Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сатырычная паэма
6:00 29 верасня 2016
422
Памер шрыфта

Ад рэдакцыі газеты “Народная Воля”

Літаратурны твор – гэта заўжды плён думак і фантазіі аўтара, які мастацкімі сродкамі спрабуе данесці да чытача тую ці іншую ідэю, вобраз і адлюстраваць з’яву, тэндэнцыю, прыстойнасці, заганы часу, у які мы жывём. Менавіта з такой аксіёмы сыходзіла рэдакцыя газеты “Народная Воля”, калі, атрымаўшы тэкст сатырычнай паэмы “Даў заданне Правадыр напісаць “Войну и мир”, прымала рашэнне публікаваць яе поўнасцю.

Да гэтага часу ў беларускай літаратуры існавалі дзве ананімныя паэмы, якія адлюстроўвалі літаратурныя працэсы: “Тарас на Парнасе” і “Сказ пра Лысую гару”. Нам здаецца, што паэма “Даў заданне Правадыр напісаць “Войну и мир” стане ўпоравень з гэтымі яркімі творамі. Напісана яна адмыслова, бездакорна (гэта можа засведчыць любы прыстойны літаратар), з мастацкім густам, сатырычна-іранічным поглядам аўтара на многія бакі нашага жыцця. Гэта яшчэ адзін важкі аргумент, каб надрукаваць паэму на старонках “Народнай Волі”.


Страчаны спакой

Хадзіў, як брында, дзень каторы

Пісьменнік “слынны” Трындунец.

Дый як жа быць яму ў гуморы?

Жыццю спакойнаму – капец.

Нібы за пазухай у Бога

Ён жыў да гэтае пары.

Хаця было руціны многа,

Ды ўсё ж нямала і тварыў.

Вунь на паліцы стройны шэраг –

На ўсю сцяну! –

Ягоных кніг.

І там няма раманаў “шэрых”

Ці, як гаворыцца, сырых.

Чытацьмуць і цяпер, і потым…

Прынамсі, гэтак лічыць сам,

Бо Трындунец крывёй і потам,

А не чарнілам іх пісаў.

Даброт і грошай меў ад пуза –

Чаго яшчэ жадаць? Але

Аднойчы творчага саюза

Стаць давялося на чале.

Здавалася б, такія ўмовы,

Каб наталіць уласны шал!

Бо Трындунец не шараговы –

Літаратурны генерал!

Як колісь Танк!

Адзначыць варта:

Так і было яно спярша.

Лічыў, удала легла карта,

Пашана, званні – як з каўша.

Устаў на ногі – цуд дый годзе! –

Скляпаны Трындунцом саюз.

У гэтай картачнай калодзе

Ён акурат казырны туз.

Разлічваў, што да самай смерці

Галоўным будзе ў той гульні,

Але бяду нагналі чэрці.

Настрой паганы ў старшыні,

І нават у душы трывога…

Учора раніцай ганец

Паведаміў, што да Самога

Прыбыць павінны Трындунец.

Падобны выклік неадкладны

Не можа скончыцца дабром:

Ён, Трындунец, слуга прыўладны,

Самога адчуваў нутром.

(Што Правадыр – мужык суровы,

Вядома ўсім здаўна яшчэ:

Не кідае на вецер словы,

Як трэба, дык з пляча сячэ.)

У Трындунца трымцелі ногі,

Калі ступаў па дыване.

А Правадыр і праўда строгі –

Нібы з партрэта на сцяне.

Яшчэ змрачней нахмурыў бровы

(Аж Трындунец у крэсла ўрос)

І без ніякае прадмовы

Чарговы распачаў разнос:

– Я вартых твораў штось не бачу, –

Пагрозна зыркнуў спадылба. –

Саюз твой не дае аддачу

Належную. Не так хіба?

Вам даў я льготы-прывілеі,

Я грошы-прэміі даю…

І думаў, спраўдзяцца надзеі

На хеўру творчую тваю.

Аднак ніводзін з гэтай хеўры

Мне не прыносіць з неба зор.

Дзе абяцаныя шэдэўры?

Дзе хоць адзін прыстойны твор?

Пісак, як кажуць, маеш мора.

Чаму ж не рупяцца яны?

Чаму ніхто не выдаў твора

Накшталт “Поднятой целины”?

Ну, словам, кожны хай карпее, –

Падвёў рахунак Правадыр, –

Каб тут ляжала эпапея –

Такая, як “Война и мир”.

Хай пішуць пра жыццё народа

І, можа, трохі пра мяне…

На гэта я даю паўгода.

Ты ўцяміў, Трындунец, ці не?

Калі з патуг не будзе толку,

Як рэзультат дасі пусты,

Я разганю тваю суполку,

І не ў фаворы будзеш ты…

Пачуўшы гэткую пагрозу,

Ад нечаканасці такой

Хіба ж не апупее розум,

Ці ж будзе на душы спакой?

Дык Трындунец і сну не ведаў –

Мазгі, як кажуць, набакір,

Вячэраў дрэнна ён і снедаў:

Гатоў лічыць за дармаедаў

Тварцоў ягоных Правадыр.

На выгляд Трындунец як хворы

(Здароўя й праўда дрэнны стан),

Даймалі думкі дзень каторы:

“Ці з’явяцца шэдэўры-творы?

Дзе эпахальны ўзяць раман?..”

І жук, і жаба

Каб растлумачыць одум гэткі,

Каб стала ясна чытачу,

Я што-нішто накшталт даведкі

Прапанаваць пакуль хачу.

Той час ужо далёка ззаду,

Калі сучасны Правадыр

“Падняў з гразі” (так кажа) ўладу,

І трапіла краіна ў вір.

А што ж рабіць з уладай трэба,

Калі “падняў яе з гразі”?

Ды тое, што – засведчыць Неба! –

Рабілі каралі й князі.

Ідэалогія – аснова

Улады кожнай і любой.

А ў ёй і герб, і сцяг, і мова,

І творчы люд уласны, свой.

Калі тварцы складацьмуць оды

Пра існы лад, правадыра,

Дык будзе ціша-гладзь заўсёды,

Народ не ўспрыме бунтара.

Тутэйшы Правадыр таксама

Не агамолак, не дурны.

Была ў яго свая праграма,

І многа ўзяў са стараны.

Ён мець хацеў ва ўласнай хеўры

І літаратараў-пісак.

Рабіў абходныя манеўры,

Ім дагаджаў і так, і сяк.

Ды не рвануліся пісакі

Кагалам да яго ў хаўрус,

Хоць абяцаліся “прысмакі”,

І шмат другіх было спакус.

Не вабіў лёс марыянетак

Тварцоў сапраўдных з веку ў век.

Дадаткам здарылася гэтак,

Што са святынь пачаўся здзек.

Яны, спрадвечныя святыні,

Для новага Правадыра

Былі нікчэмнымі, пустымі –

Іх замяніць даўно пара.

“Пагоні” быў прысуд суровы,

І сцяга незайздросны лёс,

І парастак тутэйшай мовы

Зламаў-стаптаў ён, каб не рос.

Пісакі да яго – варожа.

Без мовы літаратар – нуль:

Чытаць і разумець не зможа

Ніхто, апроч дзядуль-бабуль.

Тым больш тварцы не захацелі

Служыць яму, Правадыру.

– Я вас трымацьму ў чорным целе!

Я ў вас маёмасць забяру! –

Раз’ятрыўся Галоўны Самы. –

На сродкі “лапу накладу”!

І гэта быў пачатак драмы,

Што прывяла з сабой бяду.

Грабеж адбыўся ўвачавідкі:

У непакорлівых тварцоў

Забрала ўлада ўсё да ніткі…

І час прыйшоў для “трындунцоў”!

Яны з усіх паперлі дзірак

Наверх, нібыта прусакі.

А Трындунцу (яно й не дзіва)

Быў успадоб расклад такі.

Ён на плячах насіў пагоны,

Чым зарабляў сабе на хлеб.

Але й вядомым быў ягоны

Літаратурны шырпатрэб.

Хто ў творчасці хоць нешта петрыў,

Той не ўспрымаў яго ўсур’ёз.

А да літаратурных мэтраў

Тым больш службовец не дарос.

А так хацеў у іх кагорту!

Каб узабрацца на Парнас,

Гатовы быў служыць хоць чорту…

І вось настаў ягоны час!

Сваю задуму ў вушы ўвесці

Змог Трындунец Правадыру:

– Усё ў нас будзе чэсць па чэсці,

Як я другі саюз ствару!

У нас народ таленавіты,

І тых, хто нешта піша, – раць.

Крыху прасею іх праз сіта

І цэлы полк змагу сабраць!

Здабыткаў будзе да халеры –

Падказвае маё нутро!

І Правадыр яму паверыў,

І той ідэі даў дабро.

І крылы выраслі ў саюза!

Як той казаў, пайшоў працэс!

Вада, што хлынула са шлюза –

Хто толькі ў той саюз ні лез!

Нагамі расчыніўшы дзверы,

Неўтаймаванаю гурбой

Ішлі ў саюз пенсіянеры,

Як быццам на апошні бой.

Падаставаўшы з чамаданаў,

“Грасбухі” неслі ў кабінет.

Лічылі, што ад іх раманаў

Нарэшце здрыганецца свет.

Меланхалічныя кабеты

І летуценныя жанкі,

Што з года ў год у райгазеты

Насілі “пра любоў сцішкі”,

Як матылькі, ў саюз ляцелі

З усіх ускраін і куткоў.

(Нібы на творчае панэлі –

Чародкі гэтых матылькоў.)

Ну, словам, творчы сверб нятленны

Адчулі графаманы ўсе.

Разлічвалі, што статус “члена”

Нарэшце славу прынясе,

Што будуць друкаваць газеты,

Часопісы іх кожны твор,

Хоць не пускалі ў кабінеты

Рэдактары да гэтых пор.

І спадзяваліся няздары,

Што пойдзе ўсё цяпер ладком,

Што збудуцца нарэшце мары,

Што будуць грэбці ганарары

Ці шуфлем, ці жалезняком.

Працэс ішоў на ўзнёслай хвалі,

І ён прынёс харошы плён:

“Дастойных членаў” назбіралі

Калі не полк, дык батальён.

Натхненню ў клёпках стала цесна,

Імпэт падвоіўся, калі

Усё, што меў саюз “нячэсны”,

Ім, “трындунцам”, перадалі.

Панеслі ў выдавецтвы творы,

Ішлі ў часопісы сцяной,

І іхніх кніг у крамах – горы,

Ды ўсе – літаратурны гной.

Ад графаманаў не адбіцца,

Не ўтаймаваць “тварцоў” ніяк:

З такою пыхаю, як быццам

З іх кожны Колас ці Бальзак.

На той працэс глядзеў панура

Суполкі новай старшыня,

Бо неўспадоб “макулатура” –

Літаратурная дрысня.

Жыла ў душы надзея тая

(Яе не выкажаш услых),

Што Правадыр жа не чытае

Саюзам выдадзеных кніг.

Сказаць дакладна немагчыма,

Ці гэта праўда, ці не так.

Ва ўсякім разе нейкім чынам

Празнаў пра плён сваіх пісак.

Тады наконт “Войны и мира”

І даў заданне старшыні.

…У небаракі думкі вірам

Круціцца сталі дзень пры дні:

Ці ўзрадуе шэдэўрам хтосьці

З калег ягоных па пяру,

Каб зноў не атрымаць у косці,

Каб дагадзіць Правадыру?..

Эліта

Адзначыць трэба: у суполцы,

Што паявілася на свет,

Не ўсіх знайшлі “на барахолцы”

І членскі выдалі білет.

Прыйшлі ў кагал стракаты гэты,

Дзе спрэс, прабачце, вахлакі,

І ніштаватыя паэты –

Лічы, сярэдняе рукі.

Былі й празаікі, канешне,

Зусім не скажаш пра якіх

“Змяшалі Божы дар з яешняй” –

Нямала мелі годных кніг.

Ды не было тварца ў кагале

Накшталт Бураўкіна, Брыля.

Яны шэдэўраў не пісалі –

Такіх, як “Новая зямля”.

Стругалі вершыкі, раманы,

Прычым лічылі (без маны!),

Што кожны – геній непрызнаны,

“Напалеонаўскія планы”

Выношвалі ў душы яны.

Ніхто не выбіўся б у мэтры,

На лбе набіўшы нават гуз.

Таму для іх – глыток паветра,

Аддуха Трындунцоў саюз.

І, апынуўшыся ў фаворы,

Так званыя сераднякі

Распушылі, як кажуць, пёры,

Пайшлі да славы напрасткі.

Хоць Трындунец, каб іх завабіць,

Наабяцаў даброт-пасад,

Ды іх было з дзясятак, мабыць,

Ва ўсякім разе – не зашмат.

Ці ж выбар нейкі ёсць ва ўлады,

Як кадравы рэзерв пусты?

Ім сапраўды далі пасады,

Літаратурныя пасты

І дапусцілі да “карыта”,

Каб зналі смак даброт-выгод…

У “батальёне” як эліта

Быў гэты нешматлікі “ўзвод”.

У выдавецтве, скажам, лейцы

У рукі ўзяў паэт Пятак.

(Пятак жа не раўня капейцы,

Дык хай кіруе – ці не так?)

Ягоным верным памагатым

Прызначаны паэт Шуруп,

Каб самым тлумным гарлахватам

Усё-ткі ён даваў адлуп.

Быў колісь Ранні шэрай мышкай

(Няўцям – празаік ці паэт),

А стаўшы пры саюзе шышкай,

Не ўсіх пускаў у кабінет.

Раней амаль не быў вядомым

Пісьменнік сціплы Паляшук.

А стаў над выдавецкім домам,

Дык і надзьмуўся, як капшук,

З пагардай нос, як кажуць, верне

Ад тых, з кім крочыў па жыцці.

Хоць у ягоных творах зерне,

Бадай, і з лупай не знайсці.

А вось паэтку Сыраежку,

Няйнакш, заблытаў сатана:

Ступіла не на тую сцежку –

Да Трындунца прыйшла яна.

Тварыць магла таленавіта,

І славы ўдостатку было,

Ды, мусіць, вабіла “карыта”,

Як вабіць матылька святло.

Праз тэрмін не зусім кароткі,

Як праясніліся глузды,

Паэтка зразумела ўсё-ткі:

Яна папала не туды.

І пішуць “трындунцы” нягегла,

Яшчэ й грызуцца, як бабры…

І Сыраежка перабегла,

Вярнулася ў саюз стары.

Усё ішло як след нібыта,

Нішто не абяцала хмар.

І “трындунцоўская” эліта

На фоне той гайні няздар

Глядзелася як быццам чынна.

Ды толькі ўражанне – падман.

“Сярод авечак – малайчына,

Сярод разумных – сам баран”, –

Здаецца, так ці трохі йначай

Сказаў пра гэтакіх мудрэц.

Але праблем зусім не бачыў

Да той сустрэчы Трындунец…

“Агітбрыгада”

Не будзе, пэўна, нечаканкі,

Як выкажу пасыл зямны:

Заўсёды знойдуцца падпанкі,

Калі на свеце ёсць паны.

У “трындунцоўскае” эліты

Таксама меўся ніжні слой.

І ён зусім несамавіты,

Даўно ўжо страціў гонар свой.

У тым саюзе не заўсёды

Была нірвана, ціша-гладзь.

Усе даброты і выгоды

Патрэбна ў нечым адрабляць.

“Ніжэйшай” знаці досыць часта

Перападала штось, але

Галопам беглі, як начальства

Іх накіруе ці пашле.

Хто з чытачамі на сустрэчы

Павінен ездзіць на раён?

Тут “ніжні слой” якраз дарэчы –

Хоць нешта людзям скажа ён.

Пашлеш няздару-графамана

Чытаць вучнёўскія “сцішкі”,

Дык потым можа быць пагана –

“Паэта” ўспрымуць у штыкі.

Хай лепей творчыя калекі

Бурчаць “сцішкі” сабе пад нос…

Дык тры-чатыры чалавекі

І валаклі чытацкі воз.

Да чытачоў амаль штодзённа

З “нары” вылазіў Усяед.

Не выдаваў на маладзёна,

Але яшчэ зусім не дзед.

Ён і пісака разнастайны:

Нататка, згадка, успамін.

Вось толькі якасць… Як на стайні:

Што ні напіша – гной адзін.

Ды сам ён думае, што класік,

На пастамент пара даўно.

Калісьці дужа многа “квасіў”,

Няважна – чача ці віно.

Заўсёднік той “агітбрыгады”

І чалавек харошы Клёк.

Ён “ваяжам” зусім не рады,

Ды трэба дбаць пра кашалёк.

Раней быў майстрам, хоць не першым,

І “здзьмуўся”, мусіць… Для дзяцей

Стаў выпінаць натужна вершы,

Бо для дзяцей, лічыў, – прасцей.

Парой да Клёка і Ўсяеда

Шчаміўся ў хеўру і Бурчук.

Раней яго ніхто не ведаў,

А зараз кніжак – сорак штук.

На “нобеля” за дэтэктывы

Саюз прасоўваў Бурчука,

Ды рэзультат, на жаль, паршывы –

Не ўзбагацеў нашармака.

І дробныя другія сошкі

Да тых “байцоў” тады-сяды

Маглі прыбіцца, каб хоць трошкі

Пазбавіць клёпкі ад нуды.

Даважкам бралі і паэтак.

Хоць з іх карысці не відно,

Ды з дзеўкамі не сумна гэтак –

Памацаць можна за сцягно…

…«Брыгада» ў гэткім жа саставе

Сабралася ў чарговы раз.

Тварцоў сустрэне неўзабаве

Заможны, выбітны калгас.

Там збудавалі Дом культуры,

І старшыня чамусь рашыў:

Тварцы аздобяць быт пануры,

Наладзяць свята для душы.

Прыбіліся Шуруп і Ранні,

Папоўнілі “дэсантны ўзвод”:

У іх з’явілася жаданне

Схадзіць, як кажуць, у народ.

А дзве паэткі-маладзіцы

Былі запрошаны знарок:

У іх, як чырвы, ягадзіцы

І “поўна пазуха цыцок”.

Людзей было на той сустрэчы

Нямала на зыходзе дня:

Прыгнаў жа нават люд старэчы

У Дом культуры старшыня.

Прыехаў са шматлікай світай

Раённы бос – свінні тлусцей.

Ён, таўстапузы, менавіта

Са сцэны прадстаўляў гасцей.

Бос гаварыў – як гной варочаў,

Аж пот сцякаў, нібы з вядра:

– Судзьбе мы благадарны очань,

Што з намі слова масцяра.

Такая эта чэсць калхозу!

Паверце, дажа пастухі

Чытаюць нанач вашу прозу

І знаюць наізусць сціхі.

Сказаць папраўдзе, словам гэтым

Не надта верылі тварцы.

А ён,  раённы бос, з імпэтам

Падсумаваў напрыканцы:

– Паслушаем ахотна ўсе мы

Праізвідзенія гасцей.

Вы ж, масцяра, ішчыце цемы

У нас для новых павясцей!

Затым дзве бітыя гадзіны

Чыталі творы “масцяра”.

А ў слухачоў намер адзіны:

“Пайсці б да роднае хаціны,

Бо там галодная скаціна,

Жанкам кароў даіць пара…”

Дый юзгаў нецярпліва ў крэсле,

Сяброў прыспешваў Усяед,

Бо вестку на хвастах прынеслі

Сарокі: будзе і банкет.

Тварцы на памяць аб сустрэчы

Ўручылі скрыню ўласных кніг.

(Ніхто з калгаснікаў, дарэчы,

Не прачытаў напотым іх).

Нарэшце й сапраўды кагалам

Паехалі на шашлыкі.

(Ганебна есці бульбу з салам

У дзень адметнейшы такі).

Раённы бос казаў гулліва:

– Папробуеце здзесь ухі

І вып’яце па кружке піва –

Пра нас напішаце сціхі!

Прыйшлося ім для весялосці

Адчуць не толькі піва смак.

Быў і каньяк:

Такія госці

Штодня не ездзяць, як-ніяк,

Дык і знайшлі ў калгасе сродкі

На “сціплы” сабантуй такі.

Як залілі належна глоткі,

Калі набілі “валлякі”,

Да нешматслоўнага Шурупа

Падсунуўся раённы бос:

– Вазможна, выглядзіт і глупа,

Но я хачу задаць вапрос.

Канечна, вы для нас куміры.

Аднака дайце мне атвет:

Вот пачаму “Войны и мира” –

Па ураўню! – сяводня нет?

Застыла на паляне ціша:

Праблема гэтая – як струп…

– Вось ён раман такі й напіша, –

З усмешкай вымавіў Шуруп

І на Ўсяеда кінуў позірк. –

Яму, бадай, пад сілу ўсё…

А той у паўляжачай позе

Ужо захроп, як парасё,

І мармытаў парою штосьці.

Здаволіў боса той “атвет”.

Былі давольнымі і госці –

Набаляваліся як след!

Калі збіраліся дадому

(А хто-ніхто ўставаў з калень),

Яны, тварцы, адчулі стому:

Так шчыравалі ў гэты дзень!

Глядзелі ўсе няўцямна-тупа

(Быў у адключцы толькі Клёк),

Як старшыня чамусь Шурупа

Па-змоўніцку адвёў убок.

Шурупу ён шапнуў на вуха,

Каністру сунуўшы ў руку:

– У ёй не нейкая сівуха,

Туды наліў я першаку…

Ад пахвальбы да дзяльбы

Не блізка ехаць да сталіцы…

Рассеяўся ў мазгах дурман,

Дык трэба, пэўна ж, пахмяліцца –

Ва ўсіх не надта добры стан.

Спыніцца можна каля крамы,

Ды грошай адшчыкнуць шкада.

І тут Бурчук, хітрэйшы самы,

Таемна ўсклікнуў:

– Не бяда!

Ану, Шуруп, паказвай быстра,

Што атрымаў ад старшыні.

Вунь, Усяед, стаіць каністра,

Дык ты панюхай-зазірні.

Хоць не хацеў Шуруп дзяліцца

Падараваным першаком,

Ды давялося ўсё ж змірыцца,

Інакш палічаць “кулаком”,

Распусцяць у саюзе плёткі,

Маўляў, Шуруп – скупы куркуль.

А ён людзьмі кіруе ўсё-ткі,

Аўтарытэтны ён пакуль.

Як толькі, стаўшы на калені,

Заглыкаў Усяед пітво,

Ён акрыяў і ў захапленні

Усклікнуў:

– Самагонка – во!

Калі не ўзяць яе на грудзі

Без прамаруджвання, цяпер,

Дык гэта страшным грэхам будзе…

Усе адобрылі намер!

Але ж прыткнуцца дзесьці трэба,

Каб асушыць каністру-гляк.

Дый трэба хоць кавалак хлеба,

Іначай апячэш гарляк.

Тут Усяед, ужо паддаты,

У рукі ўзяў, як кажуць, сцяг:

– Паехалі ка мне дахаты,

Бо я часовы халасцяк!

На цэлы месяц жонка й цешча

На бераг з’ехалі марскі.

Хай хваля ім у плечы плешча,

А мы зальём у гарлякі.

Над тым не разважалі доўга:

Чаму б не ўспомніць маладосць?

Дый ва Ўсяеда ёсць лядоўня,

А значыць, і закуска ёсць.

Адзін Шуруп пазыркваў крыва

І трохі муляўся спярша:

Ён болей горнецца да піва,

Да “гары” не ляжыць душа.

Аднак жа падтрымаў забаву

І разважаў пры гэтым так:

Яны, “насосы”, на халяву

Ягоны выжлукцяць пяршак.

Калі ж паедзе, дык хоць “сотку”

Свайго, уласнага, кульне…

Зноў Усяед разявіў глотку:

– Адзінства заўсягды ў цане!

Вядома ўсім: пад чарку-скварку

Гамонка мае добры плён.

Аднак бывае, што і ў сварку

Перарастае выпівон.

Вось і ў кватэры Усяеда

“Пад звон бакалаў” першы час

Вялася ўзнёслая бяседа

Пра тых, хто лезе на Парнас.

“Абсмоктавалі” харэі-ямбы

І пелі, што не ўздзіў, яны

Адзін другому дыфірамбы.

– Ты, Ранні, – талент незямны!

Таму і прэміі, і званні

Не беспадстаўныя, – Бурчук

Нахвальваў “талента”.

А Ранні

(Ён, як гавораць, хітры жук),

Зачараваны пахвальбою,

Слаў панегірыкі ў адказ:

– Шэдэўры пішуцца табою!

Таму і «нобель» – самы раз.

А Клёк казаў аб Усяедзе:

– Ты гэтак пішаш, што ого!

Ідзеш за Мележам па следзе

І можаш перагнаць яго.

Табой заткнутыя за пояс

Тарасаў, Цвірка і Арлоў.

Цябе чытае люд запоем!

Не шкадаваў узнёслых слоў

І Усяед. Казаў ён Клёку:

– Ты Вітку пераплюнуць змог!

На іх усіх глядзеў звысоку

Шуруп – як на анёлаў Бог.

(Хацелася яшчэ ў калгасе

Паслаць сваіх «анёлаў» нах.)

Як пры жыцці гатовы класік,

Шуруп пра свой жыццёвы шлях

Падрыхтаваў «грасбух» нататкаў.

Хоць многа клопатаў і спраў,

Ён рукапісы для нашчадкаў

Па папках загадзя расклаў.

А чым займаліся паэткі,

Пакуль трындзелі «паханы»?

Для іх не ўздзіў «фуршэцік» гэткі –

Упоравень пілі яны.

Хоць не святых яны паводзін

(На плацці – да сцягна разрэз),

Але пакуль з тварцоў ніводзін

У цыцкі іхнія не лез.

Калі ўзаемнай пахвальбою

Сябе расчулілі да слёз,

Узнёслы тон, само сабою,

Павольна ў зваду перарос.

Размова йшла пра ўзнагароды.

Хоць меў іх кожны цераз край,

Ды не прыйшлі яны да згоды

(Узнік увогуле раздрай),

Хто з іх Дзяржпрэміі дастойны

І гэтым разам заграбе

(Заўжды бязлітасныя «войны»

Ішлі ў саюзе пры дзяльбе).

Ляцелі словы, быццам стрэлы,

Тырады зневажальных фраз:

– Ты, графаман закасцянелы,

Загроб яе ў мінулы раз!

– Затое новую кватэру

Ты атрымаў нашармака!

Ці ж ты паэт? Псуеш паперу,

А вартага няма й радка!

– Ці ж ёсць яны ў цябе, старпёра?

А прэміі – штогод амаль!

– А ты забыў, што пазаўчора

Даў Правадыр табе медаль?

– Але ж табе ўручыў ён ордэн,

Хоць, праўда, не было за што.

Цяпер з той цацкай ходзіш горда,

Павесіўшы на паліто…

Ды ўрэшце мірам, як зазвычай,

Закончылася іх дзяльба.

Ніхто не гыркаў ваяўніча

І больш не зыркаў спадылба.

Для іх каністра выйшла зноўку,

Так мовіць бы, на першы план.

І з Клёка можна віць вяроўку,

А Усяед, нібы цурбан,

Зваліўся проста на падлогу,

Як напярэдадні, захроп.

Шуруп і Ранні, дзякуй Богу,

Да «логава» знайшлі дарогу,

Ды і Бурчук не ўпаў, як сноп.

Расчаравана леглі дзеўкі

Ад мужыкоў у старане.

У бедных не было спадзеўкі,

Што хтосьці іх «таптаць» пачне…

Ідэя

Бадай, да полудня ў кватэры

Ім сон вылечваў бы мазгі,

Ды разбудзіў званок у дзверы –

Бесперапынны і даўгі.

З парога ўзбуджана паведаў

Гаспадару ганец-хлапец,

Што хоча бачыць Усяеда –

І тэрмінова! – Трындунец.

Ды і «эліце» ўсёй сабрацца

Загадана ў кіраўніка,

Але ні дома, ні на працы

Няма Шурупа, Бурчука…

Маўчаць чамусьці тэлефоны,

Ніхто не ведае з радні…

Дык старшыня амаль шалёны,

Настрой паганы ў старшыні!

Адказ гучаў для хлопца дзіўна:

– Ты больш не каламуць ваду.

Скажы, не пройдзе і гадзіна,

Як іх збяру і прывяду.

Супраціўлялася кагорта,

Як расштурхоўваў гаспадар.

Усе глядзеліся пацёрта,

Каго ні ўзяць – азызлы твар.

І праз гадзіну менавіта

(Трымае слова Усяед!)

Уся ўвалілася эліта

У трындунцовы кабінет.

За ёю хмара перагару,

Не адставаючы, імкне…

Каб выпусціць на волю хмару,

Адкрылі фортачку ў акне.

Шуруп таропка патлумачыў:

– Было мерапрыемства ў нас.

І не ў кавярні ці на дачы –

Учора ездзілі ў калгас…

– Дык што, цяпер даймае смага,

І не шавеляцца глузды?

А хай бы вы – было б няблага –

Там засталіся назаўжды!

Там коні, свінні і каровы –

Вам іх і пасвіць, – Трындунец

Пачаў свой маналог суровы, –

Узяўшы пугу ці дубец!

Варочаць гной, а не паперу

Вам, вахлакам, даўно пара,

Бо ўжо ніякага даверу

Нямашака ў Правадыра!

“Чаму, – спытаў, – твае “джыгіты”

Не створаць нам “Войну и мир”?”

Быў Правадыр такі сярдзіты!

Вы падвялі пад манастыр

Мяне і ўвесь саюз наш творчы,

Усю пісьменніцкую раць!

Не мог я пазіраць у вочы,

Не ведаў, што Яму сказаць…

Уставіў “тры капейкі” Ранні:

– Ну проста дзіва – трэба ж так:

Учора гэткае ж пытанне

І нам задаў адзін мудак.

– Ты, Ранні, зараз не ў калгасе,

Дык лепей прытрымай язык!

Усё, што ёсць, увадначассе

Абрэзаць можа кіраўнік,

Калі Яму “Войны и мира”

На стол не пакладзём тамы.

Дый захаваць жа чэсць мундзіра

У рэшце рэшт павінны мы,

Бо выглядае непрыгожа,

Як Сам выказвае дакор…

Ну, словам, хто, скажыце, можа

Адужаць эпахальны твор?

На нейкі час у тым пакоі

Запанавала цішыня.

Не снілася бяды такое!

Во азадачыў старшыня!

Нарэшце голасам з магілы

Азваўся сцішана Шуруп:

– Хоць мы парвём, як кажуць, жылы,

Хоць надарвём, як кажуць, пуп,

Але агораць эпапею

Не ўдасца і гадоў за сто.

Ва ўсякім разе я не ўмею

Пісаць і думаць, як Талстой…

– І я не напішу такога…

– І я, – гучалі галасы.

– Ну дзе мы знойдзем Льва Талстога?

Такі адзін на ўсе часы!

– Прызнаемся давайце шчыра:

Наперадзе чакае швах.

Шэдэўр накшталт “Войны и мира”

Нікому з нас не па зубах…

– Якімі б ні былі патугі,

Ды будзе высілак пусты…

Выходзіць, праўда трэба пугі

Ім браць,

“Круціць быкам хвасты”.

Вачыма лыпаў, быццам п’яны,

Сам Трындунец, сагнуты ў крук.

Але агучыў нечакана

Ідэю слушную Бурчук:

– Калі не могуць эпапею

Стварыць ні Ранні, ні Ўсяед,

Хай над шэдэўрам пакарпее

Той, хто пайшоў у іншы свет!

Узяць, да прыкладу, Лынькова…

А лепей – Чорнага Кузьму.

Ён адмысловы майстар слова!

Пад сілу гэткі твор яму!

І вы не зыркайце вачыма,

Маўляў, паехалі глузды.

Чытаў я недзе, што магчыма

Зрабіць такое сапраўды.

Хоць спосаб вельмі экзатычны,

Але павінны заўтра ж мы

Сеанс правесці спірытычны,

Сюды паклікаць дух Кузьмы!

“Навошта?” – скажа з вас каторы.

Такі, калегі, каленкор:

Пісьменнікі дыктуюць творы,

Як іх папросіць сеансёр!

Падобных выпадкаў нямала.

Хай кожны з вас напружыць клёк:

Чаму хтось піша так удала?

Камусьці дыктаваў Купала,

Камусьці надыктоўваў Блок!

Засведчыў гэта люд вучоны!

Сумненняў у мяне няма,

Што паспрыяе ўсё-ткі Чорны,

Што не адмовіцца Кузьма!

На першы погляд смеху варта –

Пазваць на помач іншы свет.

Але прысутным не да жартаў,

У іх праклюнуўся імпэт.

І Трындунцу з яго пацвеліць

Не захацелася зусім,

Бо за саломінку тапелец

Хапаецца – вядома ўсім.

– Бурчук, табе і карты ў рукі! –

Бадзёра ўсклікнуў Трындунец. –

Ты майстар на такія штукі

І па нячыстай сіле спец.

Знайсці павінен сеансёра,

З якім нябожчыкі “на ты”.

Займеем твор – не знацьмем гора,

І дождж пральецца залаты.

Вось толькі Чорнага – не трэба,

Кузьму не надта я люблю.

Лепш Караткевіча мы з Неба

Часова спусцім на зямлю.

Пісаў амаль што дэтэктывы –

Там і інтрыга, і сюжэт.

Ну што, “рупліўцы творчай нівы”,

Цяпер “семь бед – один ответ”?

Не запярэчыла эліта,

Заззялі “рыцары пяра”:

З шэдэўрам будзе шыта-крыта –

Звалілася з плячэй гара.

Так пачуваліся шчасліва!

Такі душэўны быў уздым!

…Усёй гурмой пайшлі на піва

І зноў наглыкаліся ў дым.

Дух Караткевіча

Наведала (і вельмі скора)

Фартуна-дама Бурчука:

Знайшоў усё-ткі сеансёра

(А можа, проста ведзьмака.)

Ён жыў у Серабранцы дзесьці.

Сівы, як лунь, нахабны твар…

Сеанс (і не адзін) правесці

Згадзіўся ён за ганарар.

Такія запрасіў “капейкі”!

(Прытым, як кажуць, танкам пёр).

Нібы не “Караткевіч нейкі”,

А сам напіша гэты твор.

Як на дварэ ўжо цёмна стала,

І месяц выплыў спадцішка,

Прыйшла эліта ўсім саставам

Да сеансёра-ведзьмака.

На ўсіх парадныя касцюмы,

І кожны пахне, як букет.

(З нагоды гэткае парфумы

За вушы пырснуў і Ўсяед.)

У Трындунца для важнай справы

Ляжаў у тэчцы дыктафон:

Як Класік дыктавацьме главы,

На стужку ўсё запіша ён.

Вядзьмак давёў пры інструктажы,

Перш чым пачаўся іх сеанс:

– Ні слова хай ніхто не кажа,

Як паглыбляцца буду ў транс!

Заціхлі перамовы-спрэчкі.

Акруглы стол. Амаль патух,

Трапечацца агеньчык свечкі…

– З’явіся, Караткевіч-дух!

На сценах водбліскі застылі,

Павеяў холад незямны,

І ўсе адчулі: з гэтай хвілі

Яны ў пакоі не адны.

У тых, хто быў у тым пакоі,

Пахаладзела ўсё ўнутры…

Спакойны сеансёр затое,

Ён Трындунцу махнуў рукою:

Маўляў, пытайся, гавары!

Як побач прывід – жах дый годзе.

Ды неяк змогся Трындунец,

Сказаў у столь:

– Здароў, Валодзя,

Эдэму райскага жылец!

У Трындунца прапала сліна,

Здавалася, застыла кроў,

Калі ці збоку, ці за спінай

Пачуў панурае:

– Здароў…

– Ты выбачай, Валодзька-братка,

Што патрывожыў твой спакой.

Ды без цябе нам дужа гадка,

Сядзім-бядуем талакой.

Нас Правадыр зусім нядаўна

Да сценкі, мовіць так, прыпёр:

Загад катэгарычны даў нам –

Прынесці геніяльны твор.

Заданне тое мне на плечы

Звалілася, як цяжкі груз.

Хоць я стварыў, сказаць дарэчы,

Другі пісьменніцкі саюз,

Ды ў ім, прызнаюся табе я,

На абалдуі абалдуй.

Ім не пад сілу эпапея,

Дык на цябе адна надзея.

Ты, калі ласка, надыктуй.

Як пажадаеш, дык пазначу,

Што твор мы напісалі ўдвух…

Ты зразумеў, браток, задачу?

Маўчаў (напэўна, думаў) дух.

А потым загучалі словы,

Бы дух зачытваў прыгавор –

Бескампрамісны і суровы:

– Вам трэба геніяльны твор?

А для каго? Не для народа –

Для вашага Правадыра!

А вам важней – узнагарода,

Прыхільнасць “царскага двара”.

Шэдэўры нават не гатовы

Чытаць на роднай мове люд,

Бо ўжо не знае гэтай мовы –

Яе вы затапталі ў бруд.

Тварцоў, што людзям слова неслі,

Ты абабраў і выгнаў вон,

А сам засеў у мяккім крэсле,

Як у Егіпце фараон.

Ці па заслугах? Ці па праву?

Загроб у кучу творчы друз,

Сабе на радасць, на забаву

Згламэздаў блазенскі саюз.

Каму ён служыць апантана?

Уладзе той, што чыніць гвалт

Над краем нашым – басурмана,

Чужынца хіжага накшталт.

Усё, што завяшчалі продкі –

Ад мовы роднай да святынь –

Збаёдана за час кароткі

Уладай, бы чужынцам тым.

У нас былі калабаранты

Падчас мінулае вайны.

За свой спакой, за хлеб, за транты

Служылі ворагам яны.

Дык вы – нібыта паліцаі!

Гатовы вычысціць сарцір,

Як вам даброт наабяцае

Ваш незаменны Правадыр.

Улада нацкуе – гатовы

Накінуцца, як ганчакі,

На тых, хто ў вас не безгаловы,

На тых, чый выбар не такі.

Парвалі б вы, як грэлку Тузік,

Мяне самога, каб дажыў.

Не быў бы я ў тваім саюзе,

Бо ён па духу мне чужы.

Чаго ж вы плешчаце аблуду,

Шэдэўры просіце ў мяне?

Нічога дыктаваць не буду,

Ды і народ вас пракляне…

Нібы жывымі сталі сцены,

На іх пачаўся нейкі рух –

То прабягалі хваляй цені…

Сыходзіў Караткевіч-дух.

Былі ва ўсіх  у пятках душы,

Адно й чуваць, што сэрцаў стук…

І першым цішыню парушыў,

Як акрыяў крыху, Бурчук:

– Паклікалі, прызнаем шчыра,

Мы Караткевіча дарма.

Лепш патурбоцілі б Шэкспіра,

На горшы выпадак – Дзюма.

Было б паболей інтарэсу

У чытачоў, калі б Шэкспір

Надыктаваў якую п’есу.

Нашто тады “Война и мир”?

Наш Караткевіч – ён не глыба,

Заўжды здаваўся мне пустым…

А Трындунец маўчаў, як рыба,

Глядзеў пад ногі, а затым

На Бурчука зірнуў сярдзіта

І ўстаў рашуча з-за стала.

…Ад сеансёра ўся эліта

Як апляваная пайшла.

Вешчы сон

Тры дні пасля таго канфуза

Быў Трындунец як сам не свой.

Баяўся старшыня саюза:

Крый Божа, штосьці з галавой…

Ён думаў кожную хвіліну,

Узгадваў пра “Войну и мир”:

“Калі на стол шэдэўр не кіну –

Хоць ты кладзіся ў дамавіну,

Самохаць зарывайся ў жвір”.

Паверыць быў гатовы ў Бога,

Калі збавенне Ён пашле.

І, безумоўна, Льва Талстога

Партрэт паставіў на стале.

Калі ў чарговы раз у ложа

Зняможана зваліўся ён,

Яму прысніўся – быць не можа! –

Дзівосны, незвычайны сон…

…Збылася Трындунцова мара –

Нарэшце трапіў на Парнас.

Уверсе – зоркі, знізу – хмара,

Ён – пасярэдзіне якраз.

На той гары людзей не многа

(Парнас не двор жа прахадны).

На кожным пасяленцы – тога[*].

Хто чым займаюцца яны.

Убачыў Маркеса і Лорку

(Іх Трындунец пазнаў у твар).

Вядуць нязмушана гаворку

І п’юць амброзію-нектар.

Крыху далей, напэўна, Драйзер,

А побач з ім, бадай, Стэндаль.

Падобныя ва ўсякім разе.

Іх ён не ведае, на жаль.

А вунь Міцкевіч на сцяжынцы.

Чамусьці ён зусім адзін.

Хоць хтосьці лічыць за чужынца,

Для Трындунца ж ён свой, ліцвін.

Непадалёк – французаў хеўра:

Заля, Бальзак, Дзідро, Гюго…

Ад захаплення рот, як зеўра –

Адвісла сківіца ў яго.

Чакала й большае здзіўленне

(Хоць ты вачам сваім не вер!):

Паклаўшы рукі на калені,

Пад пальмаю сядзіць Гамер!

Ну проста падарожжа ў часе!

Крануўся з месца Трындунец –

Рашыў прайсціся па Парнасе,

Разведаць, дзе яго канец.

Ішоў і быў бязмежна рады –

Аж слёзы шчасныя ўваччу.

Аднак… калючыя пагляды

Ён раптам на сабе адчуў.

Хто ж пазірае гэтак колка?

Ён аглянуўся. Божа мой!

То ж беларуская суполка!

У бок ягоны йдуць гурмой!

Бураўкін, Колас, Танк, Купала…

А Караткевіч – на чале!

І Трындунцу аж млосна стала.

“Паб’юць! Прылюдна! Пры святле!”

Ужо кулак сціскае Быкаў,

Відаць, не мінаваць бяды…

І раптам хтось яго паклікаў:

– Гэй, Трындунец, хадзі сюды!

Трывогу не сагнаўшы з твару,

Зірнуў удалеч з-пад рукі.

Талстой з Тургеневым на пару

Гуляюць там у гарадкі

І, згледзеўшы яго асобу,

Завуць чамусьці да сябе.

– Пабіць хацелі? А хваробу! –

Ён крыкнуў “свойскае” гурбе

І да Тургенева, Талстога,

Нібы апараны, пабег,

Хаця і замінала тога,

А ззаду нёсся гучны смех…

Сказаў з усмешкаю на твары,

Руку працягваючы, Леў:

– Даўно цябе пабачыць марыў,

Пагаварыць з табой хацеў.

Пісьменнік ты такі цікавы!

Дадаткам – шчыры беларус…

– А як ідуць наогул справы?

Як твой пісьменніцкі саюз? –

Тургенеў падтрымаў гамонку.

І Трындунец панік ураз.

– Як быццам і няблага звонку,

Ды ёсць адна праблема ў нас.

Яна – нібы на шыі гіра…

“Вярхі” скубуць маіх пісак,

Бо твор накшталт “Войны и мира”

Не паддаецца ім ніяк. –

Зірнуў з надзеяй на Талстога. –

Добразычлівы ты, дальбог.

А часу вольнага замнога,

Дык нам бы, можа, і памог?..

– Калега! – выгукнуў Тургенеў. –

Скажу я шчыра, ад душы:

Ты сам, няма сумневу, геній!

Дык той шэдэўр і напішы!

Я не маню! Пацвердзі, Лёва:

Ён існы геній! Так ці не?

– Пацверджу. Пішаш адмыслова,

І нават лепей за мяне…

…Ах, як шкада! На словах гэтых

Дзівосны абарваўся сон.

Ноч. Цішыня. У спальню ветах

Зірнуць спрабуе, бы шпіён…

Як Трындунец расплюшчыў вочы,

Не сумняваўся ён ані,

Што вешчы гэты сон, прарочы,

І што Тургенеў не маніў.

Яму пад сілу тая ношка –

Напіша геніяльны твор!

Натхнёны, ён ускочыў з ложка.

Нарэшце выйдзе на прастор!

Нарэшце быкавым і чорным

Ён падатрэ, як кажуць, нос!

Не назаве тады “прыдворным”

Яго якісь малакасос!

Яшчэ ідэя не саспела,

І не акрэсліўся сюжэт,

А Трындунец падаўся смела

У свой рабочы кабінет.

Ён, на замок узяўшы дзверы,

Спярша хадзіў туды-сюды,

Прысеў, прысунуў стос паперы

І назву вывеў – “Правадыр”.

Паверыў: стане явай мэта,

Бо акурат хвілінай той,

Здалося, падмаргнуў з партрэта

З усмешкай хітрай Леў Талстой…

24–31 жніўня 2016 г.



Аўтар: Макар ДРУКАР 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Гавары праўду» правяла у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў

Зарэгістраваная ў якасці грамадскага аб'яднання кампанія "Гавары праўду" правяла 16 снежня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясц

Не очень смелые шаги к приватизации

Шаги властей по ускорению приватизационного процесса – это несомненно важный шаг и положительный сигнал для привлечения капитала в экономику.