Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:34 26 студзеня 2017
12
Памер шрыфта

Дзеду Піліпу Канапельку пад 90 ужо, а яго добрай памяці ды светламу розуму толькі пазайздросціць можна. Расказвае такія яскравыя эпізоды свайго жыцця, такія гумарыстычныя, павучальныя гісторыі, што і маладога за пояс заткне.

Працаваў ён пасля вайны ў калгасе, потым пракладваў дарогі, будаваў масты, а перад пенсіяй ды ўжо атрымаўшы яе вартаваў рыбу, карміў карпаў у адной з дзяржаўных сажалак мясцовага рыбгаса “Светлая зорка”, што побач з яго роднай вёскай Кахановічы.

І вось якраз пасярод лета, у ліпені, здарылася з ім гэтая незвычайная гісторыя. На досвітку Піліп Іванавіч, пад’ехаўшы на веласіпедзе да складскога памяшкання, загрузіў у службовы катамаран пад самыя барты камбікорм і пачаў, адпіхнуўшыся ад берага вяслом, сыпаць корм шуфлем па абодва бакі лодкі. Трэба было бачыць, як скакала вакол катамарана ўдзячная вартаўніку рыба, як плямкала, раз-пораз пабліскваючы сярэбранай лускай пад першымі агністымі промнямі сонца…

“Бачыш ты, ну акурат як галодная дзятва ў час вайны”, – гаварыў сам сабе Піліп Іванавіч, любуючыся воднай роўняддзю даверанай яму сажалкі, удыхаючы на ўсе грудзі здаровую ранішнюю прахалоду і ў душы пачуваючы сябе паважаным, клапатлівым загадчыкам вялікага дзіцячага садка-ясляў. “А што, абы-каму не давераць дзяржаўнае дабро вартаваць…”

Пакарміўшы ўжо добра нагуляўшых вагу запушчаных яшчэ з вясны гадаванцаў, дзядуля прымкнуў катамаран да ладнага залацістага ствала сасны-прыгажуні, што ўвесь час любавалася сваім адлюстраваннем у вадзе, з апетытам з’еў заслужаны сняданак і, ямчэй падклаўшы пад бок і галаву ватоўку, прыдрамаў. Ён добра ведаў, што пасля ранішняга сытнага кармлення рыба не вельмі пойдзе на розныя хітрыкі рыбаловаў-браканьераў…

Паціху шумеў вецер у вершалінах сосен, мірна пераклікаліся між сабою галкі. Але ад сну вартаўніка спачатку абудзіў гул матораў, а затым рэзкія галасы людзей. Канапелька, узяўшы ў ахапак целагрэйку, бо сонца ўжо добра прыпякала, падаўся ў той бок.

– Здароў, абарыген! Адкуль ты тут узяўся?

На паляне ў дзесяці метрах ад берага стаялі аж тры легкавікі, і ладная кампанія з маладых мужчын і кабет, якія скінулі з сябе верхнюю вопратку, ужо пачала піраваць. На вялікім абрусе стаялі пляшкі каньяку і гарэлкі, піва і мінеральнай вады, была раскладзена багатая закуска. Тыя, што выпілі, ужо выцягвалі з багажнікаў вуды і спінінгі і накіроўвалі ў бок сажалкі.

– Я тут на службе вартаўніком, а сажалка гэта дзяржаўная, таму даю вам 20 хвілін на зборы, – пагрозліва прамовіў дзед Канапелька, які ў вайну прайшоў і партызанку, і фронт, таму застрашыць яго чым-небудзь было цяжка.

Тым часам падагрэтая спіртным кампанія віравала, нібы ўзбуджаныя пчолы ў вуллі, і мора ім было па калена.

Верхаводзіў, па ўсім відаць, высокі загарэлы мужчына ў вялізным капелюшы, нібы ў самбрэра.

– Якая служба, якая дзяржаўная сажалка? Дзе тут шыльда, дзе твае пасведчанні? Не дуры, дзед! Ідзі з намі лепей перакулі каньяку чарку-другую. А мы на юшку пару вёдзер вылавім – і па руках. Згода?

Дзеля праўды варта адзначыць, што на той час і сапраўды не існавала ў рыбгасе такіх немалаважных атрыбутаў, як шыльды і пасведчанні. З’явіліся яны пазней пасля такіх вось інцыдэнтаў.

– Калі вы зараз разам са сваімі машынамі не пакінеце бераг, – быў няўмольны дзед, – то я зараз паклічу Дэпутата!

З боку прыезджай кампаніі раздаўся дружны рогат:

– Якога дэпутата? Усе дэпутаты – нашы лепшыя знаёмыя і сябры. Ты хоць, дзед, ведаеш, дзе мы працуем?

А ўся штука была ў тым, што непадалёку адсюль, на лужку, у атачэнні бяроз і сосен грыз маладую зялёную траўку дзедаў ладны бык па мянушцы Дэпутат. Піліп Іванавіч нават яго і не прывязваў: той далёка ад гаспадара не адыходзіў і прыбягаў па першым яго поклічы.

– Дэпутат! Дэпутат! – зычна крыкнуў у бок лесу вартаўнік Канапелька.

З гушчару выскачыў здаравенны бугай і, пабачыўшы незнаёмых людзей, апусціў долу лабастую галаву з налітымі чырванню вачыма, капануў зямлю з усёй сілай, а потым рыкнуў так, што, мабыць, і ў дзедавых Кахановічах пачулі. Прыезджыя адразу аслупянелі ад нечаканасці і перапуду, шклянкі і вуды пападалі з іх рук. Дэпутат трушком накіраваўся ў іх бок, і тады кожны зразумеў увесь магчымы вынік такой непажаданай сустрэчы. Хто кінуўся ў бок сажалкі, хто стралою памчаў у бок вёскі. Страляла, нібы аўтамат, пад нагамі ламачча, а жанчыны  крычалі на ўсё наваколле такімі галасамі, нібы іх рэзалі.

З-за далёкай сасны паказаўся той мексіканскі капялюш.

– Дзед, бяры што хочаш, толькі адгані быка…

Піліп Іванавіч пагладзіў свайго надзейнага Дэпутата, адвёў яго на ранейшае месца, а вярнуўшыся, прыхапіў з сабою дзве бутэлькі гарэлкі і ладны калач каўбасы. “Хай і ў мой гарляк кропля трапіць, усё ж такі, што ні кажы, а перахваляваўся трохі, ліха іх бяры!”.

У рэкордна кароткі час бераг сажалкі стаў пусты.

Сяргей КУЛАКЕВІЧ.

г.Жыткавічы.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Ёсць выява забойцы Паўла Шарамета. Але ўкраінскія ўлады яе хаваюць

Украінская паліцыя мае відэа, на якім бачны два верагодныя забойцы журналіста Паўла Шарамета. Пры гэтым выява твару жанчыны, якая падклала выбухоўку пад аўтамабіль, вельмі дакладная. Але ўкраінская па

На замглавреда «Эха Москвы» Татьяну Фельгенгауэр напали с ножом

Неизвестный проник в редакцию радиостанции "Эхо Москвы" и ранил ножом заместителя главного редактора радиостанции Татьяну Фельгенгауэр. Эту информацию агентству Интерфакс подтвердил главный редактор "

Міністр эканомікі: Ёсць сферы, дзе заробку ў 1000 рублёў давядзецца пачакаць

Нягледзячы на планы ўладаў да канца 2017 года падняць сярэдні заробак у Беларусі да 1000 рублёў, яго ўбачаць не ўсе і не адразу. Гэты факт у эфіры тэлеканала АНТ канстатаваў міністр эканомікі Уладзімі