Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 20 верасня 2016
12
Памер шрыфта

Намесніца старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы” Алена АНІСІМ, якая абрана дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Стаўбцоўскай выбарчай акрузе, распавяла “Народнай Волі” пра паход на футбольны стадыён перад выбарамі, “кіруемую апазіцыю” і будучыя вострыя пытанні да прэзідэнта.

 З 1991 года Алена Анісім працуе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук, нейкі час яна вяла перадачу «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ. Два гады таму збіралася вылучацца прэтэндэнтам на прэзідэнцкіх выбарах, але да вылучэння справа не дайшла.

«Разумею, што ў дадзенай сітуацыі перамогу атрымаць немагчыма, а я прызвычаілася дасягаць поспеху ў любой справе, за якую бяруся», – заявіла яна пазней.

А вось паход у дэпутаты даў свой плён…

– Спадарыня Алена, ці прадказальнай для вас стала перамога на парламенцкіх выбарах?

– Не зусім прадказальнай, але я спадзявалася на яе і імкнулася менавіта да такога выніку.

Перад выбарамі некаторыя прагназавалі, што Анісім пераможа, бо, маўляў, на акрузе не было кандыдатаў ад улады…

– Я ж не ведаю, штурхала там кагосьці ўлада альбо не, але адна мая канкурэнтка была вылучана ад дзяржаўнай установы, а другая – ад Партыі камуністаў Беларусі. Што ж датычыцца такіх аптымістычных прагнозаў, то я адношу іх на тое, што пры ўсёй маёй сціпласці мая асоба была дастаткова вядомая ў параўнанні з тымі кандыдатамі, якія балатаваліся ў акрузе. Пяць гадоў працы на АНТ, пасада намесніка старшыні ГА “Таварыства беларускай мовы”… Гэта дастаткова важкія моманты. З іншага боку, разумею, што былі і моцныя чаканні таго, каб менавіта такія людзі прайшлі ў парламент. Гэта мне і аванс, і падтрымка.

– Ці сутыкаліся вы з нейкімі праблемамі падчас выбарчай кампаніі?

– Вялікіх праблем не было. Адзінае, што мяне вельмі зачапіла, гэта публікацыя ў стаўбцоўскай раённай газеце, у якой было напісана, што выбарчая кампанія ідзе млява. А між тым колькі мы ні запрашалі на пікеты, ніхто з журналістаў не прыйшоў і ні разу не асвятляў. Мне падаецца, калі прадстаўнікі СМІ не цікавяцца ходам кампаніі, а загадзя даюць нейкія свае вызначэнні, то гэта не зусім карэктна і правільна.

– Высокія чыноўнікі раней казалі, што хацелі б мець у парламенце прадстаўнікоў так званай “кіруемай апазіцыі”. І ўладзе добра, калі чалавек “умерана радыкальных поглядаў”, і Захад можа выбары прызнаць…

– Я разумею, што гэта закід і ў мой бок, але няхай кожны адказвае за тыя словы, якія ён кажа. Асабіста я сваіх поглядаў ніколі не хавала, а заўсёды адкрыта агучвала іх на ўсіх сустрэчах і мерапрыемствах. Таму мая дзейнасць дастаткова празрыстая, і ні ў чым іншым я “не распісвалася”. А ўжо хто і што хоча бачыць за маёй перамогай – гэта асабістая справа кожнага.

– Вы ведаеце вынікі на вашай акрузе па датэрміновым галасаванні і ў асноўны дзень?

– Усіх дакладных лічбаў пакуль не маю, але на асобных участках у Стаўбцоўскім раёне за мяне прагаласавалі больш за 70 працэнтаў выбаршчыкаў.

– Як бы вы ахарактарызавалі свой электарат?

– Перш за ўсё гэта патрыёты. Людзі, якія любяць сваю краіну, любяць сваю гісторыю і шануюць мову.

– Ваша каманда адзначала нейкія парушэнні падчас выбараў?

– Справа ў тым, што ў мяне наогул не было ніякага рэсурсу, каб задзейнічаць каманду назіральнікаў, а таму і пра парушэнні не магу нічога сказаць. Магчыма, незалежныя назіральнікі нешта бачылі…

– Як вы правялі дзень 11 верасня?

– З сям’ёй. А вось за дзень да выбараў я наведалася на футбольны стадыён “Гарадзея”, дзе мела магчымасць звярнуцца да мясцовых жыхароў. А ў дзень асноўнага галасавання знаходзілася дома, пераводзіла дух і чакала вынікі. І каля 2 гадзін ночы сакратар акруговай камісіі патэлефанавала мне і паведаміла пра перамогу.

– Адзначылі з сям’ёй?

– У 2 гадзіны ночы?! (Смяецца.) Не, у гэты час практычна ўсе ўжо спалі. Але мы напярэдадані пасядзелі сваім сямейным колам і адзначылі заканчэнне кампаніі, незалежна ад яе выніку. Я была задаволена сваёй працай, задаволена тым, як мяне падтрымлівалі і блізкія, і журналісты, і мае выбаршчыкі. Шчыра ўдзячна ўсім!

– Якіх змен найперш будзе дамагацца Алена Анісім на парламенцкім узроўні?

– Найперш трэба будзе задзейнічаць усё і ўсіх, каб мая праграма і мае абяцанні былі выкананы. Трэба, каб выправілася сітуацыя ў эканоміцы. Я лічу, што для гэтага ёсць усе магчымасці, проста трэба задзейнічаць усе разумныя сілы і прыняць адпаведныя законы, якія будуць працаваць на паляпшэнне сітуацыі. Веру, усё атрымаецца, бо шмат людзей зацікаўлены ў гэтым. Трэба гуртаваць сілы. І, безумоўна, адзін з галоўных клопатаў – каб дзяржаўнасць беларускай мовы была не дэкларатыўная, а рэальная.

– Усе ўжо прызвычаіліся, што дэпутаты практычна не задаюць вострых пытанняў, якія хвалююць людзей, ні кіраўніцтву ўрада, ні прэзідэнту, а ціха сядзяць чатыры гады і націскаюць на кнопкі…

– Я для таго і балатавался ў парламент, каб ставіць перад кіраўніцтвам краіны праблемныя пытанні. І маё першае: як так здарылася, што людзі па 30–40 гадоў адпрацавалі на сваім працоўным месцы, а сёння атрымліваюць такія мізэрныя пенсіі, якія ім не дазваляюць нармальна жыць? Я не буду ціха сядзець…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Сайт «Белорусский партизан» возобновил работу в домене .by

Сайт "Белорусский партизан", заблокированный Министреством информации 15 декабря, заработал в доменной зоне .by. Об этом сообщает само издание, которое теперь доступно по адресу belaruspartisan.by.

Столетию Первого Всебелорусского съезда посвящается…

Обычно в конце форумов их участники делают общую фотографию для истории. Однако на Всебелорусском съезде итогового снимка не получилось из-за особых обстоятельств — разгона большевиками народного собр
16 снежня 2017

«В очереди стояли за всем. Жили прекрасно». Почему советское бессмертно

Это у нас семейное — ученые исследовали путь памяти о советском через общение трех поколений – дети (16–25 лет), родители (42–55) и прародители (65–76).