Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 27 снежня 2016
9
Памер шрыфта

Уявіце сабе, што ваш гадавы заробак складае 240 тысяч долараў. Але, на жаль, у апошні час ваша праца стала прыносіць менш прыбыткаў прадпрыемству, і кіраўніцтва прапанавала перагледзець умовы кантракта, з тым каб крыху паменшыць ваш гадавы заробак.

Падобная сітуацыя, як нам здаецца, склалася ў вядомага экс-футбаліста, сённяшняга галоўнага настаўніка ігракоў на зялёным полі. І…

НА ГАДАВЫ ЗАРОБАК, МЕНШЫ ЗА 240 ТЫСЯЧ ДОЛАРАЎ, ЭКС-ГАЛОЎНЫ ТРЭНЕР ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ ПА ФУТБОЛЕ АЛЯКСАНДР ХАЦКЕВІЧ НЕ ЗГАДЗІЎСЯ.

А ЦІ ПАГАДЗІЛІСЯ Б ВЫ?

Алена КУСТУС, прадпрымальніца рынку “ЦУМ” (Брэст):

– Як кажуць, няма тых грабляў, што ад сябе грабуць, хаця, калі чую пра такія заробкі, то мне хочацца адначасова і плакаць, і смяяцца. Паколькі спортам я асабліва не цікаўлюся, то для мяне стала самым сапраўдным адкрыццём, што галоўны трэнер каманды, якая ніколі не дасягала высокіх вынікаў, атрымлівае такія вялізныя грошы – паўмільёна долараў за два гады! У мяне за ўсю маю прадпрымальніцкую дзейнасць такога тавараабароту не было. Я думала, што трэнеры вядучых каманд атрымліваюць прыкладна па тысячы долараў у месяц – гэта ўсё ж такі добрыя грошы для Беларусі. Але каб такія сумы!..

Трэнерам трэба ўвесці аплату працы па прадпрымальніцкім прынцыпе. Мы атрымліваем грошы, калі прадаём тавар. Так і ў футболе няхай зробяць. Паказаў вынік – атрымаў заробак.

Зміцер ВАЙЦЮШКЕВІЧ, бард:

– У гэтай сітуацыі ёсць два бакі медаля. Можна не пагадзіцца працаваць за меншую суму і ўсё роўна заставацца справядлівым. Бо ёсць юрыдычны кантракт, на які ў свой час пагадзіўся ваш працадаўца. І, калі па ўмовах падпісанага дакумента гэты кантракт не падлягае зменам ні пры якіх абставінах, то чаму хтосьці мае права змяншаць мой заробак? Але ёсць і іншы бок справы. Усе мы ведаем, якая зараз сітуацыя ў краіне, як сціснулася эканоміка, якія заробкі ў простых людзей… І вось тут ужо для чалавека, які жыве ў варунках іншых каштоўнасцяў, пытанне выбару: якое рашэнне прымаць?

Леанід ПУТЫРСКІ, анколаг-мамолаг, доктар медыцынскіх навук:

– Калі б мне як урачу зменшылі гадавы заробак з 240 тысяч долараў, скажам, да 180 тысяч, то я абсалютна не спрачаўся б і працягваў працаваць. Але ж мы ведаем, што ў спорце зусім іншыя грошы, чым у медыцыне. І калі чалавек ведае, што ён у любы момант можа знайсці працу і за 250 тысяч долараў у год, то чаму б не? Матэрыяльнае пытанне для людзей таксама іграе не апошнюю ролю.

Іван ПЯСЕНКА, выкладчык гісторыі гімназіі №3 г.Бабруйска:

– Няма ніякага сэнсу разважаць пра нешта ў тэорыі, таму што на практыцы настаўнікі не маюць па 20 тысяч долараў у месяц і, відаць, ніколі столькі атрымліваць не будуць. Тысяча долараў у месяц – ужо было б за шчасце.

Славамір АДАМОВІЧ, паэт:

– Калі б я рэальна зарабляў 240 тысяч долараў у год, то, ведаючы свой характар, мог бы і не пагадзіцца на меншую суму, нават калі б не выканаў нейкую задачу. Бо кантракт ёсць кантракт. Ты разлічваеш на адну суму, і раптам яна змяняецца. Таму цудоўна разумею таго ж трэнера. Калі маеш такія грошы, то думаеш зусім па-іншаму. Тут не трэба ні зайздросціць чалавеку, ні хаяць яго…

Аляксандр АКУЛЕНКА, супрацоўнік сталічнага ЖЭС-4:

– Не пагадзіўся б, калі б дакладна ведаў, што працадаўца па законе абавязаны выплаціць мне гэтыя грошы. Тут ужо справа прынцыпу…

Мікалай КАЖУРА, рабочы Мінскага трактарнага завода (прозвішча па просьбе рэспандэнта зменена):

– Наогул не разумею: за што плаціць трэнеру такія вялізныя грошы? Не дакараю Хацкевіча, сам гляджу футбол, але ці ёсць мазгі ў тых футбольных кіраўнікоў, якія даюць трэнерам за два гады працы паўмільёна долараў?! Я на заводзе ў апошні месяц атрымаў чыстымі каля 550 рублёў (прыкладна 275 долараў). Зараз нас са здзелкі на тарыфныя стаўкі перавялі, таму зарабляць сталі менш, а цэны з кожным днём растуць усё хутчэй.  І што, гэта вялікія грошы за працу на вытворчасці завода-гіганта?

Адным словам, калі падлічыць, то за год працы зарабляю недзе 3 тысячы долараў, а каб атрымаць 300 тысяч долараў і хоць крыху наблізіцца да двухгадовага заробку футбольнага трэнера, мне неабходна было б працаваць аж 100 гадоў! Бачыце розніцу?!

А што тычыцца таго, як бы я паступіў, калі б у мяне нешта было… Ні завод, ні вы не дадзіце ж мне гэтыя 240 тысяч долараў, дык навошта мне забіваць галаву глупствам?

Вольга УЛАСАВА, галоўны трэнер зборнай Беларусі па скачках на батуце:

– Я не магу адказаць на ваша пытанне, таму што пра такія сумы мы нават і не марым. Батут – гэта не футбол і не хакей. Калі працавала ў дзіцяча-спартыўнай школе, з улікам таго, што ў мяне было не менш як 15 спартсменаў, якія знаходзіліся ў рэзерве зборнай, заробак быў у межах 1000 рублёў (каля 500 долараў).

Зараз як галоўны трэнер нацыянальнай каманды я на стаўцы ў Міністэрстве спорту, аклад – прыкладна 450 рублёў. Але дадаткова атрымліваю за вынік, які мы паказалі на апошніх Гульнях у Бразіліі – Уладзіслаў Ганчароў стаў алімпійскім чэмпіёнам. Дарэчы, мой заробак залежыць толькі ад выніку. Няма яго – вось на гэтыя 450 рублёў і жыла б.

Апытанне праводзіў Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Бюджет 2018: кому добавят, кого ужмут

Депутат А.Канопацкая опубликовала «заранее» доходы и расходы республиканского бюджета, запланированные на следующий 2018 год.

На мяжы класікі і сучаснасці: фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» выступіць з незвычайнай праграмай

Ужо хутка, 9 снежня, на сцэне Вялікай залы філармоніі выступіць фартэпіяннае трыа «Nouvelle Philharmonie» - стыльныя, багемныя, ашаламляльныя Арцём Шышкоў, Дзіма Цыпкін і Сяргей Смірноў.

Вадим Сашурин: «Только от здорового человека можно ждать побед»

Наиболее титулованный белорусский биатлонист, на счету которого более полутора десятков наград зимних и летних чемпионатов мира, поменял профессию. Ныне он специалист по общефизической подготовке.