Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:54 23 снежня 2016
17
Памер шрыфта

У непрызнаным беларускімі ўладамі Саюзе палякаў змянілася кіраўніцтва. Старшынёй замест Мечыслава Яскевіча абрана Анжаліка Борыс. За яе кандыдатуру прагаласавала большасць дэлегатаў справаздачна-выбарчага з’езда арганізацыі, які днямі прайшоў у Гродне.

Зразумела, што прадстаўнікоў улады на з’ездзе не было, затое на форуме прысутнічаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

– Як я ацэньваю вынікі з’езда? Калі гаварыць пра вынікі галасавання – перамагла дэмакратыя. Калі гаварыць пра далейшыя крокі, то наперадзе шмат працы, – заявіла “Народнай Волі” Анжаліка Борыс. – Я падкрэсліваю: Саюз палякаў Беларусі не з’яўляецца палітычнай партыяй і ніколі ёй не будзе. Таму ў першую чаргу мы, як і раней, будзем займацца адукацыйнымі пытаннямі. Наша задача – пашыраць кола настаўнікаў польскай мовы ў Беларусі, тлумачыць бацькам, каб яны пісалі заявы для адкрыцця ў Беларусі пунктаў, дзе іх дзеці маглі б вывучаць польскую мову. Другі напрамак – культурніцкі: у наступным годзе мы будзем адзначаць даты, звязаныя з імёнамі Пілсудскага і Касцюшкі. І трэці напрамак – гэта абарона інтарэсаў прадстаўнікоў польскай меншасці, калі ў гэтым будзе патрэба. Зараз ніякага адкрытага канфлікту ў нашага саюза з беларускімі ўладамі няма. Мы не тая арганізацыя, якая ладзіць правакацыі, але, калі, не дай Бог, з боку ўлад Беларусі будуць нейкія атакі, мы гатовы бараніць сваіх людзей.

– Як усё ж такі будзеце дамагацца афіцыйнага прызнання Саюза палякаў?

– Гэта цалкам залежыць ад беларускіх улад. На гэта патрэбна іх палітычная воля. Але пакуль ніякіх зрухаў не адчуваецца. Нядаўна ўвогуле быў выпадак, калі ваўкавыскіх сябраў нашага Саюза не пусцілі ў польскую школу. А людзі ўсяго толькі хацелі перадаць туды падручнікі. Мы гатовы абмяркоўваць сітуацыю з уладамі і чакаем ад іх пазітыўных сігналаў.

– Пра супрацоўніцтва з афіцыйным Саюзам палякаў размова не ідзе?

– Так. Ні пра супрацоўніцтва, ні пра аб’яднанне з гэтай арганізацыяй размова не ідзе. Я лічу, што ў Беларусі свабодна і спакойна могуць існаваць дзве арганізацыі, і нядаўні візіт у Беларусь старшыні Сената Польшчы можа гэтаму паспрыяць.

Нагадаем, што з 2005 года ў Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. 11 гадоў таму Міністэрства юстыцыі Беларусі не прызнала вынікі з’езда арганізацыі, на якім старшынёй таксама была абрана Анжаліка Борыс. Пасля гэтага арганізацыя раскалолася, і ў краіне сталі працаваць два Саюзы палякаў: адзін – на чале з Мечыславам Лысым, прызнаны беларускімі щладамі, другі – на чале з Анжалікай Борыс, прызнаны ў Польшчы.

 

АФІЦЫЙНА

Конрад ПАЎЛІК:

“Мы хочам легалізацыі Саюза палякаў”

Паводле вынікаў з’езда альтэрнатыўнага Саюза палякаў Беларусі амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік заявіў:

– Мы чакалі, калі пройдзе з’езд. Гэта чарговы этап. Адносіны Варшавы ў гэтым пытанні застаюцца нязменныя: мы хочам легалізацыі Саюза палякаў Беларусі. Мы таксама хочам весці перамовы пра маёмасць Саюза палякаў, пра Польскія дамы ў Беларусі.

Аўтар: Віталь ГАРБУЗАЎ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Мирослав Грабовицкий: Мяч на вашей стороне

Исполнительный директор Федерации биталона Украины рассказал “Народной Воле”, что 22 ноября в Минске решится судьба белорусской спортсменки Дарьи Блашко, которая приняла украинское гражданство.

Шушкевічу няма на каго пакінуць партыю

Старшыня палітычнай партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” прызнаецца, што яму няма на каго пакінуць партыю.

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама

Сяргей Дарошка прызначаны начальнікам галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінскага гарвыканкама. Такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 20 лістапада, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.