Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:38 5 мая 2017
29
Памер шрыфта

Журналістку і пісьменніцу Леанарду Юргілевіч у Дзятлаве ведаюць многія. 37 гадоў яна адпрацавала ў мясцовай райгазеце. Пісала пра людзей, пра зямлю, пра тое, што хвалявала чытачоў. І цяпер спадарыня Юргілевіч не пакідае сваё пяро. Яна часта публікуецца ў “Народнай Волі”. Акрамя розных інфармацый і рэпартажаў, Леанарда Юргілевіч актыўна спрабуе свае сілы ў чыста пісьменніцкай справе: піша гумарэскі, фельетоны і апавяданні, з многімі з якіх змаглі пазнаёміцца чытачы “Народнай Волі”. Менавіта гэтыя творы і склалі новую кніжку прозы Леанарды Юргілевіч “Доўгі калідор”, выдадзеную нядаўна ў Слонімскай друкарні. Гэта ўжо трэцяя па ліку кніга пісьменніцы і журналісткі.

Прадмову да кнігі напісаў прафесар з Гродна Аляксей Пяткевіч. У прадмове ён адзначыў, што чытач у “новай кнізе сустрэне не толькі апавяданні-абразкі, а і сюжэтна разгорнуты твор “Доўгі калідор”, дзе паказаны працэс нялёгкіх выпрабаванняў, якія праходзіць чалавек у пэўных абставінах”.

Сапраўды, назву кнігі дала аповесць “Доўгі калідор”. Яе гераіня Тоня Кудзелька сама папрасілася ў псіханеўралагічны дыспансер, дзе лечаць алкаголікаў. Аўтар цікава і шчымліва апісвае тое, што давялося ўбачыць і перажыць там Тоні. Знаёмства з жанчынамі, лёс якіх перакрэсліла гарэлка, вымушае яе працверазець па-сапраўднаму. Гераіні робіцца страшна, калі яна даведваецца пра жыццё сябровак па няшчасці, пра тое, як цяжка пазбавіцца ад зялёнага змея, як пакутуюць, церпячы невыносны боль, хворыя на алкагалізм. І ўвасабленнем гэтага страху робіцца для Тоні Кудзелька доўгі бальнічны калідор. Перш чым пакінуць дыспансер пасля выпіскі, яна кідае на яго апошні позірк: “Тоня яшчэ раз прабегла вачамі па калідоры-тунэлі, дзе было перажыта столькі свайго і чужога гора, пастаяла і пайшла на вуліцу, залітую сонечным святлом”.

У новую кнігу Леанарды Юргілевіч увайшлі таксама апавяданні, сюжэты якіх узяты з жыцця людзей, што жывуць побач. У тужлівых і простых, здавалася, па сюжэце творах пісьменніца распавядае пра нялёгкі чалавечы лёс. У многіх з іх бачыцца сама аўтарка з яе перажываннямі і радасцямі.

Але распачаць сваю новую кнігу пісьменніца вырашыла з гумарэсак. Пачаўшы ўсміхацца і нават смяяцца, чытач паступова паглыбляецца ў жыццёвыя гісторыі, ад якіх ужо не да смеху. Аўтарка асабліва любіць сваіх герояў – вясковых і гарадскіх дзівакоў, якіх і асуджае, і вельмі яскрава апісвае, ствараючы па-сапраўднаму маляўнічае палатно. Вось як, напрыклад, галоўную гераіню апавядання “Антоля”: “Была яна высокая, тоўстая і дужая, як трактар, з круглым, нейкім пляскатым тварам… Як прыжмурыць свае і без таго вузкія вочы-шчыліны, як зірне, нібы нажом паласне, то забудзешся, як цябе завуць”.

У кнізе ёсць не толькі мастацкія творы, але і нарысы. Асабліва шчымліва, балюча і шчыра Леанарда Юргілевіч апісала сваю родную вёску Рагалёўшчыну Валожынскага раёна. Прыгадвае і ксяндза Уладзіслава Чарняўскага з Вішаўскага касцёла, і іншых людзей, якіх ведала асабіста.

Хачацца сказаць некалькі слоў пра Леанарду Юргілевіч. Нарадзілася пісьменніца ў вёсцы Рагалёўшчына Валожынскага раёна. Рана засталася сіратой. Спачатку вучылася ў Іўеўскай, а пасля ў Свіслацкай школах-інтэрнатах. У 1966 годзе прыехала ў Дзятлава. Тут выйшла замуж і асела назаўсёды.

У 2000 годзе ў серыі “Бібліятэка “Вожыка” пабачыла свет яе першая кніга гумарэсак “Грэшная душа”. Глыбокае веданне вясковага, местачковага побыту, талент высвечваць істотнае, важнае, цікавае, смешнае ў псіхалогіі і паводзінах сваіх герояў, сакавітая самабытная мова робіць творы Леанарды Юргілевіч сапраўднымі літаратурнымі жамчужынкамі.

Некалькі разоў аўтарка станавілася лаўрэатам прэміі часопіса “Вожык”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару “Аўцюкі-2000”, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”.

У 2003 годзе з друку выйшла кніга прозы Леанарды Юргілевіч “Восеньскае танга”, якую мне прыйшлося рэдагаваць і пісаць да яе прадмову.

У 2002 годзе Леанарда Юргілевіч была ўганаравана спецыяльным дыпломам і прэміяй амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс” за перамогу ў конкурсе для журналістаў, якія пішуць на сацыяльную тэматыку. Менавіта гэта тэма пастаянна прысутнічае ва ўсіх жыццёвых гісторыях пісьменніцы ў яе “Доўгім калідоры”.

 

На здымку: Прафесар з Гродна Аляксей Пяткевіч і Леанарда Юргілевіч у Дзятлаве, 2016 г.

Фота аўтара.

Аўтар: Сяргей ЧЫГРЫН 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".