Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Заўтра спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння легенды Купалаўскага тэатра. 
14:18 9 верасня 2016
8
Памер шрыфта

Калі ўспамінаюць народную артыстку Зінаіду Браварскую, заўсёды ўдакладняюць, што яна была яшчэ і парторгам тэатра. Цяпер можна ўсміхнуцца, узгадаўшы гэты факт. Аднак у той час ён азначаў несумнеўныя лідарскія якасці персоны. Зінаіда Іванаўна сапраўды была ў тэатры важаком – фармальным і нефармальным таксама: выбівала, даставала, апекавала, задавальняла. Усё гэта, вядома, няварта было ўзгадваць, калі б актрыса не была лідарам і ў прафесіі. Яе талент быў іскрыстым, шматколерным, шматгранным. У кожнай ролі яна была зусім іншая, не падобная ні на адну з ранейшых гераінь. Выступала таксама і як аўтар і рэжысёр пастановак на радыё.

Сцэне Зінаіда Браварская служыла пакорліва, была адданая ёй без астатку. Таму другі факт, які абавязкова ўспамінаюць з яе асабістага жыцця, быў бязмерна трагічным. У дзень смерці свайго 12-гадовага сына, які трапіў пад колы грузавіка проста ў двары дома, актрыса ўсё роўна выйшла працаваць на сцэну тэатра. Многія тады асуджалі яе за гэта. А яна ж ратавалася ад вар’яцтва мацярынскага гора. Ды дзе ж яшчэ, як не на сцэне… Тэатр заўсёды быў яе «месцам сілы».

Зінаіда Іванаўна нарадзілася на маленькай чыгуначнай станцыі пад Адэсай. Калі паехала паступаць у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва, мама так-сяк наскрэбла дачцэ на квіток у адзін бок. А на зваротны шлях дала дзяўчынцы «натуру» – новую байкавую коўдру. Маўляў, прадасі – дабярэшся дадому назад.

Гэтае «назад» ніяк не ўваходзіла ў планы Зінаіды. Яна наважылася паступіць што б там ні стала – і яе прынялі у прэстыжны маскоўскі вуз. Доўга змагалася з украінскім акцэнтам – і перамагла яго. У 1937 году па размеркаванні прыехала працаваць у Мінск, у 1938-м яе запрасілі у Першы беларускі тэатр. Яна вывучыла і беларускую мову.

Народная артыстка Зінаіда Браварская належыць да плеяды «вялікіх старых» Купалаўскага тэатра. Яе партнёрамі былі Рахленка, Ржэцкая, Глебаў, Малчанаў… Яе вучнямі (больш за дваццаць гадоў аддадзена Акадэміі мастацтваў) сталі многія цяперашнія народныя і заслужаныя артысты. На жаль, я занадта позна прыйшла да Зінаіды Іванаўны на інтэрв’ю: акторка разумела, што творчы шлях пройдзены і збіралася пісаць кнігу. Яна не хацела разменьвацца на газетны жанр. Пісаць дапамагала вядомая журналістка – актрыса ужо вельмі дрэнна бачыла, інакш ёй ніякія памочнікі не спатрэбіліся б. Але справа, здаецца, па нейкіх прычынах зацягвалася. Зінаіда Іванаўна нервавалася. Пры мне яна патэлефанавала журналістцы і сказал, як малой: «Вы разумееце, што маё жыццё можа скончыцца кожны дзень?» Гэта быў тон парторга. І… крык пра дапамогу… Мне здаецца, яна ўсё ж такі не баялася смерці. Браварская, як заўсёды, баялася, не выканаць задуманае.

Сёння ў музеі тэатральнай і музычнай культуры адкрываецца выстава да 100-годдзя з дня нараджэння вялікай актрысы. На адкрыццё прыйдуць яе малодшыя калегі па сцэне – успомніць дзівосную жанчыну, ўстойлівага салдата сцэны, таленавітую акторку Зінаіду Браварскую.

Аўтар: Алена МАЛОЧКА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.