Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Гісторыя фотаздымка 
6:00 29 верасня 2016
24
Памер шрыфта

Хвалюючы здымак! Запамінальны, сімвалічны. Яшчэ неакрэплыя дзіцячыя рукі ўзнімаюць высока над галавой наш святлісты, самы прыгожы ў свеце (гэта агульнапрызнана) гістарычны сцяг. І сам хлопчык усёй сваёй істотай – позіркам, подыхам, парываннем душы – імкнецца за ім, у неба. Неба надзеі, што з-за хмар і густых аблокаў выбліснула тады над Бацькаўшчынай…

Здымак гістарычны і зроблены ў гістарычны момант – 19 верасня 1991 года вядомым фотакарэспандэнтам Сяргеем Грыцам ля Дома ўрада ў Мінску, дзе ў Авальнай зале на гістарычным пасяджэнні тагачаснага Вярхоўнага Савета вырашалася найважнейшае пытанне: аб вяртанні Рэспубліцы Беларусь у якасці дзяржаўных сімвалаў гістарычных нацыянальных святынь – спракаветных бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”. І ў тое імгненне, калі з рэтранслятараў на плошчы, дзе ўжо сабраўся натоўп у напружаным чаканні (як жа, як жа ўрэшце прагаласуюць?) пачулася радаснае “Зацвердзілі!”, пільнае вока фотамайстра выхапіла сярод усхваляванага люду хлопчыка са сцягам. Не давялося, дзякуй Богу, нічога шукаць, “інсталяваць”! Пашанцавала, адным словам: схапіў такі непрыдуманы, па-мастацку выразны сімвал вялікай падзеі, жывое дыханне часу.

Пашанцавала і нам, і нашым неабыякавым нашчадкам атрымаць магчымасць зноў і зноў адчуць незабыўныя хвіліны нашай найноўшай гісторыі. Так што гэтай фатаграфіі ні многа ні мала – роўна чвэрць стагоддзя. Дакладней, на сёння, 20 верасня 2016-га, – 25 год і адзін дзень.

Дата, ды яшчэ якая!

 

Вячаслаў

А нагадаў пра яе нечаканы званок ад слыннага навукоўца, глыбокага даследчыка гістарычнай і культурнай нашай спадчыны, можна сказаць, нашага галоўнага скарыназнаўцы Вячаслава Чамярыцкага:

– Мо цікава будзе ўспомніць старое фота з маім унукам Антонам? Якраз у сувязі з 19 верасня 1991 года.

Я не адразу і ўцяміла: якая тут сувязь паміж унукам Вячаслава Антонавіча і гістарычнай падзеяй? Ды і як успомніць таго, каго ніколі не ведала? Так, з самім Вячаславам Чамярыцкім мы знаёмы з далёкай маладосці – вучыліся ў адначассе на філфаку БДУ. А вось з сям’ёй, унукам, на жаль, не давялося пазнаёміцца.

Ды ўсе сумневы-недаўменні адразу ж зніклі, варта было толькі глянуць на здымак. У свой час ён абышоў увесь свет, быў узяты на вокладку кнігі “Беларусь на скрыжаваннях гісторыі”, якая належыць пяру найвыдатнага грамадскага і культурнага дзеяча беларускай дыяспары ў Амерыцы Янкі Запрудніка і выйшла на пачатку 1990-х на англійскай мове ў ЗША, а затым па-беларуску – у Мінску. Як жа не пазнаць? Толькі вось хто гэты рэальны хлопчык-сімвал на здымку, і ўяўлення раней не мела.

Вячаслаў Антонавіч патлумачыў:

– Ды гэта мой улюбёны ўнучак Антон. Тады яму было сем гадкоў, а цяпер – аж не верыцца – 32… Але ўвесь час той фотаздымак, толькі ў павялічаным фармаце, вісіць на сцяне ў Антонавым пакоі. Я ганаруся Антонам: годны вырас хлопец, добры сем’янін, спецыяліст сваёй справы і адказны, рупны гаспадар. А той парой, 25 гадоў таму, наш непаседны жэўжык, калі мы ўсёй сям’ёй – я з жонкай, дачка Вераніка з мужам і сынком – ішлі на плошчу (усё яшчэ Леніна), быў у свае сем, безумоўна, не  волат-барацьбіт, але зусім не бяздумны бэйбус: з намі (а мы тады жылі ўсе разам у адной кватэры) і на мітынгі ўплятаўся з ахвотай, і з размоў-спрэчак нашых у яго галаве нешта засядала. Ад нараджэння бачыў наш бел-чырвона-белы сцяг і міжволі навучаўся ўспрымаць яго як святое, дарагое.

Так што гэты знакаміты фотаздымак (мы і не заўважылі, калі і хто яго рабіў), выходзіць, быў зусім не выпадковы, як і наша з’яўленне на плошчы. Усё тады вакол віравала і кіпела, і ў сям’і не было абыякавых да таго, што адбываецца не проста за акном, а і з намі самімі, нашым лёсам, нашым заўтра…

Можна ўявіць, у якой атмасферы гадаваліся дзеці Вячаслава Антонавіча – сын і дачка з паэтычнымі багдановічавымі імёнамі Максім і Вераніка, а потым і ўнучак Антон. Сам вучоны – унікальная, магутная асоба нават у коле яркіх талентаў-адраджэнцаў канца ХХ стагоддзя. Гадаванец легендарнага Наваградка – першай сталіцы беларускай сярэднявечнай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага – змалку дыхаў захапляльнымі гістарычнымі паданнямі, успамінамі старажылаў, тайнамі дзівоснага роднага краю, імкнуўся разгадаць гэтыя тайны. А як? Усё глуха, закрыта, маўкліва – нібыта (а было зусім не “нібыта”) схавана за сямю замкамі. Не разумеў: навошта? Разуменне прыйшло пасля.

– Дарэмна спадзяваўся, – згадвае Вячаслаў Антонавіч, – што вучэнне ва ўніверсітэце нешта праясніць, прыадчыніць. І тут – аблом. Што-нішто наша гістарычнае калі і ўзгадвалася, то выключна мімаходзь, подбегам – толькі б не запыніцца, не даць запытацца, тым болей задумацца. Ды аднойчы… (сапраўды ўсё галоўнае пачынаецца з “аднойчы”) амаль выпадкова зачапіўся за адзін наш старажытны летапіс – і ўжо не змог адарвацца. Быў аглушаны, ашаломлены, бясконца здзіўлены: за спінай у нас такая багатая гісторыя, пакаленні вялікіх продкаў, незлічоныя скарбы асветніцтва, мастацтва, прыгожага пісьменства. Адно толькі імя Скарыны  – глыбішча, вышыня еўрапейскага маштабу! А мы дагэтуль, як у пячоры, нічога не ведаем і нават не здагадваемся. Трэба спяшацца з раскопкамі, хоць туды і не вельмі пускаюць. З той пары гэтым і жыву.

З той пары апантаны высокай ідэяй чалавек са сваім калектывам аднадумцаў, мэтанакіраваных даследчыкаў у аддзеле гісторыі старажытнай і новай беларускай літаратуры былога акадэмічнага Інстытута літаратуры “накапаў” мноства матэрыялаў, зрабіў шмат адкрыццяў у распрацоўцы новай канцэпцыі гэтай агромністай справы, якую распачыналі і ў якую ўнеслі свой важкі плён такія сучасныя асілкі-інтэлектуалы, як, прыкладам, доктар навук Адам Мальдзіс і іншыя даравітыя, нястомныя ратаі закінутай было нівы Беларускага Адраджэння.

Але вось дзіва: нават уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за свае неаспрэчныя навуковыя здзяйсненні, здабыўшы карпатлівай працай для шырокага грамадства веды аб саміх сабе – валадарах велізарных духоўных багаццяў, назапасіўшы навуковых матэрыялаў мо на дваццаць доктарскіх дысертацый, Вячаслаў Чамярыцкі так і выйшаў на пенсію ў сціплым званні ўсяго толькі кандыдата навук. Нічога сабе “кандыдат”, які, мяркую, мог бы і акадэміка за пояс заткнуць, асабліва ў тым, што тычыцца Скарыны і нашых летапісаў!

Як такое магло стацца? Напрамую пытаюся ў “незразумелага” вучонага.

– А што здзіўляцца? – адмахваецца ён. – Я як толькі пачаў заглыбляцца ў свае нетры, дык адразу ўцяміў, адчуў: не, жыцця не хопіць, каб дазнацца, здабыць, вынесці на свет Божы хаванае стагоддзямі. Застаецца адно – не разменьвацца на дробязі, не губляць ні хвіліны. А марнаваць час на розныя там фармальнасці, паперкі, доказы даказанага, каб толькі атрымаць доктарскі дыплом ды яшчэ якую “дзясятку” ўпрыдачу – не варта выедзенага яйка. Я і спяшаўся рабіць тое, што сталася жыццём. Пакуль наш літаратурны інстытут не зліквідавалі…

Але цяпер ведаю, веру: што ўдалося зрабіць з сябрамі – ужо не зліквідуеш, як бы каму ні муляла. Справа зроблена, хоць не ўсё, аб чым марыў. Затое ў мяне дзеці – сын і дачка – такія, якімі і хацеў іх бачыць. І маёй Вераніцы таксама ёсць што сказаць.

Вераніка

Сапраўды, і гэтай жанчыне – такой абаяльнай, інтэлігентнай і па-маладому энергічнай – ёсць што сказаць. Але доўга размаўляць не выпадае: яна, як раней бацька, таксама вельмі спяшаецца. Спяшаецца да дзяцей, якім выкладае беларускую літаратуру. І выкладае так, што без усякай прынукі юныя слухачы ловяць кожнае яе слова, убіраюць яго ў сябе і часам нават жахаюцца: “А мы ж не ведалі такога!” Цешыцца, што яе гадаванцы наўрад ці кінуць грэбліва праз плячо: “Фи, этот белорусский…”

Вераніка Вячаславаўна ідзе па бацькавых слядах, служыць беларушчыне не па абавязку – па душы, натхнёна і годна. Інакш, лічыць яна, няма і сэнсу. І яна, канечне ж, тады, з усімі сваімі невыпадкова была на плошчы перад Домам урада ў гістарычны дзень чвэрць веку таму.

Помню, доўга стаялі на плошчы, услухоўваючыся ў бурныя дэбаты дэпутатаў. Ужо амаль за месяц да гэтага Вярхоўным Саветам 12-га склікання наша Беларусь заканадаўча была прызнана і абвешчана на ўвесь свет незалежнай, суверэннай дзяржавай. Здавалася, з чаго б зараз усчынаць спрэчкі вакол дзяржаўных сімвалаў – не старыя ж, савецкія, у новай краіне, што паўстала на мапах свету пад імем Рэспубліка Беларусь, пакідаць? Але абаронцы камуністычнай загартоўкі цвёрда стаялі на сваім. Дэпутаты дэмакратычнага кірунку, і перш за ўсё Пазьняк і Гілевіч, з дапамогай навуковых аргументаў, дакументальных сведчанняў глыбока і пераканаўча даказвалі: бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” стагоддзямі вялі нашых продкаў на абарону Бацькаўшчыны ад нападнікаў, на працу дзеля працвітання роднай зямлі. Нам без узнаўлення гэтых сімвалаў не пабудаваць новую Беларусь!

І апаненты мусілі пагадзіцца. Тады…

Узрушаныя, разыходзіліся па дамах. У нашай сямейнай камандзе, калі ішлі па вуліцах, сцяг пераходзіў з рук у рукі, яго неслі па чарзе – урачыста, са святочным настроем. Водгулле таго дня для нас не аціхла і па сёння. І для сына, ведаю, таксама.

Антон

А вось і сам Антон уласнай персонай! Ужо 32-гадовы (выглядае, па мне, дык на 20 з хвосцікам) малады чалавек: рослы, спартыўны, прыгажэнны – вачэй не адвесці. У выразе твару, ва ўсёй паставе – унутраная годнасць і шчырасць, спакойная сіла дабрыні і перакананасці. Вельмі нагадаў ён мне свайго дзядулю, толькі з той далёкай нашай студэнцкай пары. Ну проста ідэальны (хоць такога, кажуць, не бывае) партрэт сапраўднага сучаснага беларуса! Эх, быў бы жывы сёння геній жывапісу Ілля Яфімавіч Рэпін, то, бадай, схапіўся б пісаць да свайго знакамітага палатна “Беларус” ужо сённяшні варыянт – XXI  стагоддзя…

Антон прымчаўся ўжо вечарам з вёскі, дзе будуе ўласны дом. Ды яшчэ зрываецца адтуль час ад часу на рамонт кватэры ў Мінску, дзе яны (яго маладая сям’я) жывуць зараз.

Вяртаючыся ў думках у той далёкі гістарычны дзень, вакол якога ўся гаворка, ужо не хлопчык, а дарослы мужчына кажа:

– Верыце ці не, а я не тое што памятаю – бачу ўсё, што было тады, як зараз. І аблокі на сінім небе, і ўзрушаных людзей, і моцныя мужчынскія рукі, што падымаюць мяне над натоўпам, гушкаюць, падкідваюць, як зараз я свайго Юрасіка.

Бласлаўлёны быў міг! Ведаеце, той самы-саменькі сцяг, толькі ўжо крыху выцвілы, злінялы (на столькіх жа вятрах і дажджах гойдаўся), дагэтуль захоўваецца ў нас як найдаражэйшая рэліквія.

Канечне, як і ў кожнага нармальнага прыстойнага чалавека, у яго на першым плане сям’я. Але, ужо адчула, – не толькі. Маладога грамадзяніна хвалюе лёс сучаснага пакалення, яго роля ў тым, як хутка “дойдзем мы да Беларусі”.

– Не, не ўсе, але за многіх з маіх равеснікаў і маладзейшых за нас не магу не трывожыцца, мне іх вельмі шкада. Жывуць, ні аб чым асабліва не задумваючыся. Прыстасоўваюцца да таго, да чаго прыстасоўвацца нельга. Не маюць сваёй думкі, гавораць услых толькі тое, што “паложана”. Нейкае “апрацаванае”, як я называю, пакаленне. Што з такіх толку – хоць самім сабе, хоць дзяржаве? Нават калі і дасягнуць знешняга поспеху, розных матэрыяльных дабротаў, то што за шчасце – не паважаць саміх сябе?

Выдатны спецыяліст-эканаміст з дыпломам БДУ, аказваецца, яшчэ і ўдумны філосаф.

– Вось часта думаю, праз якія выпрабаванні і пакуты прайшлі нашы папярэднікі, каб мы, сённяшнія, убачылі святло ў канцы тунеля. Усе мае чатыры прадзеды – сумленныя, працавітыя, годныя людзі – мелі трагічны лёс. Адзін – за тое, што збег у лес, хаваючыся ад калгаса. Другі ў савецка-фінскую вайну загінуў, не разумеючы за што. Трэці – франтавы ваенурач у Айчынную быў асуджаны на расстрэл за “крамольную” фразу, сказаную сярод баявых сяброў: “Не, не Сталін выйграе вайну, а савецкі народ…” А ўрэшце быў сасланы ў Сібір. Чацвёрты ж па гнюсным даносе быў расстраляны. Нам што, трэба такое паўтарэнне?!

Я хачу жыць і працаваць на роднай зямлі. Мне ўсё тут сваё, дарагое. І гераічная пакутная гісторыя, і шматвяковы бел-чырвона-белы сцяг, і мова наша прыўкрасная, і неабароненая, па чыноўніцкіх канонах, дысертацыя дзеда… Я яго вельмі люблю. Ён вучыў і вучыць усяму добраму, справядліваму, як я зараз свайго Юрасіка. Яму толькі два з паловай гадочкі, а ён, як я калісьці, пачынае пакрысе размаўляць па-беларуску. Вось і зараз: усяго гадзіны са тры, як я ледзь вырваўся з яго абдымкаў, – і ўжо няўсцерп схапіць малое на рукі і прыціснуць да сябе. Таму зноў за руль – і хутчэй на сустрэчу з сынулькам. Уключу ў салоне запіс найлепшага музыкі сучаснасці Лявона Вольскага – і я шчаслівы…

У сямейным коле на лецішчы бабулі Марыны Усеваладаўны Чамярыцкай (на здымку – першая злева; побач з ёю Антон са сваім Юрасікам. Затым Вячаслаў Антонавіч Чамярыцкі і яго дачка, маці Антона – Вераніка Вячаславаўна)

Шчаслівых дарог па жыцці людзям, хто сам стварае сваё шчасце!

Аўтар: Святлана КЛІМЕНЦЕНКА 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Некоторые не знают, что в феврале будут выборы!»

Как белорусы реагируют на просьбу поставить подпись за выдвижение кандидата в депутаты?

Хто і куды ідзе з апазыцыі на мясцовых выбарах

10 сьнежня пачалося вылучэньне кандыдатаў на выбары мясцовых саветаў 18 лютага 2018 году.

Хоккеисты «Динамо-Минск» одолели «Слован» и прервали серию из четырех поражений в КХЛ

Новости Беларуси. Минское «Динамо» вечером 11 декабря принимало в рамках континентальной хоккейной лиги «Слован» из Братиславы, сообщили в программе «СТВ-Спорт».