Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 чэрвеня 2017
2
Памер шрыфта

У райцэнтры адкрылася парусная школа «Вецер дружбы».

Надвор’е было – як па замове: яркае сонца адбівалася ў вадзе возера Дрывяты, нібы ў люстэрку. Так, дзьмуў ветрык! Але ён якраз і патрэбны ветразям! І калі стужачкі на новенькай прыстані пасля афіцыйных прамоў VIP-персон былі нарэшце разрэзаны, 15 паруснікаў пад кіраваннем юных яхтсменаў горда рушылі ў водны шлях!

Прыгожа і ўрачыста ў мінулыя выхадныя ў Браславе адбылося адкрыццё паруснай школы «Вецер дружбы» – у рамках юбілейнага, 50-га, свята «Браслаўскія зарніцы». Прычым менавіта дзякуючы дзіцячай паруснай школе раённае свята набыло не проста рэспубліканскае, а міжнароднае гучанне. На афіцыйную цырымонію адкрыцця школы прыбылі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі, намеснік міністра культуры Аляксандр Яцко, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік разам з іншымі супрацоўнікамі амбасады.

А ўсё таму, што ў браслаўскага яхцінга – свая доўгая і адначасова кароткая (!) гісторыя.

Так атрымалася, што парусны спорт на маляўніча-азёрнай Браслаўшчыне мае даўнія традыцыі. Зарадзіўся ён тут яшчэ на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя, «за польскім часам», калі ў горадзе былі пабудаваны тры прыстані: яўрэйская, Паліцэйскага клуба, Лігі марской і каланіяльнай. Больш за ўсё паруснікаў і яхт было, вядома ж, у Лігі, а акрамя іх у тутэйшай прыстані швартаваліся байдаркі і вёсельныя лодкі. Прыгожы спорт і адпачынак падабаўся браслаўчанам. Ды і як не падабацца, калі побач столькі азёр! Мясцовыя старажылы памятаюць, як аматары трэніраваліся нават зімой – прымацоўваючы ветразі да… санак і ловячы вецер на лёдзе. Як распавяла мне мясцовая жыхарка Ядвіга, некаторыя браслаўчане нават захавалі ў сябе кніжныя дапаможнікі па гэтым відзе спорту, выдадзеныя на польскай мове, а таксама фатаграфіі культурнага адпачынку на прыродзе. Усё знікла пасля восені 1939 года…

Амаль стагоддзе спатрэбілася на тое, каб выдатная традыцыя атрымала другое жыццё. Прычым, што сімвалічна і нават заканамерна, шмат у чым дзякуючы намаганням польскага боку. У сакавіку 2016 года было дасягнута пагадненне паміж Пасольствам Польшчы ў Беларусі і Браслаўскім райвыканкамам аб стварэнні паруснай школы ў Браславе на базе раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Дрывяціч».

Пасля чаго польскі бок, а дакладней праект «Польская дапамога», выдзеліў амаль 100 тысяч еўра, на якія і былі набыты для Браслава 15 паруснікаў, пабудаваны ангар для іх захоўвання і зручная прыстань. Няпроста было знайсці інструктара для юных яхтсменаў, але, на шчасце, мясцовы энтузіяст таксама адшукаўся, ён і мусіў даць першым добраахвотнікам асновы яхцінгу, каб хадзіць пад ветразем.

Пасол Польшчы Конрад Паўлік, які выступіў на адкрыцці школы, выказаў падзяку прадстаўнікам беларускага боку, якія дапамагалі ўвасобіць праект у жыццё. Усе адбылося не толькі дзякуючы грашам, але і велізарнай рабоце мясцовых органаў улады і нашага партнёра – «Ротары клуб Мінск сіці, – сказаў ён.

Пасол таксама дадаў, што за апошнія дзесяць гадоў пасольствам Польшчы рэалізавана 100 праектаў па так званых малых грантах. Усе яны арыентаваны на сацыяльна неабароненыя слаі насельніцтва. Цяперашні праект закліканы спрыяць развіццю турыстычнага патэнцыялу Браслаўшчыны – на далейшае яго развіццё плануецца выдзеліць яшчэ каля 50 тысяч еўра.

Браслаўскае свята між тым працягвалася. І не толькі на беразе возера, а і ў лесапарку «Леснічоўка», дзе мясцовая прамысловасць дэманстравала ўзоры сваёй прадукцыі. І на Замкавай гары, дзе праходзіў фестываль польскай кухні з бясплатнай дэгустацыяй нацыянальных страў суседняй краіны, і адначасова – імправізаваны рыцарскі турнір пад назвай «Меч Брачыслава». Польскія каўбаскі, калі меркаваць па колькасці папяровых талерак у руках тых, хто тут сабраўся, спадабаліся ўсім. Мне, шчыра кажучы, таксама. Мясцовая юшка са шчупакоў у «Леснічоўцы», прыгатаваная беларускімі кухарамі, таксама была нядрэнная, Але, каб прадэгуставаць, прыйшлося раскашэліцца. Як біліся ўбраныя ў старадаўняе адзенне рыцары, а дакладней, прадстаўнікі клубаў гістарычнай рэканструкцыі, я разгледзела дрэнна – з-за спін аховы, якая чамусьці не надта падпускала да відовішча. Затое за 2 рублі з носа нас слаўна пакаталі па возеры – не, не на яхтах, а на надзіманых лодках-маторках.  Мясцовыя ратавальнікі сапраўды пракацілі з ветрыкам!

Гучалі песні, свяціла сонца, плёскаліся азёрныя хвалі, кусаліся браслаўскія камары…

А на другі дзень фэсту польскія дыпламаты ўшанавалі на мясцовых могілках памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі ў 20-я гады мінулага стагоддзя ў савецка-польскай вайне. Гэта таксама гісторыя, якую мы павінны ведаць, памятаць і шанаваць! Як паважаюць сваю гісторыю тыя ж палякі, прыводзячы ў парадак  магілы сваіх загінуўшых вядомых і невядомых салдат.

Аўтар: Людміла СЯЛІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Вялікія рэформы ЖКГ?

На гэтым тыдні ўрад актыўна абмяркоўвае колькі і як насельніцтва павінна аплочваць паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Девять продуктов для здоровья сосудов

Присутствие этих продуктов в рационе станет отличной профилактикой заболеваний сердечно-сосудистой системы.

“Радыё хаваць рана…” Сустрэча з Нінай Палуцкай

У Гродне 17 кастрычніка ў “Цэнтры гарадскога жыцця” прайшла сустрэча з Нінай Палуцкай, рэдактаркай аднаго з першых незалежных радыё Беларусі “Радыё НБК”.