Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

27 чэрвеня 2015 года на ХІ пазачарговым з’ездзе КПБ у Мінску першы сакратар ЦК КПБ Ігар Карпенка выступіў з афіцыйным дакладам: на сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах камуністы па традыцыі падтрымаюць Аляксандра Лукашэнку. Паводле слоў Карпенкі, “КПБ не дапусціць спроб правядзення дэструктыўнымі сіламі апазіцыі не санкцыянаваных упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі пікетаў, сходаў, мітынгаў, шэсцяў і іншых мерапрыемстваў пасля закрыцця выбарчых участкаў”.
6:00 13 лiпеня 2015
14
Памер шрыфта

Сёння КПБ пазіцыянуе сябе як ледзь не адзіную ў Беларусі актыўную палітычную партыю, якая цалкам падтрымлівае Лукашэнку, пры гэтым робячы акцэнт на “супадзенні стратэгічных мэт па пабудове  сацыяльна арыентаванай дзяржавы”. Таксама спадар Карпенка звяртае ўвагу на выключнасць КПБ на еўрапейскай палітычнай прасторы. 

Канечне, у чымсьці галоўны сакратар мае рацыю – КПБ па-свойму ўнікальная партыя. Але шматлікія пункты яе дзейнасці – вельмі спрэчныя. Толькі ў нашых шыротах могуць дагэтуль абсалютна сур’ёзна культываваць савецкія лозунгі дый яшчэ ў такім анахранічным, тапорным выглядзе. Напрыклад, у Заходняй Еўропе, дзе існуюць даволі масавыя левыя рухі, нікому не прыйдзе ў галаву апраўдваць злачынствы савецкай улады. А нашы камуністы скардзяцца, што “савецкае мінулае несправядліва ачарняюць”. Мусіць, кіраўнікі КПБ не ўсведамляюць, што палітычны працэс падобны на жыццядзейнасць жывога арганізма, таму партыя, якая сапраўды абараняе народныя інтарэсы, павінна перш за ўсё самаабнаўляцца, праводзіць унутраныя рэформы. І гэта тычыцца не толькі КПБ…

У КПБ людзі, у большасці сваёй выхаваныя ў савецкія часы, з задавальненнем адзначаюць дзень народзінаў Сталіна, прадказальна абураюцца існаваннем “пятай калоны” і закладваюць у вушы электарату адвечны і, як ніколі раней, актуальны для беларусаў рэфрэн “абы вайны не было”. Па прынцыпе “Папулізм – наша ўсё!”.

Між іншым, а ці сапраўдны камунізм прапаведуюць карпенкаўцы? Ад якой дакладна колькасці ўласнай маёмасці адмовіліся гэтыя камуністы? А, можа быць, рэлігія пралетарыяту беларускага разліву – гэта добра ўладкавацца пры кармушцы а-ля чарка-скварка-іншамарка?

Можна яшчэ зразумець, калі пажылыя людзі настальгіруюць па сваёй маладосці. Пры гэтым многія з іх у курсе еўрапейскіх модных левых тэндэнцый, прывабліваюць у свае шэрагі моладзь: юныя ленінцы ходзяць на сустрэчы з прадстаўнікамі амбасады Венесуэлы, друкуюць артыкулы ў газеце “Коммунист Беларуси. Мы и время” і ўсяляк пратэстуюць супраць “крывавага імперыялізму”. Цікава, што лозунгі застаюцца тымі ж, але вось кіраваць дзяржавай кожная даярка ўжо не марыць – навошта, калі над намі лунае цудоўны вобраз Гаранта міру і стабільнасці? Дастаткова проста падтрымліваць яго для дасягнення жыццёвага і кар’ернага поспеху. Імперыялізм, на іх думку, гэта ўсё, што пачынаецца за польскай мяжой і далей на Захад. Наконт імперыялістаў на ўсходзе – там усё ў парадку, гэта ж “свае”. Толькі дурны сабака брэша на гаспадара.

Вядома, у прыватнай гутарцы маладыя камуністы, якія адначасова маюць стасункі з апазіцыйнымі коламі (усюды хочуць быць сваімі!), дазваляюць сабе выказванні кшталту “толькі б да нас Расія не палезла” або “наша нафтавая прамысловасць – стратная”. Але старэйшым таварышам на пасяджэннях ЦК адкрыта сказаць такое не даводзіцца. Паўстае пытанне: як некаторыя маладыя і перспектыўныя дзеячы паспяваюць адначасова працаваць ў газеце “Коммунист Беларуси”, дзе друкуе свае артыкулы сумна вядомы Л.Крыштаповіч – антынавуковыя і ўкраінафобскія, і рэалізоўваць уласныя творчыя амбіцыі на сродкі  “празаходніх” структур, выдаваць свае кніжкі ў Вільнюсе, у апальным выдавецтве Логвінава, лагодна паціскаць руку Някляеву, а пасля пісаць пра яго ў здзеклівай манеры ў тым жа “КБ”?.. Чыя дапамога стаіць за гэткай бравадай?

Калі пытаешся ў маладых камуністаў пра фінансаванне партыі, яны спачатку адводзяць вочы ўбок, а пасля пераходзяць у наступленне, намагаючыся пераканаць суразмоўцу: “КПБ фінансуюць прыватныя спонсары”. Шаблоны канчаткова парваліся. Вы з кім, майстры сярпа і молата? Які прыватны капітал? Больш прыстойна было б прызнаць, што КПБ у вялікай ступені падначалена КПРФ, адтуль і грошы. Зюганаў моліцца на Сталіна. Не першай свежасці дзядуля Ленін павярнуўся на правы бок. Ды і немалыя прэферэнцыі прадастаўляе беларуская ўлада.

Я заўважыла: КПБ заахвочвае спецыфічную моладзь – выдатнікаў з хваравітым бляскам амбітнасці ў вачах. Тыя, хто ўжо ў свае дваццаць гатоў улезці ў шэры камінтэрнаўскі касцюм (партфель з паперамі дадаецца аўтаматычна). Як і тым, хто лічыць правамерным параўноўваць колькасць расстраляных НКУС і колькасць чалавечых ахвяр фашызму: маўляў, “нашы” менш забілі! 

Дзякуй, але жыць у краіне “маладых і перспектыўных” брыдка. Проста сорамна.

Разам з тым мне шкада сённяшніх маладых прыхільнікаў КПБ, бо тыя не разумеюць: як толькі карабель пачне тануць, іх начальнікі раптоўна альбо завярнуцца ў сіні сцяг з жоўтымі зорачкамі (што менш верагодна), альбо ў трыкалор. Таму што адпадзе неабходнасць складаць оды самі ведаеце каму.

Трэба дадаць, што пазіцыя КПБ па ўкраінскім канфлікце, мякка кажучы, амбівалентная. Канечне, камуністы асуджаюць “грамадзянскую вайну ва Украіне”, і разам з тым у дакладзе Карпенкі фігуруюць наступныя словы: “Захад і ЗША развязалі вайну супраць чалавецтва”. Апошняе гучыць не лепш за загалоўкі навін “Лайф Ньюс”. Сёння – адно, заўтра – іншае.

Калі ў той жа партыі “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна мы бачым хоць і кволую, але нейкую спробу рэфармаваць ідэалогію, адысці ад савецкай партыйнай рыторыкі, то ў выпадку з КПБ назіраецца адваротны працэс, стараннае вяртанне да слаўных трыццатых.

У рамках электаральнай кампаніі КПБ збіраецца “папаўняць шэрагі партыі”, займацца “асветай на аснове марксісцка-ленінскай ідэалогіі” і ўвогуле “выкрываць задумы апазіцыі”. Па апошнім пункце яны, імаверна, дасягнулі асаблівых поспехаў. Цікава, а як камуністы збіраюцца “не дапусціць мітынгаў”?  Уявіце карціну: сябры КПБ асабіста хапаюць людзей на плошчы… Нават калі людзей там не будзе. Дык у арыгінальнай версіі бальшавікі – галоўны рухавік рэвалюцыі! Усё змяшалася ў Беларусі. Чырвоны колер даўно не чырвоны, а шэрабурамалінавы. 

***

Маё пакаленне – амаль равеснікі лукашэнкаўскага рэжыму. Сёлетнія пятыя прэзідэнцкія выбары – першыя ў маім жыцці. І мне непрыемна бачыць, як напярэдадні гэтай гістарычнай падзеі Беларусь выкарыстоўваюць у якасці трыбуны для пустаслоўя папулісты ўсіх колераў.

Кацярына АНДРЭЕВА.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.