Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Спецпраект
6:00 11 мая 2017
29
Памер шрыфта

26 красавіка споўніцца 31 год, як адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Трагедыя, якая пераследуе мільёны людзей да гэтага часу.

У той жа час сёння ў Беларусі будуецца новая атамная электрастанцыя. І з гэтай нагоды грамадства і праваабаронцы задаюцца шматлікімі пытаннямі.

Наколькі бяспечнай будзе Беларуская АЭС? Рашэнне аб яе будаўніцтве – эканамічнае ці больш палітычнае? Увогуле, ці патрэбна атамная станцыя краіне, якая ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў таму зазнала на сабе ўсе “перавагі” мірнага атама?..

Пра гэта і многае іншае – спецыяльная падборка матэрыялаў сённяшняга нумара “Народнай Волі”.

ФАКТЫ

Что мы знаем об аварии на Чернобыльской АЭС?

Авария 26 апреля 1986 года стала крупнейшей катастрофой в истории атомной энергетики: была полностью разрушена активная зона реактора, здание энергоблока частично обрушилось, произошел значительный выброс радиоактивных материалов в окружающую среду. 

*

27 апреля был эвакуирован город Припять (47 тыс. 500 человек), а в последующие дни – население 10-километровой зоны вокруг ЧАЭС. Всего в течение мая 1986 года из 188 населенных пунктов в 30-километровой зоне отчуждения вокруг станции были отселены около 116 тыс. человек.

*

Интенсивный пожар продолжался 10 суток, за это время суммарный выброс радиоактивных материалов в окружающую среду составил около 14 эксабеккерелей (порядка 380 млн кюри).

*

Радиоактивному загрязнению подверглось более 200 тыс. кв. километров, из них 70% – на территории Украины, Беларуси и России.

*

Первое краткое официальное сообщение о ЧП было передано ТАСС 28 апреля. По словам бывшего генерального секретаря ЦК КПСС Михаила Горбачева, сказанным в интервью BBC в 2006 году, праздничные первомайские демонстрации в Киеве и других городах не были отменены из-за того, что руководство страны не знало «полной картины случившегося» и опасалось паники среди населения. Только 14 мая Михаил Горбачев выступил с телевизионным обращением, в котором рассказал об истинном масштабе происшествия.

З НАГОДЫ

Вясной 86-га…

Тая вясна запомніцца нам назаўжды. 31 год таму ўзарваўся і загарэўся  Чарнобыль. У першыя дні катастрофы ніхто не сказаў людзям пра яе. Ці казалі вельмі мала.

Людзі вялі звыклае жыццё, хадзілі па вуліцах, працавалі, адпачывалі. Камуністычнае кіраўніцтва не адмяніла першамайскія дэманстрацыі. Яны праходзілі і ў Нароўлі, і ў Хойніках, і ў Брагіне.  І ўсе гэтыя самыя небяспечныя першыя дні на людзей сыпалася ціхая смерць.

Я ў гэты час служыў тэрміновую службу ў войску на Урале. Калі мы даведаліся што сталася, я пайшоў да начальніка хімслужбы, земляка, распытацца – што рабіць родным і знаёмым на Гомельшчыне? Той адказаў: няхай зачыняюць форткі ад пылу і п’юць чырвонае віно. Я так і напісаў у сваіх лістах. А мне, адпаведна, прыйшлі іхнія.

Бацькі з сястрой Вольгай паехалі на майскія святы са Светлагорска ў Нараўлянскі раён да бабулі садзіць бульбу, зусім пад бок да палаючай станцыі. Вольга распавядала, што, пакуль старэйшыя садзілі бульбу, яна брала посцілку і хадзіла загараць. Майскае сонца вельмі паліла, таму больш за гадзіну яна пад ім не вытрымлівала. Было ёй тады 14 гадоў.

Бацька 14 мая 1986 года са Светлагорска адказаў мне: “У нас усё добра. Ездзілі да бабы на 1,2,3 мая, самы цымус,  садзілі бульбу, але як быццам бы абышлося ўсё добра, а зараз як там – не ведаем. У нас таксама ёсць трохі гэтай заразы, але, гавораць, здароўю не пашкодзіць. На агародзе ўсё расце добра, а як будзем збіраць – паглядзім. Электрастанцыя ад бабы прыкладна кіламетрах у 50, ад нас па прамой 195 кіламетраў. Адным словам, пажывём – пабачым. Мама з Воляй 24 мая паедуць у Мінск і там праверацца на радыяцыю. З Нараўлянскага раёна ў нас ёсць сем’і з тых вёсак, што блізка ад станцыі. У нас з завода дзяцей з 7 да 14 гадоў адпраўляюць, хто хоча, у піянерскі лагер у г.Уладзімір. Калі возьмем пуцёўку, дык Волю таксама адправім на 1-ы сазыў”.

У наступным лісце бацька таксама піша: “Дзеці раз’ехаліся. Вельмі многія паехалі ў піянерскія лагеры ў іншыя вобласці. Воля таксама з’ехала ў Яраслаўль на 78 дзён, на ўсё лета. Ад дзядзькі Толі (з Нараўлянскага раёна. – А.Б.) быў ліст. Як жылі, так і жывуць, што елі, тое і ядуць.  Дзяцей і маладых жанчын выселілі ў першых чыслах мая. Адным словам, настрой не вельмі добры”.

Сястра Вольга з піянерскага лагера напісала 22 чэрвеня: “Нам казалі, што павязуць нас на экскурсію ў Яраслаўль у чэрвені, але там у горадзе вельмі багата людзей хварэюць на жаўтачку, і нас павязуць у ліпені. У нас зараз стала тут халаднавата, ходзім у куртках. Усе дзеці вельмі чакаюць лістоў, амаль кожную гадзіну бегаем у бібліятэку па лісты, вельмі хочацца атрымліваць лісты. Так што пішы мне, калі ласка, часцей”.

Мая будучая жонка Наталля, якая тады вучылася ў Гомельскім універсітэце, згадвае, што ў маі ім загадалі сабраць самыя неабходныя рэчы для  магчымай эвакуацыі. Аднойчы да іх у студэнцкую інтэрнатаўскую кватэру пазваніла жанчына з тых, хто быў адселены з Чарнобыльскай зоны. Яна была вельмі змораная, з малым дзіцёнкам на руках. І яна проста пакінула гэтага дзіцёнка ім, студэнткам, якіх убачыла ўпершыню ў жыцці,  каб паспець вырашыць у Гомелі нейкія свае пытанні. Гэта было сапраўднае бежанства, як у вайну.

Пісалі мне таксама і мае сябры. Аднакурснік па Гомельскім універсітэце Анатоль Кавалёў, які тады служыў у Мінску ў так званым Белпалку міліцыі, 6 жніўня напісаў мне: “Служба, можна сказаць, як у Бога за пазухай. Пабывалі мы, праўда, і пад Чарнобылем, у 30-кіламетровай зоне, ахоўвалі выселеныя вёскі (гэта Брагінскі і Хойніцкі раёны). Тыя мясціны, дзе мы калісьці былі на фальклорнай практыцы – Бабчын, і ў будатрадзе пасля першага курса. Я нават бачыў тыя дамкі, што мы тады будавалі. Былі там амаль паўтара месяца”.

19 мая 1986 года тады яшчэ студэнтка Паліна Качаткова, зараз беларуская пісьменніца, журналістка і даследчыца, напісала мне з трывожным гумарам: “Да нас у Оршу дзве сям’і з Гомеля пераехалі жыць. Чатырохгадовы малы хацеў зарэзаць нашага ката. У Гомелі няма мошак, апраменіліся”.

11 чэрвеня прыйшоў ліст ад майго сябра, паэта, а тады настаўніка Эдуарда Акуліна, які разам з сям’ёй жыў ў Рэчыцкім раёне: “Ясік і Наталля зараз у Віцебску ў маёй цёткі. А ўсё яна – радыяцыя. Калі пісаць праўду – то справы дрэнь. Зараз у раёне 30-кіламетровай зоны вакол  Чарнобыльскай станцыі нікога няма. Усіх вывезлі. Хойнікі, Брагін, Камарын пераведзены на 1-ю катэгорыю забеспячэння. Усіх дзяцей (усіх літаральна) на ўсё лета – а можа, і надалей (нічога нам не кажуць, б…) – вывезлі за межы Гомельскай вобласці, ды і наогул Беларусі – хто ў Татарыі, хто ў Башкірыі, хто пад Ленінградам. Кажуць, у Прыпяць і Чарнобыль людзі не вернуцца год 5–6. На астатняй тэрыторыі робіцца дэзактывацыя – здымаюць дзесяцісантыметровы слой глебы, паляць платы, асфальтуюць дарогі і г.д. Нас усіх праверылі на радыеактыўнасць. То не было гарэлкі, а цяпер хоць заліся.  Кажуць, дапамагае ад радыяцыі, а мо гэта сродак для “забыцця”? Карацей, справы дрэнныя”.

У гэтых лістах няма скаргаў, але ёсць трывога, у першую чаргу за дзяцей. Чаму ж зараз так лёгка мы ставімся да чарговай “мірнай” ядзернай бомбы, якую будуюць пад Вільнюсам ды і недалёка – як для радыеактыўных выкідаў – ад Мінска?

Тады, у 1986 годзе, камуністычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза і Беларусі  змяншалі маштабы аварыі, цынічна апраўдвалі яе “прагрэсам навукі і тэхнікі”, а “за кожны прагрэс чалавецтву прыходзіцца плаціць”. 6 мая 1986 года ў “Звяздзе” ТАСС паведамляла: “Гэта адносіцца і да даследаванняў у галіне атамнай энергетыкі. Выключэння тут быць не можа, хоць і прымаюцца надзвычайныя і дарагія меры па забеспячэнні бяспекі людзей. Барацьбу чалавека за авалоданне ўсімі сіламі прыроды нельга лічыць закончанай”. Устрывожаныя ж воклічы  навукоўцаў і грамадскасці за мяжой называлі “паклёпніцкай кампаніяй” і “палітычным шантажом СССР”.

Чытаючы зараз “Успаміны” Андрэя Сахарава, знакамітага праваабаронцы і фізіка-ядзершчыка, аднаго з “айцоў” савецкай ядзернай бомбы, даведаўся таксама, што ён паспрыяў забароне ядзерных выпрабаванняў у атмасферы, у космасе і пад вадой, мяркуючы, што гэта – “злачынства супраць чалавецтва”, бо “сумарная доза для ўсяго чалавецтва вызначае агульную колькасць ахвяр ад непарогавых біялагічных эфектаў”. Андрэй Сахараў быў перакананы, што любая колькасць радыеактыўных выкідаў калі не забівае людзей наўпрост, дык дакладна змяншае працягласць жыцця праз іншыя хваробы ўсіх, хто атрымаў сваю дозу радыяцыі. Гэтую ж ідэю спрабаваў развіць у сваіх даследаваннях медык Юрый Бандажэўскі, за што і пацярпеў. Ягоныя даследаванні згорнуты, а пакінутыя радыяцыйныя землі засвойваюцца наноў. Постсавецкае, посткамуністычнае лобі не гатова было прызнаваць сваіх памылак ні тады, ні зараз. Значна прасцей, на іх погляд, схаваць праўду ад людзей, што пра Курапаты, што пра Чарнобыль.

Мы павінны ясна ўсвядоміць, што чарнобыльская радыяцыя нікуды не падзелася. Яна жыве побач з намі, на многіх тэрыторыях Гомельшчыны, Магілёўшчыны, як ціхі забойца. Улады “не заўважаюць” яе, як не зважаюць і на небяспеку для здароўя простых людзей. Яны прызвычаіліся думаць масамі і класамі. А радыяцыя працягвае рабіць сваю злачынную справу. Камуністычны радыяцыйны эксперымент над беларусамі, лічу, працягваецца.

Алесь БЯЛЯЦКІ, праваабаронца.


ДАСЛОЎНА

Святлана АЛЕКСІЕВІЧ, лаўрэат Нобелеўскай прэміі: “Чарнобыль праблема, якую мы не зразумелі і не вывучылі

 

– Нядаўна я размаўляла з японцамі, і яны сказалі, што многія рэчы ў нас падобныя. Казалі так: “У нас улада паводзіла сябе таксама жа, як паводзіць сябе ваша ўлада. Шмат чаго мы не ведалі, але былі ўзброены вашымі ведамі. Без Чарнобыля мы былі б не так гатовы да Фукусімы”.

Усё ж такі чарнобыльскі ўрок застаўся. Ёсць такі анекдот, крыху грубы: “Калі б Чарнобыль выбухнуў у папуасаў, усе б ведалі, акрамя папуасаў”. Наша ўлада часам мне нагадвае такіх папуасаў… Чарнобыль – гэта праблема, якую мы не зразумелі і не вывучылі. Гэта праблема на некалькі пакаленняў.


З ПЕРШЫХ ВУСНАЎ

Зянон ПАЗЬНЯК: “Людзі выйшлі на вуліцу супраць хлусні пра Чарнобыль…”

Першы “Чарнобыльскі Шлях” прайшоў 30 верасня 1989 года. З чаго ўсё пачыналася? Пра гэта “Народнай Волі” распавядае адзін з “рэжысёраў” таго памятнага мерапрыемства – лідар КХП–БНФ.

–  Зянон Станіслававіч, хто быў ініцыятарам правядзення першага “Чарнобыльскага Шляху”?

– Гэта была мая ідэя, і назву акцыі таксама прыдумаў я. А ўвогуле, ініцыятыва ішла ад БНФ, і 30 верасня мы правялі грандыёзнае шэсце па Мінску. Адбылася сур’ёзная акцыя, і, як бачым, традыцыя працягваецца па сённяшні дзень.

А тады “Чарнобыльскі Шлях” уключаў у сябе шэраг мерапрыемстваў – мітынг, шэсце, была нават ініцыятыва правесці так званы Народны трыбунал і звярнуцца да міжнароднай грамадскасці. Але стрыжнем гэтага ўсяго былі менавіта мітынг і шэсце.

– Чым вам асабіста запомнілася тая акцыя?

– Першы “Чарнобыльскі Шлях” прайшоў надзвычай узнёсла. Людзі пачалі збірацца ў Парку Чалюскінцаў. На мерапрыемства былі запрошаны адпаведныя людзі, спецыяльна з Масквы прыехалі пісьменнік Алесь Адамовіч і акадэмік Веліхаў, які якраз і займаўся Чарнобылем. Быў запрошаны Станіслаў Шушкевіч, беларускія акадэмікі…

Народ ішоў да плошчы Леніна (цяпер – плошча Незалежнасці.Аўт.) па цэнтры праспекта, было каля 30 тысяч чалавек. Недзе ад паловы шляху пачаўся праліўны дождж, але ніхто не ўцякаў. Усе дайшлі да плошчы, і ля Педагагічнага інстытута адбыўся мітынг. Там выступілі прадстаўнікі БНФ, госці з Масквы, выступіла ўся беларуская навуковая эліта. Затым прынялі адпаведную рэзалюцыю па пытаннях наступстваў Чарнобыля, а ў Доме кіно, што знаходзіўся ў Чырвоным касцёле, правялі прэс-канферэнцыю.

Дарэчы, усе тыя праблемы, што стаялі перад Беларуссю, мы пачалі вырашаць з 1990 года, калі прадстаўнікі ад БНФ патрапілі ў Вярхоўны Савет. Заканадаўства, якое тычылася вырашэння чарнобыльскіх праблем, прымалася паводле тых рэкамендацый, што гучалі ў тым ліку і падчас першага “Чарнобыльскага Шляху”. Гэта была вялікая падзея!

– Улады ды міліцыя не заміналі вам у правядзенні мерапрыемства?

– Абсалютна не заміналі, а міліцыі мы нават і не бачылі. Хаця праблемы ўзніклі потым. Улады паспрабавалі абвінаваціць нас у тым, што мы, маўляў, павялі людзей па праезнай частцы і гэта перашкаджала праезду гарадскога транспарту. А транспарт там насамрэч не мог праехаць, бо трэба ўяўляць, што такое 30 тысяч чалавек на вуліцы.

Супраць мяне распачалі адміністрацыйную справу, і ў рэшце рэшт прыйшла павестка з’явіцца ў суд Заводскага раёна. Памятаю, суддзя быў па прозвішчы Аўчынка. Падтрымаць мяне прыйшлі каля паўтысячы чалавек! Яны літаральна акружылі будынак суда, Аўчынка перапалохаўся, закрыў суд і сказаў, што ў дзеяннях Пазьняка няма ніякага складу злачынства. Вось такая тады была атмасфера і такая гісторыя. Ледзь убачыўшы Беларускі Народны Фронт, улада пачынала дрыжэць.

– Можа быць, да людзей падчас “Шляху” выйшлі пагутарыць пра праблемы Чарнобыля нейкія партыйныя дзеячы?

– Куды ж яны выйдуць, калі ў іх у саміх было рыльца ў пуху? Яны былі вінаватыя перад людзьмі, бо схавалі ад іх праўду пра чарнобыльскую трагедыю. І хавалі ўвесь час. Да гэтых партыйцаў у народа было шмат прэтэнзій, і “Чарнобыльскі Шлях” быў накіраваны ў першую чаргу супраць іх і той хлусні, што яны распаўсюджвалі. Але ж чыноўнікі баяліся людзей, а таму ціхенька недзе сядзелі ў кутку.

Дарэчы, раней міліцыянеры, каб адправіць чалавека за краты, ніколі не сказалі б на судзе, што нехта “махаў рукамі ці лаяўся матам”. Усё-такі камуністы прытрымліваліся нейкіх сваіх правіл. Былі, натуральна, і дубінкі, але ў 1989 годзе партыйныя ўлады моцна аслаблі, а рух ужо пайшоў па ўсім Савецкім Саюзе.

– Падчас першага “Чарнобыльскага Шляху”, напэўна, моцна адчуваўся нацыянальны ўздым?

– Безумоўна, усё гэта проста лунала ў паветры. І тады трэба было нават не агітаваць, а стрымліваць розныя ініцыятывы, бо кожны стараўся нечым дапамагчы і нешта зрабіць.

– У што зараз трансфармаваўся “Чарнобыльскі Шлях”, бо ў гадавіну трагедыі апошнім часам збіраецца не так і шмат людзей?

– Паўтаруся: пры камуністах працавалі хоць нейкія законы, і ўлады іх не парушалі так нахабна і цынічна, як гэта робіцца цяпер у Беларусі. Тады ўлада разумела, што гэта можа выклікаць вялікую хвалю абурэння. Таму партыйныя чыноўнікі хлусілі, але стараліся гуляць па правілах. А зараз у краіне могуць схапіць абсалютна невінаватага чалавека на вуліцы, пабіць дубінкай і кінуць на 15 сутак у ізалятар, сказаўшы, што ён лаяўся матам. Таму нічога не трансфармавалася. Проста людзі па-новаму ацэньваюць сітуацыю і інакш сябе паводзяць.

– Зянон Станіслававіч, а якое ваша стаўленне да будаўніцтва ў Беларусі яшчэ адной атамнай электрастанцыі?

– Складваецца ўражанне, што гэта нейкая афера, у якой ёсць зацікаўленыя бакі як у Расіі, так і ў Беларусі. Некаторыя спецыялісты ўжо выказаліся, што ў эканамічным плане эфекту ад гэтай станцыі практычна ніякага няма. Да таго ж гаворка ідзе пра бяспеку нацыі. Але Чарнобыль іх, відаць, не навучыў…

Алесь СІВЫ.




Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Цэнтр Жыткавічаў рыхтуюць да абласных «Дажынак», а жыхары ўскраін скардзяцца на бездарожжа

У Жыткавічах (Гомельская вобласць) рыхтуюцца да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі", які плануецца ў пачатку снежня. Тым часам жыхары горада скардзяцца ўладам на бездарожжа.

Экс-начальник МРЭО ГАИ Пинска приговорен к 4 годам колонии за взятки и превышение полномочий

Суд Пинского района и Пинска сегодня вынес приговор в отношении трех обвиняемых по уголовному делу о взятках в МРЭО ГАИ города.

Мінгарсуд пакінуў у сіле прысуд Някляеву

Мінгарсуд 22 лістапада адмовіў Уладзіміру Някляеву ў задавальненні скаргі на рашэнне суда Ленінскага раёна Мінска аб 10-сутачным арышце за заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў