Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:03 30 студзеня 2017
9
Памер шрыфта

Яшчэ 1 лютага 2016 года камерцыйныя медыцынскія цэнтры атрымалі дазвол  на выдачу пацыентам бальнічных лістоў.

Паводле ацэнак Міністэрства аховы здароўя, пры жаданні выпісваць лісты непрацаздольнасці могуць 1700 прыватных медыцынскіх цэнтраў краіны. Для гэтага не патрабуецца спецыяльнай ліцэнзіі, трэба толькі выканаць два патрабаванні. Паколькі бальнічныя лісты – бланкі строгай справаздачнасці, то яны павінны захоўвацца ў сейфе ў асобным памяшканні з кратамі на вокнах. Таксама ў медцэнтры павінна быць створана ўрачэбна-кансультацыйная камісія (УКК) мінімум з трох чалавек.

Асобнай платы за бальнічныя лісты прыватнікі выстаўляць не маюць права. Пацыент плаціць толькі за прыём, і калі ёсць паказанні да выдачы бюлетэня, то ён яго атрымлівае без дадатковай аплаты. Лісты непрацаздольнасці па месцы працы аплачваюцца аднолькава незалежна ад таго, выдадзены ён камерцыйнай структурай або паліклінікай.

Здавалася б, выдатная ініцыятыва, ад якой выйграюць усе. Пацыенты, якім не трэба абавязкова ісці за бальнічным у дзяржаўную паліклініку, дзе заўсёды чэргі і ва ўрача 10 хвілін на пацыента. Медцэнтры, у якіх павялічыцца колькасць пацыентаў, а значыць, вырасце прыбытак. Ну і, вядома, участковыя тэрапеўты і ўрачы, якія проста задыхаюцца ад патоку хворых людзей, асабліва ў перыяд успышкі захворванняў на прастуду і ВРВІ.

Але аказваецца, што сёння ўсяго толькі каля 20 (!) прыватных медыцынскіх цэнтраў выпісваюць бальнічныя лісты пацыентам.

– У асноўным усе яны знаходзяцца ў Мінску, – тлумачаць у аддзеле медэкспертызы і рэабілітацыі Міністэрства аховы здароўя. – Перш за ўсё гэта буйныя медцэнтры “Экомедсервис”, “Нордин”, “ЛОДЭ”, “Кравира”, “Новый лекарь”. У спісе таксама цэнтры, якія ажыццяўляюць ЭКА, шэраг стаматалагічных прыватных клінік, нядаўна далучыліся “Оптимед” і “Новое зрение”. На перыферыі толькі ў Барысаве і Бабруйску ёсць камерцыйныя цэнтры, дзе можна ўзяць бальнічны ліст. У Брэсце гэтая паслуга прадастаўляецца ў філіяле “ЛОДЭ”.

Паводле слоў спецыялістаў, пасля дазволу прыватнікам выпісваць бальнічныя лісты чаканага эфекту дзяржаўная медыцына не атрымала. 13–15 цэнтраў – гэта кропля ў моры, адтоку пацыентаў з дзяржаўных устаноў аховы здароўя не адбылося.

– У год камітэты па ахове здароўя выдаюць каля 5 мільёнаў бланкаў лістоў непрацаздольнасці, – тлумачыць начальнік аддзела медэкспертызы і рэабілітацыі Ірына Кірэева. – А некаторыя прыватныя цэнтры бяруць усяго 100–200 бланкаў. У нас адна сталічная паліклініка ў дзень можа выпісваць 100, а то і 200 бальнічных.

– Паслуга дарагая для пацыентаў? Ведаю, што ў некаторых прыватных цэнтрах для атрымання бюлетэня недастаткова медыцынскiх паказанняў, існуюць і іншыя патрабаванні, напрыклад, пацыент абавязаны зрабіць флюараграфію, прайсці дадатковыя абследаванні згодна з пратаколамі дыягностыкі і лячэння. Натуральна, усё гэта платна…

– Прыватныя медцэнтры сапраўды вельмі адказна ставяцца да выдачы бальнічных лістоў. Асцярогі, што іх будуць выпісваць налева і направа, не спраўдзіліся. Прыватнікі яшчэ больш пільныя, чым урачы дзяржаўных паліклінік. Некаторыя галоўныя ўрачы вельмі часта літаральна па кожным дробным выпадку кансультаваліся з намі, хадзілі ў Міністэрства аховы здароўя, як на працу. Мы нават арганізавалі для іх курсы ў нашых арганізацыях аховы здароўя.

Безумоўна, шкада, што так мала медцэнтраў адгукнуліся на прапанову Міністэрства аховы здароўя і сталі выпісваць лісткі непрацаздольнасці. Мы чакалі большай актыўнасці ад прыватнікаў.

Паводле слоў Ірыны Кірэевай, у 2016 годзе беларусы ўвогуле сталі радзей звяртацца за бальнічнымі і браць менш лістоў часовай непрацаздольнасці на кароткі тэрмін – 3–5 дзён. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што хварэць цяпер нявыгадна, пры невялікіх заробках яшчэ і бальнічныя за першыя 12 дзён выплачваюцца ў памеры 80% ад сярэдняга заробку. Хаця ўся статыстыка па бальнічных лістах апошніх гадоў мала змяняецца. У сярэднім на 100 працуючых беларусаў фіксуецца 72 выпадкі непрацаздольнасці ў год, а сярэдняя працягласць знаходжання работніка на бюлетэні складае 10,4 дні. «Лічбы вельмі адносныя, – кажа Ірына Кірэева. – Адзін чалавек хварэе тры дні, а хтосьці пасля аперацыі або з цяжкім дыягназам можа і некалькі месяцаў быць на бальнічным».

 

ДАРЭЧЫ

«Доўга запрагалі, але цяпер усе задаволены»

Толькі ў снежні мінулага года выпісваць бальнічныя лісты сталі ў клініцы «Новое зрение», паслугі якой вельмі запатрабаваныя ў насельніцтва. За час работы ў цэнтры былі выкананы сотні тысяч афтальмалагічных аперацый. Часта пасля такіх умяшальніцтваў пацыенту некалькі дзён забараняецца выходзіць на вуліцу, то бок патрэбны бальнічны ліст.

Чаму клініка не спяшалася ўключаць у пералік сваіх паслуг і такую, як выдача лістоў непрацаздольнасці?

– Не адразу падключыліся да гэтай ініцыятывы, таму што лічылі, што не гатовы, – кажа намеснік галоўнага ўрача клінікі, загадчык падраздзялення лазернай мікрахірургіі вока Вадзім Мурашка. – У нас не было памяшкання для захоўвання бланкаў з ахоўнай сігналізацыяй, не было навучанага персаналу. А наш прынцып работы такі: калі рабіць, то рабіць добра і якасна. Калі ўсе арганізацыйныя пытанні былі выкананы, створана ўрачэбна-кансультацыйная камісія, тады і пачалі выпісваць лісты непрацаздольнасці.

Безумоўна, пацыентам стала зручней. Наша клініка хірургічнага профілю, чалавек ідзе на аперацыю і ведае, што аўтаматычна атрымае бальнічны ліст. Асобна за яго выпіску ён не плаціць, дадзеную паслугу мы не тарыфікавалі, яна бясплатная. І ніякіх асаблівых патрабаванняў для атрымання бальнічных лістоў цэнтр не выстаўляе, працуем па тых жа прынцыпах, што і дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Увогуле, доўга запрагалі, але цяпер усе задаволены.

ЦЫТАТА Ў ТЭМУ

Дзмітрый ПІНЕВІЧ, першы намеснік міністра аховы здароўя:

– Калі хтосьці не паспявае з 1 лютага 2016 года пачаць выпіску бальнічных лістоў, могуць далучыцца пазней. У краіне 1700 камерцыйных медцэнтраў. Прыватныя медцэнтры часта дэкларуюць сваё жаданне, а пасля… Але гэта іх права, не абавязак. У маім разуменні, калі ты якасны цэнтр, клапоцішся аб сваім якасным рэнамэ, то павінен аказваць гэтую паслугу. Тым больш што самі цэнтры тры гады бударажылі сітуацыю, казалі, што Міністэрства аховы здароўя не хоча…

(Падчас прэс-канферэнцыі ў снежні 2015 года.)

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Амерыка ўжо не такая страшная?

На мінулым тыдні ЗША абвесцілі, што рыхтуюцца зрабіць два радыкальныя крокі. Гэта выклікала ў свеце гучны рэзананс, але не з боку нашае краіны.

Мария ШАРАПОВА: «Удар может решить любую проблему!»

Совсем недавно в московском издательстве «Эксмо» вышла автобиографическая книга известной теннисистки с белорусскими корнями Марии Шараповой «Неудержимая». В качестве эпиграфа к книге пятикратная п

Итальянцы на «Беларусьфильме»

17 октября генеральный директор «Беларусьфильма»  Игорь Поршнев проводил экскурсию по киностудии для итальянского режиссера Джанфранко Кабидду и его товарищей. Прекрасно отремонтированные павильоны, н