Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

11:58 26 снежня 2016
18
Памер шрыфта

Затрыманнем трох аўтараў расійскага агенцтва “Рэгнум” Мінск паслаў Маскве выразны сігнал, што наважыўся бараніць інфармацыйную прастору ад разбуральнай антыбеларускай прапаганды. Не выключана, што, калі кіраваныя Крамлём медыі ўзмоцняць удары па Беларусі, нашы ўлады скарыстаюць і цэнзурныя нажніцы супраць нейкіх перадач маскоўскіх тэлеканалаў (такія прэцэдэнты былі). На самы кепскі выпадак маецца рубільнік: можна адключыць агрэсіўныя каналы, заблакіраваць пэўныя сайты.

Так ці іначай, улады, відаць, асэнсавалі: на праявы інфармацыйнай вайны супраць Беларусі давядзецца рэагаваць. Але, па-першае, пры сучасных тэхналогіях нічога наглуха не заблакіруеш. Па-другое, такім чынам не вырашыш задачу мацавання нацыянальнай свядомасці.

Між тым яна – найважнейшая. І тут не дапамогуць ні арышты зацятых “русскомирцев”, ні фільтрацыя маскоўскага тэлевізійнага кантэнту. Тым болей што гэта справа рызыкоўная. Беларускія ўлады, гуляючы з Крамлём у інтэграцыю, нападпісвалі шмат папер пра адзіную інфармацыйную прастору. У выніку расійскія медыйныя плыні захліснулі Беларусь, а паспрабуй цяпер пастаў бар’ер – адразу ўзнімецца лямант пра парушэнне саюзных дамоўленасцяў і ўвогуле здраду. Вось вам і яшчэ адна пастка “братняй інтэграцыі” – інфармацыйная – у дадатак да наймацнейшай эканамічнай, вайскова-стратэгічнай залежнасці.

Акрамя таго, рубам паўстае пытанне: а чым расійскі медыйны кантэнт можна ўраўнаважыць ці замяніць?

Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне атрымлівае ладную бюджэтную падкормку, але ж не ў каня корм. Бракуе драйву, крэатыву, вастрыні (калі не дадуць адмашку кагосьці “мачыць”). Адзін з улюбёных заняткаў “Клуба рэдактараў” на БТ – патаптацца па “Нашай Ніве”, якая паслядоўна вядзе лінію менавіта супраць імперскай пагрозы. На асобных ток-шоу аж зашкальвае канцэнтрацыя тых самых “русскомирцев” (хіба што трохі хітрэйшых у фармулёўках).

Між тым загрузла пытанне пра рэтрансляцыю ў нас украінскага тэлеканала, хоць прэзідэнты Лукашэнка і Парашэнка даўно пра гэта дамовіліся. Падобна на тое, што тутэйшыя чыноўнікі, для якіх “майдан” – страшнае слова, пабойваюцца, каб разам з украінскім кантэнтам не папёрла крамола. Вісіць у паветры і пытанне пра паказ нейкага з польскіх каналаў. Дарэчы, на месцы беларускіх улад дзеля процівагі расійскаму ТБ самым хуткім і танным спосабам было б спыніць пераслед “Белсата” ды запусціць яго ў кабельныя сеткі.

Але ж гэта на сёння – са сферы фантастыкі. Бо “Белсат” крытычны не толькі ў дачыненні да імперскай палітыкі Крамля, але і да палітыкі беларускага рэжыму. Гэта ж можна сказаць і пра ўсе нашы недзяржаўныя грамадска-палітычныя медыі. Вось у чым загваздка для ўлад: сапраўдныя, а не казённыя патрыёты для рэжыму дыскамфортныя, бо маюць сур’ёзныя прэтэнзіі і да той сістэмы, якую збудаваў тут Лукашэнка.

На добры лад сёння варта было б усяляк спрыяць развіццю недзяржаўных СМІ, што шчыруюць на ніве беларускасці. Калі браць шырэй, то трэба даваць прастору беларушчыне ва ўсіх галінах, заахвочваць яе прамоўтараў, спрыяць фарміраванню большага слою свядомых грамадзян. Наверсе распачалі так званую мяккую беларусізацыю, але яна кволая і непаслядоўная. А тым, хто выходзіць на вуліцы з бел-чырвона-белым сцягам, лепяць шалёныя штрафы. Гэты сцяг для служак рэжыму – сімвал апазіцыйнасці, пагрозы сістэме. Сістэма баіцца разняволіць беларушчыну, бо сталая, свядомая грамадзянская супольнасць сапраўды будзе здольная і на моцны пратэст супраць аўтарытарызму, непазбежна стане змагацца за дэмакратычныя перамены.

У выніку мы бачым, што страх страціць уладу мацнейшы, чым страх перад імперскай экспансіяй. Але ж сёння час выбіраць. Бо калі сюды прыйдзе імперыя, то яна не абмяжуецца рэпрэсіямі супраць патрыётаў, а і павычышчае з крэслаў цяперашнюю наменклатуру, каб пасадзіць туды болей кіраваных марыянетак. Так што падумайце, панове, але не толькі пра свой шкурны інтарэс, а і пра нацыянальны. Тут трэба добра пачухаць патыліцу…

Відавочна, што небяспека імперскай экспансіі вымагае і пэўных жорсткіх захадаў у галіне інфармацыйнай бяспекі. Каб Масква як мінімум атрымала званочак. Але будзе кепска, калі ўлада зробіць стаўку на звыклы рэпрэсіўна-цэнзурны арсенал (тым болей што гэта рэч двухбаковавострая). Важней пераступіць праз фобіі ў дачыненні да незалежнага грамадства, бо без яго развіцця не абароніш і незалежнасць Беларусі. Варта даць абсяг трэцяму сектару, недзяржаўным СМІ, вывесці з чорных спісаў музыкаў-незалежнікаў, падтрымаць сапраўды нацыянальную культуру, узняць статус беларускай мовы.

Іначай кажучы, трэба не толькі даваць адпор імперскаму нахабству, экспансіі “русского мира”, але і найперш будаваць моцны беларускі свет.

Аўтар: Аляксандр КЛАСКОЎСКІ – спецыяльна для “Народнай Волі” 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».

У Мінску прэзентавалі “Тэорыі літаратуры” у беларускім перакладзе

23 лістапада ў Мінску адбылася прэзентацыя беларускага перакладу кнігі польскіх літаратуразнаўцаў Анны Бужыньскай і Міхала Паўла Маркоўскага “Тэорыі літаратуры ХХ ст.”.