Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 6 снежня 2016
16
Памер шрыфта

Выстава, якую два гады таму зачынілі ў Заслаўі, сёлета ездзіць па Беларусі.

“30 лістапада ў Мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» будзе адкрыта выстаўка «Беларусы ў Войску Польскім 1939–1945 гг.», падрыхтаваная Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча ў г.Брэсце”, – паведаміла днямі амбасада Польшчы ў Мінску. У анонсе адзначалася, што падрыхтавана выстава пры непасрэдным удзеле беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук Ігара Мельнікава і выстаўляецца яна ўжо ў трэці раз у гэтым годзе.

Але ў гэтай выставы свая гісторыя, якая сведчыць пра супярэчнасці нашых дзён. І, магчыма, пройдзе час – і вось па такіх гісторыях у нашых нашчадкаў будзе складацца ўяўленне пра час, у які мы жывём.

…Верасень 2014-га. У Гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе» адкрываецца выстава Ігара Мельнікава «Заходнебеларуская Атлантыда», якая расказвае пра жыццё жыхароў Заходняй Беларусі і беларусаў, якія з 1 верасня 1939 года ваявалі ў Войску Польскім супраць фашыстаў. Аднак выставу наведваюць чыноўнікі, і тагачасны начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінаблвыканкама Руслан Трухан, паводле слоў Мельнікава, заяўляе, што “такая выстава прыніжае ролю СССР, правапераемніцай якой з’яўляецца Беларусь, а значыць, прыніжае і саму Беларусь”. Праз пару дзён “па тэхнічных прычынах” выстава ў Заслаўі зачыняецца.

“Гэта не можа быць лепшым ці горшым перыядам – гэта беларуская гісторыя”, – казаў тады Ігар Мельнікаў.

І вось зараз, калі мы назіраем пацяпленне ў адносінах паміж Беларуссю і  ЕС, у гісторыі гэтай выставы адкрываецца новая старонка.

– У гэтым годзе я  звярнуўся да супрацоўнікаў польскай амбасады ў Мінску, – расказвае Ігар Мельнікаў, – бо сапраўды за 5 гадоў сабраў шмат артэфактаў, арыгінальных здымкаў, памятных рэчаў, гісторый людзей, дакументаў, якія расказваюць пра змаганне беларусаў супраць нацыстаў у шэрагах Войска Польскага. Таксама ў маёй калекцыі шмат цікавых арыгінальных дакументаў і здымкаў з жыцця заходніх беларусаў у міжваенны час, ёсць арыгінальная ўніформа жаўнера Корпусу аховы памежжа і марака Пінскай рачной флатыліі. Безумоўна, шкада было, што ўсё гэта не бачаць людзі, не ведаюць  і такую нашу гісторыю…

Польскі бок зацікавілі сабраныя мной матэрыялы і артэфакты, і з дапамогай польскай амбасады ў ліпені гэтага года экспазіцыя «Беларусы ў Войску Польскім 1939–1945 гг.» выстаўлялася ў Мінску ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. А ў верасні – часткова ў рамках вялікай выставы «Беларусы ў II Польскім корпусе. Невядомыя старонкі Другой сусветнай вайны» ў цэнтральным дзяржаўным Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Гэтая выстава, дарэчы, вельмі пампезна адкрывалася. У адкрыцці бралі ўдзел высокапастаўленыя госці – амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік, намеснік міністра культуры Беларусі Васіль Чэрнік, намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына, кіраўніцтва Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, замежныя дыпламаты. На адкрыццё выставы прыязджала дачка славутага генерала Ганна-Марыя Андэрс.

І вось зараз выстава едзе ў Брэст. І, на мой погляд, гэта вельмі важна. Бо з Брэсцкай крэпасці вайна пачыналася і ў 1939-м, і у 1941 годзе. І калі пра 1941 год вядома многа, то пра 1939-ы – не. У  гэтай экспазіцыі я зрабіў асаблівы акцэнт на Польскім даваенным гарнізоне Брэсцкай крэпасці. Думаю, гэта важна і для нас, і для польскай амбасады. І на адкрыцці выставы будзе прысутнічаць амбасадар Польшчы  Конрад Паўлік  і кіраўнік Генеральнага консульства  Польшчы ў Брэсце Славамір Місяк.

Дарэчы, паводле слоў Ігара Мельнікава, у наступным годзе выстава «Беларусы ў Войску Польскім 1939–1945 гг.» будзе прадстаўлена ў Польшчы ў амбасадзе Беларусі ў Варшаве.

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.