Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Як склаўся лёс хірурга і яго пацыенткі праз восем месяцаў пасля той аперацыі? Пытанне, якое зацікавіла “Народную Волю”.  
14:21 9 снежня 2016
19
Памер шрыфта

«Было складана сканцэнтравацца і саўладаць з сабой – чужое сэрца білася прама ў руках» – менавіта так апісваў у сакавіку 2016 года журналістам партала tut.by свой стан малады хірург Мар’інагорскай раённай цэнтральнай бальніцы Віктар Цапляеў. Ён прызнаваўся, што падобнага досведу ў яго, канечне ж, не было. У 2014 годзе скончыў Медуніверсітэт, потым быў год інтэрнатуры і толькі паўгода самастойнай работы да таго моманту, калі ў раённую бальніцу паступіла пацыентка з нажавым раненнем у вобласць сэрца.

– Паглядзелі, што ёсць ранавы канал. Паслухалі лёгкія, хутка зрабілі здымак, – расказвалі Віктар Цапляеў і яго калега, таксама малады ўрач-анестэзіёлаг Альберт Паваротны. – Сэрца знаходзіцца ў спецыяльнай абалонцы. Пры раненні гэтая абалонка запаўняецца крывёй – сэрца сціскаецца вадкасцю і проста не можа біцца і пампаваць кроў. Аперыраваць трэба было тэрмінова…

Маладыя ўрачы не разгубіліся. Віктар Цапляеў патэлефанаваў загадчыку хірургічнага аддзялення Іллю Міхальчанку, і той па гучнай сувязі каардынаваў аперацыю.

– Вопытны доктар вам скажа: ну што там сэрца зашыць – дробязь! – дзяліўся эмоцыямі Віктар Цапляеў. – Але, калі ты ніколі гэтага не рабіў, разразаеш грудную клетку – а там усё трасецца… Адчуванне, калі ў цябе ў руцэ б’ецца чужое сэрца… гэта штосьці… цікавае… З такіх сюжэтаў складаецца ўрачэбная практыка. Тут ніхто не пытаецца, малады ты ці дасведчаны-перадасведчаны. Прывезлі пацыента – і ты адказваеш за яго жыццё. Бяздзейнасць у нас роўная таму, што ты чалавека спецыяльна забіў. 

Новае месца працы

У сакавіку 2016 года асноўным месцам працы маладога хірурга Віктара Цапляева была паліклініка пасёлка Дружны Пухавіцкага раёна. У Цэнтральнай раённай бальніцы ў Мар’інай Горцы Віктар падпрацоўваў дзежурантам – экстранным хірургам па выхадных і святочных днях. Гэта, безумоўна, вопыт і магчымасць падзарабіць. На адну стаўку ўрача ў Беларусі выжыць практычна нерэальна, гэта ўсе ведаюць.

У верасні Віктару Валянцінавічу прапанавалі месца хірурга ў ЦРБ. Вызвалілася стаўка – загадчык аддзялення Ілля Міхальчанка, той самы старэйшы калега, які па тэлефоне дапамагаў Віктару Цапляеву праводзіць аперацыю на сэрцы, перайшоў працаваць у бальніцу горада Бабруйска.

– Мне прапанавалі – я пагадзіўся, гэта цякучка кадраў: хтосьці звольніўся, хтосьці працаўладкаваўся, – сціпла заўважае Віктар Цапляеў. – Магчыма, запрасілі невыпадкова.

– Можна сказаць, што тая аперацыя стала стартам вашай кар’еры?

– Тая аперацыя мела вялікае значэнне для мяне як урача і для пацыента: усе тады спрацавалі зладжана, і гэта дазволіла выратаваць чалавеку жыццё.

Працую зараз на стаўку, дзяжуру. Родам з гэтых месцаў, жонка – з Мар’інай Горкі, яна прыехала ў горад па размеркаванні, я – следам за ёй. Службовае жыллё далі.

– А зарплата ў вас якая?

– Давайце не будзем пра балючае.

– Віктар Валянцінавіч, пасля таго як стала вядома, якую вы, малады хірург, можна сказаць, учарашні студэнт, зрабілі аперацыю, ці не запрашалі вас у Мінскую абласную бальніцу, у РНПЦ «Кардыялогія»?

– Не. Хаця жаданне расці, вучыцца чамусьці новаму, канечне, ёсць. Але ў нас і тут шмат розных неардынарных выпадкаў. Расслабляцца няма калі. Працы вельмі шмат.

– За гэтыя восем месяцаў падобныя ўнікальныя аперацыі былі ў вашай практыцы?

– Усе аперацыі для хірурга ўнікальныя. Гэта заўсёды адказнасць, поўная канцэнтрацыя. Я ведаў, куды ішоў, мне мая работа вельмі падабаецца. Імкнуся заўсёды рабіць яе якасна… 

«Мужа асудзілі на 4 гады»

Пацыентка маладых урачоў Галіна Каладзяжная як адразу пасля аперацыі, так і сёння не хоча гаварыць пра падзеі таго дня, якія ледзь не каштавалі ёй жыцця. Пасварылася з мужам, той схапіўся за нож. І раней ён  яе абражаў, гразіўся, даўно трэба было развесціся, казала яна.

У маі Галіна Мікалаеўна выйшла на працу. Яна – намеснік дырэктара аднаго з магазінаў Рудзенска.

– Пад шчаслівай зоркай я нарадзілася, – голас Галіны Каладзяжнай гучыць бадзёра. – Хаця ў маёй зоркі ёсць імя – Віктар Валянцінавіч. Ён, канечне, хірург ад Бога, думаю, далёка пойдзеЗ ім і зараз сувязь падтрымліваю, хаця пасля выпіскі з бальніцы назіралася і да гэтага часу назіраюся ў тэрапеўта мясцовай паліклінікі. Але так павялося, што перыядычна тэлефаную доктару Цапляеву, распавядаю пра самаадчуванне. А сэрца не турбуе. Урачы кажуць: пасля такой аперацыі жыць буду доўга.

Пра асабістае Галіна Мікалаеўна гаворыць неахвотна. З мужам адразу ж развялася. Дзеці – а іх у Галіны Мікалаеўны трое – такое рашэнне маці падтрымалі адразу, і зараз яны ўсе разам жывуць у Рудзенску ў доме маці.

– Старэйшаму, Аляксандру, ужо 25 гадоў, – гаворыць Галіна Мікалаеўна, – сярэдняму, Аляксею, 23, ён зараз у Расіі на заробках – у нас у пасёлку з работай складана. Непаўналетняя толькі малодшая Наста, ёй 15 гадоў. Канечне, дзеці самі бачылі, што адбывалася ў сям’і, даўно мне гаварылі, што не трэба цярпець. Старэйшы апошнія гады настойваў: “Мама, разводзься!” Калі б паслухалася, можа, нічога гэтага і не было б.

Мужа Галіны Мікалаеўны прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

Ён зараз у турме, – уздыхае яна. – Быў суд, хірург даваў паказанні, расказаў, у якім стане я паступіла… Мужу далі 4 гады. Дзе ён адбывае пакаранне, не ведаю, не цікавілася… Адпачываем ад яго… Не хачу больш яго бачыць. Страшна гэта! Добра, што ўсё добра скончылася.

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".