Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:51 23 снежня 2016
25
Памер шрыфта

Ужо ўсе ведаюць: у сасновым лесе пад Мінскам узводзіцца новая так званая прэзідэнцкая бальніца. Папярэдні кошт медыцынскага аб’екта для чыноўнікаў – 100 мільёнаў еўра. У той жа час у Віцебску – чацвёртым горадзе Беларусі па колькасці насельніцтва (паводле дадзеных на 1 студзеня 2016 года, у абласным цэнтры пражывае 368 тысяч 574 чалавекі) ужо некалькі гадоў не могуць дабудаваць важныя медыцынскія аб’екты. Там з 2012 года вядзецца будаўніцтва паліклінікі ў мікрараёне «Поўдзень-7А». З 2009-га (!) рэканструіруецца хірургічны корпус абласнога анкадыспансера.

Калі Віцебскам кіраваў адпраўлены нядаўна ў адстаўку з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Косінец, было абяцана закончыць рэканструкцыю корпуса ў 2011 годзе! Косінец амаль два гады прабыў на высокай пасадзе ў Мінску, а хірургічны корпус анкадыспансера ўсё яшчэ рэканструіруецца…

Цяпер абяцанні пакончыць з даўгабудамі ў медыцыне дае новы кіраўнік Віцебскай вобласці – Мікалай Шарстнёў. «Я без малога два гады ў вобласці працую, прыйшоў час і гэтыя хвасты падцягваць», – нядаўна заявіў ён.

– Недабудаваных аб’ектаў аховы здароўя ў нас, на жаль, шмат, – прызнаўся чыноўнік падчас прыёму грамадзян. – Гэта паліклініка «Поўдзень-7А». І абласная бальніца знаходзіцца ў незадавальняючым стане, і хірургічны корпус абласнога анкалагічнага дыспансера рэканструіруецца з 2009 года, а праблема анказахворвання ў Віцебскай вобласці стаіць вельмі востра.

Шарстнёў супакоіў гараджан: прынята рашэнне аб тым, што «паліклініку мы павінны абавязкова дабудаваць». Але абмовіўся: «фінансамі для дасягнення гэтай мэты можам распараджацца толькі ў тых аб’ёмах, якія маем у вобласці і горадзе. Аб’ект уключаны ў інвестыцыйную праграму 2017 года. Для завяршэння паліклінікі і яе аснашчэння неабходна 250 мільярдаў недэнамінаваных рублёў».

– У наступным годзе вырашана асвоіць у роўных долях 40 мільярдаў з гарадскога і абласнога бюджэтаў, – расказаў аб планах кіраўнік Віцебскай вобласці. – Гэта дазволіць узвесці будынак пад дах. А ў 2018 годзе паліклініка будзе адкрыта. Фінансаванне павінна паступіць па кітайскай дзяржаўнай крэдытнай лініі. …Пачатковы этап працы ўжо выкананы. Кітайскі бок пацвярджае свае намеры. У ходзе візіту беларускай дэлегацыі ў Кітай мы падпісалі пэўныя дакументы, а цяпер другі тыдзень прадстаўнікі КНР працуюць у нас над удакладненнем многіх неабходных дэталяў.

Паводле слоў Мікалая Шарстнёва, з дапамогай кітайскага боку плануецца пакончыць і з іншымі медыцынскімі даўгабудамі Віцебшчыны – рэканструкцыяй хірургічнага корпуса анкадыспансера, раённай бальніцы ў Міёрах і, магчыма, рэканструкцыяй хірургічнага корпуса гарадской бальніцы імя Сямашкі ў Оршы, якая цягнецца з 2012 года (хоць там пралічаны і іншыя крыніцы, абмовіўся Мікалай Шарстнёў).

“Прэзідэнцкую” бальніцу пачалі будаваць летась, і аб’ект абяцаюць здаць ужо ў наступным годзе.

Паліклініка для жыхароў віцебскага мікрараёна «Поўдзень-7А» ўзводзіцца з 2012 года, і, як бачым, канца будаўніцтву не бачна.

Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".