Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
21
Памер шрыфта

Сярэбраны прызёр Гульняў-2016 распавяла “Народнай Волі” пра сям’ю, радасць блізкіх пасля перамогі і свой удзел ва Усебеларускім народным сходзе.

Серабро цяжкаатлеткі Дар’і Навумавай было каштоўным удвая. Менавіта яна заваявала для зборнай Беларусі першы медаль на 7-ы дзень Алімпійскіх гульняў.

– Даша, калі пашукаць інфармацыю ў інтэрнэце, то некаторыя крыніцы пішуць, што вы нарадзіліся ў Бабруйску. Але ж гэта не так…

– Магчыма, таму так пішуць, што мама і насамрэч нарадзіла мяне ў радзільным доме Бабруйска, хаця сама я родам з вёскі Патока Клічаўскага раёна. Так і ў пашпарце запісана.

– Сям’я ў вас вялікая?

– Калі лічыць вялікай сям’ю, дзе трое дзяцей, то, напэўна, так. Дарэчы, у нас матрыярхат  – тры дзяўчынкі. Я – самая малодшая. І, скажу вам, гэта проста цудоўна, калі разам гадуюцца тры дзяўчынкі, хаця не сказала б, што мне даставаліся самыя салодкія пернікі. Усё ў нас было роўна. Бацькі абсалютна аднолькава ставіліся да  ўсіх.

– Патока – вялікая вёска?

– Зараз ужо невялікая, хаця раней там былі і школа, і клуб, і бібліятэка… Моладзь пачала з’язджаць у гарады, работы няма, усё пазакрывалася. Зараз у вёсцы ў асноўным сталыя людзі жывуць ды дзеці летам прыязджаюць.

– Не паверу, што ў дзяцінстве вы марылі стаць цяжкаатлеткай…

– Так, былі, як кажуць, больш прызямлёныя мары. Хацелася быць, напрыклад, прадаўцом ці кулінарам, але мары, што цяжкая атлетыка стане маёй прафесійнай працай, – гэтага і праўда не было. Аднак са спортам я сябравала і першапачаткова пачала займалася лёгкай атлетыкай. Але там па розных прычынах не склалася. Знайшла сябе ў іншым. Мама, як даведалася, што пачала штангай займацца, ледзь прытомнасць не згубіла. Але нічога, час лечыць… Ды і сёстры падтрымлівалі. Да слова, старэйшая таксама займалася далёка не жаночым відам спорту – гіравым.

– Памятаеце, якую першую вагу паднялі?

– Самы першы раз я падняла грыф ад штангі – ён важыў прыкладна 15 кілаграмаў. Цяжкавата было для дзяўчынкі, але справілася. Зараз, безумоўна, смешна ўспамінаць тыя вынікі, але ўсё прыходзіла паступова.

– Уяўляю, якая была радасць у зборнай, калі вы заваявалі першы медаль…

– Гэта і праўда было свята для ўсіх. Як быццам з зачараванага кола вырваліся. Я разлічвала на нейкі медаль, але, шчыра кажучы, канкрэтнае прызавое месца не планавала. Таму напярэдадні не было ніякага хвалявання, дзень правяла абсалютна спакойна. Да таго ж акліматызацыя на мне асабліва не сказалася. Арганізм кожнага спартсмена на розныя сітуацыі рэагуе па-свойму. Вось на чэмпіянаце свету ў Х’юстане тая ж акліматызацыя пайшла мне не на карысць, а тут неяк усё абышлося. Я вельмі рада, што падаравала краіне і балельшчыкам сярэбраны алімпійскі медаль!

– Можа быць, зараз нейкім чынам вырашыцца ваша жыллёвае пытанне?

– Хацелася б, бо ўжо каля шасці гадоў жыву ў Бабруйску ў інтэрнаце вучылішча алімпійскага рэзерву. Думаю, з часам усё вырашыцца.

– Многія спартсменкі запланавалі вяселле пасля Алімпіяды, магчыма, і вы над гэтым пытаннем працуеце?

– Мне ж пакуль усяго 21 год. Трэба, як кажуць, устаць на ногі, рыхтавацца да новых спаборніцтваў… Адно магу сказаць вам шчыра – прыхільнікаў пасля маёй перамогі дадалося. Хочуць пазнаёміцца ў сацыяльных сетках, пішуць, што я вельмі спадабалася. Але не веру ў такія прызнанні. Не ведаеш чалавека, не бачыш… Я не веру ў каханне па перапісцы.

– Як у вёсцы сустракалі гераіню?

– Там з гэтай нагоды нават невялікае “вяселле” арганізавалі. На вечарыну сабраліся родныя, блізкія – чалавек 20 назбіралася. Так што пела і танцавала ўся вёска.

– Даша, не так даўно вы былі дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. Як вам мерапрыемства?

– Мне спадабалася. Мяне ад вучылішча алімпійскага рэзерву туды дэлегавалі.

–  Нешта планы на такіх сходах усё складаюць, а яны не выконваюцца.

– Трэба працаваць – і ўсё будзе. Мая ж калісьці недасягальная мара пра алімпійскі медаль здзейснілася…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа