Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 25 студзеня 2017
9
Памер шрыфта

Чарговыя мясцовыя выбары павінны адбыцца не пазней 20 лютага 2018 года. Калі карэкціраваць Выбарчы кодэкс, то гэта, вядома, трэба зрабіць загадзя. 

Ці ідзе адпаведная праца ў гэтым накірунку?

Леанід ЦУПРЫК, старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу: “Няхай бы АБСЕ паракамендавала ЗША…”

– Праца па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства вядзецца пастаянна. Удакладніць, што адбываецца на дадзеным этапе, я параіў бы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая мае права заканадаўчых ініцыятыў.

Пакуль у нашу камісію ніякіх законапраектаў з нагоды выбарчага заканадаўства не паступала. Мы цяпер вывучаем тыя прапановы, якія ішлі па лініі БДІПЧ АБСЕ. Як вядома, у снежні мінулага года дэлегацыя Бюро на чале з віцэ-прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кентам Харстэдам наведала Беларусь. Яны сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, кіраўніком ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, была сустрэча і ў парламенце, у нашай камісіі. Як вядома, АБСЕ па-ранейшаму рэкамендуе Беларусі ўдасканальваць выбарчае заканадаўства. Дык вось падчас сустрэчы я задаў пытанне, а як разумець з пункту гледжання дэмакратыі тое, што ў ЗША больш за палову грамадзян былі супраць абрання Трампа прэзідэнтам, а ён тым не менш абраны!  Адказ я атрымаў даволі цікавы. Маўляў, вы ж разумееце, што няма дасканалага заканадаўства ў свеце. Калі так, то з гэтага і трэба зыходзіць –  у першую чаргу з інтарэсаў сваёй краіны, сваіх грамадзян.

– Вы лічыце, што на сёння ў наш Выбарчы кодэкс змены ўносіць не трэба?

– Я гэтага не казаў. Я лічу, што трэба ўсё ўважліва вывучыць, удумацца і рабіць толькі тое, што пойдзе на карысць нашай краіне і яе грамадзянам.

Лідзія ЯРМОШЫНА, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі: “Працуе пазаведамасная экспертная група”

– Праца, вядома, ідзе. Мы будзем не проста прапаноўваць змены ў заканадаўства, а змены ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ.

Зараз пры Цэнтральнай выбарчай камісіі працуе пазаведамасная экспертная група, якая да 1 лютага прадставіць свае прапановы кіраўніку дзяржавы. І далей усё залежыць ад таго, якія прапановы будуць прыняты. Як толькі будзе дадзена адабрэнне ажыццявіць прапановы ў канкрэтныя заканадаўчыя нормы, мы тут жа ўсё хутка зробім. Але ўсё залежыць ад волі суб’екта заканадаўчай ініцыятывы, то бок ад кіраўніка дзяржавы.

– І што прапаноўваецца?

– Гэта пакуль канфідэнцыйная інфармацыя, яна з’яўляецца службовай. Толькі тады, калі мы атрымаем адабрэнне па канкрэтных прапановах, тады і можна будзе пра гэта гаварыць. Але магу сказаць, што тыя пастановы Цэнтральнай выбарчай камісіі, якія прымаліся да парламенцкіх выбараў, гэта значыць насілі форму рэкамендацый, будуць прапаноўвацца як заканадаўчыя нормы. А гэта адкрытае, галоснае, канкурэнтнае фарміраванне выбарчых камісій, гэта падлік галасоў у межах бачнасці, гэта інфармаванне насельніцтва. Усё тое, што мы прапаноўвалі як пастановы ЦВК, будзе адназначна рэкамендавана для ўнясення ў заканадаўства. Плюс прапрацоўка тых дадатковых прапаноў, якія ёсць у рэкамендацыях АБСЕ.

– Перад парламенцкімі выбарамі фарміраванне ўчастковых камісій быццам бы праходзіла па новых правілах, але прадстаўнікі апазіцыі па-ранейшаму сцвярджаюць, што камісіі фарміруюцца так, каб туды не патрапілі «выпадковыя» людзі. Ці будуць унесены такія змены ў заканадаўства, якія дазволяць усім кандыдатам мець сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковых камісіях?

– Адзінае, што мы будзем прапаноўваць і што сапраўды можна зрабіць, – каб кожны кандыдат у дэпутаты і адпаведна кандыдат у прэзідэнты меў права прызначыць свайго прадстаўніка з правам дарадчага голасу ў акруговыя тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі.

– Але прэтэнзіі ад дэмакратычных сіл гучаць менавіта з нагоды складу ўчастковых камісій.

– Па ўчастковых наўрад ці будзем прапаноўваць змены. Баюся, што да гэтага мы яшчэ не гатовы.

– Што вы маеце на ўвазе?

Мы не гатовы прыняць гэтую норму – уключэнне прадстаўнікоў усіх кандыдатаў у склады ўчастковых выбаркамаў. Тым больш што там гэтую ролю выконваюць назіральнікі і давераныя асобы. І потым, а якія ў іх будуць паўнамоцтвы? Участковая выбарчая камісія лічыць галасы, а калі сябра камісіі з правам дарадчага голасу, то ён не мае права ажыццяўляць падобныя дзеянні.

– Але ж гаворка ідзе пра тое, каб прадстаўнікі апазіцыі змаглі стаць менавіта паўнадзейнымі членамі камісій?

– Камісіі фарміруюцца да рэгістрацыі кандыдатаў, ніхто не ведае, хто будзе ўдзельнічаць у выбарах і такім чынам чыіх прадстаўнікоў уключаць у выбаркамы.

– А нельга зрабіць так: спачатку рэгіструюцца кандыдаты, а потым прызначаюцца тыя, хто будзе лічыць галасы выбаршчыкаў?

–  У камісій ёсць і іншая праца, якая пачынаецца да рэгістрацыі кандыдатаў, перадвыбарны перыяд кароткі, усяго тры месяцы. Камісія працуе над спісамі выбаршчыкаў, у гэты час ідзе збор подпісаў за кандыдатаў…

– А хто ўвайшоў у склад пазаведамаснай экспертнай групы? Ці ёсць у ёй прадстаўнікі апазіцыі, напрыклад, з ліку тых, хто ў снежні таксама сустракаўся з дэлегацыяй БДІПЧ АБСЕ?

– Гэта пазаведамасная група, туды ўвайшлі прадстаўнікі менавіта ведамстваў, якія працавалі з АБСЕ і вядуць розныя напрамкі. Гэта супрацоўнікі Міністэрства інфармацыі, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства юстыцыі і г.д.

– У АГП гавораць, што дэпутат Ганна Канапацкая падала на ваша імя заяву, каб увайсці ў склад гэтай групы.

Да мяне пакуль такая заява не паступала. Але Канапацкая і не можа падаваць такую заяву асабіста ад сябе. У склад экспертнай групы ўваходзяць прадстаўнікі парламента. Ад Палаты прадстаўнікоў – гэта дэпутат Шаўцоў, дэпутат Філіповіч і начальнік юраддзела Арлова. Канапацкая павінна звяртацца не да мяне, а да спікера ніжняй палаты парламента з просьбай перагледзець дадзены спіс і ўключыць яе ў яго склад…

Я даўно чую, што Лябедзька падрыхтаваў нейкія прапановы аб змяненні выбарчага заканадаўства, яшчэ нехта. Але пакуль нічога ў Цэнтральную выбарчую камісію афіцыйна не паступала.

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі: “Нашы напрацоўкі будзе адстойваць Ганна Канапацкая…”

– Яшчэ ў лістападзе разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай мы арганізавалі “круглы стол”, на якім была створана рабочая група па выпрацоўцы змяненняў у выбарчае заканадаўства. У групу ўвайшлі прадстаўнікі літаральна ўсіх жывых дэмакратычных партый і рухаў – АГП, руху “За свабоду”, Партыі БНФ, партыі “Справядлівы свет”, БСДП (Грамада), аргкамітэтаў па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, Беларускай партыі працоўных, жаночай партыі “Надзея”, нават ёсць прадстаўнік кампаніі “Гавары праўду!”. Таксама ў складзе рабочай групы эксперты-юрысты Сяргей Альфер, былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў і іншыя. Каардынуе гэтую працу намеснік старшыні АГП і дэ-факта памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай Антаніна Кавалёва.

17 студзеня адбудзецца першае пасяджэнне працоўнай групы. Стратэгія намі прынята такая: канцэнтрацыя не на ўсіх 32 рэкамендацыях БДІПЧ АБСЕ, а толькі на трох галоўных. Першае – гэта фарміраванне выбарчых камісій, і тут галоўнае, каб ва ўсіх удзельнікаў выбарчай кампаніі было права накіроўваць свайго прадстаўніка ва ўчастковыя камісіі. Другое – гэта датэрміновае галасаванне. Падыходаў у нас некалькі: ад радыкальнага – ліквідаваць наогул такую форму галасавання — да больш мяккага – жорстка рэгламентаваць, хто і па якіх абставінах можа галасаваць датэрмінова. І нарэшце трэцяя папраўка, якая павінна з’явіцца ў Выбарчым кодэксе, тычыцца падліку галасоў, яго празрыстасці. Не толькі члены камісіі, але і наглядальнікі павінны мець магчымасць бачыць вынікі галасавання, а для гэтага трэба агучваць прозвішча пераможцы і паказваць прысутным кожны бюлетэнь.

Сёння нашы прапановы будуць узгоднены і канчаткова зафіксаваны, і будзе наказ Ганне Канапацкай прасоўваць іх падчас разгляду ў парламенце змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. Значыць, нашы напрацоўкі Ганна Канапацкая будзе адстойваць на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў пры разглядзе гэтага пытання.

Аўтар: Марыя Эйсмант 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.