Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:26 2 мая 2017
14
Памер шрыфта

Карэспандэнт “Народнай Волі” пабываў на сталічным праспекце Пераможцаў, дзе на свае вочы пабачыў, як ідзе будаўніцтва першага ў Беларусі Палаца мастацкай гімнастыкі.

 

Заслужылі…

Толькі за часы існавання незалежнай Беларусі нашы гімнасткі заваявалі на Алімпійскіх гульнях шэсць медалёў. На рахунку беларускіх грацый таксама дзясяткі ўзнагарод чэмпіянатаў свету і Еўропы. Яны даўно і трывала ўваходзяць у лік лепшых спартсменаў планеты. Юлія Раскіна, Іна Жукава, Любоў Чаркашына, Меліціна Станюта – гэтыя імёны гімнастак розных пакаленняў вядомыя ўсяму свету.

І ўсе яны, як і спартсменкі цяперашняга складу нацыянальнай каманды, распачыналі свой шлях да п’едэсталаў буйных спаборніцтваў са спартыўнай залы на сталічнай вуліцы Даўмана. Тут месціцца Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы. Але будынак, які быў узведзены аж у 1978 годзе, даўно не адпавядае патрабаванням сучаснасці.

“Мы папросту не змяшчаемся ў нашай цяперашняй зале, – неаднаразова заўважала галоўны трэнер зборнай Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская. – Дзяўчаты літаральна сядзяць адна ў адной на галаве, заняткі робяцца траўманебяспечнымі, да таго ж мы не можам адкрываць новыя групы і развіваць гімнастыку”.

Сваёй цяжкай працай, сваімі вынікамі беларускія грацыі даўно заслужылі новую сучасную залу. І, між іншым, размовы пра яе ўзвядзенне распачаліся амаль дзесяць гадоў таму, пасля Алімпійскіх гульняў у Пекіне, адкуль Іна Жукава вярнулася са срэбрам, а зборная заваявала бронзавыя медалі ў камандных спаборніцтвах.

Інвестар не знайшоўся

Для “раскачкі” спатрэбілася два гады.

Як гэта ў нас часцяком бывае, быў распрацаваны праект – пафасны і шыкоўны. Згодна з ім, першы ў Беларусі Палац мастацкай гімнастыкі павінен быў паўстаць на праспекце Пераможцаў – насупраць “Мінск-Арэны”. Спачатку новы аб’ект задумваўся як шматфункцыянальны комплекс, дзе можна было б праводзіць не толькі спаборніцтвы па мастацкай гімнастыцы. Акрамя таго, побач з новым спартыўным аб’ектам меркавалася пабудаваць інтэрнат для спартсменаў, адкрыты амфітэатр, кавярні і рэстараны. Асновай ідэі архітэктурнага вобраза павінна была стаць гімнастычная стужка, якая пераходзіла б з фасада будынка ў навес уздоўж праспекта.

Праект быў быццам бы зацверджаны. Але, калі падлічылі кошт будаўніцтва – ні многа ні мала 60 мільёнаў долараў, якія трэба было ўзяць з рэспубліканскага бюджэту, – праслязіліся. Ад ідэі адмовіліся, вырашылі Палац мастацкай гімнастыкі перапраектаваць, а заадно і зменшыць выдаткі на яго ўзвядзенне.

Перапраектавалі. Кошт будаўніцтва знізіўся амаль у два разы. Сталі шукаць інвестара, каб не траціць бюджэтныя сродкі. Быццам бы знайшлі – пабудаваць новы палац паабяцаў расійскі інвестар, які забудоўваў раён “Мінск-Арэны” жылым кварталам. Але ў апошні момант расіяне ўмылі рукі. Нікому, акрамя беларускіх улад, будаўніцтва Палаца мастацкай гімнастыкі ў Мінску аказалася непатрэбным.

Так, не паспеўшы распачацца, будоўля замерла. Але некалькі гадоў таму нарэшце да рэалізацыі праекта падключылася Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгарвыканкама, і справа зрушылася з мёртвай кропкі.

Тэрмін здачы – снежань 2017-га

Днямі аўтар гэтых радкоў наведаў будоўлю і на ўласныя вочы пераканаўся: работа кіпіць.

…На будаўнічую пляцоўку завозяцца патрэбныя матэрыялы, расце паверх за паверхам. Будучы спартыўны аб’ект атрымлівае абрысы: пакуль без сцен і даху, як бачна на здымку, стаяць толькі каркасы сцен з перакрыццямі.

На будаўнічай пляцоўцы некалькі кранаў. На адным з іх усталявана спецыяльная камера, якая фіксуе ўсе дзеянні будаўнікоў. Пасля адкрыцця спартыўнага аб’екта гарадскія ўлады маюць намер паказаць беларусам відэаролік аб тым, як узводзіўся Палац мастацкай гімнастыкі. Дарэчы, будоўля абнесена плотам, на якім замацаваны расцяжкі з выявай першага праекта. Сам Палац мастацкай гімнастыкі будзе выглядаць інакш.

Ля ўезду на тэрыторыю будоўлі на пашпарце аб’екта пазначана дата яго ўвядзення ў эксплуатацыю – снежань бягучага года. Будаўнікі, з якімі ўдалося паразмаўляць, кажуць, што аб’ект будзе здадзены ў тэрмін альбо з нязначнай затрымкай у некалькі месяцаў.

Нядаўна на будоўлю прыязджаў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Чыноўнік азнаёміўся з ходам будаўніцтва, падкрэсліў, што Беларусь разлічвае на гэты аб’ект у звязку з правядзеннем у нашай краіне Еўрапейскіх гульняў, запланаваных на 2019 год.

Што ж будзе сабой уяўляць гэты будынак, згодна з новым праектам? Па-першае, аб’ект не будзе шматфункцыянальны, а будзе выкарыстоўвацца толькі для трэніровак і спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы. У ім прадугледжаны дзве вялікія залы, у адной з якіх можна будзе ставіць трыбуны. У паўсядзённым працоўным рэжыме ў кожнай зале будуць пасцелены па чатыры гімнастычныя кілімы, падзеленыя паміж сабой гукапаглынаючымі заслонамі.

Вядома, што пракціроўшчыкі і будаўнікі, перш чым брацца за працу, кансультаваліся са спецыялістамі айчыннай Федэрацыі мастацкай гімнастыкі. Так што, як кажуць, усё павінна задавальняць абодва бакі…

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Аўтар: Віталь ГАРБУЗАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Подросток, пропавший в Молодечно, погиб

ПСО "Ангел Северо-Запад" и УВД по Минской области сообщают о гибели 15-летнего подростка, ушедшего из дома 16 ноября в неизвестном направлении.
18 лістапада 2017

«Слабые вузы можно присоединить к более сильным. Но чтобы из этого не получилось укрупнение колхозов»

Эксперты прокомментировали слухи о возможном сокращении количества вузов в Беларуси в два раза и высказались о том, нужно ли нам столько студентов.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.