Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Нядаўна ў амбасадзе Украіны прайшла прэзентацыя першага нумара альманаха “Справа”. Ён стаў вынікам працы літаратараў, якія год таму, у красавіку 2014-га, аб’ядналіся ў Таварыства ўкраінскай літаратуры пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
6:00 24 лiпеня 2015
19
Памер шрыфта

Беларускія ініцыятывы 

для Украіны

Год працы Таварыства – гэта і самы цяжкі год у найноўшай гісторыі Украіны. Год барацьбы за самастойнасць, сапраўдную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць. Як казалі на прэзентацыі стваральнікі Таварыства, іх справа распачалася менавіта як пошук нейкага творчага адказу на тыя праблемы, якія сёння ёсць у нашага братняга народа, праява салідарнасці ды спроба наладзіць шляхі ўзаемаразумення.

Зрэшты, украінскія падзеі яскрава прадэманстравалі, што беларускі народ па-рознаму, але спрабуе дапамагчы паўднёвым братам, а таксама разбурыць існуючыя прапагандысцкія міфы. З боку ўлад гэта мінскія перамовы ды мінскія пагадненні, месца сустрэч для кантактных груп. Экспертная, аналітычная супольнасць распрацавала і прасоўвае ініцыятыву “Мінскі дыялог” (у фармаце другога трэка дыпламатыі). Хапае і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці – напрыклад, праект «Украіна–Беларусь: адзінства ў разнастайнасці”, у межах якога праходзілі “круглыя сталы” для прамога абмену інфармацыяй паміж украінскай і беларускай моладдзю. І вось цяпер перад намі літаратурна-мастацкі праект.

Мовы ўзаемапаразумення

Аўтарамі альманаха сталі людзі з розным мастацкім досведам і нават рознымі мовамі. Так, альманах “Справа” аб’ядноўвае тэксты на беларускай, украінскай і рускай мовах, а таксама на розных дыялектах, брэсцка-пінскіх гаворках беларуска-ўкраінска-польскага памежжа. Вось каму не трэба тлумачыць, што беларусы і ўкраінцы – братэрскія народы, дык гэта жыхарам памежжа, якія праз уласную мову адчуваюць, колькі ў нас агульнага і як лёгка зразумець адзін аднаго.

У дыялектнай частцы альманаха можна пабачыць і фрагмент кранальнай жыццёвай аповесці Фёдара Клімчука “Яныс” (гаворка сяла Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці), і аповеды Пятра Куліка (заходнепалескі дыялект).

Асабліва кранае яго гісторыя “Ек крала я картоплы в колкозы”. На паўтары старонкі аўтар адлюстроўвае тыя пасляваенныя цяжкасці жыцця палешукоў, якія хаваюцца за бравурнымі афіцыйнымі штампамі кшталту “краіна адраджалася пасля вайны”. Тут і жыццё шматдзетнай маці без мужа – ды не забітага немцамі альбо паліцаямі, а забранага “сваімі” ж, “за спекуляцыю”; тут і прымусовая калектывізацыя з працай на калгас за мізэрны заробак – “а на другій рік, ек була хвора, то шэ й осталася должна колкозу”; і сама метафарычная гісторыя пра крадзеж калгаснай бульбы, якая, схаваная пад адзеннем нават на горле, гераіню ледзь не задушыла. Арыгінальная дыялектная паляшуцкая мова надае тэксту каларыт, нібыта ператварае літаратурны твор у жывую гаворку з жанчынай гэткай цяжкай долі.

«Я жыву ў краіне,
у якую не верыць ніхто»

Як ужо адзначалася, альманах складаецца з твораў вельмі розных пісьменнікаў, але, безумоўна, агульнае ў іх – гэта любоў да Радзімы і мовы. Гэтым тэмам і прысвечаны шмат якія з прадстаўленых твораў. Ёсць і наўпростава вельмі актуальныя, у якіх адбіваюцца нядаўнія падзеі. Так, напрыклад, Ігар Тумаш прадстаўляе сваю рускамоўную замалёўку з пахавання Міхаіла Жызнеўскага – беларуса, які загінуў на Майдане, пад назвай “Траурная лента и сопутствующие размышления”. Альбо тэкст журналісткі Дар’і Касценка, стваральніцы маскоўскай валанцёрскай групы “Рука Москвы”, якая дапамагае ўкраінцам у зоне АТА. Як заўсёды, асабістыя гісторыі вельмі кранальныя і прымушаюць задумацца, як нават тыя, хто гуляе ў элітарныя інтэлектуальныя гульні, могуць апынуцца па розныя бакі барыкад:

“Министр иностранных дел” ДНР, Александр Кофман, когда-то играл в “Что? Где? Когда?”. Как и я. И Док. И Женька. И Друже. Мы с ними пели вместе в лесу у костра, давным-давно, на фестивале интеллектуальных игр в Гомеле. А теперь его “соратники”, в лучшем случае, расстреляли бы нас на месте. Док и Друже Максимович – в “расстрельных списках” ДНР, а нас с Женькой – за компанию. Это трудно уместить в голове”.

Асобная значная частка кнігі – гэта блок “Пераклады/Переклади”: беларускіх пісьменнікаў – на ўкраінскую мову, а ўкраінскіх – на беларускую. Адкрывае яго ўрывак з кнігі Святланы Алексіевіч “Час second-hand”, які на ўкраінскую пераклала кіраўнік Таварыства ўкраінскай літаратуры Наталка Бабіна. Побач – найпрыгажэйшая паэтычная гульня, калі адны з самых папулярных сучасных літаратараў нашых народаў Сяргей Жадан і Андрэй Хадановіч перакладаюць вершы адзін аднаго. Чытаючы іх, можна вельмі выразна зазначыць, як шмат у нашых народаў агульнага. Вось, напрыклад, радкі верша Сяргея Жадана ў перакладзе з украінскай Андрэя Хадановіча:

Не разумеючы, што да чаго, 

не цямячы, дзе й нашто, 

усё ідзе, як павінна ісць, 

ідзе сабе як ідзе.

Я жыву ў краіне, 

у якую не верыць ніхто,

і размаўляю мовай, 

якую не разумеюць нідзе.

***

Альманах “Справа” дапамагае беларускаму і ўкраінскаму народам не толькі больш даведацца пра літаратуру адзін аднаго, але ж і адчуць подых мастацкай салідарнасці, якая здольна разбураць прапагандысцкія міфы і штучныя бар’еры паміж братамі. Часам здаецца, што такая праца – гэта толькі кропля ў акіяне супярэчлівага інфармацыйнага шуму, але ж, як кажуць, што такое акіян, як не мільён кропель?

Вадзім Мажэйка.

Фота Вікі Трэнас.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Гавары праўду» правяла у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў

Зарэгістраваная ў якасці грамадскага аб'яднання кампанія "Гавары праўду" правяла 16 снежня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясц

Не очень смелые шаги к приватизации

Шаги властей по ускорению приватизационного процесса – это несомненно важный шаг и положительный сигнал для привлечения капитала в экономику.