Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 23 чэрвеня 2017
20
Памер шрыфта

Беларускі мастак і музыкант распавёў “Народнай Волі” пра свае афрыканскія карані, бурлівую маладосць і любоў да мовы.

З ДАВЕДКІ

Андрусь ТАКІНДАНГ. Мастак, музыкант. Працаваў тэлевядучым. Нарадзіўся ў сям’і беларускі і  ўраджэнца Чада. Закончыў гімназію-каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры.

Іграе ў гурце фолькмадэрновай музыкі «Рэха», а таксама ў музычным праекце «Гаротніца». На АНТ вёў курсы беларускай мовы ў перадачы “Наша раніца”.

 

– Андрусь, ваша дзяцінства прайшло ў 1980-я, юнацтва – у 1990-я. Якія сёння асацыяцыі з тымі часамі?

– 1980-я – гэта завоз свежага хлеба ў вёску на Лепельшчыне, дзе я да 5-га класа жыў у бабулі. Гэта ровар “Аист”, на якім можна ездзіць “пад рамай”, і смачны яблык, які ты ясі з хлебам. Гэта дзіцячае жаданне вырасці і паехаць куды-небудзь ваяваць. Памятаю, з Афганістана вярталіся хлопцы і хадзілі па вёсцы ў цяльняшках, як “крутыя”, а ты думаў: вось жа людзям пашчасціла!

А 1990-я для мяне найперш асацыіруюцца з творчасцю, шматтысячнымі мітынгамі ў сталіцы, выступленнямі Зянона Пазьняка…

– Вас выхоўвала бабуля?

– У дзяцінстве я шмат хварэў, і маці адвезла мяне ў вёску да сваіх бацькоў. Таму, натуральна, выхаванне ўсклалася на бабулю і дзядулю, якія, да слова, былі педагогамі. Дзядулі ўжо няма, але ў свой час ён працаваў выкладчыкам фізікі. Бабуля выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Дарэчы, мой афрыканскі бацька пасля заканчэння ВНУ ў Мінску затым таксама выкладаў матэматыку ў Чадзе.

– Маці распавядала пра гісторыю свайго кахання?

– Рамантычнымі падрабязнасцямі я не цікавіўся, але відавочна, што ў іх было моцнае пачуццё, якое яны праз усё жыццё і пранеслі. А пазнаёміліся звычайна. Яна была студэнткай філалагічнага факультута, ён – матэматычнага. Абодва – людзі з моцнымі характарамі. Мама мне шмат распавядала пра бацьку, але з ім я пазнаёміўся ўжо ў больш сталым узросце. Калі ж бацька памёр, мы ездзілі ў Чад на пахаванне. Мне тады было каля 20 гадоў.

– Афрыканская краіна, напэўна, была для вас такой жа экзотыкай, як для афрыканцаў Беларусь…

– Найперш мяне ўразілі ўзаемаадносіны паміж людзьмі. Еўрапейцы – яны больш індывідуалісты, некалькі закрытыя. Жыхары Чада – эмацыянальныя і непасрэдныя. Там ты мусіш трымацца сям’і і свайго роду, каб жыць было лягчэй. Адчуваецца іерархічнасць, паслухмянасць дзяцей, павага да старэйшых. Я сядаў за стол, а мне прыносілі ваду, каб памыў рукі. На вуліцы сваячка несла за мной лаву, каб я не стамляўся і мог сесці. Гэта было для мяне крыху незвычайна. Зрэшты, і самі мясцовыя жыхары – як дзеці. І калі глядзяць па тэлевізары, як нейкі монстр бегае за галоўным героем, то перажываюць і вохкаюць так, што і сам можаш паверыць у рэальнасць гэтага монстра.

– Вы ў дзяцінстве любілі маляваць, добра спявалі?

– Мой дзядуля вельмі добра граў на гармоніку і спяваў, бабуля спявала. Дзядзька і цётка мае таксама спявалі і гралі на гітары, а я ва ўсім гэтым асяродку і выхоўваўся. Акрамя таго, у 1990-я гады было модным беспрадметнае мастацтва – абстракцыя, таму калі я пэцкаў паперу нейкімі каляровымі плямамі, то маці, памятаю, казала так: “Вельмі прыгожа, вельмі сучасна…” Пасля такіх слоў пэндзаль у маіх руках пачынаў працаваць яшчэ хутчэй, плямы станавіліся больш яркія…

– І пасля такіх слоў можна было паспрабаваць працягнуць вучобу ў мастацкім каледжы…

– Так склалася, што ў майго дзядзькі, былога спартсмена, было шмат знаёмых мастакоў. Да нас у вёску прыязджалі і Міхал Анемпадыстаў, і Тодар Кашкурэвіч… Вось мне і параілі ўстанову, дзе можна працягнуць мастацкае навучанне. Рыгор Сямёнавіч Сітніца, які зараз з’яўляецца старшынёй Саюза мастакоў, у той час працаваў выкладчыкам у каледжы, дасылаў мне ў вёску пэўныя  заданні, якія я дыстанцыйна і выконваў. У выніку ўжо з 10 гадоў я быў навучэнцам каледжа імя Ахрэмчыка.

– Ёсць што ўспомніць за гады вучобы ў “Парнаце”, як у народзе называюць гэты каледж?

– О, не тое слова! Каледж – гэта быў свой мікракосмас. Мы там фарміраваліся не столькі як мастакі, колькі як асобы. Мастак, як мне падаецца, не толькі той, хто трымае ў руках пэндзаль, але і той, хто ўключае мазгі, мае крытычны розум, можа нешта ацэньваць і аналізаваць. Мы спрачаліся, хадзілі на канцэрты рок-гуртоў, выпівалі і нават біліся. Амаль у кожнага другога з каледжа быў нож альбо цэп, бо ў Парку Чалюскінцаў даводзілася трапляць у розныя сітуацыі. І мы маглі б быць простымі хуліганамі 1990-х, але ў нас было тое, дзеля чаго хаваліся ад вахцёра ў майстэрні, каб за ноч выканаць заданне. І гэта было проста супер! А яшчэ былі мітынгі апазіцыі, якія я са знаёмымі таксама стараўся не прапускаць.

– За палітычную актыўнасць на вас не ціснулі?

– Дык і выкладчыкі каледжа праяўлялі такую ж самую актыўнасць. Многія беларускія мастакі былі тады, што называецца, на перадавой нацыянальнага Адраджэння. Нацыянальныя сімвалы, родная мова – гэта ўсё было наша.

– З праваахоўнікамі праблем не было?

– Аднойчы, падчас першага Дня Волі, мяне затрымалі разам з маці. У міліцыі перапісалі пашпартныя звесткі і адпусцілі. А ў каледжы справу спусцілі на тармазах. Падчас вучобы ва Універсітэце культуры таксама затрымлівалі – на прэзентацыі музычнага дыска. І зноў кіраўніцтва ВНУ заняло наш бок, таму мне, дзякуй Богу, пашчасціла сутыкацца з цалкам свядомымі і адэкватнымі настаўнікамі.

– У вашай творчай кар’еры ёсць і такі этап жыцця, як выключэнне з Акадэміі мастацтваў. Што там за гісторыя здарылася?

– Гісторыя абсалютна банальная: напрыканцы першага курса пагналі з ВНУ за непаспяховасць. Не здаў сесію, бо “не адпавядаў прафесійным патрабаванням”. Зрэшты, ні на кога крыўды не было і няма, бо і сам разумеў, што маляваць у мяне не зусім атрымліваецца. І чым больш стараўся, тым горш было. Таму расставанне было непазбежным.

Натуральна, трэба было думаць, дзе вучыцца далей, і калі даведаўся, што ва Універсітэце культуры пачаўся новы набор на спецыяльнасць “мастак-рэстаўратар”, то вырашыў паступіць туды.

– Акрамя творчых памкненняў маладым людзям звычайна хочацца мець і нейкую капейку на жыццё. Як вы пачалі зарабляць першыя грошы?

– У студэнцкія гады жывапіс ніякіх матэрыяльных дывідэндаў не прыносіў, а першыя ганарары сталі з’яўляцца, калі з гуртом “Рэха” пачалі выступаць у Польшчы. А пасля ўніверсітэта па размеркаванні працаваў у Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

– Ці дадала вам папулярнасці праца на АНТ, дзе вы ў перадачы вялі курсы беларускай мовы?

– Дадало пазнавальнасці. З намесніцай старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы” Аленай Анісім мы пяць гадоў рабілі перадачу, прысвечаную роднай мове. Як ні дзіўна, яшчэ досыць вялікая колькасць людзей глядзіць тэлебачанне. Таму часам у горадзе падыходзілі незнаёмыя, паціскалі руку, дзякавалі альбо давалі нейкія парады. А аднойчы наогул адбылася цікавая гісторыя. На вуліцы падышоў нейкі крыху зашмальцаваны дзядзька і стаў углядацца ў мой твар. Відаць, бачыў мяне на АНТ, чуў маю беларускую мову, але ніяк не мог успомніць, хто ж я такі. У выніку розных асацыяцый і правядзення сваіх лагічных паралеляў мужчына ў рэшце рэшт радасна ўсклікнуў: “Дык ты ж – Кастусь Каліноўскі!” А я і не супярэчыў. Ды і мужчына, магчыма, будзе затым расказваць, што сустрэў жывога Каліноўскага…

Увогуле, я бачу, што сёння многія хочуць вывучаць беларускую мову, і ім гэта цікава. Не разумею людзей, якія адракаюцца ад свайго…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.