Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

20:55 25 мая 2017
6
Памер шрыфта

Мне пашчасціла стаць студэнтам у Германіі па абмене ў рамках праграмы “Эразмус”. Зараз я вучуся ў Брэменскім універсітэце.

Студэнтам – ільготы

Адразу пасля прыезду мне прыйшлося афармляць шмат папер, звязаных з рэгістрацыяй, страхаваннем, атрыманнем студэнцкіх праязнога і чытацкага білетаў, карткі на льготнае харчаванне, на кампенсацыю дарожных выдаткаў. Вядома ж, трэба было ўладзіць усе пытанні і са стыпендыяй, з пражываннем…

Стыпендыя для тых, хто вучыцца па праграме “Эразмус”, 800 еўра. Плюс кампенсацыя выдаткаў на дарогу – 275 еўра.  Універсітэцкі праязны білет дае права не толькі на бясплатны праезд на грамадскім транспарце ў межах горада, але і на праезд на цягніках ў суседнія гарады – Гамбург, Аснабрук, Гановер і іншыя. Гэта вельмі важна, бо грамадскі транспарт вельмі дарагі: білет на гарадскі трамвай незалежна ад адлегласці каштуе 2,75 еўра, на два прыпынкі па чыгунцы – 4,60, на аўтобус ад чыгункі да маёй хаты – 2,05 еўра.

Картка ад універсітэцкай сталоўкі дазваляе набыць абед па вельмі льготным кошце (заўсёды 2,35 еўра), а таксама, як гэта ні дзіўна, танна раздрукоўваць матэрыялы праз бібліятэчны аўтамат. Ва ўніверсітэце шмат што аўтаматызавана. Скажам, акрамя раздрукоўкі праз спецыяльны аўтамат папаўняецца грашыма картка на льготны абед і праз спецыяльную прыладу на касе з яе здымаюцца грошы.

Ад Беларусі да Мексікі

Напэўна, галоўнае, што можа атрымаць стыпендыят праграмы “Эразмус” акрамя ведаў, гэта знаёмства з новымі людзьмі. На мой факультэт з’ехалася мноства студэнтаў. Большасць іх з Еўропы, у асноўным з Іспаніі, Францыі, Італіі, Чэхіі, Балгарыі, Румыніі, Расіі, іншых універсітэтаў Германіі. Шмат студэнтаў з Турцыі, ёсць нават моладзь з ЗША, Канады, Мексікі, Індыі. На фоне такога прадстаўніцтва востра адчуваецца наша нізкая студэнцкая мабільнасць. Так, у Беларусі з маёй паралелі за мяжой правучылася семестр толькі адна дзяўчына, а толькі на мой факультэт у рамках праграмы “Эразмус” кожны семестр прыязджае 5–6 чалавек. Наогул, для Балонскай адукацыйнай сістэмы з’яўляецца нормай, каб студэнт хаця б адзін семестр правучыўся ў іншым універсітэце, і пажадана ў замежным.

Паміж сабой мы размаўляем па-англійску, але некаторыя студэнты ведаюць і іншыя замежныя мовы. На такім фоне з веданнем аднаго англійскага падчас адчуваеш сябе адсталым. Да того ж адразу цяжка ўспрыняць гутарковае англійскае вымаўленне, асабліва тых, для каго англійская мова родная, бо яны гавораць хутчэй і часта «праглынаюць» літары ў словах.

Праз гутаркі з замежнымі студэнтамі можна шмат чаго даведацца аб іншых краінах. Заўсёды цікава паслухаць стаўленне іншаземцаў да Беларусі і расказаць ім наша ўяўленне аб іх краінах (немцы, бывае, рэальна не ведаюць, дзе знаходзіцца Беларусь, часта з-за таго, што перакладаюць назву як кальку – Вайсрусланд).

Большасць нашых першых сустрэч адбывалася на арганізаваных універсітэтам вечарынах, якія заўсёды былі чаму-небудзь прысвечаны: пачатку семестра, Дню Святога Патрыка, фэсту народных страў, Вялікадню і г.д., – бо ў нефармальнай святочнай атмасферы лягчэй устанаўліваць і падтрымліваць кантакты. А зараз, пазнаёміўшыся, мы ўжо самі арганізоўваем сабе забавы, у асноўным вечарынкі ці паездкі па бліжэйшых гарадах. На працягу працоўнага тыдня мы бачымся зрэдку, бо для нас усе курсы выбарачныя, але гэта толькі пашырае кола зносін, бо на выбарачных курсах мы сустракаемся і кантактуем непасрэдна з брэменскімі студэнтамі.

Наведванне заняткаў не правяраецца, галоўнае – паспяхова зрабіць справаздачу

Спачатку мне было вельмі цяжка зразумець нямецкую сістэму вышэйшай адукацыі, усё было новым, незнаёмым і заблытаным. Але зараз я яе ўяўляю ў асноўных рысах.

Не усе курсы ў Германіі выбарачныя, як аб гэтым часта гаворыцца ў нас. Цалкам выбіраць курсы могуць толькі студэнты, якія вучацца па праграме “Эразмус”. Колькасць абавязковых модуляў залежыць ад спецыяльнасці і курса, але складае прыблізна 50% ад усіх. Усё роўна гэта больш, чым у Беларусі, дзе на выбар даецца ўсяго 2–3 пары другарадных прадметаў на семестр.

У Германіі не існуе такой экзаменацыйна-заліковай сістэмы, як у нас. Формай справаздачы там звычайна з’яўляецца напісанне рэферата ці курсавой  працы (студэнты пішуць па некалькі курсавых за семестр), стварэнне прэзентацыі. Экзамены і залікі ў нашым разуменні сустракаюцца зрэдку. Дарэчы, рэфераты, курсавыя і г.д. правяраюцца на плагіят, што вельмі стымулюе мысленне.

Няма ў Германіі і нашай лекцыйна-семінарскай сістэмы, дакладней, яна там зусім іншая. Існуюць чатыры формы заняткаў: лекцыі з семінарамі, як у Беларусі, і туторыумы з практычнымі заняткамі. Туторыумы – гэта заняткі, якія дабрачынна і за плату праводзяць старшакурснікі. Яны праходзяць у даволі нефармальнай атмасферы, слухач можа перапыніць свайго старэйшага калегу і спытаць тое, што не зразумеў. Практычныя заняткі – тыя ж семінары, але з больш практычным ухілам, напрыклад праца ў архіве. Лекцыі, семінары, туторыумы і практычныя заняткі складаюць модулі. Адзін модуль не абавязкова ўключае ўсе чатыры формы заняткаў, ён можа складацца нават з аднаго семінара ў тыдзень.

Кожны модуль «важыць» пэўную колькасць крэдытных пунктаў. За ўсе 4 гады навучання ў бакалаўрыяце брэменскаму студэнту трэба набраць 180 крэдытаў. Калі іх роўна размеркаваць па семестрах, атрымліваецца каля 25 крэдытаў. Студэнт мае права не набіраць модуляў звыш абавязковых, каб лічба крэдытаў дасягала 25, але ў такім выпадку яму прыйдзецца «нагнаць» ненабраныя крэдыты ў наступных семестрах. Сістэма крэдытаў не адмяняе ацэнак. Цікава, што лепшай ацэнкай з’яўляецца 1, а горшай – 6. У сярэднім у семестр брэменскія студэнты вывучаюць 3–4 модулі, якія складаюцца з 5–6 лекцый/семінараў/туторыумаў/практычных заняткаў. У цэлым колькасць заняткаў у тыдзень там атрымліваецца меншай, чым у нас, больш таго, наведванне любых заняткаў не правяраецца, галоўнае, каб у выніку была паспяхова зроблена справаздача. Гэта вельмі палягчае нямецкім студэнтам магчымасць падпрацоўваць.

У адрозненне ад Беларусі ў Германіі робіцца большы акцэнт на самастойную працу. Для падрыхтоўкі да семінара студэнтам звычайна рэкамендуецца прачытаць 2–3 навуковыя артыкулы (каля 10–20 старонак кожны), якія затым абмяркоўваюцца. Пры гэтым выкладчык імкнецца задзейнічаць усю аўдыторыю.

Працэсс адукацыі ва ўніверсітэце вельмі інфарматызаваны. Кожны студэнт мае свой электронны кабінет, праз які ён абірае модулі, атрымлівае літаратуру да семінараў, можа паглядзець свой расклад заняткаў, напісаць ліст выкладчыку. З абранага модуля можна выпісацца, але нельга потым ізноў запісацца. Мне вельмі падабаецца, што ў многіх модулях прадугледжана практыка, напрыклад паездкі ў іншыя краіны, удзел у канферэнцыях у іншых універсітэтах. Так, у модулі «Межы і рэгіёны ў Еўропе» прадугледжана падарожжа да нямецка-польскай і нямецка-чэшскай межаў з падрыхтоўкай пасля яго выступлення з прэзентацыяй.

***

За час знаходжання ў Германіі я пераканаўся, што заходнія краіны пераўзыходзяць нас не толькі па ўзроўні жыцця, але і па якасці адукацыі. А адукацыя ў наш час з’яўляецца падмуркам дабрабыту любой краіны. Аб недахопах нашай адукацыйнай сістэмы напісана шмат, але, на шчасце, ёсць і станоўчыя зрухі. У маі 2015 года Беларусь падпісала Балонскую дэкларацыю. Канечне, гэта толькі першы крок нашай дзяржавы на доўгім шляху гарманізацыі беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі з еўрапейскай. Пакуль не зроблена галоўнае – не створаны ўмовы для рэальнай незалежнасці ўніверсітэтаў ад дзяржапарату. Тым не менш хоць цяжка, але мы рухаемся наперад, і я спадзяюся, што гэта тэндэнцыя будзе мець працяг.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".

Беларусь і Еўропа. Казка пра змарнаваны час

Стрымана-аптымістычную заяву зрабіў сёння ў Бруселі кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей. Паводле міністра, наша краіна заключыць новае базавае пагадненне з Еўрасаюзам, прычым “гэта будзе ра