Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 29 верасня 2016
10
Памер шрыфта

Вядомы праваабаронца падзяліўся з “Народнай Воляй”  ўражаннямі ад прайшоўшай парламенцкай кампаніі, а таксама распавёў пра палітыкаў і палітычныя гульні.

Не сакрэт, што кожная выбарчая кампанія ў нас фарміруецца і праводзіцца выканаўчымі ўладамі, – сказаў наш суразмоўца. – Але зараз было бачна, што ўлады зрабілі паўкроку назад, падтрымаўшы ідэю “фасаднай дэмакратыі”. Цяжкая эканамічная сітуацыя, крызіс, няпростыя стасункі з Расіяй, пошук крэдытаў ды інвестыцый на Захадзе, на мой погляд, прымусілі беларускія ўлады пайсці на некаторыя нязначныя змены ў выбарчых працэдурах, хаця сутнасць працэсу засталася нязменнай. Выбары зноў прайшлі з шэрагам фальсіфікацый. Усё было строга паводле сцэнарыя, які быў напісаны ўладамі. Праўда, у гэтым сцэнарыі з’явіліся некаторыя нюансы: дэпутатамі абраны не ўсе 110 безумоўных прыхільнікаў улады, у парламент патрапілі сябра АГП Ганна Канапацкая і намеснік старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы” Алена Анісім. Гэта і ёсць фасаднае аздабленне “выбарчага працэсу”, чаго ў нашых краях даўно не было.

Улады атрымалі козыры пры ацэнцы выбараў міжнароднай супольнасцю. Хоць заходнія назіральнікі і прызналі выбары недэмакратычнымі і несвабоднымі, але крытыка відавочна стрыманая і дае магчымасць беларускаму парламенту ўпершыню за 20 гадоў быць прызнаным. Дэпутаты, якія патрапілі ў парламент па дэмакратычнай квоце, мяркую, будуць наўпрост выкарыстоўвацца ўладамі для яго легітымізацыі і ўскосна – для паляпшэння рэпутацыі ўсёй сістэмы ўлады. Умоўна кажучы, гэта “дэмакратычны тавар”, які аўтарытарныя ўлады будуць “прадаваць” Захаду. Маўляў, паглядзіце, якая ў нас дэмакратыя!

Па-другое, і палітычныя партыі, і кіраўніцтва ГА “Таварыства беларускай мовы”, якія ўдзельнічалі ў выбарах, фактычна таксама пагадзіліся з гэтай гульнёй паводле правіл Адміністрацыі прэзідэнта. Хоць яны і выказваюць жаданне выкарыстаць сваіх вылучэнцаў для прапаганды сваіх ідэй і ўдзелу ў стварэнні новых дэмакратычных законаў, але гуляюць яны не на сваім полі, не ў сваёй камандзе і не паводле агульнапрызнаных норм.

– Адным словам, ідуць палітычныя гульні?

– Так, і кожны з удзельнікаў (прадстаўнікі дэмакратычнага лагера і ўлады) мае свае мэты. Але зноў-такі гэтая гульня ідзе па-за рамкамі  дэмакратычнага выбарчага працэсу, бо, як і на ранейшых выбарах, галасы ў большасці выпадкаў лічыліся непразрыста, спісы выбаршчыкаў, бюлетэні і ўчастковыя камісіі тусавалі як хацелі,  і на многіх ўчастках рэальна ніхто не ведае, якія працэнты падтрымкі мелі тыя кандыдаты, што вылучаліся на выбарах. Так што, з аднаго боку, сітуацыя фальсіфікацый нам ужо знаёмая, а з другога – парадаксальная, калі мы бачым, што ў выніку гэтых фальсіфікацый і дэмакратычныя кандыдаты ўжо праходзяць у парламент па пэўнай мізэрнай  квоце, якая вызначана ўладамі. Пры гэтым, відаць, для раўнавагі і супакаення ўсходняга суседа ў парламент патрапілі і некаторыя прадстаўнікі з яўнай прарасійскай палітычнай рыторыкай.

Відавочна, што гэта палітычная гульня. Прыкра, што яна ў пэўным сэнсе задавальняе і некаторых уплывовых заходніх палітыкаў. Перыяд жорсткага супрацьстаяння і недапушчэння ў парламент прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці скончыўся. І ў той жа час пры такой сістэме “дэмакратыі па квоце” вялікага аптымізму наконт перспектыў развіцця адкрытай парламенцкай дэмакратыі асабіста ў мяне няма. Як паказвае вопыт іншых аўтарытарных краін, якія таксама, як з-пад палкі,  ішлі на некаторыя ліберальныя саступкі, такі шлях не прыводзіў да паступовага і няўхільнага развіцця дэмакратыі, а наадварот – праз нейкі час ізноў адбывалася стагнацыя і адступленне назад. Усё залежала ад  геапалітычных раскладаў, узроўню сацыяльна-палітычнай напружанасці ў самой краіне ды ўпэўненасці рэжыму ў беспакаранасці.

– Вы маеце на ўвазе прыклад Азербайджана?

– У Азербайджане насамрэч у парламенце доўгі час прысутнічалі прадстаўнікі апазіцыі, хаця гэта былі не лідары, а малавядомыя палітыкі. І яны таксама выконвалі ролю дэмакратычнага фасада. Дзякуючы гэтаму Азербайджан стаў сябрам Савета Еўропы. Але некалькі гадоў таму  пайшоў зваротны рух, па краіне пракацілася хваля рэпрэсій супраць грамадскіх ды палітычных актывістаў, у Азербайджане з’явіліся дзясяткі палітвязняў, якія ёсць і зараз. Улады выкарысталі пэўных дэпутатаў для сваіх мэт. Такі сцэнарый назіраецца і ў нас, у бліжэйшы час убачым, як ён будзе развівацца.

– Умовы для такой гульні і такога сцэнарыя дыктуе беларуская эканоміка, якая застаецца ў крызісным стане?

– Так, складаная эканамічная сітуацыя і нелегітымнасць улады, якая падрывае яе імідж у вачах заходніх краін, прымусіла пайсці на прыхарошванне жахлівага выбарчага працэсу. А паляпшэнне іміджу адкрывае шляхі для атрымання заходніх прэферэнцый, крэдытаў, павелічэння ўдзелу еўрапейскага бізнесу ў беларускай эканоміцы.

– У той жа час некаторыя міжнародныя назіральнікі ўжо заявілі, што гэтыя парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі ў поўнай меры дэмакратычным стандартам… Што афіцыйны Мінск будзе рабіць з такой ацэнкай?

– Гэтыя ацэнкі не крытычныя для беларускіх улад, бо адзначаліся і пэўныя станоўчыя крокі: адносна невысокі ўзровень рэпрэсій, большыя магчымасці для рэгістрацыі кандыдатаў, агітацыі… У гэтым плане зрухі і праўда ёсць.  Улады пайшлі на пэўныя саступкі ў лібералізацыі выбарчага працэсу, якія па вялікім рахунку не ўплывалі на магчымасці маніпулявання вынікамі выбараў. Гэта, на мой погляд, палітычнае шулерства. Таму такое “мяккае непрызнанне”, безумоўна, задаволіць беларускія ўлады, бо ёсць спадзяванні на ўзмацненне палітычных і эканамічных стасункаў з Захадам. Ды, напэўна, і не ставіліся задачы поўнага прызнання выбараў, бо пры цяперашнім выбарчым заканадаўстве гэта проста немагчыма.  Але зараз, думаю, будзе па-новаму педаліравацца пытанне аб легітымным прызнанні беларускага парламента ў Савеце Еўропы, удзеле дэпутатаў у Еўранэсце.

– Вы сказалі пра змяншэнне рэпрэсій у Беларусі…

– З аднаго боку, мы канстатуем, што праявы жорсткіх формаў пераследу зменшыліся. Крымінальныя справы супраць лідараў апазіцыі ў апошні час не ўзбуджаліся, але ў той жа час рэпрэсіўныя метады ўлад засталіся, і яны перанакіраваліся на іншыя неабароненыя групы грамадскіх актывістаў. Сёння мы маем у краіне двух зняволеных, якіх праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі. І яшчэ два чалавекі патэнцыяльна могуць імі стаць у бліжэйшы час, таму хутка ўбачым, якім чынам будуць развівацца ўзаемаадносіны грамадскіх актывістаў і ўлад.

Што тычыцца іншых правоў і свабод, то праваабаронцы ўвесь час адзначаюць, што асаблівых паляпшэнняў тут таксама няма. Пераследуецца грамадская ды палітычная актыўнасць людзей, не рэгіструюцца незалежныя няўрадавыя арганізацыі,  маюцца абмежаванні ў распаўсюджванні інфармацыі (не ўсе газеты маюць магчымасць прадавацца праз шапікі, рэалізоўвацца праз падпіску). Таму казаць пра нейкую лібералізацыю не даводзіцца, сітуацыя застаецца нявызначанай. Не бачна яўнай палітычнай волі ўлад пачаць сапраўдную дэмакратызацыю і дыялог з беларускай дэмакратычнай супольнасцю. Відавочна, што толькі пад унутраным ціскам, а таксама пры настойлівым уплыве міжнароднай супольнасці сітуацыя можа палепшыцца.

– Крымінальная справа Уладзіміра Кондруся, які прызнаны палітвязнем, расследуецца па падзеях амаль шасцігадовай даўніны. Каму гэта выгадна сёння, калі афіцыйны Мінск шукае збліжэння з Захадам?

–  Складана сказаць, але гэта яшчэ раз падкрэслівае, што рэпрэсіўная машына ў Беларусі працягвае працаваць, нягледзячы на больш-менш ліберальную рыторыку, якую мы чуем ад некаторых чыноўнікаў. Значыцца, у любы момант узровень рэпрэсій у Беларусі можа ўзрасці.

–  Але можа захавацца і тая сітуацыя, што ёсць зараз?

– Прынамсі ўлады хацелі б, каб сённяшняя схема працавала, але яна няўстойлівая і не можа задаволіць дэмакратычную частку нашага грамадства. Неабходны рэальныя крокі, якія вялі б да дэмакратызацыі ў краіне. Калі гэтага не адбудзецца, то нас чакае працяглы палітычны крызіс.

– Ці верыце вы, што з цягам часу могуць адбыцца рэальныя змены ў беларускім выбарчым заканадаўстве?

– Самастойна ўлады на гэта ніколі не пойдуць, але агульнымі намаганнямі дэмакратычнай часткі беларускага грамадства чагосьці дасягнуць усё ж такі можна. Трэба, каб гэта былі не імітацыйныя крокі перасвараных паміж сабой актывістаў палітычных партый, а зладжаныя і дастаткова моцныя намаганні ўсіх людзей, якія жадаюць змен. А палітыка малых крокаў нярэдка прыводзіць да імітацыі дэмакратычнага працэсу. Істотныя змены, якія прывядуць да рэформы выбарчага заканадаўства, вядомы і прапісаны ў рэкамендацыях міжнародных назіральнікаў.  Такія ж прапановы адсылалі ў ЦВК і беларускія праваабаронцы. Без гэтых змен казаць пра справядлівыя выбары мы проста не маем права, інакш будзем ізноў і зноў хадзіць па заганным коле.

– Некаторыя аналітыкі крытыкуюць  і еўрапейскіх чыноўнікаў, якія, маўляў, заплюшчылі вочы і на тое, што ў Беларусі застаюцца палітвязні, і на сітуацыю з правамі чалавека. Наколькі яны маюць рацыю?

– На жаль, геапалітычная сітуацыя, у якой знаходзіцца Беларусь, на сёння дастаткова складаная. Мы бачым, наколькі агрэсіўна паводзіць сябе ў свеце Расія ў апошнія гады, таму, безумоўна, усё гэта адбіваецца на ўзаемаадносінах Захаду і Беларусі. Сітуацыя ў стасунках Захаду і аўтарытарных улад не такая прынцыповая, як хацелася б. У той жа час асноўныя патрабаванні наконт паляпшэння сітуацыі са свабодамі і правамі чалавека застаюцца з боку Еўрасаюза нязменнымі.  Але хачу адзначыць, што жаданне свабод і змен найперш павінна ісці ад саміх беларусаў. Я казаў і кажу, што жыццё ў Беларусі мусяць змяняць самі беларусы, не спадзеючыся, што нехта за іх нешта зробіць. Будучае за нашай актыўнасцю, за нашай верай у саміх сябе.

Аўтар: Алесь СВЯТЛАНІЧ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Гомельскі падлетак прыгавораны да дзесяці з паловай гадоў калоніі

У Гомелі да дзесяці з паловай гадоў пазбаўлення волі прыгавораны 16-гадовы падлетак. Ён абвінавачаны ў забойстве і замаху на крадзеж.

Путин – Собчак: Вы хотите, чтобы у нас по площадям бегали десятки Саакашвили?

Президент России Владимир Путин считает, что оппозиция в России пока не предложила "программу позитивных действий".

Как создаются новые рабочие места. Минским предприятиям пришли «письма счастья»

Администрация Советского района Минска рассылает по предприятиям письма, в которых доводит до них «дополнительное задание» по трудоустройству граждан.