Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 4 студзеня 2017
7
Памер шрыфта

Пералескі, гаёчкі, бары, дубровы і, вядома ж, старадаўнія пушчы ў фарміраванні характару нашага народа адыгралі надзвычай важную ролю. Тут і абаронча-ахоўныя, і гаспадарча-побытавыя, і паэтычна-мастацкія чыннікі.

Сакральнасць роднай зямлі сягае ў далёкае язычніцтва. Дрэвы, камяні, крыніцы – трыадзіны вобраз Беларусі. Супярэчнасцяў з хрысціянскай Святой Тройцай – Богам Айцом, Богам Сынам і Духам Святым – няма. Над іншым варта думаць.

Да гэтага часу мы, беларусы, не маем атласа прыродных ландшафтаў з улікам іх эстэтычнай каштоўнасці. Дзівосныя куткі часта трапляюць пад другасныя забудовы. На дзве нагі кульгае нацыянальная стратэгія. З многіх шчылін прэ тупы меркантылізм. Вунь як чыжыкі-пыжыкі загрувасцілі архітэктурнымі монстрамі гістарычны цэнтр Мінска! У Віцебску знішчылі частку прыгожага сквера і пачалі ўзводзіць праваслаўную царкву. У Маладзечанскім раёне, нягледзячы на пратэсты жыхароў, начальства запланавала будаўніцтва жывёлагадоўчага комплексу побач з вёскай. Высеклі стогадовыя дубы ў Астраўцы…

Але хопіць пра дрэннае. Наспеў час аб’яднаць Белавежскую пушчу: дзве палавінкі, беларускую (большую) і польскую (меншую), трэба злучыць у адно цэлае – стварыць унікальны па велічы і прыгажосці лес Еўропы. Адна гаспадарка, адно кіраўніцтва, адна будучыня. Без калючага дроту пасярэдзіне.

Стварэнне адзінай Пушчы змусіць нашых чыноўнікаў-недарэк паглядзець на акаляючы свет і на саміх сябе калі не з космасу, то хаця б з вышыні птушынага лёту. Адзіная пушча, безумоўна, паспрыяе ажыццяўленню іншых цікавых праектаў. Надышоў час спраўдзіць на дзяржаўным узроўні турыстычна-аздараўленчую Нацыянальную сцяжыну, як гэта зроблена ў Еўропе і Злучаных Штатах Амерыкі.

А чым блага займець міжнародны шлюбны фестываль у паселішчы Беняконі Воранаўскага раёна? У лясным урочышчы ляжыць Камень кахання. На ім выява крыжа. Паводле легенды, яго выкалупаў іголкай Адам Міцкевіч у знак любові да Марылі Верашчакі, тамтэйшай прыгажуні. Чаму б сюды не прыязджаць закаханым парам з Беларусі, Польшчы, Літвы, іншых краін, далёкіх і блізкіх?

 Тое, што сёння здаецца фантастычным, заўтра можа стаць рэальнасцю. Так адбылося з Аўгустоўскім каналам. Ганаруся, што браў пасільны ўдзел у яго аднаўленні. Працаваў у закрытай структуры і рыхтаваў адпаведныя аналітычныя матэрыялы. Не ўсе пагаджаліся з рэстаўрацыяй канала: маўляў, дадатковы трафік наркотыкаў, што скажа Расія і г.д. А што скажам мы, калі Расія распачне – да гэтага ўсё ідзе – сумесную гаспадарчую дзейнасць з Японіяй, дапусцім, на востраве Шыкатан? Нічога не скажам. Гэта суверэнная справа Расіі.

Ідэя аб’яднання Пушчы ўзнікла не на голым месцы. Беларусь і Польшча яшчэ ў 2014 годзе звярнуліся ў Камітэт сусветнай спадчыны з просьбай занесці абшар Белавежскай пушчы, які ляжыць па абодва бакі мяжы, у Спіс аб’ектаў сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Падрыхтоўчая работа па абгрунтаванні звароту вялася з 2008 года.

Уяўляю, якую віхуру эмоцый выкліча прапанова па аб’яднанні Белавежскай пушчы! Але ваўкоў, грызлівых цемрашалаў, баяцца – у пушчу не хадзіць. Каб закілзаць магчымых апанентаў як у воўчай, так і ў авечай шкуры, нагадаю тры галоўныя прыярытэты Арганізацыі Аб яднаных Нацый на XXI стагоддзе: 1) клімат, 2) рэсурсы (шырокі спектр), 3) сацыяльная справядлівасць. Наша палітычная геаметрыя на гэтым не заканчваецца. Ёсць кітайскі квадрат. Летась Паднябесная афіцыйна абвясціла нацыянальныя прыярытэты: 1) экалогія, 2) сацыяльная справядлівасць, 3) эканоміка, 4) барацьба з карупцыяй. Кітайцы, маючы глыбока ўкаранёную культуру, заснаваную на традыцыях, тым не менш упісалі свой “квадрат” у агульны цывілізацыйны круг. А што Расія? Трохкутнік, але які: 1) улада (цар, генсек, прэзідэнт…), 2) бізнес, 3) крымінал. Пытанне, за кім будучыня, адпадае.

Сёлета спрэчкі вакол Пушчы разгарнуліся пасля таго, як Міністэрства аховы асяроддзя Польшчы дало згоду на рэзкае павелічэнне лясных высечак – у тры разы. У аснову рашэння леглі доказы спецыялістаў, якія абгрунтоўвалі масавую нарыхтоўку драўніны нашэсцем яловага караеда. На пачатку бягучага года каля 70 тысяч запаведных ялін былі ўжо моцна пашкоджаны. Значыць, трэбы секчы. Тым больш, даводзілі леснікі, распаўсюджванне караеда – натуральны працэс. Але супраць “санітарнай” канцэпцыі паўсталі навуковыя і прыродаахоўныя ўстановы. Разгарэлася палеміка. Умяшалася ЮНЕСКА. Канчатковае рашэнне праблемы перанесена на 2017 год. Што ж, лепш сем разоў адмераць, перш чым адзін раз адрэзаць.

Палякам ёсць над чым падумаць. Нам таксама. Возьмем тых жа зуброў. Калі-нікалі ім цеснавата робіцца. Статыстыка: аптымальная колькасць зуброў для Белавежскай пушчы – 350–400 асобін. Зараз іх 480. Мо генетычная памяць кліча ў дарогу? Калі так, то пажадаем зубру вярнуцца на спракавечныя абсягі.

Але вернемся да той ідэі, на якую я хачу яшчэ раз звярнуць увагу не толькі чытачоў “Народнай Волі”, але і беларускіх і польскіх улад. Сапраўды, чаму не аб’яднаць дзве тэрыторыі Белавежскай пушчы ў адну? Пагадзіцеся, ёсць у гэтым нейкі знакавы сімвал адзінай Еўропы.

Вячаслаў ДАШКЕВІЧ.

Мінск.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Какой фрукт способен омолодить организм на 17 лет

Специалисты из Нью-Йорка выяснили невероятные свойства этого плода.

Жители итальянских Венето и Ломбардии проголосовали за автономию от центральных властей

Жители итальянских северных областей Венето и Ломбардия на прошедших накануне референдумах высказались за автономию от центральных властей.

“Кожны з нас гісторык нацыянальны”. У Гродне адбылася канферэнцыя па паўстанні 1863-1864 гадоў

16 навукоўцаў з Беларусі і Польшчы сабраліся 21-22 верасня ў Гродне, каб высветліць маштаб і наступствы паўстання 1863-1864 гадоў для Гродзеншчыны. Сярод іх з беларускага боку прафесары Вячаслаў Швед