Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

19:39 30 студзеня 2017
12
Памер шрыфта

Як толькі Міхась Шнюрок раніцай пралупіў вочы, яго апанавала вялікая, нібы лужа ля магазіна, радасць: з сённяшняга дня ён у водпуску! Не трэба цягнуцца ў калгасную майстэрню ды слясарыць. Любата глухой восенню дома пасядзець. І жонкі Зінкі ўжо паўгода як няма – у Мінску ў дачкі гадуе маленькага ўнука.

Галава гудзела так, нібы гусенічны трактар сунецца па бруку, бо ўчора з сябрукамі за калгаснай майстэрняй як мае быць замачылі ягоны водпуск. Аб адным шкадаваў Міхась – што адпускныя грошы будуць выдавацца траншамі ажно ў пяць этапаў, бо ў касе сельгаспрадпрыемства павукі звілі павуцінне. Учора выдалі першы транш.

– Колькі ж іх засталося ад учарашняга? – худы, як відэлец, нястрыжаны і няголены Міхась споўз з ложка і пацягнуў за калашыну порткі, што віселі побач на крэсле. З кішэні пасыпаліся капейкі і блохамі паскакалі па падлозе. – Цьфу на вас, драбяза! Потым збяру. Мне папяровыя грошы патрэбны, каб галаву палячыць.

У кішэні затаіліся дзве купюры па пяць рублёў.

– На першы час хопіць, а там нешта будзе.

І раптам ажно халодным потам пакрыўся, нібы пляшка піва, выцягнутая з халадзільніка:

– Сёння ж дзень цвярозасці, каб на яго паляруш!

Учора прадаўшчыца Кацярына Купка з іхняга забэцькаўскага магазіна паперку на дзверы ляпіла, калі ён прыходзіў па віно. А гэта значыла: купляйце віно ды гарэлку сёння, бо заўтра не прадам. Ну і чаму было не ўзяць?!

– Пайду да Віцькі Рэпкі, – вырашыў. – Сёння ён мае выхадны на сваёй ферме. Можа, дзе ў яго завалялася якой паўбутэлькі. А не, дык хоць валяр’янкі дасць. У іх заўсёды ёсць валяр’янка, бо жонка Соня ёю лечыць сэрца, а Віцька пахмяляецца.

У дзверы пазванілі.

– Каго там прыпёрла? – Міхась уступіўся ў тапкі і пашаркаў да парога. Глянуў у дзвярное вочка – нікога не відаць. Толькі адышоў – зноў пазванілі, і зноў, колькі ён ні вылупляўся ў тое вочка, нікога не ўбачыў.

– Белая гарачка! Слыхавыя галюцынацыі! – ледзь не самлеў ад страху. А тым часам у дзверы ўжо нехта пастукаў кулаком. Гэтым разам Міхась убачыў ніштаватую кабету з прычоскай і ў нейкіх цьмяных модных акулярах. Хударлявую, прыгожа апранутую.

– Прастытутка, – здагадаўся Міхась. – Іх жа цяпер развялося, як каларадскага жука ў бульбе. Пачула недзе, што ў водпуск пайшоў, думае, адпускныя атрымаў, жонкі дома няма, то яна тут папасецца. Толькі яе і не хапала пры такім галаўным болі.

– Ідзі адсюль, прастытутка! – сказаў злосна. – Цягаецеся па горадзе, то ўжо і ў наш аграгарадок Забэцькі чорт прынёс! Працаваць ідзі на ферму ці бульбу ў сховішчы перабіраць, бо гніе яна страшна…

– Псіх! Псіхушка па табе плача!

– А па табе міліцыя!

– Алкаш!

– Ого, якія нахабныя прастытуткі пайшлі! Ты, жрыца кахання, павінна быць ласкавай, як цялушка, а не кідацца тыгрыцай. Хто ж цябе, такую ведзьму, будзе наймаць для кахання? Ды, шчыра кажучы, і стараватая ты для такіх забаў. Бачыш, прычапурылася, акуляры модныя начапіла. Прызнавайся, хто цябе сюды навёў, а не, дык ідзі прэч. Я хворы, у мяне галава баліць.

Міхась адышоў ад дзвярэй і сеў на ложак. Што там кабета плявузгала, больш не чуў, а слухаў толькі свой галаўны боль. Думка была аб адным: хутчэй знайсці пахмелку.

За дзвярыма стала ціха. Ён так-сяк спаласнуў твар, пачысціў зубы, хоць шчотка трапляла то ў шчаку, то ў вуха, бо надта трэсліся рукі. Апрануў куртку і хацеў зашпіліць гузікі, але яны, нібы жывыя, уцякалі ад пальцаў.

– А прападзі ты ўсё пропадам! – вылаяўся. – Пайду расшпілены. Нябось, пазнаюць і так. А хто не пазнае, той папытае.

Толькі хацеў адчыніць дзверы, як у іх зноў пастукалі.

– Што, вярнулася? Нідзе больш кліента не знайшла? І не знойдзеш! У нашай вёсцы не да прастытутак, гарадскіх шукай.

– Барысавіч, адчыняйце дзверы! – данёсся да яго мужчынскі голас. Глянуў у вочка і пазнаў участковага Васіля Гукава, а побач з ім стаяла тая самая кабета, жрыца кахання.

– Васіль Пятровіч, а з якога гэта часу міліцыя спрыяе прастытуцыі? – спытаў з насмешкай.

– Самі чуеце! – ускінулася кабета. – Не маню! Абзывае!

– Адчыняйце, а то выклічу міліцэйскі нарад!

Магічныя словы пра міліцэйскі нарад з вуснаў участковага прагучалі пераканаўча. Міхась дрыготкімі пальцамі ледзь злавіў ключ у дзвярным замку, павярнуў. Адпіхнуўшы яго, у кватэру ўварвалася кабета.

– Бязмен дурны! Жонку не пазнаў, дапіўся ўжо да зялёных чорцікаў. Я хацела сюрпрыз табе зрабіць. А зрабіў ты мне.

– А не магла сказаць, што ты Зінка? Пахудзела ледзь не напалову за паўгода ў горадзе, прыбралася, акуляры начапіла. Чорт цябе пазнае!

– Я пасля і казала, а ты чуў?! Ты слухаў?!

Участковы развітаўся і пайшоў, а Міхась паплёўся распранацца. Ён зразумеў, што водпуск канчаткова сапсаваны і што грашовых траншаў яму не бачыць як сваіх вушэй.

Леанарда Юргілевіч.

г.Дзятлава.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным