угоддзяў, з іх 4550 гектараў – ворыўныя землі. Праблема – у кадрах, мясцовыя жыхары даўным-даўно асвоілі маршруты на Мінск, Смалявічы, Жодзіна, Барысаў, а тыя, хто завербаваны з іншых рэгіёнаў, павінны яшчэ прыжыцца, павысіць кваліфікацыю.

Цякучасць кадраў – боль Аляксандра Архіпава. З першых дзён працы ў “Пятровічах” ён зразумеў: каб затрымаць людзей на фермах, у майстэрнях, на палетках, трэба стварыць ім нармальныя ўмовы як для працы, так і для жыцця. Таму шмат увагі кіраўнік надае пытанням будаўніцтва. Таму і не наводзіць пакуль марафет у канторы, а думае, як хутчэй закончыць узвядзенне чарговага аб’екта ў жывёлагадоўлі, вырашыць жыллёвую праблему для спецыялістаў, тых жа механізатараў.

Можна было б дзейнічаць чыста па-пракурорску: аступіўся на якую пядзю чалавек – за яго і ў каталажку. Але ж тут ізноў выяўляецца характар Аляксандра Архіпава – з людзьмі трэба будаваць адносіны па-людску, ёсць маса самых розных метадаў і формаў работы з імі. І ён, кажуць у Драчкаве, спрабуе ўздзейнічаць на халяўшчыкаў, марнатраўцаў, абібокаў у першую чаргу словам, а не пракурорскай пугай. Я гутарыў з работнікамі раённага суда. Ніхто не ўзгадаў выпадак, каб Аляксандр Міхайлавіч, як кіраўнік сельгаспрадпрыемства, звяртаўся з нейкім іскам на сённяшніх падначаленых у суд.

Пра работу ў генеральнай пркуратуры цяпер можна толкі ўзгадваць.

Так, я ехаў у “Пятровічы”, каб не паспачуваць, а магчыма, у нечым дапамагчы чалавеку, які не па добрай волі апынуўся “на краю свету”. У той жа час шкада, што не атрымалася асабіста ўбачыцца. Назаўтра раніцай я патэлефанаваў Архіпаву па мабільніку і задаў толькі адно пытанне: “Як жывецца, Аляксандр Міхайлавіч?” І пачуў: “Нармальна”.

Я падумаў: а што можа яшчэ сказаць чалавек, якому адступаць няма куды? У яго, асуджанага па надзвычай сур’ёзных артыкулах, выбар адзін: альбо паставіць на ногі “Пятровічы”, альбо вярнуцца назад у калонію ўзмоцненага рэжыму.

У любым вольным дысбаце ўсё ж лепш, чым за калючым дротам. Таму і стараецца Архіпаў, як можа. А ці спаўна апраўдае надзеі тых, хто яго кінуў “на край свету”, – пакажа час. Усяго ж у бліжэйшыя дні спаўняецца толькі год, як ён, былы намеснік генеральнага пракурора краіны, узначаліў РСУП “Пятровічы”. Адной пасяўной, адной уборачнай і адной зімоўкі недастаткова, каб дабіцца сур’ёзнага прарыву. Галоўнае, Аляксандр Міхайлавіч, не падаць духам!

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Ёсць выява забойцы Паўла Шарамета. Але ўкраінскія ўлады яе хаваюць

Украінская паліцыя мае відэа, на якім бачны два верагодныя забойцы журналіста Паўла Шарамета. Пры гэтым выява твару жанчыны, якая падклала выбухоўку пад аўтамабіль, вельмі дакладная. Але ўкраінская па

На замглавреда «Эха Москвы» Татьяну Фельгенгауэр напали с ножом

Неизвестный проник в редакцию радиостанции "Эхо Москвы" и ранил ножом заместителя главного редактора радиостанции Татьяну Фельгенгауэр. Эту информацию агентству Интерфакс подтвердил главный редактор "

Міністр эканомікі: Ёсць сферы, дзе заробку ў 1000 рублёў давядзецца пачакаць

Нягледзячы на планы ўладаў да канца 2017 года падняць сярэдні заробак у Беларусі да 1000 рублёў, яго ўбачаць не ўсе і не адразу. Гэты факт у эфіры тэлеканала АНТ канстатаваў міністр эканомікі Уладзімі