Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

13:25 16 верасня 2016
17
Памер шрыфта

Ці можна гэтыя выбары назваць свабоднымі і дэмакратычнымі?

Яе ідзе датэрміновае галасаванне?

Чаму назіральнікам на выбарчых участках не дазваляюць усталёўваць відэакамеры?

Ці трапяць прадстаўнікі апазіцыі ў Палату прадстаўнікоў?

Пра гэта і не толькі – размова з намеснікам старшыні руху “За Свабоду!” Алесем Лагвінцом.

 

– Алесь, вы з’яўляецеся назіральнікам на адным з выбарчых участкаў, дзе старшынствуе бізнесмен Павел Тапузідзіс. Знайшлі з ім агульную мову?

– Па-за пытаннямі выбараў у нас ветлівыя і, можна сказаць, прыязныя размовы як са спадаром Тапузідзісам, так і з членамі камісій і назіральнікамі, якія ўсе з аднаго прадпрыемства – “Табак-інвест”. Можна сказаць, што я патрапіў на своеасаблівы трэнінг па палітычнай камунікацыі, дзе абмяркоўваюцца самыя розныя пытанні. Мне цікава паслухаць меркаванні людзей, якія працуюць у беларускім бізнесе, давесці ім сваю пазіцыю. Бачыце, як назіранне спрыяе дыялогу ў грамадстве. У прынцыпе, мае суразмоўцы пагаджаюцца, што дыскусіі такога кшталту пра палітыку павінны быць рэгулярнымі на дзяржаўным тэлебачанні, а не 2–3 разы пад так званыя выбары.

– Ведаю, што вы з Паўлам Тапузідзісам нават зрабілі супольны здымак. Цікава, хто быў ініцыятарам?

– Мне прапанавалі, я пагадзіўся. Чаму б і не? Мы ўсе ў адным чоўне пад назвай Беларусь. Так ці інакш, наступіць момант, калі нам трэба будзе дамаўляцца і будаваць агульнанацыянальны кансэнсус па ключавых пытаннях развіцця краіны.

– Амаль адразу вы накіравалі пісьмовы зварот наконт таго, каб скрынку для галасавання на вашым участку апячаталі знізу. На якой падставе вам адмовілі?

– Я, зразумела, знаходжуся на ўчастку і назіраю за тым, каб выконваліся цывілізаваныя стандарты свабодных і справядлівых выбараў. Нішто не перашкаджае камісіі зрабіць так, каб было менш падазрэнняў і пайсці насустрач прапановам назіральніка. У маім выпадку гэтага не зрабілі, а пісьмовы адказ далі на наступны дзень: маўляў, выбарчае заканадаўства гэтага не прадугледжвае. Яшчэ я прапаноўваў дазволіць мне ўсталяваць камеру, якая ўвесь час здымала б урну для галасавання. Але мне таксама адмовілі. Праўда, на гэты раз – вусна. Відаць, ёсць што хаваць. У кожным разе такімі крокамі давер да выбарчага працэсу не пабудуеш.

– Чаму вы не верыце, што вынікі гэтай выбарчай кампаніі могуць быць несфальсіфікаванымі?

– Перад дзяржаўнымі функцыянерамі пастаўлена задача: паказаць беларускаму грамадству і міжнароднай супольнасці, што наш народ падтрымлівае цяперашні рэжым. У той жа час існуючыя ўлады не зацікаўлены ў тым, каб апазіцыянеры ўвайшлі ў Палату прадстаўнікоў, бо яны змогуць вынесці на свет непрыглядную “кухню” гэтай установы, якая, на мой погляд, сталася адстойнікам для многіх наменклатурных асоб перад выхадам на пенсію. Лічу, што без фальсіфікацыі ані паказаць высокую яўку, ані ўсеагульную падтрымку народа не атрымаецца ніяк! У краіне крызіс, і ўладам ужо не вераць. Нямала людзей да выбараў ставяцца хутчэй як да прыкрага, вымушанага рытуалу.

– А Лідзія Ярмошына літаральна днямі заявіла, што гэтыя выбары на 100 працэнтаў празрыстыя з самага іх пачатку. І назвала іх самымі дэмакратычнымі з 2000 года. Вы з ёй згодны?

Я згодны з назіральнікамі ад АБСЕ, што абсалютная бальшыня нармальных і прымальных прапаноў не была прынята. Запытайце многіх беларусаў, ці вераць яны Ярмошынай. Адказ відавочны. Таму не бачу сэнсу каментаваць яе выказванні.

– За тыя пару дзён, што вы правялі на ўчастку, заўважылі нейкія парушэнні?

– Трэба пачынаць ад пачатку: палітычны клімат у краіне нездаровы, у агульнанацыянальным маштабе манаполіяй на дзяржаўныя СМІ валодае адна групоўка на чале з Лукашэнкам. У выніку гэтыя СМІ – інструмент прапаганды, а не інфармавання грамадзян пра праблемы і прапанаваныя шляхі іхняга вырашэння з боку розных палітычных сіл.

Далей, на больш як 99 працэнтаў у камісіях – лаяльныя ці падкантрольныя адной групоўцы людзі. Яны запужаны або проста карыстаюцца рэжымам, а значыць, будуць дзейнічаць так, як загадаюць зверху. А чым бліжэй да дня галасавання, тым больш выкрунтасаў і маніпуляцый дэманструе ўлада.

– На датэрміновае галасаванне прыходзіць шмат людзей?

– На маім участку за два дні прыйшло 107 выбаршчыкаў. Галоўным чынам гэта жанчыны, якія выглядаюць як настаўнікі або дзяржслужачыя.

Мае лічбы па яўцы і лічбы камісіі пакуль што супадаюць, чаго не скажу пра іншыя ўчасткі. На больш як палове з 34 участкаў Сухараўскай выбарчай акругі лічбы назіральнікаў і камісій разыходзяцца. Здагадайцеся, у каго яны большыя на 20–30 чалавек штодня? Не ў назіральнікаў адназначна!

На гэтых выбарах зарэгістравана нямала так званых дэмакратычных кандыдатаў. Вашы прагнозы: ці трапяць яны ў Авальную залу?

– Ведаю, што сярод альтэрнатыўных кандыдатаў хапае людзей, здольных выйграць у сваіх акругах. Яны і выйгравалі б, калі б у нас былі сапраўдныя выбары. І тады ў нас зноў з’явіўся б сапраўдны парламент, які працаваў бы на карысць людзей, а не аморфны клуб наменклатуры, які за чатыры гады ініцыяваў усяго тры ўласныя законапраекты. Не буду гадаць, ці прапусціць улада ў Авальную залу парачку апазіцыяніраў, магчыма, «падрэтушаваных». Адно ведаю: дзеючай уладзе не патрэбны жывы парламент, дзе былі б прадстаўлены інтарэсы беларускага народа.

– На этапе збору подпісаў вы адзначалі, што вялікай цікавасці ў народа да палітыкі няма. Гэта значыць, што і на выбары прыйдзе няшмат людзей. Ці адно не мае дачынення да другога?

– На жаль, па-ранейшаму шмат у каго – бязвер’е і абыякавасць. Вельмі мала хто верыць, што выбары могуць нешта змяніць. Мне падаецца, што ў буйных гарадах яўка будзе ніжэй за 50%.

– Вы разглядалі магчымасць абвяшчэння байкоту па сваёй акрузе. Не адмовіліся ад гэтай ідэі? Калі так, то распавядзіце, калі ласка, падрабязна, як будзеце яе рэалізоўваць?

– У выпадку маёй акругі, дзе ўлада праявіла сябе ва ўсёй «красе», відавочна наступнае: падкантрольныя камісіі, беспадстаўныя скаргі на мяне і маю каманду, нерэгістрацыя адзінага альтэрнатыўнага кандыдата. Зараз тут тры кандыдаты: два праўладныя камуністы – дырэктары школ і тутэйшы «жырыновец». Гэта здзек з людзей, з адной з самых дынамічных і прасунутых акруг краіны. Выбар паміж імі – гэта выбар, вобразна кажучы, паміж чумой і халерай. Таму байкот – вельмі рацыянальная натуральная рэч. Мы інфармуем людзей пра сітуацыю і назіраем за яўкай.

– А ўвогуле, не баіцеся вымаўляць слова “байкот”? За такія заклікі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць…

– Не баюся. Улада не пакідае людзям іншага выйсця.

– Алесь, вы былі даволі прыкметным прэтэндэнтам на дэпутацкае крэсла. Крыўдавалі, што вас не зарэгістравалі?

– На што, а самае галоўнае – на каго крыўдаваць? Я вельмі сур’ёзна разглядаў магчымасць зняць сваю кандыдатуру ў першы дзень датэрміновага галасавання, правёўшы адпаведную інфармацыйную кампанію. Я добра ведаю, што маю патэнцыял выйграць, але сёння ўлада касцьмі ляжа (і легла!), каб не прапусціць такіх, як я, у парламент.

Калі казаць пра вынікі, то ганаруся, што ў нас атрымалася быць прыметнымі. Нізкі паклон маёй камандзе, выдатнаму творцу і грамадзяніну Лявону Вольскаму, усім людзям, якія нас падтрымлівалі словам або клаксонам, едучы пад бел-чырвона-белым мостам. Нас шмат, і мы ідзём да перамогі.

– Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала АНТ патлумачыла Вадзіму Гігіну, які быццам бы спрабаваў устаць на вашу абарону, што Лагвінец “пастаянна дзёрзка, груба парушаў выбарчае заканадаўства. Прычым рабіў ён гэта наўмысна, спецыяльна». Вы згодны з крытыкай на свой адрас?

– Лухта гэта!

Дарэчы, з эфіру выразалі маю фразу: «Свабодныя і дэмакратычныя выбары ў Беларусі будуць толькі тады, калі Аляксандр Лукашэнка і Лідзія Ярмошына будуць на пенсіі».

– У адным з інтэрв’ю пра свае планы пасля выбараў вы казалі так: “Разглядаю сябе як мясцовага палітыка ці мясцовага актывіста. Напрыклад, буду рабіць усё, каб выбаршчыкі Сухараўскай акругі атрымалі маю ўлётку, дзе будзе напісана, што я – кандыдат на наступных выбарах. Гэта зноў вялікі выклік, на гэта патрэбны сродкі, але я хачу гэта зрабіць”. Алесь, а навошта вам гэтае дэпутацтва? Можа, адразу ў прэзідэнты трэба прабівацца? Бо нават калі і трапіце ў Палату прадстаўнікоў, то, як кажуць, адзін у полі не воін…

– Трэба скарыстоўваць кожную магчымасць, асабліва зараз, у крызіс, каб дагрукацца да людзей. Давер людзей – гэта галоўнае. Заваёўваць яго можна па-за выбарамі і падчас іх, хай гэта будуць мясцовыя, парламенцкія ці, магчыма, прэзідэнцкія.

– Многія аналітыкі пра будучы парламент кажуць так: «Вынік загадзя вядомы». Можа, для вас у гэтых выбарах яшчэ засталася нейкая інтрыга?

– На жаль, згодны з гэтым меркаваннем. Нават пры наяўнасці аднаго-двух нібы апазіцыянераў Палата прадстаўнікоў застанецца філіялам адміністрацыі Лукашэнкі.

– Не так даўно ў вас нарадзілася дзіця. Жонка не крыўдуе, што сёння вас больш цікавіць палітыка, чым сям’я?

– Я не стаў бы так жорстка фармуляваць. Сям’я мяне вельмі цікавіць, і жонка гэта бачыць і разумее. Магчыма, цяпер з жонкай і малодшым сынам часу праводжу менш, чым хацелася б. Затое старэйшы сын вельмі актыўна дапамагае мне ў кампаніі, я бачу, што яму цікава гэта, у яго гараць вочы. І мяне як бацьку гэта вельмі цешыць.

З асабістай справы

Алесь Лагвінец нарадзіўся 14 студзеня 1972 года ў вёсцы Дворышча Хойніцкага раёна. Беларускі грамадска-палітычны дзеяч, палітолаг, перакладчык, выкладчык, намеснік старшыні руху “За Свабоду!”.

У 1995 годзе з адзнакай закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Атрымаў дыплом спецыяліста ў галіне міжнародных адносін. Валодае беларускай, рускай, англійскай, польскай і французкай мовамі.

У 1999 годзе атрымаў дыплом магістра паліталогіі ў Інстытуце палітычных навук Універсітэта Рабера Шумана (Страсбург, Францыя).

З 1999-га па 2004 год – старшы выкладчык паліталогіі ў Еўрапейскім гуманітарным ўніверсітэце на франка-беларускім факультэце палітычных навук і еўрапейскіх даследаванняў.

У 2005 годзе скончыў Польскую дыпламатычную акадэмію.

З жніўня па снежань 2005 года – выкладчык-візіцёр у каледжы Саўт-Уэстэрн (Канзас, ЗША).

Працаваў перакладчыкам у Еўрапарламенце.

Траюрадны брат Алеся – вядомы ў мінулым бізнесмен Віктар Лагвінец, які ўжо многія гады жыве ў Расіі.

Алесь Лагвінец жанаты, мае сыноў Антося і Уладзіміра.

Лаўрэат «Прэміі Еўропы» 2007 года нямецкага фонду імя Гайнца Шварцкопфа «Маладая Еўропа». Лаўрэат «Прэміі імя Льва Сапегі» ў 2012 годзе.

Хобі: футбол, вандроўкі на ровары.

Аўтар: Марына Коктыш 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Умер Арсений Рогинский

В Израиле 18 декабря умер Арсений Рогинский – российский историк, правозащитник, общественный деятель, председатель правления правозащитного и благотворительного общества "Мемориал".

В бюджете-2018 президентский фонд вырос в 2,7 раза. Депутаты не знают, зачем

18 декабря Палата представителей в первом чтении принимает бюджет Беларуси на 2018 год.

Министр труда рассказала, кто все-таки получит в 2018 «по пятьсот»

В 2018 году средняя зарплата белорусов составит от 921 до 941 рублей. Об этом заявила в Палате представителей министр труда и социальной защиты Ирина Костевич во время обсуждения законопроектов по бюд