Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 2 чэрвеня 2017
7
Памер шрыфта

 Днямі Беларусь будзе святкаваць 915 гадоў з дня нараджэння Еўфрасінні Полацкай

Дзень памяці Святой Еўфрасінні Полацкай праваслаўная царква адзначае 23 траўня (5 чэрвеня паводле новага стылю).

Дзяўчынцы, што прыйшла на свет у сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда Усяслава, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі – адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, Часаслоў, жыццяпісы святых. Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняй такога жыццяпісу. Створыць яго напрыканцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас больш як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцай біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым аднагодкам. У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася князеўскай дачцэ дванаццаць гадоў – трэба збірацца замуж. Тым больш што слава аб Прадславінай прыгажосці і адукаванасці разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацак зачасцілі сваты.

Вядома, бацькі намерыліся аддаць князёўну замуж за сына нейкага багатага валадара, але яна абрала іншую пуцявіну. «Святым духам напоўніўся розум яе, – гаворыцца ў «Жыццяпісе», – і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» І яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхная, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды – тых памятаюць на зямлі…» Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

У Божай цвярдыні Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з самых адукаваных жанчын свайго часу ў Еўропе. Апроч Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, якіх шануюць як айцоў царквы. У полацкіх кнігазборах былі творы выдатнага хрысціянскага прапаведніка Іаана Залатаслова, а таксама славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфода. Князёўна вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў» і візантыйскія летапісы, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі і трактаты візантыйскіх філосафаў Міхаіла Псёла і Іаана Італа, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Полацкая кніжніца магла чытаць працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік Клімент Смаляціч.

Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна пасялілася ў Сафійскім саборы, дзе, як паведамляе «Жыццяпіс», «нача книгы писати своими руками». Праца перапісчыка была настолькі фізічна нялёгкая, што ёю ў той час займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэчаскай і лацінскай моў. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адчынены адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг – скрыпторыі. У створаных рупнасцю ігуменні Еўфрасінні школах юныя палачане, апрача царкоўнаславянскай, вучылі грэчаскую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне, па навуцы красамоўства – рыторыцы. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы і красамоўстве. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні мусілі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.

Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першай мецэнаткай. На яе заказ мясцовы дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ стагоддзя ў зусім новых архітэктурных формах збудаваў за сорак тыдняў храм Спаса – вяршыню полацкай архітэктурнай школы. Ігумення была замоўцаю крыжа Лазара Богшы і ацалелых да нашых дзён унікальных фрэсак Спасаўскай царквы, сярод якіх знаходзіцца і верагодны партрэт самой асветніцы. З яе імем звязана з’яўленне на нашай зямлі прывезенага з Візантыі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.

Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў з вонкавым светам, была ягонай настаўніцай і суддзёй. Падчас высылкі кіеўскім князем у 1129 годзе Рагвалодавічаў у Візантыю Усяславава ўнучка заставалася мо адзінай прадстаўніцай полацкай дынастыі на радзіме. Знаходзячыся за манастырскімі сценамі, яна стала своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацак князёў і на прызначэнне епіскапаў, кандыдатуры якіх мусіў ухваліць агульны сход месцічаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад скінуў кіеўскага стаўленіка і абвясціў сваім князем роднага брата ігуменні Васільку Святаславіча. «Жыццяпіс» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином – но всех хотяше имети, яко едину душю». Міратворчыя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у ХІІ стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подъяти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем…»

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны вычын паломніцтва ў Святую Зямлю.

Напрыканцы красавіка 1167 года ігумення і яе спадарожнікі сястра Еўпраксія і брат Давыд дасягнулі іерусалімскіх муроў. Там Еўфрасіння папрасіла Госпада, каб дазволіў ёй памерці ў Святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду. У хуткім часе яна занядужала, на дваццаць чацвёрты дзень хваробы сканала і была пахавана ў Іерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Да паловы ХVІ стагоддзя Полацак быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова Святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснай заступніцай – патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. Разам з праваслаўнымі беларусамі найпадобнейшую Еўфрасінню паводле даўняй традыцыі прызнае святою і каталіцкая царква.

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Где хранить деньги?

Старший аналитик компании “Альпари” Вадим Иосуб рассказал “Народной Воле”, почему белорусы снова начали забирать валюту со срочных депозитов, и где сегодня лучше всего хранить сбережения.

Расследаванне гібелі вайскоўца ў Печах: 8 крымінальных спраў, некалькі чалавек затрымана

17 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў дэталі следства па справе гібелі Аляксандра Коржыча.

«Затрудняет работу врачей-трансплантологов»

Белорусские медики недостаточно информированы о посмертном донорстве. Такой вывод сделан на основе опроса более тысячи врачей Гродненской области.