Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
8
Памер шрыфта

У сталіцы стартаваў сезон кирмашоў.

Першыя спробы разгарнуць сезонны продаж садавіны і агародніны ля “Чыжоўка-Арэны” былі вельмі сціплыя. Як патлумачыла адна з прадаўшчыц незадаволенай бабулі, гэта з-за выбараў. І параіла: прыходзьце, маўляў, праз тыдзень – тады рынак будзе значна багацейшы.

Сапраўды: не было ні канцэртнай праграмы калектываў мастацкай самадзейнасці, назіралася малая колькасць машын фермераў і перакупшчыкаў, ніхто не прапаноўваў юшку ці бліны. З пачастункаў былі шашлыкі (1,86 рубля за 100 грамаў курынага, 3,15 рубля – свінога). Перад уваходам на кірмаш прадавалі шкарпэткі-рукавіцы-паясы з сабачай, авечай ды казінай воўны, кухонныя прылады, ручнікі і пацешных дамавікоў, кітайскія вырабы.

Кірмаш быў арганізаваны Мінскім аблспажыўсаюзам. Гандлёвых кропак налічвалася каля двух дзясяткаў. Тут можна было і рыбкі купіць (асяцёр – па 14,89 рубля, карп – ад 4,40 да 4,72, амур – па 5,24 рубля), і журавін (па 3,39–3,70 рубля за кіло) і кавун (па 50 капеек), і яблыкаў (ад 0,41–1,00 рубля), і гародніны (бульба і буракі па 30 капеек, морква – па 0,41 рубля, памідоры – па 0,69, цыбуля звычайная – 0,50, чырвоная – 0,83, белая – 1,50, агуркі – 0,96–1,12, перац – па 1,43 рубля).

У некалькіх палатках гандлявалі мясам – як ялавічынай, так і свінінай, а таксама салам. Свініна «па-сялянску» з Клецка каштавала 5,85 рубля (першы гатунак) і 3,22 (другі), карэйка – 8, грудзінка – 5,90, катлетнае мяса – 5,68, свініна (разруб) – 4,80, рагу – 4,25, рулька – 3,47, супавы набор – 1,10, свіныя ногі і галовы – па 0,70 рубля. Сала свежае – па 5,50 рубля.

Лагойскае райпо прыкладна той жа асартымент прадавала на 20–40 працэнтаў даражэй, але тут можна было набыць і лапатачную частку за 9,75 рубля, і шыйную (11,82) і тазасцегнавую (9,75). Таму пакупнікоў было больш.

Яшчэ на адной «Купаве» з мясам амаль усе цэннікі былі перакрэслены і пазначаны больш нізкія кошты: відаць, прадаўцы вырашылі скінуць цэны, каб не везці тавар назад. Розніца, трэба сказаць, была істотная – 2–2,5 рубля…

Вілейскае райпо прапаноўвала некалькі відаў печыва. У некалькіх палатках прадаваўся вінаград (сіні – па 2,71 рубля, зялёны – па 2,48). У адным з намётаў стаяла чарга за лісічкамі па 6,65 рубля.

«Хутка народ зусім нічога гатаваць не будзе», – заўважыла дама бальзакаўскага ўзросту каля машыны з Маладзечна, на якой прапаноўваўся нязвычны асартымент: кашы, смажаная ялавічына, плоў у пластыкавых упакоўках з надпісам «Толькі разагрэць». «Амаль як у касманаўтаў», – усміхнуўся мужчына гадоў 50-ці. Незвычайную ежу народ па большай частцы толькі разглядаў, затое актыўна браў марынаваныя карнішоны ды памідоры ў таматнай заліўцы. “Бярыце-бярыце! Вельмі смачныя!» – гучна рэкламавала прадаўшчыца, прапаноўваючы агурочкі на пробу.

“Налятай народ, купляй агарод!» – па-заліхвацку зазываў пакупнікоў прадстаўнік Дзяржынскага райпо з кавунамі і не толькі.

А ля суседняй палаткі пуста, толькі сядзіць млявая прадаўшчыца з позіркам кустодзіеўскай дзевы. Народ скардзіцца: “Нешта ў вас даражэй, чым у “Еўраопце». Сапраўды, цэны на некаторыя прадукты даражэй магазінных, і гэта не магло не здзіўляць. Бо ў многіх райцэнтрах, з якіх у Мінск прыехалі прадстаўнікі на дэбютны сёлета кірмаш, ёсць крамы гэтай сеткі, і наіўна спадзявацца, што пенсіянеры, мамы з дзецьмі ды беларусы, якія вырашылі сэканоміць пасля “провадаў” дзяцей у школу, будуць браць бульбу-моркву-цыбулю і іншыя дары беларускіх палёў-агародаў па больш высокай цане, чым у краме. І на Чыжоўскім рынку жыхары мікрараёна прывыклі бачыць цэны ніжэй, чым былі намаляваны на некаторых цэнніках.

Увогуле, здзівіла дзіўная коштавая палітыка. Да некаторых палатак народ падыходзіў і адразу сыходзіў. Няўжо ў райцэнтрах у спажыўкааперацыі так добра ідуць справы, што ёй не патрэбны грошы мінчукоў?

«Гэта ж не я ўсталёўваю кошты», – апраўдвалася дзяўчына ў намёце з Лагойска. У выніку дыні па 1,40 рубля засталіся ляжаць некранутымі, а вось у прыватніка з каўказскім акцэнтам такія ж «тарпеды» па рублі разабралі з багажніка «Жыгулёў» вокамгненна. Затое яблыкі ды «набор для баршчу» народ браў ахвотна – кошты на гародніну ў «гасцей з поўдня» былі ці не лепшыя на кірмашы.

Як абяцаюць у Мінгарвыканкаме, праз тыдзень кірмашы пройдуць з леташнім размахам. Акрамя звыклых латкоў з плодаагародніннай прадукцыяй, мяснымі і каўбаснымі вырабамі, свежай рыбай будуць прадстаўлены і малаказаводы з усёй краіны, прадпрыемствы, якія вырабляюць мёд, паўфабрыкаты, кансервы, нехарчовыя і іншыя тавары, саджанцы.

Кірмашы будуць працаваць на працягу двух месяцаў (да 30 кастрычніка) на пляцоўках каля «Чыжоўка-Арэны» і ва ўсіх адміністрацыйных раёнах Мінска. Але калі ў іншых раёнах яны будуць праходзіць толькі па суботах, то на пляцоўцы ля «Чыжоўка-Арэны» – яшчэ і ў нядзелю.

17–18 верасня будуць прадстаўлены сельгасвытворцы Брэсцкай вобласці, яшчэ праз тыдзень – Віцебскай, затым – Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай. А заключны кірмаш з удзелам прадстаўнікоў усіх абласцей Беларусі адбудзецца 29–30 кастрычніка.

На пляцоўцы ля Палаца спорту кірмашы запланаваны на 1, 2, 8 і 9 кастрычніка.

З 15 верасня па 15 лістапада будзе арганізаваны выязны гандаль плодаагародніннай прадукцыяй ураджаю 2016 года з машын і латкоў каля жылых дамоў. Ва ўсіх мікрараёнах горада для штодзённага продажу бульбы і плодаагародніннай прадукцыі вытворцамі і фізічнымі асобамі выдзеляць 195 пляцовак (у мінулым годзе іх было 175).

Аўтар: Алег ШАПЯЛЮК 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер Арсений Рогинский

В Израиле 18 декабря умер Арсений Рогинский – российский историк, правозащитник, общественный деятель, председатель правления правозащитного и благотворительного общества "Мемориал".

В бюджете-2018 президентский фонд вырос в 2,7 раза. Депутаты не знают, зачем

18 декабря Палата представителей в первом чтении принимает бюджет Беларуси на 2018 год.

Министр труда рассказала, кто все-таки получит в 2018 «по пятьсот»

В 2018 году средняя зарплата белорусов составит от 921 до 941 рублей. Об этом заявила в Палате представителей министр труда и социальной защиты Ирина Костевич во время обсуждения законопроектов по бюд