Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

6:00 27 снежня 2016
12
Памер шрыфта

У Слуцку грамадскія актывісты намагаюцца перайменавання вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Пасля непаразумення з мясцовымі ўладамі да перамоў прыцягнуты абласныя чыноўнікі.

Перадгісторыя такая.

Мясцовыя актывісты Зінаіда Цімошак і сябра Партыі БНФ Віталь Амяльковіч сабралі 550 подпісаў мясцовых жыхароў за ўшанаванне памяці тысяч слуцкіх паўстанцаў, якія загінулі ў 1920 годзе ў барацьбе за незалежнасць Беларусі. Яны просяць улады перайменаваць вуліцу Камсамольскую ў вуліцу Слуцкіх паўстанцаў. Краязнаўцы сцвярджаюць, што на гэтай вуліцы знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, у якім збіралася Слуцкая рада.

Подпісы былі перададзены ў райвыканкам на пачатку лістапада.

У снежні Цімошак і Амяльковіч атрымалі адказ ад гарадскіх улад. Старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Янчэўскі паведаміў актывістам, што чыноўнікі лічаць перайменаванне вуліцы немэтазгодным. Аргументы: “магчымыя расходы” і…  нежаданне саміх жыхароў перайменаваць вуліцу. І вось тут пачалося самае цікавае.

З адказу вынікала, што райвыканкам 24 лістапада правёў сход грамадзян, падчас якога жыхары вуліцы Камсамольскай выказаліся супраць ідэі перайменавання. Што гэта быў за таямнічы сход? Колькі людзей там прысутнічала? Чаму нідзе – ні на сайце райвыканкама, ні ў мясцовых СМІ – не было аб’явы наконт гэтых грамадскіх слуханняў? Чаму ўрэшце не запрасілі на сход ініцыятараў перайменавання вуліцы? Такія справядлівыя пытанні ставілі перад уладамі грамадскія актывісты.

14 снежня Амяльковіч і Цімошак наведалі райвыканкам. Намеснік старшыні па ідэалогіі Ларыса Дабравольская пагадзілася паказаць ім пратакол сходу грамадзян, якія пражываюць на вуліцы Камсамольскай і якія – адзінагалосна – выказалі жаданне пакінуць іх вуліцы цяперашнюю назву.

– З пратакола сведчыла, што на сходзе прысутнічалі 62 жыхары, – расказвае Віталь Амяльковіч. – Мы ў гэта слаба верым. Бо сабраць 62 чалавекі нейкім патаемным спосабам не так проста. Вуліца Камсамольская невялікая, у асноўным гэта прыватны сектар, ёсць толькі некалькі пяціпавярховікаў. І, дарэчы, акрамя пратаколу, больш ніякіх пацвярджэнняў, што адбыўся сход, няма. Адсутнічае спіс прысутных, дзе былі б пазначаны іх прозвішчы і супраць кожнага стаяў бы подпіс. Няма ніякіх фотаздымкаў. Калі я звярнуў на гэта ўвагу, адчувалася нейкая насцярожанасць, нават нейкае хваляванне з боку чыноўніцы.

У пратаколе было пазначана, што выступілі прадстаўнікі райвыканкама, старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, растлумачылі, як гэта перайменаванне будзе адбывацца. Я так разумею, ціснулі на тое, што гэта немалыя грошы і нязручнасці для жыхароў (давядзецца мяняць пашпарты). Яшчэ два выступоўцы былі з ліку жыхароў, і яны выказаліся супраць перайменавання вуліцы. Адзін з іх, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, сцвярджаў, што гэтага рабіць нельга, бо вуліца носіць імя герояў-камсамольцаў, якія «загінулі ў гады грамадзянскай вайны з белапалякамі».

– Калі ў вас столькі сумненняў, ці не ўзнікла ідэя прайсціся па вуліцы і запытаць у саміх жыхароў, былі яны на тым сходзе ці не?

– Пасля наведвання райвыканкама такая ідэя адразу ўзнікла. І ў бліжэйшы час мы гэта зробім. Я, дарэчы, хадзіў у гімназію, дзе сход быццам бы праводзіўся. Там інфармацыю пацвердзілі, але без якіх-небудзь падрабязнасцяў. І гэта таксама наводзіць на думку, што альбо людзей на сходзе было мала, альбо прыйшлі людзі, спецыяльна падабраныя.

Я звярнуўся ў аблвыканкам са скаргай, каб адмяніць вынікі цішком арганізаванага фіктыўнага сходу і належным чынам арганізаваць правядзенне новага сходу грамадзян, якія пражываюць па вуліцы Камсамольскай, з запрашэннем на яго ўсіх зацікаўленых асоб.

– Віталь, на ваш погляд, які настрой сёння пануе ў случчан? Калі сабраць, як вы кажаце, адкрыты сход, ці будуць людзі галасаваць за перайменаванне вуліцы?

– Людзям трэба расказваць пра нашу гісторыю. Тэма Слуцкага паўстання выкінута з падручнікаў гісторыі, таму і случчане мала ведаюць пра сутнасць гэтай падзеі. А тут яшчэ і чыноўнікі занялі абарону. Калі падчас гутаркі мы запыталіся ў ідэолага Дабравольскай пра адкрыццё выставы аб Слуцкім паўстанні ў краязнаўчым музеі пасля рамонту, яна прамаўчала…

Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Больш за 200 чалавек загінулі падчас тэракту ў Егіпце

Як мінімум 235 вернікаў былі забітыя і 120 атрымалі раненні падчас пятнічнай малітвы ў мячэці Бір аль-Абід, у правінцыі Паўночны Сінай.

Голосуем за Хелену!

Белорусские артисты призывают поддержать представительницу Беларуси на детском «Евровидении» и проголосовать за нее на сайте уже сегодня.

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".