Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 12 чэрвеня 2017
23
Памер шрыфта

Буйнейшы ў краіне дарожна-будаўнічы холдынг імкнецца выжыць за кошт рэарганізацыі сваіх структур.

 (Здымак 1. Калінкавіцкія дарожнікі).

Надзвычай неспакойнай выдалася сёлетняя вясна для беларускіх дарожнікаў, аб’яднаных у холдынг “Белаўтадар”. Створаны амаль чатыры гады таму на падставе пастановы Саўміна №555 з мэтай аптымізацыі і павышэння эфектыўнасці работы рэспубліканскай дарожнай гаспадаркі, холдынг сёлета вырашыў надалей аптымізавацца – гэта калі казаць высокім стылем. Калі ў сутнасць рэчаў крыху заглыбіцца, то пад выглядам структурнай аптымізацыі арганізацыі холдынга ператвараюцца ва ўчасткі. А адсюль і скарачэнне штатаў.

 “Нас без нас рэарганізуюць”

У Калінкавіцкім дарожна-будаўнічым упраўленні №10, якое ўваходзіць у акцыянернае таварыства “Дарожна-будаўнічы трэст №2, г.Гомель”, рашэнне пра аптымізацыю выклікала калі не перапалох, то сапраўднае ўзрушэнне. І адбылося гэта пасля таго, як калінкавіцкім дарожнікам патрапілі з Мінска дакументы савета холдынга “Белаўтадар”, у пункце 1.9 якога напісана: “Адобрыць падыходы па аптымізацыі структуры ААТ “ДБТ №2”, выкладзеныя генеральным дырэктарам Аляксандрам Пятрэнкам”.

“Белаўтадар” патрабаваў ад гомельскага кіраўніка трэста “забяспечыць на працягу года паступовую рэарганізацыю філіялаў – ДБУ №10 (Калінкавічы) і ДБУ №21 (Жыткавічы)”. Калінкавіцкіх і жыткавіцкіх дарожнікаў маюць намер далучыць часткамі да рэчыцкага ДБУ-19 і гомельскіх упраўленняў №№17 і 44.

“Як жа так, нас без нас рэарганізуюць?” – не маглі ўзяць у толк ні кіраўнікі, ні прафсаюзныя актывісты, ні шараговыя калінкавіцкія дарожнікі.

(Здымак2 . ДБУ-10).

“Скончыцца кантракт і далоў”

У калінкавіцкім ДБУ №10 налічваецца 86 працаўнікоў. Паводле інфармацыі аддзела кадраў, асабліва безабароннымі застаюцца 13 жанчын з ліку інжынерна-тэхнічных работнікаў, у каго малыя дзеці. Сярод іх і паўдзясятка дэкрэтніц.

“Я пяць гадоў працую вядучым бухгалтарам, – гаворыць Таццяна Века. – Скончыла па спецыяльнасці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Цяпер на раздарожжы. У каго кантракт заканчваецца сёлета, працы не прапаноўваюць. Скончыцца кантракт – і нас далоў, мы будзем звольнены. Прынамсі, так было з работнікамі Ельскага ДБУ-35. Як я разумею, гэта робіцца дзеля таго, каб не выплачваць матэрыяльную дапамогу на скарачэнне. Знайсці працу ў Калінкавічах нават мне з дыпломам цяжка: цяпер у нас больш скарачаюць людзей, чым працаўладкоўваюць. Падмятаць двор ці пакаваць скрыні не выпадае, бо навошта было вучыцца ва ўніверсітэце?”

Жанчына кажа, што, нават калі б прапанавалі працу ў гомельскім ДБУ-17, да якога маюць далучыць калінкавіцкіх дарожнікаў, яна не паехала б: жылля няма, і муж пазбавіцца працы – таксама нявыкрутка.

Вольга Дзмітрухіна ў ДБУ-10 – інжынер па ахове працы:

“У красавіку ў мяне скончыўся кантракт, і працягнулі мне яго толькі да 30 чэрвеня. Зразумела, што пасля гэтай даты я апынуся на вуліцы. А я адна сына гадую і маці-пенсіянерку даглядаю. Як жыць і дзе працу знайсці – не прыдумаю”.

У Паўла Філіпава, машыніста экскаватара, свая гісторыя: “Нам тлумачаць, што нічога істотнага ў нашым жыцці не зменіцца – у гомельскім ДБУ-17 будзе толькі ляжаць кніжка працоўная, а мы як рабілі, так і будзем рабіць. Тыя ж вахты, як і цяпер на трасе Гродна–Мінск. Але я так думаю, што цяпер, каб выпраўляцца на вахту, нам трэба з трыма чамаданамі цягнуцца ў Гомель. Адзін – са спецвопраткай, другі – з харчамі, трэці – з пасцельнымі прыналежнасцямі. А ў Гомель прыедзем, куды дзявацца, пакуль вахта збярэцца? Ну і зваротны шлях да сям’і ў Калінкавічы – пераезды з’ядуць багата і грошай, і часу. Мы цяпер зарабляем 500–600 рублёў. Не скажаш, што шмат, але калі праца на месцы ці нават арганізаваны выезд на вахту, то жыць можна”.

“Выйсці на плошчу альбо прасіць міласціну”

Начальнік асфальта-бетоннага завода Валяр’ян Малашчанка  разважае прагматычна: калі, паводле плaна рэарганізацыі, прадпрыемства перададуць рэчыцкаму ДБУ-19, невялікі калектыў і сам ён застануцца без працы.

“Што мы будзем рабіць тут, амаль за 100 кіламетраў ад асноўнай базы, не разумею. І ехаць у Рэчыцу не выпадае: у мяне жонка – інвалід па зроку. Пакідаць яе надоўга ніяк нельга”, – тлумачыць Валяр’ян Васільевіч.

Адзін з машыністаў аўтагрэйдара заўважае, што рэарганізацыя разваліць урэшце і дарожнае ўпраўленне, як тое ўжо здарылася ў Хойніках і Ельску. Там таксама ўпраўленні рэарганізавалі ва ўчасткі, але неўзабаве не стала і ўчасткаў.

“Нам нічога не застанецца, як толькі выйсці на плошчу, сесці і грукаць каскамі аб асфальт альбо прасіць міласціну”, – кажа машыніст.

Дарожнікі здзіўляюцца, навошта наогул ператвараць ва ўчастак паўнакроўнае ўпраўленне з дыхтоўнай вытворчай базай, якое працуе з прыбыткам? Тым больш што неўзабаве мае распачацца рэканструкцыя дарогі М-10 – ад Рэчыцы да Калінкавічаў.

Погляд з Мінска: “Хачу, каб пачулі”

Патлумачыць матывы рэарганізацыі дарожных падраздзяленняў, а заадно і суняць напружанне ў калектыве калінкавіцкіх дарожнікаў прыехаў генеральны дырэктар холдынга “Белаўтадар” Юрый Масюк, а з ім і кіраўнік гомельскага дарожна-будаўнічага трэста №2 Аляксандр Пятрэнка.

“Я хачу, каб вы пачулі мяне, а я пачуў вас, – тлумачыў мэту свойго прыезду Масюк. – Калі маё меркаванне не супадзе з вашым, я прыму рашэнне калектыву. Хачу толькі, каб заработная плата ваша і мая праз год-два была большай, выплачвалася своечасова, паколькі ў кожнага ёсць сям’я, дзеці, свае планы. Калі гэтага не будзе, а будуць затрымкі, найперш будзе вінаваты кіраўнік упраўлення, потым – трэста, нарэшце і я. Можа, нават я ў першую чаргу”.

Генеральны дырэктар “Белаўтадара” паведаміў, што ў перспектыве Беларусь пяройдзе на будаўніцтва бетонных дарог – такая пазіцыя кіраўніцтва краіны. Свайго бітуму для асфальтавых дарог бракуе, яго даводзіцца купляць за валюту ў Расіі, Іране, Венесуэле ды шмат дзе яшчэ. І ўсё адно асфальтавыя заводы загружаны толькі на 16 працэнтаў ад наяўнай магутнасці. З іншага боку, краіна мае свае цэментныя заводы. Дый дарогі бетонныя служаць не дзесяць гадоў, як асфальтавыя, а цэлых дваццаць пяць. Канечне, рамантаваць іх пасля больш складана і затратна, але гэта ўжо іншая тэма.

“18 дарожнікаў не пракормяць упраўленне”

У якасці яшчэ аднаго важкага аргумента на карысць аптымізацыі дарожных упраўленняў кіраўнік “Белаўтадара” называе скарачэнне бюджэтнага фінансавання на будаўніцтва і рамонт дарог. Адпаведна змяншаецца загружанасць упраўленняў і трэстаў. Раздзьмутыя штаты падвышаюць сабекошт дарожных работ. З гэтай прычыны беларускія дарожнікі не могуць канкурыраваць з прадстаўнікамі іншых краін падчас міжнародных тэндараў. А калі арганізацыя тры гады не мае падраду, то яна, паводле міжнародных стандартаў, наогул губляе права на ўдзел у такіх тэндарах. Не маючы значных аб’ёмаў падраду па-за межамі Беларусі, “Белаўтадар”, дзе налічваецца 11 тысяч чалавек, не выжыве.

“Колькі чалавек з калінкавіцкага ДБУ-10 працуе на будаўніцтве дарогі Гродна–Мінск? – цікавіўся Юрый Масюк. – Дзве вахты па васямнаццаць! Але васямнаццаць дарожнікаў не могуць паўнавартасна “пракарміць” калектыў упраўлення, дзе налічваецца 86 чалавек. Такая арыфметыка. У кагосьці яна крыху іншая, але падобная. Калі вы знойдзеце дадатковы падрад, ваша справа. Год, нават, можа, і два, яшчэ пратрымаецеся. Але пытанне аптымізацыі колькаснага складу ўпраўлення зноў непазбежна паўстане”.

Ужо зараз Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст №2 арыентаваны на пошукі падраду ва Украіне, трэст №3 з Магілёва – у Расіі.

На “залатую мару” – рэканструкцыю аўташашы Рэчыца–Калінкавічы – Юрый Масюк раіў не надта разлічваць, яна здзейсніцца не хутка. Так, ёсць выгадныя крэдыты еўрапейскіх банкаў, але яны фінансуюць толькі частку будаўніцтва. Патрэбны падрадчык з саліднымі грашыма, які можа ўкласці ў рэканструкцыю каля 80 мільёнаў долараў. Такія ўмовы банкаў. Знайсці такога падрадчыка – праблема. І добра, калі дарогу на Калінкавічы пачнуць абнаўляць пад канец 2018 года.

Паводле слоў аўтадарожнага гаспадарніка, краіна цяпер больш абачліва ставіцца да пошуку інвестара. Звязаны кітайскі крэдыт на рэканструкцыю магістралі М-5 Гомель–Мінск, калі галоўным падрадчыкам выступіла дарожная фірма інвестара, толькі павялічыў суму выдаткаў на будаўніцтва.

(Здымак 4.Жыткавіцкае ДБУ-21, дарожная тэхніка).

Настрой на “аўтаномію”

Жыткавіцкае дарожна-будаўнічае ўпраўленне №21, якое маюць далучыць часткамі да гомельскага ДБУ-44 і рэчыцкага ДБУ-19, бадай, самае паспяховае з падраздзяленняў трэста №2. Упраўленне знаходзіць сабе працу не толькі ў раёне, але і стала абслугоўвае бліжэйшую тэрыторыю Брэстчыны. Настроі на “аўтаномію” ў жыткаўцаў нічуць не меншыя, чым у калінкавіцкіх дарожнікаў.

“Мы добра працуем, спраўляемся з планамі, знаходзім падрады. Я не разумею, навошта нас да кагосьці далучаць?” – не можа ўцяміць адзін з кіраўнікоў ДСУ.

Генеральны дырэктар “Белаўтадара” і ў Жыткавічах даводзіў, што трэба мяняць структуру холдынга, каб удзельнічаць у праектах Усясветнага і еўрапейскіх банкаў, якія прапануюць крэдыты пад 1,5 працэнта гадавых. Няма патрэбы мець столькі інжынерна-тэхнічных работнікаў, колькі ёсць іх цяпер ва ўпраўленнях і трэстах.

Нарэшце, трэба выйсці на ўзровень заробку – 1000 рублёў, як таго патрабуе кіраўнік дзяржавы. З гэтага ўсяго і вынікае: зашмат у кожнай арганізацыі бухгалтараў, кадравікоў, службаў механіка, аховы працы.

“Калі не зменшым колькасць ІТР, сітуацыя будзе толькі пагаршацца”, – перакананы Юрый Масюк.

Начальнік аддзела кадраў Сяргей Кондраў, адказны яшчэ і за экалогію, лічыць, што прапанаваная аптымізацыя падводзіць людзей пад артыкул 35 Працоўнага кодэкса: скончыўся кантракт – і чалавека звальняюць. Альбо прыменяць пункт 5: адмова ад пераводу ў іншую мясцовасць ці ад істотных змен умоў працы. Паводле меркавання Кондрава, з 84 чалавек ва ўпраўленні больш-менш абароненымі застаюцца дзве дэкрэтніцы, двое хлопцаў, якіх забіраюць у войска, двое працаўнікоў, якія маюць права на льготную пенсію, а таксама дзевяць пенсіянераў па ўзросце.

Сярод астатніх амаль сямі дзясяткаў працаўнікоў толькі чацвёра, уключна з дырэктарам Віталем Журовічам, аказаліся запатрабаванымі ў Гомелі.

“Гэтак пазначана ў атрыманых дакументах”, – заяўляў прамоўца.

ІТР застанецца 15 працэнтаў

І мінскі кіраўнік “Белаўтадара” Масюк, і генеральны дырэктар ААТ “Дарожна-будаўнічы трэст №2” Пятрэнка пераконвалі жыткавіцкіх дарожнікаў, што нікому нікуды пераязджаць не трэба: машыны і людзі застаюцца на месцы, пяройдуць толькі ў непасрэднае падпарадкаванне Гомеля і Рэчыцы. З працай развітаюцца найперш тыя, хто дасягнуў пенсіённага ўзросту, а таксама частка інжынерна-тэхнічнага персаналу, якога зашмат у кожным падраздзяленні. Аднак канчатковы варыянт аптымізацыі філіялу– за яго кіраўніком і калектывам. І ўжо ў бліжэйшыя дні “Белаўтадар” мусіць атрымаць інфармацыю, якім чынам гэтая аптымізацыя (па-іншаму –скарачэнне) будзе выглядаць і ў Калінкавічах, і ў Жыткавічах.

Дык якіх жа вынікаў дамагаецца “Белаўтадар”, распачаўшы рэарганізацыю сваіх трэстаў і ўпраўленняў?

“З 11 тысяч працаўнікоў холдынга, – кажа Юрый Масюк, – каля трэці складае адміністрацыйна-ўпраўленчы і інжынерна-тэхнічны персанал. Мне хацелася б, каб у бліжэйшай перспектыве гэты персанал складаў 15 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў “Белаўтадара”. Без гэтага, нават маючы такую ж тэхніку, як у турэцкіх ці кітайскіх дарожнікаў, мы не зможам выйграваць міжнародныя тэндары – там трэба ісці на зніжкі, дэмпінгаваць, каб перамагчы. Маючы на трыста вытворцаў столькі ж розных кіраўнікоў ды тэхперсаналу альбо нават трэць, калі нашы канкурэнты маюць іх толькі 15 на тры сотні, ніякі тэндар не выйграеш і грошай не заробіш”.

…Сустрэча скончылася, але не скончыліся пытанні і сумненні ў дарожнікаў. Адзін з іх сам падышоў і паказаў разліковы цэтлік: адпрацаваў за месяц 196 гадзін, заробак – 200 рублёў.

“На вушы не нас трэба найперш ставіць, а клеркаў, якія вышэй сядзяць, цыркуляры строчаць і справаздачы патрабуюць – паперамі дакладна дарогу не вымасціць”.

Іншыя, маладзейшыя, хто мае справу з інтэрнэтам, заўважаюць, што ў Беларусі звыш 94 тысяч кіламетраў дарог агульнага карыстання і каля 200 тысяч кіламетраў ведамасных – сельскагаспадарчых, прамысловых, у тым ліку 10 тысяч – у гарадах і паселішчах. Пры гэтым шчыльнасць загарадных дарог з цвёрдым пакрыццём надзвычай нізкая – 337 кіламетраў на 1000 квадратных кіламетраў тэрыторыі. У еўрапейскіх краінах з разгалінаванай сеткай аўтамабільных дарог гэты паказчык складае ў сярэднім 906 кіламетраў. На добры лад – рабіць дарогі не перарабіць, і асабліва невялікім дарожным арганізацыям.

(Здымак 3. Сход у ДБУ-10, Калінкавічы).

Аўтар: Анатоль ГАТОЎЧЫЦ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Амерыка ўжо не такая страшная?

На мінулым тыдні ЗША абвесцілі, што рыхтуюцца зрабіць два радыкальныя крокі. Гэта выклікала ў свеце гучны рэзананс, але не з боку нашае краіны.

Мария ШАРАПОВА: «Удар может решить любую проблему!»

Совсем недавно в московском издательстве «Эксмо» вышла автобиографическая книга известной теннисистки с белорусскими корнями Марии Шараповой «Неудержимая». В качестве эпиграфа к книге пятикратная п

Итальянцы на «Беларусьфильме»

17 октября генеральный директор «Беларусьфильма»  Игорь Поршнев проводил экскурсию по киностудии для итальянского режиссера Джанфранко Кабидду и его товарищей. Прекрасно отремонтированные павильоны, н