Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

7:00 9 чэрвеня 2017
8
Памер шрыфта

30 мая пройдзе Алімпійскі сход, да якога, відаць, і прымеркавалі замену кіруючых кадраў у спартыўных федэрацыях. Напрыклад, бізнесмен Аляксандр Шакуцін пакінуў пасаду кіраўніка Федэрацыі тэніса, а на яго месца прыйшоў экс-капітан зборнай Сяргей Цяцерын. Былы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік развітаўся з Федэрацыяй плавання, зараз ёй кіруе намеснік-міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая…

Безумоўна, не абышлі перабудовачныя працэсы і такі стратэгічна важны від спорту ў краіне, як хакей. Да слова, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава днямі зрабіла смелую заяву, што хакей можа нават “з’яднаць нацыю”. Пакуль складана сказаць, наколькі з’яднала нацыю 13-е месца нашай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі, але беларускі кіраўнік з гэтай нагоды сваю пазіцыю ўжо выказаў: “Зажраліся”. Таму, натуральна, ні для каго не стала нечаканасцю навіна пра адстаўку старшыні Федэрацыі хакея Ігара Рачкоўскага і абранне новага кіраўніка – хакеем даверылі кіраваць Сямёну Шапіру.

Зрэшты, змена кіраўніцтва ў федэрацыях – звычайная справа. Як звыклым для ўсіх стала і тое, што на гэтыя пасады нярэдка прыходзяць высокія дзяржаўныя чыноўнікі альбо “людзі пры грашах”, якія выступаюць, так бы мовіць, у ролі “адміністрацыйнага рэсурсу”. Але гісторыя з абраннем кіраўніка ў Федэрацыі фехтавання можа рэальна прэтэндаваць на першае месца ў намінацыі “Канфуз года”.

Калі коратка, то сутнасць гэтай трагікамедыі ў некалькіх актах такая. На справаздачна-выбарнай канферэнцыі старшыня федэрацыі і былы першы намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Гагіеў прапанаваў новую кандыдатуру – свайго намесніка Аляксея Аўсянкіна. Пры гэтым даў зразумець прысутным, што гэты чалавек “узгоднены наверсе”. Аднак некаторыя прысутныя чамусьці не захацелі выступаць у ролі паслухмянага “статка авечак”. Дэлегаты не толькі вылучылі ў якасці альтэрнатыўнай кандыдатуры Андрэя Губанава, але і большасцю галасоў пракацілі праўладнага прэтэндэнта. Здавалася, што можна толькі парадавацца такім дэмакратычным выбарам у Беларусі, але кідаць чэпчыкі ўгору аказалася рана.

“Пасля выбараў быў уключаны адміністрацыйны рэсурс, – распавёў затым прадстаўнік Мінскай вобласці на канферэнцыі Дзмітрый Сурмач, які і прапанаваў на выбарах альтэрнатыву. – У Брэсце прыгразілі звольніць тых дэлегатаў, у каго былі “няправільныя” паводзіны. Такая ж сітуацыя ў Магілёве, Гродне, Гомелі і Мінскай вобласці. У Мінску трэнеру Сакалоўскаму  прапанавалі напісаць заяву па ўласным жаданні. Я ўжо не кажу, што самога Губанава пасля канферэнцыі спачатку “падкуплялі” салодкімі абяцаннямі, а затым пагражалі звальненнем. Усе дзеля аднаго – каб адмовіўся ад пасады старшыні. А затым сталі шукаць нагоду, каб адмяніць вынікі канферэнцыі”.

Самае сумнае ў гэтай гісторыі, што ўжо праз некалькі дзён пасля правядзення пазачарговай справаздачна-выбарнай канферэнцыі была праведзена яшчэ адна, на якой усё-такі быў абраны “правільны” кандыдат – Аляксей Аўсянкін. Зараз бізнесмен будзе кіраваць не толькі сваёй касметычнай фірмай, але і Федэрацыяй фехтавання. Фокус аказаўся простым – калі падчас першых выбараў права голасу мелі 30 дэлегатаў, то на паўторных кворум скарацілі да 17. Відаць, засталіся толькі “паслухмяныя” дэлегаты. Такі вось контрвыпад!

Адным словам, чыноўнікі ў чарговы раз плюнулі з высокай званіцы і на тых, хто мае альтэрнатыўнае меркаванне, і на законны парадак абрання новага старшыні, і на грамадскі рэзананс. Думаю, адпаведныя дзяржаўныя органы яшчэ дадуць прававую ацэнку ўсёй гэтай сітуацыі, а магчыма, выкажа сваю пазіцыю з гэтай нагоды на Алімпійскім сходзе і беларускі кіраўнік.

Спачуваю і спадару Аўсянкіну. Зараз ён патрапіў у такую сітуацыю, што “адмывацца” трэба будзе доўга. І на яго месцы я б наогул замест таго, каб быць разменнай манетай у закулісных гульнях, лепш прыгожа адмовіўся б ад пасады з сумнай славай. Бо ад касметыкі чалавек адмыцца можа, а вось ад такой бруднай гісторыі – праблематычна.

Аўтар: Алесь СІВЫ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Актывісты моладзі БНФ атрымалі штрафы ў 20 і 25 базавых (+пастанова суда)

Заяўнікі акцыі 25 жніўня былі абвінавачаны ў тым, што не падалі пісьмовую адмову ад правядзення масавага мерапрыемства, пасля таго як Мінгарвыканкам забараніў шэсце, прымеркаванае да дня абвяшчэння су

МВД России назвало срок возможной установки постов на границе с Беларусью

Как сообщает РБК, посты на границе Беларуси и России могут появиться на автострадах и железной дороге уже весной 2018 года.

“Дзе грошы на капітальны рамонт нашых дамоў?”

Адказ на гэтае пытанне спрабуе адшукаць намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.