Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

У апошнія дні чэрвеня пабачыць свет унікальная выдавецкая серыя “Мая беларуская кніга”. Наш карэспандэнт пагутарыў з адным з яе распрацоўшчыкаў і сябрам рэдакцыйнай рады пісьменнікам Уладзімірам Сіўчыкавым.
6:00 3 лiпеня 2015
49
Памер шрыфта

– Уладзімір Мікалаевіч, вас ведаюць не толькі як пісьменніка, але і як выдаўца, які ўзначальвае выдавецтва “Радыёла-плюс” і выступае як прыватны прадпрымальнік. Пад вашымі лагатыпамі выходзілі важкія тамы “Яна і Я. Вершы і песні пра каханне”, “Максім Багдановіч. Інтымны дзённік”, “Рыгор Барадулін. Руны Перуновы”, чытанкі для дзетак дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту “Крынічка”, “Залатая яблынька”, “Сонейка”. Чым сёння здзіўляць будзеце?

– Маю гонар непасрэдна спрычыніцца да выхаду неардынарнай серыі беларускай кніжнай класікі. Выходзіць яна ў “Папуры”, у адным з найбуйнейшых айчынных выдавецтваў, і не заўважыць яе будзе немагчыма, бо праект досыць маштабны і адметны.

– Будзьце ласкавы, агучце некалькі красамоўных лічбаў.

– Асабіста я не магу прыгадаць выпадку, каб на рынку адначасна з’явіліся – ні многа ні мала – ажно 26 тамоў! Наклады будуць аддрукаваны ў “Беларускім Доме друку” сумарнай колькасцю больш за 60 тысяч асобнікаў, і ўжо 24 чэрвеня ў краме OZ.BY адбудзецца прэзентацыя серыі, следам за якой пройдуць і іншыя прамацыйныя мерапрыемствы.

– Атрымліваецца, што тыраж кожнага тома будзе каля дзвюх тысяч экзэмпляраў?

– Так, ад 1500 да 2500 асобнікаў.

– Як жа вымалёўваўся гэты амбітны праект?

– На пачатку мінулага года сябры рэдакцыйнай рады гэтай серыі, а гэта такія знаныя пісьменнікі, літаратуразнаўцы, крытыкі і педагогі, як Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына і ваш пакорлівы паслужэнец, паасобна склалі праекты па 25–30 пазіцый. Потым сабраліся разам, а ў выніку даволі гарачых дэбатаў выкрышталізавалі агульны спіс. Гэта зрэз беларускай літаратуры ад легендаў, паданняў і казак, хрэстаматыйных і малазнаных твораў класікаў да прац нашых сучаснікаў. Натуральна, што і потым не раз сустракаліся, сазвоньваліся, перапісваліся па электроннай пошце.

– Спіс гэты быў непарушны?

– Не, жыццё ўносіла свае карэктывы. Адным з асноўных крытэрыяў было тое, што ў наш спіс патрапілі толькі тыя творцы, што пайшлі ўжо ў лепшы свет. На вялікі жаль, летась адышоў і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, і мы не маглі не дадаць том ягонай паэзіі пад назвай “ТастамОнт”, які і стаўся пакуль што апошнім.

– У вас прагучалі словы “казкі, легенды, паданні”…

– Несумненна, што і ў іх былі свае аўтары, але засталіся яны безыменнымі. Адметнасцю нашага “фальклорнага” тома пад назвай “Сіняя Світа” сталася тое, што ўключаны ў яго даволі значны раздзел легендарных казак, а многія тэксты, запісаныя ў свой час Аляксандрам Сержпутоўскім, іншымі этнографамі і фалькларыстамі, апрацавалі, пераказалі Лявон Баршчэўскі, Крысціна Лялько, Уладзімір Ягоўдзік і іншыя пісьменнікі.

– Якія яшчэ творы з даўно мінулых часоў зможа прачытаць аматар прыгожага пісьменства?

– З прыемнасцю назаву мемуары з назвай “Авантуры майго жыцця” Саламеі Пільштыновай, якія чытаюцца як захапляльны прыгодніцкі раман, а таксама найвыдатнейшую рэч Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”, пераклад якіх з польскай мовы гэтаксама выходзіць у абноўленай рэдакцыі перакладчыка Міколы Хаўстовіча.

– А не баіцеся, што класічныя творы досыць актыўна выходзяць у серыях “Школьная бібліятэка” выдавецтва “Мастацкая літаратура” і “Беларускі кнігазбор” выдавецтва “Кнігазбор”?

– Дзесьці накладкі, паўторы непазбежныя. Але ў любым выпадку тамы будуць адрознівацца складаннем, фарматам, аздабленнем, паліграфіяй, коштам у рэшце рэшт. Хтосьці, скажам, падае “Пана Тадэвуша, або Апошні наезд у Літве” Адама Міцкевіча ва ўзнаўленні Язэпа Семяжона, а хтосьці лічыць больш дакладным, блізкім да арыгінала пераклад Пятра Бітэля. Баюся, мала што скажа сёння чытачу назва рамана Майсея Кульбака “Зельманцы”, а гэта вельмі адметны твор, што апявае Мінск і мінчукоў. Выдавецтва “Папуры” пастаралася зрабіць кнігі серыі “Мая беларуская кніга” дэмакратычнымі, даступнымі па цане нават школьнікам ды студэнтам. 

– А можна ўдакладніць?

– Мяркуецца, што том не будзе даражэйшы за 100 тысяч, але шмат што залежыць ад рахункаў, якія выставяць паліграфісты. А яшчэ адна імаверная “разынка” серыі: усе тамы будуць прадавацца па адной цане, незалежна ад таго, 176 ці 592 старонкі ў ім.

– Значыць, вы бачыце сваімі пакупнікамі школьнікаў і студэнтаў?

– А таксама ўсіх тых, хто толькі фармальна “прайшоў” класічныя творы па праграме ці мае ахвоту вярнуцца да іх і перачытаць наноў. Тым болей што ў нашай серыі можна пабачыць творы, якія замоўчваліся ці былі выключаны з чытацкага ўжытку па палітычных меркаваннях. Гэта, да прыкладу, дакументальная аповесць Францішка Аляхновіча “У капцюрох ГПУ”, дзе ўсе жахі ГУЛАГу былі апісаны куды раней за Аляксандра Салжаніцына, а таксама “Запіскі Самсона Самасуя” Андрэя Мрыя. На вялікі жаль, не ўдалося дасягнуць пагаднення са спадкаемцамі Ларысы Геніюш, а таму не будзе ў нас пакуль што яе “Споведзі”.

– І праўда, скажыце некалькі слоў пра аўтарскія правы, бо апошнім часам здарылася некалькі прыкрых прэцэдэнтаў і нават адбыліся суды.

– Мой вопыт нагадвае, што куды лягчэй паразумецца з аўтарам, чым з яго нашчадкамі. Некаторых з іх даводзілася расшукваць нават праз Саюз беларускіх пісьменнікаў і праз Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці. Але мы стараліся ўлагодзіць адносіны са спадчыннікамі і ў пераважнай большасці выпадкаў гэта ўдалося. Да прыкладу, дачка Кастуся Тарасава Ганна і пляменніца Уладзіміра Караткевіча Алена Сінькевіч паставілі за ўмову, што “Пагоня на Грунвальд” і адпаведна “Дзікае паляванне караля Стаха” павінны выйсці ў пэўных аўтарскіх рэдакцыях, на што мы ахвотна пагадзіліся. Але прыкра тое, што літаратар, які правёў каласальную працу і аднавіў аўтарскі тэкст “Ліквідацыі” – аповесці Васіля Быкава, знанай як “Сотнікаў”, – спаслаўся на абавязкі перад першавыдаўцом і не саступіў тэкст, не знявечаны цэнзарскімі нажніцамі.

– Кожны аўтар у вас прадстаўлены ў адным томе?

– Хочацца верыць, што серыя будзе мець працяг, але пакуль што выключэнне зроблена толькі для Васіля Быкава: у адзін том увайшлі аповесці “Альпійская балада” і “Пакахай мяне, салдацік!”, а ў другі – толькі што згаданы “Сотнікаў” і “У тумане”.

– Што ж, хай шчасціць новай і, спадзяюся, чаканай ды  запатрабаванай серыі, хай папраўдзе будзе ў яе ўдалы працяг, каб чытачы пабачылі ў ёй творы Янкі Брыля, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Семашкевіча ды іншых нашых выдатных пісьменнікаў!

– Вялікі дзякуй!

Пытанні задавала
Алеся МАКАРава.

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

«Гавары праўду» правяла у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў

Зарэгістраваная ў якасці грамадскага аб'яднання кампанія "Гавары праўду" правяла 16 снежня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Мінску вялікі пікет з удзелам прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты мясц

Не очень смелые шаги к приватизации

Шаги властей по ускорению приватизационного процесса – это несомненно важный шаг и положительный сигнал для привлечения капитала в экономику.