Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

11:50 12 верасня 2016
12
Памер шрыфта

Вось ужо і саракавіны па Паўлу Шарамету. І ўсе гэтыя дні не верыцца, што гэта здарылася: перад вачыма яго вобраз, добразычлівы позірк. Успамінаюцца самыя розныя нюансы нашых сустрэч, нейкіх падзей, мерапрыемстваў, на якіх пашчасціла перамовіцца, быць разам.

Калі Павел з’явіўся на беларускіх каналах у праграме “Праспект” і “Эканаміст”, гэта стала падзеяй, таму што па тым часе гэта быў зусім іншы тыпаж журналіста: журналіст-суразмоўца, які спакойна, лагодна і добразычліва, робячы нечаканыя паўзы, думаў і прымушаў думаць нас, тэлегледачоў. Многія беларускія тэлевядучыя яго не ўспрынялі, таму што самі пайшлі па лёгкім шляху: і па сённяшні дзень многія, карыстаючыся тэлесуфлёрам, гавораць хутка, без унутранага перажывання, не вядуць дыялог з тэлегледачамі, як гэта рабіў Павел. На жаль, не вельмі часта на тэлебачанні нам даводзілася пры сустрэчах вітацца, усміхацца. І раптам даведваюся: абедзве яго праграмы выціснулі з эфіру.

Ужо калі працаваў на расійскім канале “ОРТ”, Павел раз-пораз наведваў Беларусь, па-ранейшаму сачыў за нашым палітычным жыццём. Аднойчы арганізаваў канцэрт “Рок за свабоду” з удзелам расійскага музыканта і спевака Вячаслава Бутусава. Улады дазволілі імпрэзу на плошчы Бангалор пры ўмове, што на сцэну не выйдуць апальныя гурты “Палац”, “Нейра Дзюбель”, “Крама”, спявак Зміцер Вайцюшкевіч. І вось што прыдумаў Павел: каб перад пачаткам канцэрта разам з шэрагам нашых палітыкаў я выйшла на сцэну і сказала некалькі слоў пра Беларусь. Хадзіла, думала, хвалявалася, што сказаць.

Прыехала, прабілася да сцэны. Першае ўражанне: моладзь ідзе ды ідзе, мноства міліцыянтаў. Павел папярэдзіў, каб была гатова да выступлення ў любую хвіліну. Нікога з выступоўцаў не было бачна. І толькі пад’ехаў мікрааўтобус з Бутусавым – я і войкнуць не паспела, як узляцела на сцэну з дапамогай Паўла. Ён яшчэ паспеў крыкнуць: “Ваша выступленне чацвёртае, пачынайце без паўзы!”

Тым часам беларускія музыканты сказалі па некалькі слоў і – мая чарга. Прачытала тры чатырохрадкоўі пра Беларусь. Памятаю апошняе:

Адчыніць гатовы дзверы

І на захад, і на ўсход,

Бо жыцця і лепшай долі

Ўсё чакае наш народ.

– Калі вас сабрала гэтая плошча з удзелам Вячаслава Бутусава, – перайшла я на прозу, – вы падтрымліваеце акцыю “Рок за свабоду”.

– Так! – грымнуў натоўп.

– Вы за тое, каб наша Беларусь была вольнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай?

– Так! – разнёсся дружны кліч тысячаў маладых суайчыннікаў.

– Тады – жыве Беларусь!

– Жыве! – на ўсю моц выгукнула шматтысячная плошча.

Я была так уражана гэтым эмацыянальным відовішчам, што не заўважыла, як ізноў апынулася на руках Паўла Шарамета. Ён асцярожна паставіў мяне на зямлю. Трэба было хутчэй выбірацца з натоўпу, бо ўжо чуліся крыкі адказных за парадак чыноў: “Хто дазволіў? Адкуль яна ўзялася? На сцэну нікога не пускаць!”

Тым часам Анатоля Лябедзьку, Валерыя Фралова, Сяргея Калякіна, пагражаючы, адціскалі ад сцэны. Дагэтуль не разумею, як Паўлу ўдалося ўсё пралічыць, зарыентавацца і зрабіць так, каб я паспела прамовіць свае словы.

Ніколі не забуду, як частавала ў сябе дома Паўла Шарамета і Святлану Калінкіну смажанымі ў кляры грыбамі-парасончыкамі. І як, смакуючы і смеючыся, ён па-дзіцячаму захапляўся пачастункам, імкнучыся адгадаць: з чаго ж гэта прыгатавана – мяса птушкі ці труса?

Гэта Павел пазнаёміў мяне і майго мужа з Барысам Нямцовым. Мы паехалі ў Маскву на сустрэчу з прадстаўнікамі дэмакратычных колаў Расіі. На Беларускім вакзале нас сустракаў Павел. І калі мы выехалі з прывакзальнай плошчы, ён раптам прапанаваў: “У нас яшчэ ёсць час. Заедзем да Барыса Нямцова?” Божа, гэта была такая нечаканая і такая радасная сустрэча! Мне падалося, што вялікая зала ў доме гаспадара стала цеснай для гэтых двух вялікіх і прыгожых мужчын. Адразу адчулася, што яны сябры: задавалі нам пытанні і адначасова абменьваліся ўражаннямі, жартавалі.

Знешне яны былі вельмі розныя, і адначасова было такое падабенства паміж імі: абодва валодалі выключнай харызмай, пачуццём гумару, нейкай прыцягальнай моцай і даверлівасцю позірку. Даведаўшыся, што мы не былі яшчэ ў храме Хрыста Збаўцы, арганізавалі нам яго наведванне. Тады не было ніякага прадчування велізарнай трагедыі, непапраўнай страты для Беларусі, Украіны і Расіі.

У той дзень, калі грымнуў страшэнны выбух у цэнтры Кіева, з самага ранку і да позняй ночы, і ў наступны дзень амаль усе асноўныя тэлеканалы Украіны (у адрозненне ад беларускіх) вялі праграмы пра Паўла Шарамета. Колькі цікавых фактаў, колькі людзей выказваліся пра слыннага сына Беларусі! Не забуду словы маладога ўкраінца: “У Беларусі Шарамет адседзеў у турме, з Расіі яго выціскалі як маглі, а ва Украіне яго забілі”.

Калі ішла на развітанне ў храм Усіх Святых, перад вачыма праходзілі тэлекадры развітання ва Украіне. Гэта там, а ў нас… Скажу шчыра, хвалявалася: лета, субота, лецішчы… Дый урэшце беларусы прыйсці пабаяцца… І заплакала ад палёгкі, калі ўбачыла бясконцы ланцужок людзей з кветкамі. І, колькі там была, ён не памяншаўся.

Дзякуй вам, людзі, што разумееце, што ж здарылася на самай справе і што трэба рабіць, каб нашы дзеці і ўнукі не патрапілі ў горан той страшнай вайны, якая ўжо грукаецца ў нашы дзверы!

Аўтар: Зінаіда БАНДАРЭНКА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Алена Анісім: на беларускай мове могуць выкладацца абсалютна ўсе прадметы…

Нядаўна Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманiтарныя дысцыплiны на беларускай мове, а дакладныя – на рускай.

Жители Бобруйска скидываются на реконструкцию детской больницы

В Бобруйске не хватает средств на реконструкцию детской больницы, которая обслуживает маленьких пациентов из пяти районов Могилевской области.

За скорость лишать, бесправников арестовывать: поправки в КоАП приняли во втором чтении

Бесправников в Беларуси планируют наказывать административным арестом за повторное нарушение. Об этом сегодня сообщил председатель Постоянной комиссии Палаты представителей по правам человека, национа