Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

17:14 23 студзеня 2017
15
Памер шрыфта

Гледзячы па ўсім, чарговая беларуска-расійская «нафтагазавая вайна» перайшла ў вострую стадыю. Найбольш яскравымі прыкметамі гэтага стаў байкот А.Лукашэнкам самітаў ЕАЭС і АДКБ у Санкт-Пецярбургу, ягоная адмова падпісваць Мытны кодэкс саюза, пераход кіраўніка Беларусі да звыклай канфрантацыйнай рыторыкі: «Мы нікому не дазволім зневажаць наш народ і дзяржаву. Калі хтосьці гэтага не разумее, тады нам няпроста будзе з імі не тое што будаваць стасункі, але і размаўляць». Ну і адразу з Масквы прыйшоў жорсткі адказ: Расія яшчэ больш скараціла пастаўкі сваёй нафты Беларусі ў першым квартале.

Як і прынята на вайне, з’явіліся ваеннапалонныя (тры арыштаваныя блогеры сайта «Регнум»). Праўда, Расія іх не прызнала. Паводле савецкай традыцыі сталінскіх часоў, Масква вуснамі афіцыйных асоб заявіла: у нас няма палонных, ёсць экстрэмісты.

За часы праўлення А.Лукашэнкі Беларусь і Расія перажылі некалькі вострых міждзяржаўных канфліктаў. У 1997 годзе крызіс у двухбаковых дачыненнях здарыўся з нагоды арышту беларускімі ўладамі карэспандэнта “ОРТ” Паўла Шарамета. У 2002-м і 2004 гадах адбыліся канфлікты праз газавыя цэны, у апошнім выпадку Расія адключыла пастаўкі газу, што Лукашэнка ацаніў як «акт тэрарызму на высокім узроўні». На мяжы 2006-га і 2007 гадоў разгарнулася вострая «нафтагазавая вайна» з перакрыццём трубаправодаў і чарговымі скандальнымі заявамі. У 2009 г. дзве краіны перажылі «малочную вайну»; тады Лукашэнка таксама байкатаваў саміт АДКБ у Маскве, нейкі час адмаўляўся падпісваць дамову аб стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання. Крызісу ў двухбаковых дачыненнях 2010 года спадарожнічала інфармацыйная вайна, паказ на “НТВ” тэлесерыяла «Хросны бацька».

Чым цяперашні канфлікт адрозніваецца ад папярэдніх? Найперш іншым гістарычным кантэкстам.

Па-першае, Расія рэзка ўзмацніла сілавы кампанент у сваёй замежнай палітыцы, што спарадзіла ўкраінскі крызіс, «халодную вайну» з Захадам.

Па-другое, Беларусь у гэтых канфліктах РФ са светам заняла пазіцыю нейтралітэту.

Па-трэцяе, падзенне сусветных цэн на нафту пацягнула за сабой эканамічны крызіс у ЕАЭС, змяншэнне расійскага энергетычнага гранта Беларусі.

Па-чацвёртае, усё гэта супала з вострым крызісам беларускай сацыяльнай мадэлі.

Па-пятае, выбух шавіністычнай хвалі ў Расіі, на тле якой нейтралітэт найбліжэйшага саюзніка, ягонае пэўнае дыстанцыяванне ад Масквы разглядаецца палітызаванай часткай расійскага грамадства як «бандэраўшчына».

Як гэта ўсё ўплывае на цяперашні беларуска-расійскі канфлікт?

Дзве найбольш важныя высновы. Расійскія эканамічныя субсідыі Беларусі сталі меншыя, а патрэбы Беларусі ў дапамозе ў сувязі з крызісам сталі большымі. Гэтыя супрацьлеглыя трэнды прыйшлі ў вострую супярэчнасць, што і вылілася ў жорсткую спрэчку праз цэны на газ.

Другі момант. Большая незалежнасць Беларусі ад Расіі ў замежнай палітыцы (нармалізацыя стасункаў афіцыйнага Мінска з Захадам, нейтралітэт у канфліктах паміж РФ з ЗША і ЕС) адбываецца на фоне павелічэння эканамічнай залежнасці Беларусі ад усходняга суседа. Нагадаю: доля Расіі ў таварным экспарце Беларусі вырасла летась да 46%, хоць у 2015 годзе гэтая лічба складала 39%. Зноў два супрацьлеглыя трэнды. Лагічна, што ў Крамлі палічылі, што моцна залежны саюзнік павінен дэманстраваць лаяльнасць. Бо некіруемы сатэліт – гэта нонсэнс.

І на нейкім этапе гэтыя аб’ектыўныя рознавектарныя тэндэнцыі павінны былі выклікаць канфрантацыю ў двухбаковых дачыненнях. Што мы цяпер і назіраем. Таму канфлікт і набывае такі зацяты характар, што ў ягонай аснове ляжаць аб’ектыўныя чыннікі.

Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.