Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20:55 25 мая 2017
9
Памер шрыфта

Міліцыя затрымала мінчука Сяргея Манкевіча, які вывесіў у акне кватэры бел-чырвона-белы сцяг. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Аляксандр Горбач забараніў выкарыстоўваць на стадыёне сцяг з выявай герба горада Рэчыцы ў выглядзе «Пагоні» на фоне бел-чырвона-белай стужкі.

Не думаю, што міліцыянты ці чыноўнікі атрымалі нейкую адмысловую дырэктыву на гэты конт. Але яны востра адчулі новую палітычную атмасферу. Бо ўся краіна бачыла, як на Дзень Волі ў Мінску амапаўцы хапалі найперш тых, хто быў з бел-чырвона-белым сцягам.

А яшчэ зусім нядаўна нацыянальныя сімвалы былі амаль што легалізаваны. Бел-чырвона-белыя сцягі луналі на стадыёне падчас матча зборнай Беларусі па футболе. Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заяўляў, што гэты сцяг і «Пагоня» не з’яўляюцца забароненымі сімваламі. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька дэманстраваў з тэлеэкрана майку з «Пагоняй». Мэдыі загаварылі пра мяккую беларусізацыю.

Але «Беларуская вясна», вулічныя акцыі пратэсту ўсё рэзка памянялі, пачаліся палітычныя рэпрэсіі. Разам з касметычнай лібералізацыяй закончылася і мяккая беларусізацыя. Беларускія нацыяналісты зноў аб’яўлены галоўнымі ворагамі.

У Беларусі існуе шмат ваенізаваных прарасійскіх арганізацый, якія ладзяць летнікі з маладзёнамі. Але на ролю баевікоў КДБ выбрала беларускіх нацыяналістаў з «Белага легіёна». Бабруйскі клуб «Патрыёт» абвінавацілі ў тым, што там вялося выхаванне «з празмерным нацыяналістычным ухілам», бо размаўлялі ж на беларускай мове. Дзяржаўныя мэдыі, выкрываючы зладзейскае нутро «баевікоў», параўноўваюць беларускі нацыяналізм з нацызмам. І гэта зноў стала, можна сказаць, афіцыйнай ідэалагічнай лініяй улад.

Вось напярэдадні Дня Перамогі ў школы ўсёй краіны сталі прыходзіць лісты ад Таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, у якіх беларускі нацыяналізм атаясамліваецца з фашызмам.

У цяперашніх дзеяннях улады ёсць пэўная логіка. Бо лібералізацыя і беларусізацыя ішлі ў адной звязцы. Яны сімвалізавалі пэўнае разняволенне грамадства, давалі нейкую, няхай невялічкую, свабоду грамадзянскай супольнасці. А з іншага боку, усё гэта азначала некаторае дыстанцыянаванне ад Расіі і збліжэнне з Захадам.

Акрамя таго – і, можа, гэта галоўнае, – нацыянальная ідэя з’яўляецца найбольш вядомым у гісторыі сродкам палітычнай мабілізацыі грамадства. Гэта адзін з адказаў на пытанне, чаму Лукашэнка ўсяляк дыстанцуецца ад беларускага нацыяналізму. Не толькі таму, што такая палітычная лінія сапсуе дачыненні з Расіяй.

Справа ў тым, што існы палітычны рэжым трымаецца не столькі на падтрымцы грамадства, колькі на апатыі, раўнадушшы, апалітычнасці, атамізацыі, палітычнай дэмабілізацыі насельніцтва. А яшчэ на страху. А нацыяналізм па самой сваёй прыродзе ёсць сродак мабілізацыі, аб’яднання, палітызацыі соцыуму. Наўрад ці Лукашэнка разумее гэта на ўзроўні тэорыі, ён, хутчэй, адчувае інтуітыўна.

Таму, калі пачаліся маршы “недармаедаў”, найбольш выразным сімвалам пратэсту стаў бел-чырвона-белы сцяг. Бо калі насельніцтва незадаволена ўладамі, то яно найперш звяртае ўвагу на яе апанентаў, падсвядома шукае альтэрнатыву. А альтэрнатыву ў Беларусі сімвалізуе нацыянальны сцяг. То бок нацыяналізм стаў механізмам мабілізацыі народнага незадаволення і пратэсту.

Таму з пункту гледзішча самазахавання ўлады аб’яўленне беларускага нацыяналізму ворагам выглядае цалкам лагічным. Думаю, пакуль улады яшчэ самі не вырашылі, у якіх маштабах і ў якім тэмпе будзе ажыццяўляцца гэты адкат. Але трэнд вызначыўся.

(Радыё Свабода.)

Аўтар: Валерый КАРБАЛЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".