Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:31 12 верасня 2016
18
Памер шрыфта

У лютым гэтага года мінская нацыянальная гімназія №4 урачыста адзначыла сваё 25-годдзе. Але нядаўна яе дырэктар, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь Юрый Бандарэнка быў затрыманы на сваім працоўным месцы.

Цікава, што за гадзіну да арышту з ім паспела паразмаўляць юрыст Дар’я Каткоўская. У сувязі з пераездам сям’і на новае месца жыхарства яна забірала з гімназіі дакументы свайго сына. “Хвілін трыццаць правяла ў прыёмнай дырэктара – мы з ім яшчэ папікіраваліся троху, я сказала, што не захапіла даведку з новай школы, – згадвае Каткоўская. –  А праз нейкую гадзіну ў кабінеце Бандарэнкі ўжо быў ператрус”.

Вядома, што асобы ў цывільным забіралі толькі тыя паперы, на якіх было нешта напісана ўласнаручна Бандарэнкам… Неўзабаве КДБ даў тлумачэнні: дырэктара гімназіі затрымалі за хабар у 500 долараў.

Хто такі Юрый Бандарэнка? Ён прысвяціў адукацыі ўсё сваё жыццё. Педагагічны стаж – 45 гадоў. Дырэктарам гімназіі №4 стаў у 1997 годзе. Ужо тады ўстанова з’яўлялася адной з самых прэстыжных у горадзе. Тэолаг Наталля Васілевіч, якая навучалася ў гімназіі, расказала, што ўжо на той час яна была  сапраўды беларускамоўнай, а выкладанне ўсіх прадметаў вялося на высокім узроўні. Ніхто не ціснуў на ідэалогію.

Факт застаецца фактам: гімназія высока каціравалася яшчэ да прыходу Бандарэнкі. І вялікая заслуга ў гэтым папярэдняга дырэктара – Людмілы Станіславаўны Аляксеевай.

Пасля прыходу ў гімназію Юрыя Бандарэнкі беларускасці ў ёй з цягам часу быццам паменела. Не, ранейшы дух адчуваўся, але відавочным станавілася і тое, што новы дырэктар стаў больш клапаціцца не пра мікраклімат ва ўстанове, не пра ўзровень выкладання прадметаў на беларускай мове, а аб тым, якое меркаванне пра яго складваецца ў начальства “наверсе”. Мог быць даўно на пенсіі, але яму з года ў год працягвалі кантракт.

Вядома гісторыя, калі ў 2013 годзе скульптар Генік Лойка, чые дзеці вучыліся ў гімназіі, у Міжнародны дзень роднай мовы правёў пад сценамі ўстановы пікет. За гэта ён атрымаў 5 сутак зняволення. Як заяўляў Лойка, гімназія, якой кіруе Ю.Бандарэнка, з’яўляецца беларускамоўнай дастаткова фармальна. Многія настаўнікі карыстаюцца рускай як падчас урокаў, так і па-за навучальным працэсам. Генік Лойка патрабаваў, каб са статута гімназіі быў выключаны пункт пра навучанне на рускай мове. Урэшце гэта было дасягнута. Але ў студзені 2016 года скульптар ізноў уздымаў пытанне пра тое, што асобныя выкладчыкі гімназіі працягваюць выкладаць па-руску і падчас перапынкаў у калідорах гімназіі рэдка пачуеш роднае слова.

“Хоць сам дырэктар падчас размовы з бацькамі стараўся размаўляць па-беларуску, – кажа Андрэй Кірэеў, чыё дзіця вучыцца ў гімназіі. – Вясной замест выступленняў пра георгіеўскія стужкі кожны клас рыхтаваў імпрэзу да свята Юр’я з народнымі спевамі і танцамі. У акцябраты нікога не прымушалі ўступаць…”

Што я яшчэ пачуў, наведаўшы днямі гімназію? У асяроддзі педагогаў даўно хадзілі чуткі, што за Бандарэнкам водзяцца пэўныя грашкі. Але публічна баяліся выказвацца.

Казалі, што ў дырэктара ў вышэйшых структурах улады ёсць моцныя заступнікі, якія пры неабходнасці абароняць. У мінулым годзе ён развітаўся з многімі настаўнікамі, памяняў ледзь не ўвесь склад завучаў. Яны ўсе сышлі са школы, нават не засталіся прадметнікамі. Праўда, адна намесніца засталася. Ходзяць чуткі, што менавіта яна спрыяла дырэктарскім замашкам.

Калі верыць інфармацыі некаторых бацькоў, у апошнія гады дырэктар часцей за ўсё звяртаў увагу на дзве катэгорыі дзяцей: патэнцыяльных першакласнікаў і пяцікласнікаў. Як патлумачыла “Народнай Волі” адна з суразмоўніц, каб малыш быў залічаны ў першы клас, нібыта трэба было ўнесці на патрэбы гімназіі ад 200 да 500 долараў. “Сама сума ніколі не агучвалася, бо дырэктар баяўся, каб яго не запісалі на дыктафон. Ён у сваім кабінеце выводзіў лічбы на паперы”, – абурана распавядала нам жанчына, сын якой вучыцца ў гімназіі. Паводле яе слоў, грошы часцей браліся з тых, хто не адносіўся да навучальнай установы па месцы прапіскі.

Другая сітуацыя назіралася, калі дзіця, якое паступала ў пяты клас, недабірала балы. Тады бацькам нібыта тэлефанавалі з гімназіі і прапаноўвалі прыйсці на гутарку. І падчас размовы з вока на вока намякалі: для таго каб дзіцёнак стаў гімназістам, трэба заплаціць 500 долараў на развіццё гімназіі. Таму з’явілася шмат дзяцей са слабымі ведамі.

Шмат чаго іншага я пачуў падчас наведвання гімназіі. Некаторая інфармацыя носіць неслужбовы характар, а таму, пакуль ідзе следства, яе не хочацца абнародаваць.

Сённяшняе кіраўніцтва гімназіі №4 ад каментарыяў рашуча адмаўляецца. Пакуль ідзе разбіральніцтва, не жадаюць размаўляць з журналістамі і ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. У любым выпадку скандал разгараецца, і хутка многае выплыве на паверхню.

2016.

*Назва кнігі Міколы Сурначова.

Аўтар: Дзяніс МАРЦІНОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.