Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 29 верасня 2016
25
Памер шрыфта

Алімпійскі чэмпіён па веславанні на байдарках і каноэ шчыра распавёў “Народнай Волі” пра закулісныя гульні ў вялікім спорце.

Як паведамлялася, напярэдадні Алімпіяды ў Бразіліі Міжнародная федэрацыя каноэ абвясціла пра дыскваліфікацыю мужчынскай зборнай Беларусі за парушэнне антыдопінгавых правіл. Паведамлялася, што ў федэрацыі ёсць доказы прыёму беларусамі забароненых прэпаратаў падчас збору ў Францыі. У выніку Гульні прайшлі без беларускіх весляроў, а доказы іх вінаватасці… не прадастаўлены да гэтага часу.

– Хто “заблакаваў” наш удзел у Алімпійскіх гульнях? Тут некалькі варыянтаў, – кажа Аляксандр БАГДАНОВІЧ (на фота – справа), які вырашыў ужо канчаткова развітацца з вялікімі спортам. – Але асабіста мне падаецца, што ў гэтым пытанні пралабіравала свае медалёвыя інтарэсы Германія, чыя зборная па веславанні на байдарках і каноэ на Алімпіядзе ў адсутнасць асноўных канкурэнтаў заваявала сем узнагарод. З іх чатыры – залатыя. У каноэ-двойцы на 1000 метраў у іх наогул не было ліцэнзіі на гэтай дыстанцыі. Напярэдадні на спаборніцтвах немцы бачылі, у якой форме мы былі, а таму, магчыма, вырашылі не рызыкаваць і прыбраць з дарогі сапернікаў. У выніку прыбралі нас, расіян, і атрымалі ліцэнзію. Што адбываецца далей? Дыскваліфікацыю атрымлівае “двойка” з Малдовы, якая выйгравала ў сезоне на Кубку свету. Сказалі: “У вас знайшлі допінг. Не ведаем, што за допінг, але будзем разбірацца”. Пасля паўфінальных заездаў на Алімпіядзе абвяшчаюць малдаванам: “Прабачце, інфармацыя пра допінг была памылковая, але ўдзельнічаць вы ўжо не можаце”.

– А чаму вы думаеце, што тут маецца “нямецкі след”?

– Я ж не сцвярджаю на сто працэнтаў, але самі факты, калі іх скласці ў адну карціну, указваюць на гэта. Тым больш немцы маюць вагу ў Міжнароднай федэрацыі каноэ.

– А што зараз чуваць па “справе беларускіх весляроў”?

– Я думаю, судовае разбіральніцтва абавязкова будзе, таму на нейкі вынік усё ж такі разлічваем. Няхай скажуць, якія законы мы парушалі. Якое парушылі антыдопінгавае правіла? І хто канкрэтна вінаваты, калі паловы дыскваліфікаваных хлопцаў нават не было ў Францыі? Амаль месяц прайшоў, як закончылася Алімпіяда, а ўсе маўчаць, і гэты абсурд вісіць у паветры.

– Успамінаеце тую французскую гісторыю?

– Гэта ж не так даўно было, як яе забыць? Праводзілі перадалімпійскі збор у Францыі, раней да нас ніякіх прэтэнзій не было. Французы ўзялі допінг-пробы ў нас і ў некаторых спартсменаў знайшлі рэшткі мельдонію, які з 1 студзеня гэтага года стаў забароненым прэпаратам. Тады нават не ведалі, якая дазіроўка дазволена, колькі прэпарат утрымліваецца ў арганізме. Але нейкі французскі вучоны, як нам стала вядома пазней, сказаў, што мельдоній выводзіцца з арганізма на працягу трох дзён. Логіка была простая: калі допінг-пробы беларускіх спартсменаў паказалі мельдоній, значыцца, яны прымалі яго ў Францыі і прывезлі яго ў краіну. А ў Францыі мельдоній прыроўнены да наркотыкаў. Таму быў вобшук, дапытвалі ўсіх, палохалі моладзь… Сур’ёзна так шукалі, бо заглядвалі нават ва ўнітаз. Адзінае, што некалькі капсул з мельдоніем знайшлі ў аднаго трэнера, але ён браў прэпарат для ўласнага карыстання.

– Да якога часу сітуацыя з удзелам беларусаў у Алімпіядзе заставалася нявызначанай?

– Мы трэніраваліся да самага апошняга моманту. І нават калі сказалі, што не паедзем на Гульні, усё роўна не кінулі трэніроўкі ў спадзяванні, што такога абсурду не дапусцяць. Памыляліся.

– За сваю спартыўную кар’еру ўпершыню сутыкаецеся з такой сітуацыяй?

– Да гэтага ніколі такога не бачыў. Мне падаецца, што мы патрапілі “пад малаткі” разам з дыскваліфікаванымі расіянамі, а мы ж суседзі. Думаю, у іншай сітуацыі Міжнародная федэрацыя каноэ не дазволіла б сабе такія дзеянні. Гэта ж трэба: прыдумаць нешта неверагодна абстрактнае, каб адлучыць ад Алімпійскіх гульняў усю каманду! Увогуле, за перадалімпійскі сезон спартыўныя чыноўнікі прыбралі чатыры мацнейшыя ў свеце зборныя – беларусаў, румын, малдаван і расіян. Што тады казаць пра канкурэнцыю ў гэтым відзе спорту?

– Аляксандр, гэтая непрыемная гісторыя нейкім чынам паўплывала на тое, што вы вырашылі пакінуць спорт?

– Не, я зараней ведаў, што гэта будзе мая апошняя Алімпіяда. Хацелася завяршыць спартыўную кар’еру прыгожа, з алімпійскімі медалямі. Але атрымалася тое, што атрымалася. І сёння, калі пабачыў, якія гульні ідуць у вялікім спорце, нават не за сябе перажываю. Калі мы не будзем адстойваць сваю рэпутацыю, то праз гады і з нашымі маладымі спартсменамі тое самае зробяць. Не пусцяць на спаборніцтвы толькі таму, што некаму іншаму спатрэбіцца медаль. Краіне, нашым спартыўным чыноўнікам трэба заваёўваць большы аўтарытэт у свеце. Каб з намі лічыліся.

– 34 гады для веславання – гэта шмат?

– Пенсіённы ўзрост. Гэта вельмі складаны від спорту, а арганізм не жалезны. Да таго ж я з той катэгорыі спартсменаў, якіх не задавальняе проста прысутнасць у спорце толькі для таго, каб ствараць масоўку. Не можаш ужо перамагаць – ідзі займацца іншай, больш карыснай справай.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер Арсений Рогинский

В Израиле 18 декабря умер Арсений Рогинский – российский историк, правозащитник, общественный деятель, председатель правления правозащитного и благотворительного общества "Мемориал".

В бюджете-2018 президентский фонд вырос в 2,7 раза. Депутаты не знают, зачем

18 декабря Палата представителей в первом чтении принимает бюджет Беларуси на 2018 год.

Министр труда рассказала, кто все-таки получит в 2018 «по пятьсот»

В 2018 году средняя зарплата белорусов составит от 921 до 941 рублей. Об этом заявила в Палате представителей министр труда и социальной защиты Ирина Костевич во время обсуждения законопроектов по бюд