Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

16:09 16 верасня 2016
11
Памер шрыфта

Сто разоў ужо казалася і пісалася пра тое, што беларускіх футбольных балельшчыкаў у апошні час зрабілі самымі натуральнымі ахвярнымі казламі. Напэўна, менавіта ў іх сілавыя структуры ўбачылі нейкую “экстрэмісцкую пагрозу” для стабільнай краіны, таму, калі тыя самыя балельшчыкі нічога дрэннага і не рабілі, то іх негатыўны вобраз фарміравалі ўжо самі міліцыянеры. Зловяць, напрыклад, нейкага хулігана ці рабаўніка – і ў міліцэйскіх зводках абавязкова дададуць: “футбольны фанат” альбо “аматар футбола”. Трэба сказаць, на масавую свядомасць такія прыёмы дзейнічаюць. Хаця, думаю, не ўсім спадабалася б, калі б у тых жа зводках дадавалі, што затрыманы, скажам, “галасаваў за Лукашэнку”. Адным словам, я разумею шчырыя памкненні асобных структур паклапаціцца найперш пра чысціню свайго мундзіра, але, калі іх справы выглядаюць, мякка кажучы, абсурднымі, то плямы на светлым фоне будуць выглядаць яшчэ больш недарэчнымі.

Я не кажу, што ўсе футбольныя балельшчыкі – анёлы з белымі крыламі. Але ўсе мы – людзі, і з усімі можна па-чалавечы размаўляць, а не выцягваць са стадыёна толькі за тое, што хтосьці апрануў бел-чырвона-белы шалік ці майку з гербам “Пагоня”. А затым рабіць вочы бязвіннай авечкі і на судзе маніць, што нехта “абражаў супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, “размахваў рукамі” ці “парушаў грамадскі парадак”. Гэта брыдкія справы, пасля якіх на футбол не кожны захоча ісці. Бо паход туды для чалавека павінен быць святам.

Памятаю, як яшчэ школьнікам ехаў за дзясяткі кіламетраў, каб патрапіць у Мінску на матч мінскага “Дынама”. Балельшчыкі сядзелі на трыбунах на звычайных драўляных лаўках – у цеснаце, але не ў крыўдзе. Нехта мог перад гульнёй і “падагрэцца”, але на стадыёне ўсе паўтары гадзіны жыў футбольны дух, было адзінства. Заканчваўся матч, і незалежна ад выніку хацелася прыйсці сюды яшчэ раз.

Апошнім часам мэтанакіравана рабілася ўсё, каб беларускія аматары футбола не ішлі на стадыёны. Каб не спявалі песні, не пляскалі ў далоні, не атрымлівалі радасці ад таго ж самага футбола. І канчаткова вытравілі б балельшчыкаў, каб раптам не ачомаліся самі супрацоўнікі Федэрацыі футбола.

Шчыра скажу, мне вельмі імпануе тое, у якім накірунку зараз праводзіцца беларуская футбольная палітыка. Па-першае, напэўна, далі плён перамовы спартыўных функцыянераў з прадстаўнікамі МУС. Магчыма, усё-такі да апошніх данеслі, што стадыён – не “масавае несанкцыянаванае мерапрыемства”, а месца, дзе збіраюцца футбольныя аднадумцы, хаця і з рознымі поглядамі. І трэба найперш паважаць гэтых людзей, бо менавіта дзеля іх усё і робіцца.

Па-другое, прыход у футбольную федэрацыю Уладзіміра Беражкова даў новую хвалю цікавых ідэй, якія прыйшліся даспадобы тым жа аматарам футбола. Новы брэнд “Белыя крылы”, новая форма ігракоў зборнай з нацыянальным арнаментам, новы фармат зносін аматараў футбола з футбалістамі… З’явілася жаданне зразумець, за што мы любім гэтую каманду.

6 верасня зборная Беларусі праводзіла на “Барысаў-Арэне” свой першы адборачны матч да чэмпіянату свету 2018 года. Гулялі з віцэ-чэмпіёнам Еўропы – зборнай Францыі. Ваколфутбольная атмасфера на стадыёне была проста неперадавальная! Кожны балельшчык разам з купленым квітком на футбол атрымаў яшчэ і падарунак – майку з нацыянальным арнаментам. Больш за тое! Лёд зрушыўся: не ганялі белельшчыкаў за “Пагоню” і бел-чырвона-белыя сцягі, на трыбунах раз-пораз гучала “Жыве Беларусь!”. І нічога – свет не перакуліўся. Усе аматары футбола (а на стадыёне быў аншлаг) падтрымлівалі зборную так, што ў яе і на самай справе нібыта выраслі крылы.

“Проста неверагодная атмасфера! – на эмоцыях казаў пасля гульні галоўны трэнер беларускай зборнай Аляксандр Хацкевіч. – Хацелася б, каб так было і надалей”.

І нам хацелася б! Бо ў выйгрышы аказалася не толькі нацыянальная каманда, якая, да слова, згуляла з “зорнымі” французамі ўнічыю (0:0), але і акрыленыя балельшчыкі, якія адчулі, што ў беларускім футболе, аказваецца, таксама можа быць свята. Галоўнае, каб крылы не падрэзалі…

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Некоторые не знают, что в феврале будут выборы!»

Как белорусы реагируют на просьбу поставить подпись за выдвижение кандидата в депутаты?

Хто і куды ідзе з апазыцыі на мясцовых выбарах

10 сьнежня пачалося вылучэньне кандыдатаў на выбары мясцовых саветаў 18 лютага 2018 году.

Хоккеисты «Динамо-Минск» одолели «Слован» и прервали серию из четырех поражений в КХЛ

Новости Беларуси. Минское «Динамо» вечером 11 декабря принимало в рамках континентальной хоккейной лиги «Слован» из Братиславы, сообщили в программе «СТВ-Спорт».