Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

25 жніўня 1991 года была абвешчана незалежнасць Беларусі.
16:31 6 верасня 2016
26
Памер шрыфта

Як усё адбывалася, успамінае дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання Лявон Баршчэўскі. Ён браў самы непасрэдны ўдзел у наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

“…І не пніцеся: мы кіравалі, кіруем і будзем кіраваць”

Дзевяносты год… Першая сесія новага Вярхоўнага Савета… Мы, дэпутаты з “нізоў”, ставім пытанне пра адмену артыкула Канстытуцыі БССР аб “кіроўнай і накіроўнай ролі КПБ – КПСС”. Атрымліваем крыху больш за дзесяць працэнтаў галасоў. У кулуарах да мяне падыходзіць адзін партыйны сакратар з маіх родных мясцін: “Леанід, ты не разумееш. Партыя – гэта тое, куды з тваім рылам не пускаюць. І не пніцеся: мы кіравалі, кіруем і будзем кіраваць!”

На самым пачатку другой сесіі збіраецца фракцыя, у якую ўвайшлі дэпутаты, асаямляючыя сябе з Беларускім Народным Фронтам. Зянон Пазьняк кажа, што можа з’явіцца гістарычны шанец атрымаць незалежнасць. Таму мы, апазіцыянеры, павінны працаваць удзень і ўначы ды ствараць заканадаўчую базу сучаснай незалежнай дзяржавы.

Мяне прызначаюць адказным за распрацоўку законапраектаў пра грамадзянства, народаўладдзе і рэферэндумы. Працую ў Нацыянальнай, акадэмічнай і ўрадавай бібліятэках, чытаю і канспектую на розных мовах сотні заканадаўчых актаў самых розных краін. Афіцыйна, па лініі пастаяннай камісіі, праводжу нараду за нарадай з педагогамі-практыкамі з усіх канцоў Беларусі: “Давайце створым такі закон аб адукацыі, каб настаўнік адчуў сябе чалавекам!” У Саўміне пачынаюць навыперадкі пісаць свой праект. Дзякуй Богу, там за гэта адказвае Аляксандр Казулін, а з ім можна будзе дамовіцца!

Перад путчам стаў беспрацоўным

Красавік 1991-га. У Мінску масавыя страйкі рабочых, мы ж з Пазьняком і Уладзімірам Заблоцкім з візітам у Канадзе і ЗША, які нам зладзілі тамтэйшыя беларусы. Выступаючы аднаго разу перад імі, Пазьняк кажа: “Пройдзе некалькі месяцаў, і Беларусь стане незалежнай!” Я, папраўдзе, не надта ў гэта веру, бо, здаецца, ужо добра ведаю кампартыйны бетон, які па-ранейшаму прамывае мазгі людзям.

Вяснова-летняя сесія Вярхоўнага Савета ў тым самым годзе. Большасць з трэскам чарговы раз правальвае распрацаваныя намі законапраекты. Затое актыўна галасуе за падпісанне новага “Саюзнага дагавора”, згодна з якім усё сабе зноў забірае Масква, а нам пакідае хіба што Чарнобыль, рашэнне харчовай праблемы і будаўніцтва дарог…

Я не вытрымліваю. Іду ў кабінет да старшыні Вярхоўнага Савета, кажу: “Навошта былі ўсе гэтыя гульні ў пастаянныя камісіі, законатворчасць? Масква не дасць нам прыняць той закон аб адукацыі, які мы распрацавалі і абмеркавалі з людзьмі!” Кладу на стол заяву аб сыходзе з пасады намесніка старшыні камісіі. Яе тут жа задавальняюць, і з першага жніўня я вольны дэпутат, без заробку.

Ноч і дзень пісалі законапраекты

19 жніўня. Каля паловы на сёмую раніцы дома раздаецца тэлефонны званок. Валянцін Голубеў: “У Маскве путч! Гарбачоў адхілены ад улады…” Выглядваю ў акно: танкаў у двары няма. Паколькі жыву недалёка ад вакзала, тут жа лячу ў Вярхоўны Савет. Там толькі Іван Сцяпура, дарадца Станіслава Шушкевіча. Кажа, што пра Гарбачова вядома толькі тое, што ён на сваёй урадавай дачы ў Фаросе. Але ў адстаўку ён не падаваў!

Каля дзявятай раніцы збіраецца паўтара дзясятка дэпутатаў нашай фракцыі. Пазьняка няма, і ніхто не ведае, дзе ён. Няма дык няма. Пачынаем рыхтаваць заяву пратэсту супраць путчу. Голубеў падае мне чарнавік, які пачынаецца са слоў: “19 жніўня 1991 года ў Маскве шэрагам асоб, якія займаюць адказныя дзяржаўныя пасты Саюза ССР, здзейснена спроба дзяржаўнага перавароту…” Кажу Валянціну: “Не! Трэба пісаць: “У НОЧ НА 19 ЖНІЎНЯ!..” Мяне ўсе падтрымліваюць…

Праз факс у кабінеце Пятра Садоўскага атрымліваем сякую-такую інфармацыю з Масквы. Зразумела, што яшчэ можна нешта зрабіць. Даведваемся, што старшыня Вярхоўнага Савета Мікалай Іванавіч Дземянцей з’явіўся ў сваім кабінеце. Выбіраем дэлегацыю народафронтаўцаў – Валянцін Голубеў, Уладзімір Заблоцкі, Ігар Гермянчук, Сяргей Навумчык, я… – збіраемся ісці дагруквацца да партыйна-савецкага боса. Ігар Гермянчук, тады рэдактар газеты “Свабода”, пытаецца, ці браць з сабою дыктафон.

 – Бяры, Ігар, бяры, – кажу я, – для гісторыі спатрэбіцца!

Старшыня Дземянцей нас прымае. Ён знерваваны, але, відавочна, не з прычыны маскоўскага путчу, а таму, што мы ад яго нешта патрабуем. “Я вам скажу… у Гарбачова іссяклі, скажам, псіхалагічныя маменты… Прэзідэнт за суткі да гэтага пайшоў у адстаўку… Усё дзелаецца па Канстытуцыі… Ён сышоў, а жызнь будзет прадаўжацца…”

Усё зразумела: партыйнае кіраўніцтва путч падтрымлівае. Збіраемся зноў у фракцыі, вырашаем заклікаць народ прыйсці а шостай на плошчу Леніна на мітынг (пад выглядам сустрэчы з дэпутатамі). Але як заклікаць? Шэф радыё і тэлебачання, партыйны таварыш Сталяроў ужо стаіць па стойцы “смірна” перад маскоўскімі путчыстамі. Вырашаем скарыстацца з аднаго з парламенцкіх ксераксаў, саматужна вырабляем некалькі соцень асобнікаў лістовак і разбягаемся развешваць іх у цэнтры Мінска. Я клею іх на рагу Магілёўскай і Жукоўскага, недалёка ад свайго тагачаснага дома. Людзі падыходзяць, пытаюцца, што будзе, але на плошчу прыйсці не абяцаюць (“можа, усё неяк само сабой рассмокчацца…”).

Пасля трынаццатай гадзіны збіраемся на некалькі хвілін у сваім фракцыйным пакоі. Накідваем тэкст звароту да ўсіх дэпутатаў – тэрмінова сабраць нечарговую сесію. У гэтым нас падтрымлівае і Станіслаў Шушкевіч, які да таго ж праз урадавую сувязь атрымлівае ўсё больш інфармацыі з Кіева, Масквы, Піцера, Вільнюса, Рыгі, Бішкека…

А палове на трэцюю ўзгадваю: я ж вольны дэпутат, зарплату ў Вярхоўным Савеце не атрымліваю, а калі путчысты арыштуюць, напэўна, будуць падаваць, што арыштавалі дармаеда! Імчуся ў толькі што заснаваны Беларускі ліцэй, тлумачу ўсё дырэктару Уладзіміру Коласу. Ён кажа: “Няма пытанняў. Прымаю на працу намеснікам дырэктара з сённяшняга дня!”

Вяртаюся ў Дом урада. Там ужо і Зянон Пазьняк. Хутка пачынаецца сустрэча на плошчы. Збіраецца пара соцень чалавек. Пасля выступленняў Пазьняка і іншых калег-народафронтаўцаў слова бярэ чалавек у вайсковай форме. Называе сябе Мікалаем Статкевічам і кажа, што далёка не ўсе ў Савецкай арміі падтрымліваюць путчыстаў. Ёсць момант палёгкі…

Наступныя дзве ночы практычна бяссонныя, удзень збіраем подпісы за скліканне сесіі (да падпісантаў урэшце далучаецца і дэпутат Лукашэнка), рыхтуем чарговую сустрэчу з людзьмі на плошчы. Увечары 20-га вырашаем, што іншагароднія дэпутаты павінны паехаць у свае акругі, паспрабаваць і там арганізаваць мітынгі пратэсту. 21-га еду ў свой Наваполацк на машыне дэпутата Уладзіміра Новіка. На запраўках абмежавана выдача бензіну: удаецца з дапамогай калегі-дэпутата Аляксандра Шута заправіць на лагойскай АЗС поўны бак.

Калі а 18-й вечара ў Наваполацку на цэнтральнай плошчы пачынаецца мітынг, з Масквы ўжо ідуць звесткі, што путч церпіць паразу. Таму скарачаем прамовы і тут жа вяртаемся ў Мінск. Ноч і наступны дзень пішам законапраекты аб стварэнні сваіх войска і Нацыянальнай гвардыі, аб падпарадкаванні спецслужбаў Вярхоўнаму Савету БССР, аб расследаванні дзейнасці тых, хто падтрымаў путч, аб дэпартызацыі сілавых структур і прадпрыемстваў, а самае галоўнае – аб ажыццяўленні канкрэтных палажэнняў прынятай год назад Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Мы ўжо ведаем, што нечарговую сесію ўсё-такі склічуць.

Сесія Незалежнасці

Першы дзень сесіі, 24 жніўня, аднак, ідзе вельмі цяжка. Амаль усе нашы прапановы згуртаваная (пакуль што) партыйная большасць з парога адмятае. Старшыня ВС Дземянцей займае “кругавую абарону”: маўляў, ну што вы, хіба я мог падтрымаць нейкі там путч? На плошчы перад будынкам Дома ўрада некалькі тысяч актыўных людзей, але яны ўвесь час прыбываюць. І тады прымаецца рашэнне перадаць журналістам тую самую “стужку Герменчука”. Яе запускаюць па радыётрансляцыі на ўсю плошчу. Партыйны бетон у зале пасяджэнняў пачынае ісці расколінамі. Тым больш што з Масквы прыходзіць вестка: дзейнасць кампартыі прыпыняецца, і Міхаіл Гарбачоў сыходзіць з пасады яе кіраўніка. Відавочна, чаго толькі не маглі надумаць сабе за ноч з 24-га на 25-га жніўня партыйныя функцыянеры! Урэшце, відаць, надумалі, што варта паспрабаваць стварыць “незалежную кампартыю”. Назаўтра з гэтай прапановай на трыбуну сесіі выйшаў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў… Ды народ на плошчы ўжо не хацеў аніякай кампартыі. У зале таксама ўсё змянілася: Малафеева літаральна выштурхалі з трыбуны, найперш высілкамі былых камуністаў, дэпутатаў Галіны Сямдзянавай. Віктара Ганчара, Паўла Холада.

Мікалай Дземянцей пайшоў у адстаўку. У вялікім перапынку ў калідор перад пакоем нашай фракцыі прыйшоў камуністычны прэм’ер Вячаслаў Кебіч і сказаў прысутным, што ён таксама падае ў адстаўку. Пачуўшы гэта, я пабег шукаць Генадзя Карпенку – на той час кіраўніка выканаўчай улады ў Маладзечне і члена Прэзідыума Вярхоўнага Савета. “Генадзь Дзмітрыевіч, Кебіч ідзе ў адстаўку. Не адмовіцеся стаць прэм’ерам, бо за вас у гэтай сітуацыі большасць, хутчэй за ўсё, прагаласуе?” “Не адмоўлюся!” Але калі я вярнуўся да калег, то ўбачыў, як дэпутат-касманаўт Уладзімір Кавалёнак (які вельмі актыўна ў тыя дні асуджаў путчыстаў і кіраўніцтва КПБ) намаўляе Вячаслава Кебіча застацца на пасадзе: “Вячаслаў Францавіч, ну як жа мы без вас?” На маю думку, калі б не тагачасная чуласць нашага вялікага земляка-касманаўта, гісторыя краіны магла б пайсці зусім інакш…

Пасля перапынку адзін з самых “цвёрдакаменных” камуністычных дэпутатаў Міхаіл Мачуленка прапанаваў “падтрымаць усе прапановы дэпутата Пазьняка і яго калег”, а Вячаслаў Кебіч зачытаў з трыбуны ўрадавы праект пастановы “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”. Галасаванне па шматлікіх дадатках і папраўках не ішло проста, але ўсё-ткі напачатку было прынята рашэнне аб прыпыненні дзейнасці КПБ–КПСС (з падачы дэпутата Івана Герасюка ў пералік дадалі і “ленінскі камсамол”), а ў 20 гадзін 08 хвілін вечара быў прагаласаваны ключавы закон – “Аб наданні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР статуса канстытуцыйнага закона”. Яшчэ праз 18 хвілін пытанне аб разглядзе новага Саюзнага дагавора было знята з парадку дня, на чым гістарычная сесія і завяршылася.

На плошчы гэтыя рашэнні віталі ўжо дзясяткі тысяч людзей. Панавала радасць і пэўная эйфарыя…

АКЦЭНТЫ

Былыя камуністы на кіруючых пасадах

Прайшло 25 гадоў. Наша незалежнасць не выглядае канчаткова забяспечанай. За ўсходняй мяжою ўсё гучней чуваць галасы пра “недарэчнасць” беларускай дзяржаўнасці, пра неабходнасць “паправіць гістарычную памылку” – калі трэба, і гвалтам. Экстрэмісты пад выглядам “казакоў” і “праваслаўных актывістаў” актыўна апрацоўваюць падлеткаў і моладзь, настройваюць супраць сваіх бацькоў. Вячаслаў Кебіч ужо ў трох сваіх кнігах каецца, што паддаўся націску і інтрыгам “праклятых нацыяналістаў”. Найвышэйшую ўладу на тэрыторыі Беларусі мае чалавек, які выгадаваўся ў асяроддзі ніжэйшай партыйнай наменклатуры і сам прызнаваўся, што захоўвае ў сябе партыйны білет. Урад Беларусі ўзначальвае былы інструктар арганізацыйнага аддзела Рагачоўскага райкама КПБ. Спікерам “Савета Рэспублікі” з’яўляецца асоба, якая некалі была сакратаром Мінскага гаркама КПБ, “Палатай прадстаўнікоў” кіруе былы першы сакратар Верхнядзвінскага райкама КПБ.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Свечка не пагасла…

Генадзь Карпенка раптоўна памёр пры нявысветленых абставінах. Віктар Ганчар быў выкрадзены і знік без следу… Ужо даўно няма сярод нас Ігара Герменчука і Галіны Сямдзянавай. Зянон Пазьняк так і не вярнуўся з палітычнай эміграцыі. Колішні дэпутат, а цяпер і доктар навук Валянцін Голубеў атрымлівае дзяржаўную пенсію ў памеры менш за 300 рублёў, пра гісторыю з пенсіяй Станіслава Шушкевіча не пісаў хіба што лянівы. Аўтар гэтых радкоў, змоладу адданы прафесіі настаўніка, выкладчыка, вось ужо 13 гадоў не можа афіцыйна працаваць па сваёй спецыяльнасці…

І ўсё ж ёсць рэч, дзеля якой было варта жыць: свечка, якую, паводле выказвання нашага нацыянальнага прарока Васіля Быкава, у 1918 годзе запалілі бацькі-заснавальнікі БНР, не пагасла. У дзевяноста першым і пазней гэтую свечку сваімі далонямі беражліва затулілі многія тысячы нашых суграмадзян і, як бы тое ні было, перадалі наступнаму пакаленню…

Аўтар: Лявон Баршчэўскі 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.