Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
41
Памер шрыфта

Перад выездам у Барысаў папрасіў калегу і кінасцэнарыста Паўла Магіліна стаць своеасаблівым гідам, дапамагчы ўнікнуць у некаторыя праблемы горада.

Першая сустрэча за кубачкам кавы – з рабочым завода “Аўтагідраўзмацняльнік” Аляксандрам Дражэнкам. Сорак гадоў працоўнага стажу, вышэйшая кваліфікацыя, прага да справядлівасці – толькі некаторыя рысы партрэта гэтага цудоўнага чалавека. Яму, дарэчы, ісці на завод у другую змену, таму мы пачынаем размову без лішніх прадмоў.

Па разнарадцы…

– Трэці цэх у нас самы праблемны. Праца цяжкая, там вырабляюць рулявыя механізмы. Рабочы  цэлую  змену цягае  металічныя балванкі, вагой  кілаграмаў па пятнаццаць. І вось іх штук дзвесце за змену паднімаеш  на станок і здымаеш.  А ты ж не грузчык.

Дзіўна, але, каб выканаць вытворчую норму, у гэты трэці цэх па разнарадцы пасылаюць работнікаў з другіх падраздзяленняў. Мяне туды накіроўвалі некалькі разоў.

Такім жа чынам затыкаюць кадравыя дзіркі ў другім, восьмым цэхах, а зараз і ў пятым. Масавая з’ява.

Пра якасць абсталявання і гаварыць няма чаго – пазаўчарашні дзень. Нашаму заводу 50 гадоў, многія станкі – равеснікі прадпрыемства, – з горыччу адзначае А.Дражэнка.

– У мінулым годзе “Аўтагідраўзмацняльнік” трапіў, як гаворыцца, у чорны спіс, наша запазычанасць Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва складала сотні мільёнаў недэнамінаваных рублёў толькі па выніках першых шасці месяцаў. У прэсе над намі падсмейваліся: рэкардсмены раёна, вобласці і краіны, – працягвае Аляксандр. – Але здолелі выправіць становішча. У першым квартале бягучага года запазычанасць ліквідавалі.

Атмасфера на прадпрыемстве ўстойліва варожая да праяў дэмакратыі. Перад 25 сакавіка да мяне асабіста падыходзіў намеснік дырэктара па ідэалогіі, цікавіўся аб маім магчымым удзеле ў акцыях пратэсту, засцерагаў ад паездак у Мінск. Кажу яму: гэта ж мая асабістая справа. Хіба вы не згодны з тым, што сітуацыя ў нас  ахавая, на заводзе і ў краіне? Згаджаецца: праблемы ёсць. Чаму ж тады ўлада не хоча прыслухоўвацца да голасу рабочых?!

Заробак на заводзе мізэрны, даўно не павышаўся. Напрыклад, у мяне сорак гадоў стажу, шосты разрад фрэзероўшчыка. А заробак усё роўна як у вучня: у лепшым выпадку чыстымі 400–450 рублёў. Да абяцанай тысячы ой як далёка!

Наш участак мае статус доследнага, мы дзейнічаем у цесным кантакце з канструктарамі. У цэхах на лініі заробкі яшчэ меншыя. Праца інжынераў абясцэнена ўвогуле. Прыходзіць на завод малады канструктар, яму налічваюць за месяц аж 260 рублёў. Згодны, што першыя два-тры месяцы яны асвойваюцца,  але ж потым, асабліва на лініі, яны выконваюць той жа аб’ём працы, што і вопытнейшыя калегі.

Нядаўна пачуў неафіцыйную навіну: у дырэкцыі ўзнікла жаданне ліквідаваць канструктарскае ўпраўленне, інструментальны цэх. Пад такім соусам: мы выраблялі рулі 30 гадоў і яшчэ нейкі час будзем вырабляць. Навошта галовы ламаць над новымі?!

Я сустрэў таго ж намесніка дырэктара па ідэалогіі і кажу: “Няма канструктараў – няма завода!” Ён згадзіўся, але невядома, як далей разгорнуцца падзеі.

Зараз у свеце з’явіліся прынцыпова новыя рулявыя механізмы, электрычныя. Каму мы будзем патрэбныя са сваімі старажытнымі канструкцыямі? Дзе  можа апынуцца завод без увагі і павагі да канструктарскай думкі?!

Канкрэтна на маім участку раней працавалі 15 рабочых. Хто звольніўся, хто на пенсію  пайшоў. Ён афіцыйна лічыўся элітным, эксперыментальным. Са звычайных металічных балванак выраблялі някепскія помпы. Аднойчы нават да драбніц паўтарылі канструкцыю, што ставіцца на “Крайслер”.

Завод трымаецца на старых распрацоўках. Хаця існуе ўпраўленне са статусам эксперыментальна-канструктарскага. У прамысловасці спыніцца  – гэта раўназначна таму, што адстаць, прытым безнадзейна. Вопытнымі кадрамі затыкаюць дзіркі. Мне давялося апошнім часам працаваць не толькі ў трэцім, але і ў восьмым і другім цэхах. Хіба ж гэта па-гаспадарску?

Калі прыходзіш у цэх масавай вытворчасці, то адчуваеш усімі органамі, у якім заняпадзе мы апынуліся. Стан станкоў і другога абсталявання такі, што словы цяжка падабраць для іх  характарыстыкі.

Калі раней дэталі з нашага завода ішлі напрамую на КАМАЗ, то цяпер шлях стаў звілісты: гатовыя вузлы перавальваюць праз гандлёвы дом БАТЭ.  “Аўтагідраўзмацняльніку” ад навацый адны страты – дадатковы далёка не бясплатны пасрэднік.

Не так даўно, у сакавіку, па заводзе пайшла трывожная чутка, нібыта  кіраўніцтва трапіла ў аблогу, некаторых быццам бы нават  за краты часова змясцілі. Былі падставы: кантралёрам не спадабалася закупка абсталявання, па дакументах яго аформілі як айчыннае, а на справе яно было імпартным.

Хто і як у камбінацыі разбіраўся, не ведаю, але зразумелі, што наш завод пазбаўлены самастойнасці і ніхто з кіраўніцтва так брудна камбінаваць з дакументамі і грашыма не мог. Падазрэнні знялі. Ці ўзнікалі прэтэнзіі да холдынга “Аўтакампаненты”, мне не вядома.

Заводскія склады пустыя, прадукцыя ахвотна набываецца расійскімі і беларускімі прадпрыемствамі. Чаму ж такія бедныя заробкі ў працаўнікоў? Чаму так па-чарапашаму абнаўляецца абсталяванне, тэхналогіі?

На мой погляд, адна з прычын – дарэмныя спадзяванні на стварэнне холдынга “Аўтакампаненты”. Ён для нас толькі цяжкасці стварае.

Нядаўна паспрабавалі выпускаць новы для нас від прадукцыі – вуглавы рэдуктар для аўтобуснага завода ў расійскім Лікіна.

Выгадны заказ атрымалі, а ў інжынерным сэнсе падрыхтоўкі не зрабілі. Конь не валяўся, і мы вымушаны былі ўручную і на ўніверсальным абсталяванні выконваць серыйны заказ. У суботу і нядзелю, не гаворачы ўжо пра звычайныя дні, панаваў  аўрал.

Іржавы пояс

Майму гіду Паўлу Магіліну добра вядома становішча ўсіх барысаўскіх прадпрыемстваў. Прамысловы горад, лічыць ён, трапіў у пояс беднасці, у так званы ржавы пояс. За апошнія гады колькасць насельніцтва зменшылася амаль на 20 тысяч чалавек. З’язджаюць, як правіла, маладыя і здаровыя.

Упершыню ў Барысаве ў гэтым годзе колькасць беспрацоўных пераваліла за тысячу чалавек. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Яўген Яначкін у мясцовай прэсе паведаміў, што па стане на 3 мая спецыяльна створаная камісія дапамагла знайсці занятак 215 чалавекам, 48 накіраваны на перавучванне.

 Яначкін лічыць сітуацыю з беспрацоўем стабільнай, кіруемай. На адну вакансію прэтэндуюць два зарэгістраваныя беспрацоўныя. Падкрэслім: зарэгістраваныя. Не кожны чалавек, які звальняецца з працы па важкіх прычынах, рэгіструецца як беспрацоўны.

Кіраўніцтва раёна сцвярджае, што людзі без хлеба не застануцца, заўсёды можна атрымаць працоўнае месца ў былых калгасах.

Калі “Аўтагідраўзмацняльнік” здолеў ліквідаваць запазычанасць, то больш за дзясятак суб’ектаў гаспадарання разлічыцца з фондам не могуць.

І ўвогуле барысаўская прамысловасць у незайздросным стане. У прэсе, мясцовай і сталічнай, неаднойчы завод БАТЭ называлі прадпрыемствам-зомбі, фабрыку піяніна – “бяльмом на воку”.

Маёмасць фабрыкі музычных інструментаў выстаўлялі на аўкцыён не адзін раз, але жадаючых купіць яго не знайшлося.

У той жа час знізіць кошт немагчыма, бо за фабрыкай лічыцца вялікая запазычанасць, на вяртанне якой разлічваюць крэдыторы.

Шырока вядомыя скандалы, што скаланаюць прадпрыемства “Барысаўдрэў”. Павел Магілін так пракаментаваў становішча: “Завяршэнне шматгадовай мадэрнізацыі, змена кіраўніцтва не дапамаглі яму выбрацца з фінансавай ямы. Па стане на 1 лютага 2017 года “Барысаўдрэў” значыўся ў спісе суб’ектаў гаспадарання Мінскай вобласці, якія мелі запазычанасць па падатках, зборах і пені. Хаця мадэрнізацыя на прадпрыемстве завяршылася яшчэ ў 2014 годзе. 109 мільёнаў еўра – у такую суму абышлася яна дзяржаве.

Цяжка сказаць, калі барысаўскія прамысловыя прадпрыемствы вырвуцца з крызіснай сітуацыі.

Аўтар: Мікалай ЗЯНЕВІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Пад Гродна ўсталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года

У Зарубіцкім лесе, які знаходзіцца пры дарозе з Гродна ў Індуру, усталявалі помнік у гонар паўстанцаў 1863 года. Згодна з задумкай Іосіфа Сідаркевіча, майстра лесу ў Індурскім лясніцтве, які і выканаў

Регионы озвучили ставки единого налога за деятельность, под которую не нужно открывать ИП

Напомним, что в Беларуси расширили список видов деятельности, для занятия которыми физлицам не нужно регистрироваться в качестве индивидуальных предпринимателей. Изменения приняты президентским указом

Нацбанк не планирует разрешать расчеты в криптовалютах

Вопрос разрешения расчетов в криптовалютах в Беларуси не рассматривается, заявил председатель правления Нацбанка Павел Каллаур 18 октября на открытии международного форума по банковским информационным