Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

12:58 2 мая 2017
17
Памер шрыфта

Прачытала, што на нейкай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка даручыў студыі “Летапіс”  кінастудыі “Беларусьфільм” зняць шэраг дакументальных фільмаў пра намінантаў на Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь, якія сёлета яе не атрымалі. Каб такім чынам, магчыма, падсаладзіць ім горкую пілюлю. І я ніколькі не сумняваюся, што “беларусьфільмаўцы” з усіх ног кінуцца цяпер выконваць спантаннае даручэнне кіраўніка дзяржавы. А ці так ужо гэта трэба? Няўжо намінанты – самыя яркія асобы ў галіне літаратуры і мастацтва? Можа, варта перш за ўсё распавесці пра саміх лаўрэатаў – і не толькі сёлетніх, а і мінулых гадоў?

Хіба шмат у нас дакументальных стужак пра іншых выбітных майстроў пяра, пэндзля, скульптуры, музыкі, сцэны – тых, хто ўвайшоў у залатую скарбонку беларускай культуры і пайшоў з жыцця, так і не дачакаўшыся кінадакументалістаў, або тых, хто і сёння плённа працуе на карысць дзяржавы і свайго народа, хто ўвасабляе жывую гісторыю краіны? Не буду згадваць імёны, бо іх пералік зойме куды больш месца, чым пералік імёнаў вызначаных для экрана намінантаў.

Я не вялікі знаўца кіно, архітэктуры, тэатральнага, музычнага, эстраднага і выяўленчага мастацтва, а вось за літаратурным працэсам сачу і цяпер, хоць ужо і развіталася са школай, дзе больш за тры дзясяткі гадоў выкладала гэты прадмет. І не скажу, што Міхась Пазнякоў – першы з тых, каго варта цягнуць на дакументальны экран. Сярэдні паэт з сярэднімі вершамі. Як для дарослых, так і для дзяцей. Не верыце – пачытайце яго кнігі з серыі “Свет вакол нас”, процьму якіх выпусціла і працягвае выпускаць (навошта толькі?) выдавецтва “Народная асвета”. Яны – пра ўсё на свеце і ні пра што. Калі браць па вялікім рахунку графаманія – і не болей. На іх, капеечныя па кошце, нават са зніжкай ніхто ў кнігарнях “Белкнігі” асабліва не кідаецца. Няўжо пасля знятага фільма выстраіцца чарга?  

Дык можа, лепш звярнуць увагу на нашых класікаў, чые творы вывучаюцца ў школе, каб вучні далучаліся да сапраўднай паэзіі і прозы? І выкарыстоўваць іх на ўроках – сённяшняя камп’ютарызацыя вучэбнага працэсу якраз дазваляе гэта рабіць. Ды і ў сучаснай літаратуры працуе шмат куды больш вартых пісьменнікаў, чым названы намінант.

Думаю, тое самае тычыцца і астатніх абраных герояў дакументальнага кіно. Не трэба сячы з пляча і адразу кідацца выконваць тое, што мімаходзь прапанаваў прэзідэнт. Сваё слова павінны перш за ўсё сказаць прафесіяналы-спецыялісты таго ці іншага віду мастацтва. Не такі ўжо багаты наш дзяржаўны бюджэт і бюджэт кінастудыі, каб здымаць незапатрабаваную непатрэбшчыну для паліцы.

Дакументальнае кіно – гэта не віно: выпіў і забыўся. Гэта гісторыя краіны. У падзеях і асобах. І па знятых фільмах яе будуць вывучаць не толькі сённяшнія беларусы, а і тыя, хто прыйдзе пасля нас. Дык пакінем жа ім лепшае!

Святлана ГАЛУЗА.

Мінск.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.