Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 20 чэрвеня 2017
23
Памер шрыфта

26 лютага 2016 года ў газеце “Народная Воля” быў змешчаны артыкул Тамары Кужэль “Ці пачуюць Леаніда Лыча і Міколу Савіцкага ў Палаце прадстаўнікоў?”. Аўтар, як і мы, востра паставіла пытанне: чаму ўлады супраціўляюцца выратаванню беларускай мовы, якую яны, па сутнасці, сваёй антынацыянальнай палітыкай ужо амаль давялі да поўнай згубы?

Было спадзяванне на станоўчую рэакцыю галоўнага заканадаўчага органа краіны. На жаль, кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў не стала разглядаць наш зварот на пленарных пасяджэннях, а даручыла даць нам адказ тым установам, якія самі не выпрацоўваюць моўную палітыку, а толькі праводзяць у жыццё тое, што ім прапаноўваецца зверху.

Такая фармальнасць нас не задаволіла, і мы сёлета ў сакавіку зноў накіравалі зварот у самыя высокія дзяржаўныя інстанцыі. Свой пякучы боль за пакутлівы лёс беларускай мовы на гэты раз выказалі прэм’ер-міністру А.Кабякову, старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу М.Мясніковічу, кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Н.Качанавай.

На што звяртаем сур’ёзную ўвагу? На тое, што менавіта па віне ўладных структур, а не народа наша родная мова даведзена амаль да поўнага заняпаду. З гэтай бядой можа справіцца толькі дзяржава.

Нават сярэднестатыстычны беларус выдатна разумее небяспеку панавання ў нашай краіне “русского мира”, што немінуча вядзе не толькі да страты этнакультурнай самабытнасці народа, але і дзяржаўнага суверэнітэту. У дашчэнту зрусіфікаванай Беларусі руская мова суправаджае чалавека ад нараджэння да самай яго смерці. А таму мільёны беларусаў ужо страцілі роднае беларускае слова. І як тут не ўзгадаць выказванне Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”.

У сваім чарговым звароце да высокіх кіруючых асоб мы напісалі: калі ўлады будуць і надалей выкарыстоўваць у сферы афіцыйнага жыцця толькі рускую мову, то наша родная, беларуская, немінуча згіне. Ці не разумней было б зрабіць так, каб беларуская мова стала фактычна дзяржаўнай, а руская выконвала ў нас толькі сацыяльныя функцыі?

Прапануем нарэшце набрацца смеласці і публічна заявіць, што адсутнасць беларускай мовы ў афіцыйным жыцці, зносінах паміж людзьмі стала вынікам непрадуманых майскага (1995 г.) і лістападаўскага (1996 г.) рэферэндумаў, у выніку якіх пайшлі  пад нож усе дасягнутыя ў адраджэнні беларускай мовы досыць значныя пазітыўныя набыткі пасля прыняцця 26 студзеня 1990 года самага  знакавага за ўсё ХХ стагоддзе Закона “Аб  мовах у Беларускай ССР”. Давайце растлумачым народу, што ўсе еўрапейскія  ўнітарныя краіны, а Рэспубліка Беларусь якраз і належыць да іх,  у якасці дзяржаўнай выкарыстоўваюць толькі мову тытульнай нацыі, не прызнаючы ніякага афіцыйнага двухмоўя, таму іх родныя мовы, не ў прыклад беларускай, квітнеюць, не зведваюць аніякай пагрозы заняпаду.

Грубыя пралікі прэзідэнцкай вертыкалі ў рэгуляванні моўнага працэсу ў значнай ступені маглі быць выкліканы яшчэ і тым, што дасюль не  выкарыстаны творчы патэнцыял адпаведных інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў, дзе працуе нямала беларускіх нацыянальна свядомых навукоўцаў. Яны маглі быць незаменнай надзейнай апорай улад пры распрацоўцы найважнейшых нарматыўных актаў па забеспячэнні беларускай мове статусу рэальна дзяржаўнай.

Крыху суцяшае тое, што апошнім часам у многіх беларусаў абудзілася зацікаўленасць, павысілася адказнасць за лёс роднага слова. Назіраецца пэўны ўсплёск грамадскіх патрыятычных ініцыятыў у абарону нацыянальных духоўных каштоўнасцяў і найперш самай галоўнай з іх – мовы. Гэта “Будзьма беларусамі”, “Не маўчы па-беларуску”, “Мова – нанова”, “Чытаем па-беларуску з Velcom”  і іншыя. Але без мэтанакіраванай  нацыястваральнай дзейнасці самой дзяржавы ўсе гэтыя ініцыятывы не ў стане паўплываць на ўзрастанне сацыяльнай ролі беларускай мовы, на пашырэнне яе функцый у самых розных сферах нашага жыцця. Яшчэ раз падкрэсліваем: патрэбна адпаведная палітычная воля самой дзяржавы, падобная той, з якой яна ў маі 1995 г. і лістападзе 1996 г. праводзіла рэферэндумы. Час для гэтага наспеў і да таго ж адчуваецца нацыянальнае ажыўленне беларускага народа, чаго не заўважалася раней.

Не выключаем, што шмат карысных прапаноў па трансфармацыі моўнай сферы Беларусі з каланіяльна залежнай у нацыянальна суверэнную магло б даць правядзенне пад кіраўніцтвам уладных структур і з удзелам  грамадскасці агульнанацыянальнага конкурсу па  такім пытанні: “Маё бачанне рэальных шляхоў забеспячэння  беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у краіне”. Пытанне пра рускую мову тут не павінна ўзнімацца, бо ў Беларусі яна пачувае сябе, як у Расіі. У конкурсе можна ўдзельнічаць індывідуальна і групамі. Прыклад павінны паказваць палітыкі ўсіх рангаў, вертыкаль, ідэалагічная эліта. Вельмі пажаданы ўдзел у ім моладзі, якой так  уласціва імкненне бачыць свой народ, сваю краіну не копіяй чагосьці чужога, а арыгіналам.

Уладным структурам прапануем неадкладна пачаць праводзіць праз  радыё, тэлебачанне, друкаваныя СМІ пастаяннае агульнанацыянальнае асветніцтва людзей аб значэнні і месцы роднай (этнічнай) мовы, беларускамоўнай адукацыі, беларускай песні ў жыцці асобы і дзяржавы Рэспубліка Беларусь.

Агульнавядома, што нацыя памірае тады, калі памірае яе родная мова.  Каб такой катастрофы не здарылася  з намі, дзяржава павінна  ўкараніць беларускую мову ва ўсе сферы  жыццядзейнасці краіны. Пачынаць вяртаць беларускую мову на тэлебачанне трэба найперш з найбольш важных і запатрабаваных праграм – з “Навін”. Бясспрэчна, кожны грамадзянін вольны  гаворыць на той мове, на якой жадае, аднак афіцыйнай, дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць мова карэннага этнасу дзяржавы – беларуская мова.

Мова – душа народа, аснова культуры, дзяржаўнасці. Толькі родная мова дазваляе беларусу па-сапраўднаму пачуваць сябе беларусам, патрыётам дзяржавы Беларусь. Татальны заняпад беларускай мовы вымушае людзей не па сваёй волі жыць у рэчышчы іншай культуры. Акрамя ўсяго гэтага, этнічная мова з’яўляецца надзейным  гарантам і абаронцам нацыянальнай бяспекі. Гісторыя сведчыць: там, дзе мае месца няспынны працэс культурна-моўнай асіміляцыі, а ў нас гэта адбываецца ў форме франтальнай русіфікацыі, там ідуць войны або пануюць бестэрмінова замарожаныя ваенныя канфлікты.

Улады нарэшце павінны вырашыць і заявіць народу,  кім павінна быць яго Айчына: суверэннай дзяржавай ці прыдаткам Расіі, а беларусы – самабытным народам ці адгалінаваннем рускай нацыі?

Пытанне ж  пра рускую мову не павінна ўзнімацца, бо ў Беларусі з ёю няма праблем. Руская мова ў нас – гэта найперш імперскія інтарэсы Расіі ў Беларусі. Гістарычная місія ўлад Беларусі – гэта выратаванне, абарона беларускай мовы, беларускай культуры, а значыцца, і самой беларускай нацыі. У рускай мовы, у рускай культуры хапае абаронцаў і без беларусаў.

Накіроўваючы свой зварот да А.Кабякова, М.Мясніковіча і Н.Качанавай, мы не забыліся папрасіць іх, каб яны далі даручэнне рэдакцыям газет “Советская Белоруссия”, “Звязда”, “Рэспубліка”, “Народная газета” надрукаваць поўны яго тэкст на старонках іх выданняў. На жаль, пакуль наш ліст не з’явіўся ў публічнай прасторы.

Карыстаючыся магчымасцю выказацца праз “Народную Волю” мы адрасуем спадарам Кабякову, Мясніковічу, Качанавай такія словы: не здрадзьце Беларусі, яе шматпакутнаму народу, разам з Прэзідэнтам А.Лукашэнкам зрабіце ўсё, каб родная мова акрыяла, стала адным з галоўных стрыжняў аб’яднання нацыі, умацавання дзяржаўнасці і суверэнітэту краіны.

Леанід Міхайлавіч ЛЫЧ, прафесар,

Мікалай Іванавіч  САВІЦКІ, прафесар.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Беларускі праваабарончы форум заклікаў ўлады спыніць ціск на адвакатуру і незалежныя прафсаюзы

У Рэзалюцыі па выніках форуму праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады  спыніць ціск на незалежныя прафсаюзы і на адвакатуру.