Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

15:55 30 студзеня 2017
19
Памер шрыфта

Белстат: валавы ўнутраны прадукт у 2016 годзе знізіўся на 2,6 працэнта.

 

Крытычна гэта для Беларусі ці не?

Сяргей Чалы, эканаміст:

– Што значыць “крытычна”? Падзенне не смяротнае, але адчувальнае.

Што такое ВУП? Гэта сумарны кошт усіх вырабленых тавараў і паслуг за год у эканоміцы. Простымі словамі – гэта ўсё, што зроблена на тэрыторыі нашай краіны, у грашовым эквіваленце. Падзенне ВУП сведчыць пра тое, што зніжаецца грашовая выручка прадпрыемстваў, кампаній, фірмаў, памяншаюцца прыбыткі нацкапітала і памяншаюцца даходы ад працы, адпаведна падае зарплата і спажывецкі попыт. Яшчэ адно сведчанне такой тэндэнцыі – узровень жыцця ў краіне зніжаецца.

На мой погляд, беларусы яшчэ да канца не ўсвядомілі, што адбылося. Магчыма, таму, што народ верыць у тое, што гэты крызіс, як і ўсе папярэднія, не надоўга, хутка адбудзецца аднаўленне даходаў, тым больш што заробак у 500 долараў ужо паабяцалі. Але, на самай справе, цяперашні крызіс якраз-такі адрозніваецца ад усіх папярэдніх тым, што ён паказаў, чаго вартая беларуская эканоміка без знешніх спецэфектаў, штучнага стымулявання. Высветлілася, што эфектыўнасць беларускай эканомікі вельмі нізкая, што сярэдні заробак у межах 340–350 долараў – гэта і ёсць узровень канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі.

Анатоль Трухановічбізнесмен, старшыня Беларускага саюза падаткаплацельшчыкаў:

– Крытычная сама тэндэнцыя. А ўлічваючы тое, што ў Беларусі такі паказчык, як ВУП на душу насельніцтва, адзін з горшых у Еўропе, то падстаў для аптымізму і зусім няма.

ВУП на аднаго чалавека – гэта адзін з паказчыкаў дабрабыту краіны, а мы прайграём усім краінам Еўропы, акрамя Малдовы. У 2016 годзе нават ва Украіне, дзе працягваюцца ваенныя дзеянні,  ВУП на душу насельніцтва быў вышэйшы, чым у нас. Там рост, сельская гаспадарка ў плюсах! Аграрны сектар Украіны даў 4,8 млрд долараў прыбытку. І гэта ваюючая краіна. Думаю, у іх і ў эканоміцы сітуацыя будзе паляпшацца, таму што ва Украіне свабода бізнесу, свабода слова.

Васіль Шлындзікаў, старшыня Камісіі па эканамічнай палітыцы і рэформах Вярхоўнага Савета 13-га склікання:

– Гэта не зусім крытычна, ад гэтага мы не памром. Але тое, што другі год запар ВУП зніжаецца, насцярожвае. Тым больш што няма аб’ектыўных перадумоў спадзявацца на тое, што падзенне вось-вось спыніцца і пачнецца рост эканомікі ў 2017 годзе. А гэта ўжо пагроза глыбокага эканамічнага крызісу.

Прычыны падзення відавочныя. Тармозіць рэформы ўнутраная палітыка. Многія прадпрыемствы, асабліва ў аграрным сектары, застылі ў савецкім часе, а ўлады не даюць іх мадэрнізаваць. Ручное кіраванне, бясконцыя ўказы, няма стабільнасці, таму людзі баяцца развіваць свой бізнес. Другая прычына – знешняя, звязаная з расійскай агрэсіўнай палітыкай, якая прывяла да санкцый. Крызіс у Расіі імгненна адбіўся на эканоміцы Беларусі.

Вадзім Іосуб, старшы фінансавы аналітык кампаніі «Альпары»:

– Тут усё вельмі проста: рост ВУП – гэта добра, моцны рост – гэта вельмі добра, і адпаведна падзенне – дрэнна. Падзенне на 2,6 працэнта  –  амаль небяспечна, 2,6 – лічба вялікая. Але што асабліва трывожна, дык гэта тое, што ВУП падае другі год запар, і, нягледзячы на ўсе аптымістычныя афіцыйныя прагнозы, падзенне можа працягнуцца і ў 2017 годзе. Праўда, бачна запавольванне тэмпаў падзення: у 2015 годзе ВУП Беларусі ўпаў на 3,8 працэнта, у 2016-м – на 2,6, прагнозы міжнародных экспертаў і незалежных эканамістаў на 2017-ы – 0,5–1 працэнт. Але ўсё роўна гэта падзенне. І калі прагноз спраўдзіцца, Беларусь можа апынуцца ў лідарах: сёння у свеце няма ніводнай краіны, эканоміка якой падала б тры гады запар! Дзесьці войны, недзе рэвалюцыі, у нас – астравок стабільнасці, але пры гэтым тры гады запар падае ВУП.

Міхаіл Шруб, кіраўнік сялянскай гаспадаркі з Жыткавіцкага раёна:

Я не такі вялікі эксперт, каб рабіць заключэнні: крытычна гэта ці не крытычна. А вось, што гэтае падзенне, мяркуючы па ўсім, не спыніцца і ў 2017 годзе, – дрэнна. Я не бачу мер, якія прапаноўваліся б і якія пераканаўча сведчылі б пра аднаўленне тэмпаў росту ВУП. А раз дынаміка адмоўная, то гэта можа стаць сапраўды крытычна. Праўда, наўрад ці для ўсёй эканомікі ў цэлым, але калі стануць нежыццяздольнымі некаторыя лёсавызначальныя прадпрыемствы, ці, не дай бог, галіны – гэта крытычна.

Што тычыцца сельскай гаспадаркі, то ў аграрным сектары ўсе гэтыя працэсы адбываюцца з запаволеннем ў сілу асаблівасцяў абароту капіталу. Крызісныя з’явы павольней наступаюць, але потым даўжэй захоўваюцца. Сёння аграрны сектар адчувае сябе дрэнна, некаторыя прыросты валавой вытворчасці па асобных галінах фактычна сітуацыю не мяняюць, таму што ўзровень эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці ўжо даўно за крытычнай адзнакай.

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Вялікія рэформы ЖКГ?

На гэтым тыдні ўрад актыўна абмяркоўвае колькі і як насельніцтва павінна аплочваць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Девять продуктов для здоровья сосудов

Присутствие этих продуктов в рационе станет отличной профилактикой заболеваний сердечно-сосудистой системы.

“Радыё хаваць рана…” Сустрэча з Нінай Палуцкай

У Гродне 17 кастрычніка ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла сустрэча з Нінай Палуцкай, рэдактаркай аднаго з першых незалежных радыё Беларусі “Радыё НБК”.