Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

На пытанні чытачоў адказвае старшыня Пухавіцкай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў Васіль ВАЛАСЮК.
11:25 12 верасня 2016
8
Памер шрыфта

Не працуе лічыльнік электраэнергіі

Купілі кватэру, але не новую. Неяк не звярнулі ўвагі, што лічыльнік электраэнергіі не працуе. Што нам зараз рабіць? Звяртацца да былых уладальнікаў кватэры?

Таццяна ЗЯНЬКОВІЧ, Мінск.

– Па-першае, трэба быць больш уважлівымі, калі робіце такія сур’ёзныя пакупкі. Але зараз вам трэба звяртацца за вырашэннем праблемы не да былых уладальнікаў жылля, а ў “Мінскэнерга”. Там спецыялісты патлумачаць, што неабходна, каб адрамантаваць лічыльнік альбо замяніць яго.

Звініць электраміксер

Пяць месяцаў таму набыў электраміксер у адным буйным магазіне бытавой тэхнікі. Зараз апарат пачаў падчас работы звінець. Баюся, што ў адзін цудоўны момант матор і наогул зламаецца. Ці можна вярнуць тэхніку ў магазін? Чэк захаваўся.

Сяргей УЛАСАЎ, г.Ліда.

– Вярнуць можна толькі праз гарантыйную майстэрню.

Дзе праверыць вагу кавуна?

Купіў на рынку кавун на 9 кг. Прыйшоў дадому, узважыў, аказалася, што яго вага амаль на кілаграм меншая. Ці можна на адкрытым рынку (а кавуны прадавалі з машыны) дзесьці пераправерыць вагу, каб пераканацца, што не падманулі? І што рабіць, калі падманулі?

Васіль ЛЕДНІК, г.Орша.

– На кожным адкрытым рынку ў адміністратара ёсць кантрольныя шалі, дзе можна адразу праверыць вагу набытага тавару. Дарэчы, у Беларусі па законе забаронены гандаль кавунамі па-за рынкам, і санэпідэмстанцыя кантралюе гэтае пытанне. Пры парушэнні гандлю можна звярнуцца на “Гарачую лінію” Міністэрства гандлю.

Кітайскія цацкі хутка ламаюцца

Кітайскія цацкі (асабліва музычныя) вельмі хутка выходзяць са строю. У якія тэрміны можна абмяняць такі тавар?

Валянціна МУРАШКА, г.Слонім.

– Дзіцячыя тавары абмяняць нельга.

Машыны паркуюць на пешаходныя дарожкі

Каля пад’езда аўтаўладальнікі нярэдка ставяць машыны на дарожку для пешаходаў, таму з дзіцячай каляскай праехаць проста немагчыма. Ці можна паскардзіцца на такіх вадзіцеляў? І ці патрэбна пры гэтым называць сваё прозвішча? З аднаго боку, і з суседзямі не хочацца псаваць адносіны, але з другога – хацелася б прывучыць людзей да культуры…

Алеся, Мінск.

– Можна ананімна звярнуцца ў ДАІ, а таксама на “Гарачую лінію” ЖКГ. Гэтыя службы нясуць непасрэдную адказнасць за выкананне правілаў пражывання і паркоўкі і могуць прымяняць суадносныя меры ўздзеяння.

На сервіснай станцыі падрапалі аўтамабіль

Мне на сервіснай станцыі падрапалі машыну. Прапаноўваюць пафарбаваць яе, каб “адчапіўся”. Мяне гэта не задавальняе, бо фактычна атрымліваецца, што ў мяне будзе ўжо пафарбаванае аўто. А гэта адаб’ецца на кошце аўтамабіля пры продажы. Што параіце мне рабіць у такой сітуацыі?

Леанід КРУГЛЫ, Віцебск.

– Выстаўляйце прэтэнзію сервіснай станцыі на ліквідацыю пашкоджання (напрыклад, замену крыла) і кампенсацыю маральнага і матэрыяльнага ўрону.

Прадавец пазычае тавар

Ці законна тое, што прадавец у дзяржаўным магазіне пазычае майму мужу гарэлку?

Аксана, г.Маладзечна.

– Законам забаронены продаж тавару ў пазыку.

Набыла каструлю не таго аб’ёму

Купіла ў магазіне каструлю. Калі прынесла дадому, зразумела, што па аб’ёму яна мне не падыходзіць. Ці магу я абмяняць яе на посуд большай змяшчальнасці?

Святлана ЛАПІЧ, Іўеўскі раён.

– Толькі пры наяўнасці дэфекта, які будзе ўстаноўлены экспертызай.

Вярнуць сапсаванае мяса

Ці можна вярнуць, як мне падаецца, сапсаванае мяса ў вакуумнай упакоўцы, калі тэрміны захоўвання не выйшлі, а чэк не захаваўся?

Валянціна ЧАЙКА, Гомель.

– Можна, калі маюцца сведкі пакупкі. Пры розных сітуацыях таксама можа ўзнікнуць неабходнасць пацвярджэння санэпідэмстанцыі на тое, што тавар сапсаваны.

У тэлефоне не спадабалася фотакамера

Купіла тэлефон, але, як аказалася, фотакамера ў ім зусім “слабая”. Здымкі атрымліваюцца няякасныя. Ці магу я вярнуць тэлефон у магазін?

Алена ШОСТАК, г.Ліда.

– Нельга. Вярнуць можна толькі пры наяўнасці істотных недахопаў.

Падрыхтаваў Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.
17 снежня 2017

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).