Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 23 чэрвеня 2017
6
Памер шрыфта

Новапалачанін Алег Гаруноў жыве на вуліцы ўжо больш за 7 гадоў.

Былому работніку Полацкага ліцейнага завода 54 гады. Калісьці ў яго была сям’я і ўласная кватэра. Зараз на жыццё Алег зарабляе зборам шкла і кардону.

Начаваць, як прызнаецца бяздомны мужчына, даводзіцца ў розных месцах.

На вуліцы я ўжо некалькі гадоў, але ў мяне ёсць афіцыйная прапіска ў гарадской кватэры, распавядае Алег Гаруноў. Гэта жыллё ад бацькоў засталося. Там цяпер жыве брат са сваёй вялікай сямёй, але я ў яго рэдка з’яўляюся, перашкаджаць не хачу.

Са сваёй жонкай Алег развёўся ў 2002 годзе. Паводле слоў нашага суразмоўцы, з-за нізкага заробку на заводзе. Новую кватэру, куды пераехала сям’я, мужчына пакінуў жонцы і маленькай дачцэ, а сам сышоў жыць да бацькоў.

– Рэдка якая сямя спакойна перажывае недахоп грошай, – разважае бяздомны з Наваполацка. Плацілі тады слаба, зявіліся даўгі, мы з жонкай лаяліся ўсё часцей, а потым яна развод папрасіла.

Пасля сыходу з сям’і Алег Гаруноў некалькі гадоў працаваў у Расіі. Прызнаецца, што першы час усё было добра, але пазней працадаўца стаў падманваць, а потым і наогул перастаў плаціць.

– Звычайная гісторыя, колькі гастарбайтараў так пацярпела, – кажа Алег Іванавіч. – Вярнуўся назад. Бацькі ўжо памерлі. Сышоўся з жанчынай, яна адна жыла. Нейкія грошы ў мяне былі на той момант, але доўга я з ёй не вытрымаў: злоўжывала спіртным. І вось аднойчы на вуліцу выходжу і разумею, што ісці мне няма куды! Так на вуліцы і застаўся.

Начаваць Алегу і такім, як ён,  выпадае па-рознаму: адны ўладкоўваюцца ў падвалах, другія будуюць зямлянкі ў гарадской лесапаласе. Праўда, падвальныя памяшканні камунальныя службы цяпер сталі зачыняць на замкі, а ўзломваць іх рызыкне не кожны. Некаторыя прыбіваюцца да адзінокіх людзей з жыллём.

Паводле слоў Алега, нярэдка на вуліцы аказваюцца ў мінулым цалкам паспяховыя людзі.

– Розныя прычыны ва ўсіх, неабавязкова гэта п’яніцы, – тлумачыць былы ліцейшчык. – Вось ваенны адзін ёсць: ветэран Афганістана. У свой час за краты за нешта трапіў, вярнуўся, а кватэры ўжо няма. Шмат вясковых у горадзе жыве: дом згарэў, куды падацца?! Нярэдка родныя дзеці бацькоў на вуліцу выганяюць без дакументаў, пашанцуе яшчэ, калі ў прытулак які здадуць.

Зарабляе Алег у асноўным на здачы другаснай сыравіны. У сярэднім у дзень атрымліваецца каля 5–6 рублёў. Праўда, назбіраць кардону або шкла трэба не адзін кілаграм.

Кілаграм кардону каштуе 13 капеек, – распавядае пра кошты на другасную сыравіну Алег. Бутэлькі крыху даражэй. У апошні час заўважыў, што і звычайныя людзі на прыёмцы ўсё часцей зяўляюцца. Кнігі, напрыклад, многія здаюць, цэлыя бібліятэкі прыносяць. Чытанне, мабыць, не актуальна цяпер.

Падпрацоўвае Алег таксама, дапамагаючы дворнікам. Некаторыя звяртаюцца рэгулярна, бо ў адзіночку не спраўляюцца з аб’ёмам працы. Ад такіх прапаноў бяздомны новапалачанін не адмаўляецца.

– Дворнікам зусім капейкі плацяць, – кажа Гаруноў. – Нядаўна адна жанчына 120 рублёў атрымала, дык у той жа дзень і звольнілася. Тэрыторыі ў іх вялікія, а плаціць не хочуць. Я пагадзіўся б і за 100 рублёў працаваць, але хто ж мяне ўжо возьме: дакументаў няма, стаж працоўны не дакажаш…

Спіртным, паводле слоў Алега, ён захапіўся, калі ўжо апынуўся на вуліцы. Маўляў, нельга не ўжываць, калі такі лад жыцця вядзеш. Але кажа, што калі б натрапілася пастаянная работа, то змог бы «завязаць».

Сёння ў Алега Гарунова толькі адна мара: сустрэцца з дачкой, якая з’ехала жыць у Англію.

Ната хадзіла ў прэстыжны садок, добрую школу, успамінае Алег Іванавіч. У школах раней дзяцей у Еўропу на летнія канікулы адпраўлялі, на аздараўленне. Не ведаю, зараз ёсць такое? Дачка ў Англію паехала, там сямя бяздзетная яе прыняла, а праз некаторы час яны ёй выклік зрабілі. Так і зехала…

Час ад часу дачка прыязджае ў Беларусь. Але з бацькам пакуль не сустракалася. Алег упэўнены, што рана ці позна яны пабачацца.

А калі яна не захоча сустрэцца?

– Дзеці заўсёды ўспамінаюць пра бацькоў. Цяпер ёй 26 гадоў. Можа, час не прыйшоў яшчэ. Тым больш што дрэннага я ёй нічога не зрабіў. Таму буду чакаць.

***

Вядома ж, лёс Алега Гарунова выклікае спачуванне. Хоць нельга ўспрымаць кожнае яго слова, як кажуць, за чыстую манету. Што значыць “мы з жонкай лаяліся ўсё часцей”? Калі жанчына пайшла на развод, то, мабыць, не ад добрага жыцця з такім мужам, як Алег?

Нельга пагадзіцца і з яго разважаннямі наконт заробкаў дворнікаў. Яны ў многім залежаць ад таго, якую тэрыторыю хто абслугоўвае, якія функцыі выконвае, як ставіцца да працы. Дворнік, які сумленна выконвае свае абавязкі, не мае заўваг ні ад адміністрацыі ЖЭСа, ні ад жыльцоў, можа мець больш-менш прыстойны заробак. У многіх месцах з-за наплыву жадаючых не так проста ўладкавацца дворнікам.

Няма сэнсу каментаваць іншыя “байкі” А.Гарунова. Чалавеку, які трапіў у такую сітуацыю, можна даць адну параду: збяры, даражэнькі, усе сілы ў кулак, добра падумай і знайдзі той шлях, які выведзе цябе на нармальную жыццёвую дарогу.

Фота аўтара.

Аўтар: Раман ВАСЮКОВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.